Тыунэ Сугіхара

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тыунэ Сугіхара
杉原 千畝
Віцэ-консул Японіі ў Літве

Нараджэнне 1900[1]
Смерць 31 ліпеня 1986(1986-07-31)[2][3]
Месца пахавання
Жонка
  • Клаўдыя Апалонава (1919—1935)
  • Юкіка Кікуцы (з 1935)
Дзеці Haruki Sugihara[d]
Веравызнанне сінтаізм
Адукацыя
Дзейнасць дыпламат, consul
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тыу́нэ Сугіха́ра (яп.: 杉原 千畝 Sugihara Chiune, 1 студзеня 190031 ліпеня 1986) — японскі дыпламат, віцэ-консул Японскай імперыі ў Літве. Падчас Другой сусветнай вайны ён дапамог тысячам яўрэяў пакінуць краіну, выдаўшы ім транзітныя візы, дзякуючы якім яны трапілі ў Японію. Большасць уцекачоў былі яўрэямі з акупаванай немцамі Польшчы, якія пераехалі ў Літву. Сугіхара выдаваў візы, рызыкуючы ўласнай кар’ерай і жыццём сваім і сваіх сямейнікаў. У 1985 годзе Ізраіль назваў яго Праведнікам народаў свету.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тыунэ Сугіхара нарадзіўся ў сям’і сярэдняга класу, быў другім сынам сярод пяці хлопчыкаў і дзяўчынкі[4]. У 1912 скончыў з адзнакай пачатковую школу і працягнуў навучанне ў аб’яднанай базавай і сярэдняй школе. У 1918 паступіў ва ўніверсітэт Васэда, дзе вывучыў англійскую мову. У гэты ж час ён далучыўся да хрысціянскага братэрства баптысцкага пастара Гары Бакстэра Бенінгофа.

У 1919, здаўшы экзамен на стыпендыю Міністэрства замежных спраў, быў запрошаны на працу ў Харбін, дзе вывучыў таксама рускую і нямецкую мовы і стаў адмыслоўцаў па дачыненнях з Расіяй. У Харбіне Сугіхара навярнуўся ў праваслаўе[5] і ажаніўся з Клаўдыяй Сямёнаўнай Апалонавай. Пазней Тыунэ Сугіхара звольніўся з пасады прадстаўніка Японіі ў Маньчжурыі на знак нязгоды са стаўленнем японцаў да кітайскага насельніцтва. Працаваў таксама ў аддзеле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, перакладнікам у японскай дыпмісіі ў Хельсінках[6].

Колішняе японскае консульства ў Каўнасе

У 1935 Сугіхара і Клаўдыя Сямёнава развяліся; вярнуўшыся ў Японію, Тыунэ ажаніўся другім разам з Юкіка Кікучы (1913—2008), з якой мелі чатырох сыноў[7].

У 1939 Сугіхара быў прызначаны віцэ-консулам Японіі ў Каўнасе (Літва). Сярод ягоных задачаў былі таксама даклады пра перамяшчэнні савецкіх і нямецкіх войскаў[4]. Пасля далучэння Літвы да Савецкага Саюза ў 1940 годзе шматлікія яўрэйскія ўцекачы з Польшчы і літоўскія яўрэі намагаліся атрымаць выязныя візы, без якіх было немагчыма пакінуць краіну і знайсці новую, дзе іх маглі б прыняць. Адным з дыпламатаў, хто займаўся дапамогай яўрэям, быў прадстаўнік нідэрландскага пасольства Ян Звартэндэйк, які дапамагаў ім выехаць праз Кюрасаа, карыбскую калонію Нідэрландаў, якая не патрабавала ўезнай візы, а таксама яшчэ праз адну калонію Сурынам. Японскі ж урад на той час патрабаваў ад ахвотных атрымаць уезную візу выканання пэўных іміграцыйных працэдураў і наяўнасці пэўнай сумы грошай, чаму значная большасць яўрэяў не адпавядалі. Сугіхара тройчы звязваўся з Міністэрствам замежных спраў па інструкцыі, і тройчы Міністэрства адмаўлялася змякчыць іміграцыйныя патрабаванні[4].

З 18 ліпеня 1940 года Сугіхара, адчуваючы, што заяўнікі апынуцца ў небяспецы, калі застануцца ў СССР, параіўшыся з сям’ёй, вырашыў выдаваць візы на ўласны страх і рызыку. Насуперак інструкцыям ён пачаў выдаваць яўрэям дзесяцідзённыя транзітныя візы праз Японію. Улічваючы ягоную пасаду і бюракратызм МЗС Японіі, гэта быў нечываны акт непадпарадкавання. Ён таксама дамовіўся пра дазвол на праезд яўрэяў па Транссібірскай магістралі з савецкімі ўладамі, якія бралі за квіток пяцікратны кошт.

Віза, выдадзеная ў 1940 року консулам Сугіхарам, на якой бачны маршрут праз Савецкі Саюз, Цуругу і Кюрасаа

Сугіхара працаваў над выдачай візаў 18-20 гадзінаў у дзень да 4 верасня, пакуль консульства не было зачыненае. За гэты час ён паспеў выдаць японскія візы тысячам яўрэяў, якія таксама мелі права па іх вывезці ўласныя сем’і. Цэнтр Сімона Візенталя ацэньвае агульную колькасць выратаваных з ягонай дапамогай уцекачоў прыблізна ў 6000, а колькасць іхніх нашчадкаў, што засталіся жывымі дзякуючы ягонай ахвярнасці — у 40 000[4]. Не ўсе з тых, хто атрымаў японскія візы, паспелі з’ехаць з СССР, і пазней былі схопленыя нацыстамі і напаткалі той жа лёс, што і іншыя ахвяры Халакоста.

Дыпламатычны архіў Міністэрства замежных спраў апублікаваў два дакументы пра дзейнасць Сугіхары ў Літве. У першай ноце, датаванай 5 лютага 1941 года, Тыунэ Сугіхара паведамляе тагачаснаму міністру замежных спраў Ёсуке Мацуоку, што 1500 з 2139 транзітных візаў ён выдаў яўрэям і палякам. Другі дакумент згадвае пра яшчэ 3448 выдадзеных у Каўнусе візаў, што агулам складае 5587. Больш за тое, «некаторыя іезуіты ў Вільнюсе працягнулі выдаваць візы з пячаткай і подпісам Сугіхары, якія ён пакінуў перад ад’ездам», што яшчэ павялічвае колькасць патэнцыйных уцекачоў з Еўропы дзякуючы ягонай дзейнасці[8].

Мноства ўцекачоў па выдадзеных візах перасеклі Савецкі Саюз да Уладзівастоку, адкуль пераправіліся ў японскі Кобэ, дзе існавала суполка расійскіх яўрэяў. Тут імі апекаваўся польскі амбасадар у Токіа Тадэуш Ромер. Са жніўня 1940 да лістапада 1941 ён прадастаўляў візы для палітычнага прытулку ў Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, М’янме, іміграцыйныя сертыфікаты ў Брытанскі мандат у Палесціне, іміграцыйныя візы ў Злучаныя Штаты Амерыкі і некаторыя лацінаамерыканскія для больш як дзвюх тысячаў польска-літоўскіх яўрэяў з Кобэ і Шанхайскага гета. Рэшта ўцекачоў, якая заставалася ў Японіі, пазней была дэпартаваная ў Шанхай (тады пад уладай Японіі), дзе існавала вялікая яўрэйская суполка. Большасць з 20 000 жыхароў Шанхайскага гета перажылі Другую сусветную вайну.

Пасля Літвы Тыунэ Сугіхара працягнуў дыпляматычную службу ў Празе (Чэхаславакія), Кёнігсбергу (Усходняя Прусія, 1941—1942) і Бухарэсце (Румынія, 1942—1944). Пасля ўваходу ў Румынію савецкіх войскаў дыпламат з сям’ёй быў арыштаваны і правёў 18 месяцаў у лагеры для ваеннапалонных. Яны былі вызваленыя ў 1946 і праз Савецкі Саюз выехалі ў Японію. У 1947 Міністэрства замежных спраў паспрасіла яго сысці ў адстаўку па скарачэнні штатаў. На думку некаторых, у тым ліку жонкі Сугіхары Юкіка, ён быў звольнены праз «той інцыдэнт» у Літве[8][9].

У кастрычніку 1991 міністэрства паведаміла сям’ю Сугіхараў, што звальненне Тыунэ было праведзенае ў рамках паваеннага ператрахівання штату. У дакладной нататцы 24 сакавіка 2006 Міністэрства замежных спраў Японіі дадало, што слядоў спагнання з Сугіхары дысцыплінарнага пакарання не знойдзена, ён звольніўся дабраахвотна, аднак прычыны гэтага «цяжка высветліць». У сваім мемарандуме міністэрства ўхваліла Сугіхараў учынак, назваўшы яго «мужным і чалавечным рашэннем»[9].

Сям’я Сугіхараў пасялілася ў Фудзісаве (прэфектура Канагава). Каб пракарміць сям’ю, Тыунэ працаваў на розных некваліфікаваных працах, кшталту продажу лампачак па хатах. У 1947 адбылася трагедыя: у сямігадовым узросце сканаў ягоны наймалодшы сын. Пазней Тыунэ ўладкаваўся генеральным дырэктарам у аддзяленне замежнай кампаніі. Карыстаючыся сваім веданнем рускай мовы, 16 гадоў сціпла жыў і працаваў у СССР, а сям’я заставалася ў Японіі.

Нарэшце ў 1968 яго знайшоў Ешуа Нішры, эканамічны аташэ ізраільскай амбасады ў Токіа і адзін з выратаваных Сугіхарам яўрэяў. У 1940-я Нішры быў падлеткам, які пераехаў у Літву з Польшчы. У наступным годзе Сугіхара наведаў Ізраіль, дзе быў сустрэты кіраўніцтвам дзяржавы. Удзячныя яму перасяленцы пачалі дамагацца ягонага ўключэння ў мемарыял Яд Вашэм.

У 1985 Тыунэ Сугіхара атрымаў званне «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага ўрада. На той час ён ужо быў цяжка хворы і не змог прыехаць на ўшанаванне, таму замест яго ўзнагароду атрымалі жонка і сын. Тыунэ Сугіхару і ягоным нашчадкам было нададзенае пажыццёвае грамадзянства Ізраіля.

У гэтым жа годзе, праз 45 гадоў пасля далучэння Літвы да СССР, ён адказаў на пытанне, чаму вырашыў дапамагчы яўрэям:

" Вы хочаце даведацца пра прычыны майго ўчынку, ці не так? Добра. Гэта такі від суперажывання, які б адчуў кожны, хто ўбачыў у твар гэтых уцекачоў, што прасілі са слязьмі на вачох. Каб і не змог дапамагчы, дык суперажываў бы ім. Сярод уцекачоў былі і старыя, і жанчыны. Яны былі ў такой роспачы, што нават кідаліся цалаваць мае пантофлі, так, я насамрэч назіраў падобнае на ўласныя вочы. Да таго ж я ў той час адчуваў, што японскі урад у Токіа не меў вызначанага меркавання. Некаторыя японскія вайскаводы былі ажно наляканыя пад ціскам нацыстаў; а іншыя чыноўнікі былі проста абыякавыя.

Людзі ў Токіа не былі аб’яднаныя. Я разумеў, што дамаўляцца з імі недарэчна. Таму я вырашыў не чакаць на іхні адказ. Я ведаў, што нехта пэўна паскардзіцца на мяне пасля. Але я лічыў, што зраблю годную справу. Няма нічога заганнага ў тым, каб уратаваць мноства чалавечых жыццяў… Дух гуманнасці, філантропіі… добрасуседства… з гэтым духам я рызыкнуў здзейсьніць тое, што здзейсьніў, апынуўшыся ў надзвычай складанай сітуацыі — і з гэтай прычыны я дзейнічаў з падвоенай адвагай.[8]

"

Сугіхара памёр у шпіталі ў Камакуры ў 1986 годзе. Нягледзячы на пашану, аказаную яму ў Ізраілі і іншых краінах, дома ён застаўся амаль невядомым. Толькі калі на ягонае пахаванне прыбыла вялізная дэлегацыя яўрэяў з усяго свету, у тым ліку пасол Ізраіля, ягоныя суседзі даведаліся пра ягоны подзвіг[9].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Праваслаўны абраз Тыунэ Сугіхары

Імем Тыунэ Сугіхары названыя вуліцы ў літоўскіх Вільнюсе і Каўнасе, а таксама ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Ягонае імя носіць астэроід «25893 Сугіхара».

У родным горадзе Сугіхары — Яацу — пастаўлены помнік, а ў Каўнасе дзейнічае дом-музей[10].

Пасмяротна ўзнагароджаны літоўскім Крыжам ўратавання жыцця (1993), Камандорскім крыжам Ордэна Заслуг перад Рэспублікай Польшча (1996)[11] і Камандорскім крыжам з зоркай ордэна адраджэння Польшчы (2007)[12].

У 1997 г. Крыс Ташыма і Крыс Донаг’ю знялі пра Тыунэ Сугіхару фільм «Візы і цнота», які атрымаў Оскар за найлепшы кароткаметражны гульнявы фільм[13].

2 мая 2019 г. у Міры (Гродзенская вобласць) адкрылі мэмарыяльную дошку Тыунэ Сугіхара[14].

Зноскі

  1. 杉原千畝 // https://mairi.me/-/1054634
  2. Chiune Sugihara // TracesOfWar
  3. The Righteous Among the Nations Database
  4. а б в г Tenembaum B. Sempo "Chiune" Sugihara, Japanese Savior (англ.). The International Raoul Wallenberg Foundation. Праверана 3 красавіка 2011.
  5. Keeler S. A Hidden Life: A Short Introduction to Chiune Sugihara (англ.). pravmir.com (18 красавіка 2008). Праверана 3 красавіка 2011.
  6. Yukiko Sugihara. Visas for life. — Edu-Comm Plus, 1995. — ISBN 0-9649674-0-5.
  7. Anne Frank au Pays du Manga — Diaporama : Le Fils du Juste Архівавана 29 чэрвеня 2019. (фр.), Arte, 2012
  8. а б в Levine, Hillel. In search of Sugihara: the elusive Japanese diplomat who risked his life to rescue 10,000 Jews from the Holocaust. — New York: Free Press, 1996. — ISBN 0-684-83251-8.
  9. а б в Lee, Dom; Mochizuki, Ken. Passage to Freedom: The Sugihara Story. — New York: Lee & Low Books, 2003. — ISBN 1-58430-157-0.
  10. Sugihara House Museum (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2011. Праверана 11 мая 2018.
  11. 1996 Order of Merit of the Republic of Poland (англ.) (pdf)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 11 мая 2018.
  12. 2007 Order of Polonia Restituta (англ.) (pdf)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2012. Праверана 11 мая 2018.
  13. Visas and Virtue (2001) - IMDb (англ.). Праверана 3 красавіка 2011.
  14. У Міры адкрылі мэмарыяльную шыльду японцу, які выратаваў некалькі тысяч габрэяў. Радыё Свабода (3 мая 2019).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Удава Сугіхары з прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам на пасадцы дрэваў у Вільнюсе (2001)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]