Войстам (аграгарадок)
Аграгарадок
Войстам
| ||||||||||||||||||||||
Во́йстам[1] (трансліт.: Vojstam, руск.: Войстом) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, на правым беразе ракі Нарачанка. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета.
Да 2016 года Войстам быў цэнтрам Войстамскага сельсавета[2]. Насельніцтва 238 чал. (2004). Знаходзіцца за 20 км на паўночны ўсход ад Смаргоні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Войстам (пад назвай Ушакова) датуецца 1460, калі Вайдыла і Ядалговічы заснавалі тут касцёл. Пачынаючы з XVI ст. паселішча згадваецца пад сучаснай назвай. У розныя часы Войстам знаходзіўся ў валоданні Зяновічаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Талвошавічаў, Буцвіловічаў, Рачыевічаў, Яновічаў, Зяновічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
на карце Тамаша Макоўскага (1613) Войстам значыцца як мястэчка. Паводле прывілея караля і вялікага князя Міхала Вішнявецкага ад 1672 тут пачалі праводзіцца кірмашы. У XVIII ст. мясцовасць знаходзілася ў валоданні Храпавіцкіх, Бужынскіх.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Войстам апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Ашмянскага, з 1842 Свянцянскага павета Віленскай губерні. У пач. XIX ст. мястэчка перайшло да Пшаздзецкіх. У 1860 тут адкрылася земскае народнае вучылішча. Станам на 1886 — 17 двароў, касцёл, царква, валасная ўправа, пошта, вінная крама, праводзілася два рэгулярныя кірмашы. Да мястэчка належала каля 360 дзесяцінаў зямлі, побач існавалі аднайменныя фальварак, які належаў каталіцкай царкве, і ферма, уласнасць Шжамчужынга. На 1906 у земскай народнай вучылішча налічвалася 117 вучняў (з іх 18 дзяўчынак)[3].
У 1920 Войстам апынуўся ў Сярэдняй Літве, з 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Свянцянскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1939 Войстам увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1970 тут было 112 двароў, на 1992 — 118 двароў, на 1 студзеня 2004 — 106 двароў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1886 — 189 чал. у мястэчку Войстам, 7 чал. у фальварку Войстам і 8 чал. на ферме Войстам
- XX стагоддзе: 1970 — 306 чал.[4]; 1992 — 346 чал.[5]
- XXI стагоддзе: 1 студзеня 2004 — 238 чал.[3]
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы працуюць сярэдняя школа, бальніца сястрынскага дагляду, медыцынская амбулаторыя, бібліятэка, сельскі дом культуры, пошта.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Сялянска-фермерская гаспадарка «Войстам». Працуюць 2 крамы, аддзяленне АСБ «Беларусбанк»[3].
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Мае рэгулярнае аўтобуснае злучэнне са Смаргонню. За некалькі кіламетраў ад Войстама праходзіць рэспубліканская аўтамабільная дарога Р63.
Турыстычная інфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічае краязнаўчы музей Войстамскай сярэдняй школы — экспазіцыі прысвячаюцца гісторыі вёскі, перыяду Другой сусветнай вайны.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — пабудаваны ў 1927—1939 гадах з цэглы і бутавага камення. Уяўляе сабой выцягнутае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным бляшаным дахам вальмай над алтарнай часткай. Галоўны фасад завяршае двух'ярусная шатровая вежа. Унутраны аб'ём пакрывае цыліндрычнае скляпенне. Алтарная частка і хоры адкрываюцца шырокімі аркамі. Помнік архітэктуры стылю мадэрн[6].
- Старыя каталіцкія могілкі. На могілках пахаваны Ігнат Ходзька — пісьменнік, мемуарыст, грамадскі дзеяч XIX ст.
- Капліца прыдарожная канца ХІХ – пачатку ХХ ст.
- Помнік ахвярам Другой сусветнай вайны (па загінулым 34 землякам, усталяваны ў 1967 г.).
- Гарадзішча жалезнага веку VI—VIII ст. н. э. (за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, каля дарогі на Смаргонь) — пляцоўка дыяметрам 50 метраў на ўзгорку вышынёй 5—6 метраў. Даследавалася Ф. Пакроўскім, У. Галубовічам і Г. Штыхавым. Культурны пласт 1,3 метры, знойдзена ляпная кераміка VII ст. да н.э. і гладкасценная VI—VIII ст. н. э. (банцараўскай культуры). Вакол гарадзішча — селішча таго ж перыяду, плошча каля 3 гектараў[7].
- Войстамскі валун — геалагічны помнік прыроды мясцовага значэння.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Генадзь Пашкоў — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1977). З 1996 года галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя». Скончыў Войстамскую сярэднюю школу.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ РЕШЕНИЕ ГРОДНЕНСКОГО ОБЛАСТНОГО СОВЕТА ДЕПУТАТОВ 31 мая 2016 г. № 143 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Сморгонского района Гродненской области
- ↑ а б в З гісторыі населеных пунктаў / Памяць. Смаргонскі раён 2004.
- ↑ ЭГБ 1994, с. 349.
- ↑ ЭГБ 1994, с. 348.
- ↑ З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны / Памяць. Смаргонскі раён 2004.
- ↑ Помнікі археалогіі / Памяць. Смаргонскі раён 2004.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шаблюк В. Войстам // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Wojstom // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo (польск.). — Warszawa, 1893. — S. 761.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — С. 324. — 371 с., іл.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
- Звяруга Я. Г. Помнікі археалогіі Смаргоншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 36—37. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
- З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Помнікі каталіцкай архітэктуры // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 572. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
- Дулеба Г. І. З гісторыі населеных пунктаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смаргонскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — С. 609. — 640 с. — ISBN 985-11-0296-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Войстам (аграгарадок)
- Войстам на сайце Radzima.org
- Войстам на сайце Globustut.by