Права на самавызначэнне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Права народаў на самавызначэнне — адзін з асноўных прынцыпаў міжнароднага права, які азначае права кожнага народа самастойна вырашаць пытанне аб форме свайго дзяржаўнага існавання, свабодна ўстанаўліваць свой палітычны статус і ажыццяўляць сваё эканамічнае і культурнае развіццё. Гэты прынцып разам з іншымі прынцыпамі абвешчаны ў Статуце ААН, які ставіць мэтай «развіваць дружалюбныя адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў». Гэтая ж мэта ставіцца ў Статуце ААН у сувязі з развіццём эканамічнага і сацыяльнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

Акрамя аддзялення маецца на ўвазе значная колькасць магчымасцей самавызначэння ад поўнай адмовы ад нейкіх асаблівых правоў да самакіравання, аўтаноміі або розных формаў культурнага адасаблення.[1]

Лозунг «самавызначэння нацый» быў адным з папулярных бальшавіцкіх лозунгаў падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расіі.

Права на самавызначэнне як прынцып міжнароднага права[правіць | правіць зыходнік]

Права на самавызначэнне — адзін з агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. Працэс станаўлення гэтай нормы пачаўся з 1792 г., калі далучэнне папскіх анклаваў Авіньёна і Венсена да Францыі адбылося на аснове плебісцыту.[2] Ён атрымаў прызнанне падчас распаду каланіяльнай сістэмы спачатку ў артыкуле 1 Статуту ААН, які набыў сілу ў 1945 годзе, а затым у Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам (прынятай рэзалюцыяй № 1514 XV-ай Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 снежня 1960 г.) і наступных міжнародных пактах і дэкларацыях ААН.

У Міжнародным пакце пра аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 г. (у абодвух пактах — артыкул 1) замацавана: «Усе народы маюць права на самавызначэнне. У сілу гэтага права яны свабодна ўстанаўліваюць свой палітычны статус і свабодна забяспечваюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё… Усе дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у гэтым Пакце… павінны ў адпаведнасці з палажэннямі Статуту ААН заахвочваць ажыццяўленне права на самавызначэнне і паважаць гэта права».

У Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права (ад 24 кастрычніка 1970 г.) значыцца: «У сілу прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў, замацаванага ў Статуце ААН, усе народы маюць права свабодна вызначаць без умяшання звонку свой палітычны статус і ажыццяўляць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё, і кожная дзяржава абавязана паважаць гэта права ў адпаведнасці з палажэннямі Статуту».

У гэтай жа Дэкларацыі паказваецца, што спосабамі ажыццяўлення права на самавызначэнне могуць быць «стварэнне суверэннай і незалежнай дзяржавы, свабоднае далучэнне да незалежнай дзяржавы або аб'яднанне з ёй, або ўсталяванне любога іншага палітычнага статусу».

Аналагічныя прынцыпы замацаваны ў дакументах Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе — Хельсінкскім Заключным акце 1975 года, Выніковым дакуменце Венскай сустрэчы 1986 года, дакуменце Капенгагенскай нарады Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні НБСЕ 1990 года і іншых міжнародна-прававых актах.

Права нацый на самавызначэнне абвяшчалася яшчэ ў пачатку XX стагоддзя ўрадам ЗША (В. Вільсан), а таксама расійскімі бальшавікамі, замацаванне якога было адным з асноўных патрабаванняў і кірункаў пачатковага перыяду іх дзейнасці. Яно было дэкларавана ва ўсіх савецкіх канстытуцыях. Больш таго, Канстытуцыі сацыялістычных федэратыўных дзяржаў — СССР і Югаславіі (СФРЮ) — уключалі палажэнні пра права выхаду рэспублік з саюза — у той жа час такое права было прадугледжана толькі для саюзных рэспублік, але не для аўтаномных утварэнняў.

Барацьба за нацыянальнае вызваленне і сепаратызм[правіць | правіць зыходнік]

Даць адназначны і нейтральны адказ на пытанне, чым нацыянальна-вызваленчы рух, барацьба за ажыццяўленне «права на самавызначэнне» адрозніваецца ад сепаратызму, не ўяўляецца магчымым. Выказваемыя пункты гледжання звычайна вельмі палітызаваны і звязаны з бягучай палітычнай кан'юнктурай.

Можна сказаць толькі, што, як правіла, «нацыянальна-вызваленчы рух» разумеюць як станоўчая, прагрэсіўная з'ява, якую падтрымліваюць (або, прынамсі, якому спачуваюць) шырокія слаі насельніцтва, тады як «сепаратызм» — як з'ява бескарысная, або адмоўная, якую падтрыліваюць толькі меншасці.

Падчас сусветнага гістарычнага развіцця сепаратысцкія тэндэнцыі, імкненне народаў да самастойнага існавання звычайна ўраўнаважваюцца аб'яднальнымі, інтэграцыйнымі тэндэнцыямі, працэсамі аб'яднання шматнацыянальных дзяржаў ці фарміравання міждзяржаўных аб'яднанняў з большай ці меншай ступенню інтэграцыі.

Распаўсюджана меркаванне[3], што стварэнне велізарных шматнацыянальных «імперый» рана ці позна прыводзіла да іх распаду — у сувязі з гэтым, можна казаць пра распад Вавілона-персідскай імперыі, Рымскай імперыі, Свяшчэннай Рымскай імперыі, Залатой арды, Асманскай імперыі, Аўстра-Венгрыі, Брытанскай імперыі, Югаславіі, СССР і г.д. Распад імперый звычайна суправаджаецца ўтварэннем на іх месцы шэрагу нацыянальных дзяржаў. Контрпрыкладам да такой гіпотэзы з'яўляецца Кітай — нацыянальная дзяржава ханьцаў, якая далучыла да сябе амаль усю «спадчыну» маньчжурскай імперыі Цын. Таксама адзначаецца, што спынялі сваё існаванне і многія «неімперскія» дзяржавы.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. В. Д. Трофимов-Трофимов «Права народов в России: состояние и перспективы», доклад на IV съезде поморов г. Архангельск(недаступная спасылка)
  2. Макарчук В. C. Государственно-территориальный статус западно-украинских земель в период Второй мировой войны. — М.: Фонд «Историческая память», 2010. 520 c. ISBN 978-5-9990-0009-5 — стр. 114
  3. А. Амальрик Просуществует ли Советский Союз до 1984 года?

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]