Міхал Казімір Коцел
Міхал Казімір Коцел | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Michał Kazimierz Kociełł | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Людвік Канстанцін Пацей | ||||||
Пераемнік | Станіслаў Панятоўскі | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 1644[1][2][…] | ||||||
Смерць |
6 кастрычніка 1722 Палонка |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Коцелы | ||||||
Бацька | Самуэль Геранім Коцел | ||||||
Маці | Ганна з Ванляраў | ||||||
Жонка | Рахеля Ганна з Корсакаў | ||||||
Дзеці | няма |
Міхал Казімір Коцел (? — 6 кастрычніка 1722) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
Сын Самуэля Гераніма Коцела і Ганны з Ванляраў.
Ашмянскі падкаморы (1683—1685), кашталян віцебскі (1685—1700), кашталян (1700—1703) і ваявода (1703—1710) троцкі, вялікі падскарбі літоўскі (з 1710).
Маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага у 1698 і 1702, удзельнік элекцый 1669, 1674 і 1697.
Адзін з лідараў апазіцыйнай Сапегам групоўкі рэспубліканцаў.
Палітычная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1697 склікаў паспалітае рушэнне ўсходніх паветаў Вялікага Княства Літоўскага, ад якога ў сярэдзіне 1698 абраны адным з паслоў да караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста II. На з'ездзе паспалітага рушэння шляхты ВКЛ у Вільні 14 красавіка 1698, які адбыўся пад яго дырэкцыяй, абраны генеральным палкоўнікам ваяводстваў і паветаў Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў уладу над паспалітым рушэннем і права займацца выплатай жалавання войску Вялікага Княства Літоўскага. Склікаў на 14 жніўня 1698 шляхецкі з'езд у Вільні, які запатрабаваў распусціць войска, што знаходзілася пад камандаваннем Сапегаў. Гэта планавалася з дапамогай паспалітага рушэння, скліканага на 15 лістапада 1698 і ўзначаленага Коцелам, які павёў яго пад Гародню. Падпісаў Пузавіцкую пастанову 1698.
У пачатку 1700 узначалены Казімірам Янам Сапегам Скарбовы Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага выявіў фінансавыя злоўжыванні Коцела, але не змог прыцягнуць яго да адказнасці. Коцел склікаў паспалітае рушэнне на рэасумпцыю Галоўнага Трыбунала і 26 красавіка 1700 абраны дырэктарам з'езда рэспубліканскай шляхты. Падпісаў пагадненне з Сапегамі 21 жніўня 1700. У верасні—кастрычніку 1700 узначаліў паспалітае рушэнне шляхты Мсціслаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Ашмянскага паветаў, разбітае 15 кастрычніка 1700 Бенедыктам Паўлам Сапегам пад Ашмянамі.
Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, камандаваў левым крылом рэспубліканцаў. Падпісаў Алькеніцкую пастанову 1700, паводле якой разам з Рыгорам Антонам Агінскім атрымаў у арэнду збор мытных паступленняў і прызначаны камісарам пры генеральным палкоўніку Міхале Сервацыі Вішнявецкім. Пасля Алькеніцкай бітвы яго ўплыў у лагеры рэспубліканцаў панізіўся. Удзельнік з'ездаў шляхты ВКЛ у Ружанах (1701), Вільні (двойчы ў 1701, 1703), Гародні (1701). У час перагавораў рэспубліканцаў з Сапегамі ў 1701 выступаў супраць замірэння.
Быў адным з ініцыятараў уступлення Рэчы Паспалітай у Паўночную вайну 1700—1721, падчас якой падтрымліваў Аўгуста II і арыентаваўся на Расію. Удзельнік з'езда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Новагародку 1707. Падчас шведскага наступлення 1708 выехаў у Расію.
Удзельнік Варшаўскай вальнай рады 1710, на якой атрымаў урад вялікага падскарбія літоўскага. У час сваёй дзейнасці на гэтай пасадзе вызначыўся празмернымі злоўжываннямі. Па скарзе аднаго з пацярпелых, троцкага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага, Трыбунал Літоўскі ў 1711 прыгаварыў Коцела да пазбаўлення гонару і пакарання смерцю. Арыштаваны 12 студзеня 1712, але пазбегнуў пакарання, пагадзіўшыся з Агінскім. У 1712 удзельнічаў у падаўленні прашведскага выступлення Яна Казіміра Сапегі. Далучыўся да з'езда шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні з 23 сакавіка па 8 красавіка 1716, на пачатку пасяджэнняў якога была ўтворана антысаксонская канфедэрацыя. Прадпрымаліся спробы пазбаўлення яго пасады падскарбія за злоўжыванні, у тым ліку на сойме 1719—1720, але яны не мелі поспеху.
Памёр у Палонцы, пахаваны ў Беніцы.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Віцько З. Коцел Міхал Казімір // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 281. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.