Мангышлак
Мангышлак | |
---|---|
43°30′ пн. ш. 52°15′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Каспійскае мора |
Плошча | 165 642 км² |
Найвышэйшы пункт | 556 м |
Краіна | |
Паўвостраў Мангышла́к (каз.: Маңғыстау түбегі) — паўвостраў на ўсходнім узбярэжжы Каспійскага мора ў Казахстане. Такую ж назву носіць плато на паўвостраве, якое на ўсход пераходзіць ў плато Усцюрт. У паўночнай частцы Мангышлака вылучаецца паўвостраў Бузачы, абмываемы водамі Мангышлакскага заліва, а таксама заліваў Мёртвы Култук і Кайдак. На тэрыторыі паўвострава размяшчаецца Мангістауская вобласць Казахстана. Тэрыторыя - 165 642 км². Насельніцтва (2013 г.) - 575,9 тыс. чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паўвостраў Мангышлак месціцца на захадзе Казахстана, амываецца водамі Каспійскага мора. Даўжыня з поўначы на поўдзень болей за 288 км. Належыць да Туранскай пліты, фундамент якой ляжыць на глыбіні 7 - 12 км.[1] Сучасная паверхня ў значнай ступені складзена асадкавымі пародамі, што фарміраваліся ў эпоху, калі тэрыторыя паўвострава ўяўляла дно старажытнага мора. Яе падняцце пачалося 67 - 65 млн гадоў таму[2]. Канчаткова паўвостраў вызваліўся з-пад вады болей за 3 млн гадоў таму[3].
Геалагічная будова адрозніваецца вялікай кантраснасцю тэктанічных рухаў, наяўнасцю разломаў, прагінаў і ўзняццяў, што абумовіла разнастайнасць рэльефа паверхні. Узбярэжжа знаходзіцца ніжэй за ўзровень акіяна, спярэшчана шматлікімі марскімі залівамі. Нізінная раўніна Бузачы аддзелена ад асноўнай часткі раўніннага Магышлака гарамі Каратау і Актау. Найвышэйшы пункт — гара Бесшокы (556 м). У раўніннай частцы сустракаюцца глыбокія западзіны. Самая глыбокая з іх — Карагіе (-132 м).
Значныя тэрыторыі заняты палынова-саланчаковымі пустынямі з лапінамі хмызняковай расліннасці на бурых глебах. Адкрытых прэсных вадаёмаў няма.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня — ад -3 °C да -4 °C, ліпеня — ад 26 °C да 27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 100 - 160 мм. На поўначы ападкаў выпадае больш, чым на поўдні.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Нягледзячы на пустынныя ландшафты і засушлівы клімат, флора і фаўна Мангышлака даволі разнастайныя[4]. Налічваецца каля 300 відаў раслін. Жывёльны свет прадстаўлены 100 відамі птушак, у тым ліку фламінга, сапсанам, стэпавым арлом, крачуном, беркутам і інш. Сярод сысуноў вылучаюцца муфлон, джэйран, каракал, чаротавы кот, медаед, гепард і г. д. Шмат паўзуноў. На ўзбярэжжы ўлетку з'яўляюцца каспійскія цюлені.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытная гісторыя Мангышлака пакуль мала даследавана, аднак ёсць меркаванні, што першыя людзі трапілі на паўвостраў ужо ў палеаліце[5]. У эпоху мезаліта на Мангышлаке і Усцюрце распаўсюдзілася культура паляўнічых і збіральнікаў, для якой была характэрна пласціністая тэхналогія апрацоўкі камня. У 7 тысячагоддзі да н. э. на яе развіццё аказалі ўплыў мігранты з Усходняй Еўропы. Рэшткі іх дзейннасці знойдзены на поўначы і ў цэнтральнай частцы Мангышлака. У пазнейшыя перыяды археолагамі зафіксаваны перасяленні з паўночнага Прыкаспія і Сярэдняй Азіі. У 3 - 2 тысячагоддзях у выніку апустыньвання навакольных тэрыторый пачаўся паступовы працэс пераходу да жывёлагадоўлі. З сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н. э. будаваліся купальныя могільнікі. Знойдзены каменныя скульптуры жалезнага века.
Росквіт эканомікі і культуры Мангышлака адбыўся ў сярэднявечча, што было абумоўлена развіццём міжнародных гандлёвых сувязяў, дзе Мангышлак з'яўляўся прамежкавым пунктам на доўгіх шляхах сухапутных і марскіх караванаў. У гэты перыяд на паўвостраў перасяляюцца прадстаўнікі розных цюркскіх народаў — какцюркаў, агузаў, куманаў, пазней — туркменаў, нагайцаў, казахаў, узбекаў[6]. У XVII ст. Мангышлакам кароткі час валодалі калмыкі[7]. Кліматычныя змены, што спрыялі пахаладанню і далейшаму апустыньванню[8], а таксама ўсталяванне марскіх шляхоў паміж Еўропай і Паўднёвай Азіяй[9] прывялі да заняпаду караваннага гандлю.
Пасля далучэння казахаў Малодшага жуза ў XVIII ст. да Расійскай імперыі цікавасць да Мангышлака адрадзілася, паколькі ён быў стратэгічным пунктам для экспансіі ў Сярэднюю Азію. 18 мая 1834 г. расійская экспедыцыя заснавала крэпасць Нова-Аляксандраўск (сучасны горад Актау) і фармальна далучыла Мангышлак да Расіі[10]. Падчас вайны з Хівінскім ханствам у 1873 г. Мангышлак выкарыстоўваўся для дыслакацыі і наступлення расійскіх войск[11].
У 1936 г. Мангышлак стаў часткай Казахскай ССР. З 1991 г. — часткай незалежнага Казахстана. З 1950-ых гг. з'яўляецца адным з галоўных цэнтраў нафтаздабычы ў Казахстане.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мангышлак // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 10. Мінск, 2000. С. 75
Зноскі
- ↑ Тектоника Туранской плиты
- ↑ Stone age - Мангышлак(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2014. Праверана 6 снежня 2014.
- ↑ Рельеф Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Атлас: Мангышлак
- ↑ История края. Остановившееся время
- ↑ Мангистау: история и люди Архівавана 4 жніўня 2014.
- ↑ Историю Устюрта и Мангистау, начиная с эпохи коктюрков, смело можно назвать «историей торговых путей и караван-сараев» Архівавана 6 сакавіка 2016.
- ↑ История и культура Мангистау Архівавана 9 сакавіка 2016.
- ↑ Мангистау Архівавана 25 лістапада 2011.
- ↑ История основания Форт-Шевченко
- ↑ ПРИСОЕДИНЕНИЕ СРЕДНЕЙ АЗИИ(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 6 снежня 2014.