Музычны завулак (Мінск)
Музычны завулак Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Гістарычны раён | Верхні Горад |
Працягласць | 190 м |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Кастрычніцкая, Купалаўская, Няміга |
Ранейшыя назвы | Петрапаўлаўскі завулак, Музыканцкі завулак |
на OpenStreetMap | |
на Яндэкс.Картах | |
на Картах Google | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Музы́чны заву́лак (ранейшыя назвы — Петрапаўлаўскі завулак, з 1882 года Музыканцкі завулак[1]) — завулак у Верхнім Горадзе, у Цэнтральным раёне горада Мінска. Праходзіць ад вуліцы Герцэна да Зыбіцкай. Нумарацыя дамоў вядзецца ад вуліцы Герцэна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сучасны Музычны завулак з’яўляецца адным з самых старажытных у Мінску. Трасіроўка яго пачала фарміравацца яшчэ ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях і канчаткова аформілася ў другой палове XVI—XVII стагоддзя. У XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя ён меў назву Бернардзінскі завулак, а ў першай палове ХІХ стагоддзя ў гістарычных дакументах акрамя старой назвы сустракаюцца і іншыя — спачатку Семінарыйскі, а пазней — Петрапаўлаўскі завулак[2], ад Петрапаўлаўскага сабора, які з 1836 г. размяшчаўся на Саборнай плошчы. У 1882 годзе завулак атрымаў назву Музыканскі[1].
Да канца XVIII стагоддзя ўся забудова Бернардзінскага завулка была драўлянай. Першым мураваным будынкам тут стала афіцына доктара Ліаншона, пабудаваная ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя паводле праекта менскага губернскага архітэктара Фёдара (Тэадора) Крамера[2]. У пачатку ХІХ стагоддзя на супрацьлеглым баку завулка знаходзіўся зямельны пляц, які належаў двараніну Траяну Ключынскаму, які пабудаваў новы мураваны дом (цяпер вядомы як Дом масонаў). Дом Ключынскага, узведзены на ўзгорку, вылучаўся сярод невысокай жылой забудовы гэтага раёна і добра праглядаўся з розных кропак горада, адыгрываючы своеасаблівую ролю ў сілуэце гістарычнага цэнтра Мінска[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Музычны завулак ідзе з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад вуліцы Герцэна да Зыбіцкай, размешчаны паміж вуліцамі Герцэна і Інтэрнацыянальнай, да якой паралельны. Працягласць завулка складае 190 метраў. Завулак завершаны лесвіцай, якая спускаецца да вуліцы Зыбіцкай.
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Няцотны бок
[правіць | правіць зыходнік]- № 1 (ліцер Б2/К, В2/К) — Дом Шадхана — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 3 — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001
- № 5 — Былы дом масонаў (ХІХ стагоддзе). Трохпавярховы прамавугольны ў плане сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынак накрыты вальмавым дахам. У будынку з 1990 г. размяшчаецца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000142
Цотны бок
[правіць | правіць зыходнік]Забудова цотнага боку завулка адносіцца да вуліцы Інтэрнацыянальнай.
- (Інтэрнацыянальная вул., 25а) — шасціпавярховы шматфункцыянальны цэнтр. Заказчым аб’екта з’яўляецца ЗАТ «Мортэкс БЦЗ», праектыроўшчыкам выступіў ПТМ «АТРЫ». Згодна з рэгламентамі гістарычныга цэнтра меркавалася ўзвесці двухпавярховы будынак з мансардай[3]. Будаўніцтва пачалося ў 2010[4] годзе і мусіла скончыцца ў 2013 годзе[3].
У 2011 годзе Міністэрства культуры не ўзгадніла архітэктурны праект комплексу, бо ў ім прадугледжвалася будаўніцтва будынка з вышыннымі адзнакамі, якія перавышалі больш як на два метры прынятыя ва ўзгодненым эскізным праекце[4]. Кантралючая інстанцыя выдала заключэнне па архітэктурным праекце: «Выканана рэкамендацыя аб’яднаць два першыя паверхі. Пры гэтым дададзены яшчэ два паверхі, значна павялічана вышыня. Будынак набыў эклектычнае, нехарактэрнае, немаштабнае для гістарычнага асяроддзя Верхняга горада аблічча. Варыянт не можа быць узгоднены ні пры якіх умовах. Інвестару рэкамендавана памяняць праектыроўшчыка як няздольнага вырашаць архітэктурныя задачы ў сістэме рэгенерацыі гістарычнай забудовы»[3].
На прадстаўленых у Міністэрства культуры чарцяжах-разгортках вуліцы сілуэт будынка быў наўмысна прыніжаны ў параўнанні з суседнімі. Паводле тагачаснага начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага інвестар пайшоў на хітрасць, калі матываваў неабходнасць тэхнічнага паверху, але ў выніку размясціў там гасцініцу, таксама быў значна павялічана вышыня першага паверху[3].
У 2012 годзе вакол аб’екта разгарэўся скандал, калі стала бачная дыспрапорцыя будынка ў дачыненні да гістарычнай часткі горада[4]. У працэсе будаўніцтва інвестар перавысіў паверхавасць удвая. Быў парушаны гістарычны сілуэт забудовы і значна павялічылася яе шчыльнасць, што ў сваю чаргу павялічыла нагрузку на гістарычны цэнтр[3]. Мінкульты даў прадпісанне на дэмантаж лішніх паверхаў, а калі заказчык яго не выканаў, выдаў прадпісанне на прыпыненне будаўніцтва да прыняцця рашэнняў па яго адаптацыі ў сістэму традыцыйнай забудовы гістарычнага цэнтра Мінска[4].
Супраць праекта забудовы выступіла Грамадская наглядальная камісія пры Міністэрстве культуры па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якая запрашала на сваё пасяджэнне і прадстаўнікоў заказчыка, але ён праігнараваў запрашэнне. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч патрабаваў ануляваць дазвол на будаўніцтва. Навуковы кіраўнік аб’екта «Гістарычны цэнтр Мінска» архітэктар Сяргей Багласаў назваў сітуацыю «архітэктурным бандытызмам»[3].
Комплекс быў уведзены ў эксплуатацыю ў пачатку 2018 года пасля двухгадовага прастою пры садзейнічанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Мінгарвыканкама[4].
Зноскі
- ↑ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў XIX — пачатку XX ст. Архівавана 24 лістапада 2016.
- ↑ а б в ДОМ МАСОНАЎ
- ↑ а б в г д е Архитектурный дисбаланс. 16 ЯНВАРЯ 2014
- ↑ а б в г д «Президент разрешил». Комплекс в Верхнем городе, где требовали снести лишние этажи, уже работает Архівавана 12 кастрычніка 2019.. 11 января 2018. Елена Зуева
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музычны завулак (Мінск)
- М. Валодзін "Музыкальный переулок", верш (руск.)