Перайсці да зместу

Беларускае фэнтэзі

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Белару́скае фэ́нтэзі — мастацкія творы напісаныя беларускімі аўтарамі ў жанры фэнтэзі.

Фэнтэзі, як асобны жанр пачаў фарміравацца на мяжы XIX—XX ст.. У аснове жанру закладзены казачныя і міфалагічныя матывы. Сярод асноўных герояў звычайна людзі з чароўнымі здольнасцямі (чараўнікі, друіды, празорцы і г. д.) ці з чароўнымі прадметамі (рыцары з зачараванай зброяй), міфічныя стварэнні, нярэдка запазычаныя з сярэднявечных бестыярыюмаў (цмокі, аднарогі, пярэваратні).

У беларускай літаратуры элементы фэнтэзі можна знайсці нашмат раней да з’яўлення жанру. Асабліва ярка гэта адлюстравана ў творы Яна Баршчэўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846). Найбольшае развіццё ў беларускай літаратуры жанр атрымаў у XXI стагоддзі.

XIX стагоддзе. Заснавальнікі жанру ў беларускай літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

Фэнтэзійныя элементы прысутнічалі ў беларускай культуры яшчэ з даўніх часоў, бо жанр цесна звязаны і з фальклорам і з міфалогіяй. Элементы містыцызму і вобразы міфалагічных істот выкарыстоўваў у сваёй творчасці яшчэ Адам Міцкевіч. Падчас працы над сваімі баладамі ў 1819-21 гадах Міцкевіч звяртаўся да багаццяў беларускага фальклору[1]. Так, да вобразу Свіцязянак (насельніцы возера Свіцязь, белатварыя дзяўчыны з даўгімі распушчанымі валасамі, у якіх ператварыліся жанчыны горада Свіцязь, затопленага багамі па іх просьбе вадой, каб пазбегнуць зганьбавання варожым рускім войскам) і легенд, звязаных з імі, паэт звяртаўся ў сваіх баладах «Свіцязь» (1820), «Свіцязянка» (1821), «Рыбка» (1822)[2].

Вокладка «Шляхціц Завальня» выдання 1884 года

Але ж найбольш ярка беларуская міфалогія адлюстравана ў творы Яна Баршчэўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846), у якім аўтар нас пераносіць у фантастычную, выдуманую Беларусь, у якой чытач спаткаецца з пярэваратнямі і ваўкалакамі, з волатамі і цмокамі, пачварамі, чараўнікамі і чарнакніжнікамі. Яго персанажы прыйшлі ў твор з нацыянальнай міфалогіі, шчодра населенай русалкамі, вадзянікамі, лесунамі, ваўкалакамі, але некаторых персанажаў Баршчэўскі прыдумаў сам — Сына Буры, Белую Сароку, Плачку. Менавіта Ян Баршчэўскі лічыцца заснавальнікам жанру фэнтэзі ў беларускай літаратуры. Ён, як сапраўдны пісьменнік-фантаст, глядзеў наперад, у будучыню, і як бы прадбачыў з’яўленне ― прозы жахаў, фэнтэзі, навуковай фантастыкі[3]. Па міфалагічнай аснове твораў Баршчэўскага, яго творчасць варта аднесці да такога субжанру, як славянскі фэнтэзі, у аснове якога ляжыць спалучэнне славянскага фальклору (паданняў, былінаў, міфаў) і стандартных фэнтэзійных канонаў.

На прэзентацыі сваёй фэнтэзійнай аповесці на пытанне пра традыцыі беларускай фантастыкі беларускі паэт і філолаг Серж Мінскевіч сказаў: «Мы самыя першыя напісалі фэнтэзі, калі яшчэ і не прыдумалі гэтаму жанру назву. Яшчэ не было Толкіна, а ў нас ужо быў Ян Баршчэўскі…»[4].

У 1852 годзе з-пад пяра беларускага паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага выйшла рамантычная балада «Нячысцік». Пры яе напісанні паэт разумеў, што ў нацыянальнай баладзе не можа быць перайманняў, якія належаць да традыцый жанру ў іншых народаў, як не павінна яна несці і прыкметы чужога фальклору. У гэтым ён цалкам згодны са сваімі папярэднікамі, у першую чаргу — з Янам Баршчэўскім, які лічыў недазваляльным запазычванне мастацкіх формаў, якія выкарыстоўвалі пісьменнікі Англіі, Германіі ці Францыі. Нават падзагаловак да паэмы быў «балада белару­ская», чым аўтар адзначаў не толькі фальклорную аснову сваёй балады, але і своеасаблівасць твора, яго сугучча з традыцыямі беларускай паэзіі сярэдзіны XIX стагоддзя. У прадмове да «Нячысціка» Аляксандр Рыпінскі напісаў, што ў выніку апрацоўкі народнай песні ў яго атрымалася доўгая гісторыя і ён, «дабавіўшы да яе тое-сёе дзіўнае і пякельнае, зрабіў з гэтага сялянскую баладу»[5].

Выкарыстанне шматлікіх міфалагічных персанажаў прысутнічае ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы. Некаторыя даследчыкі (напр.: канд. філ. навук Г. М. Мятліцкая) нават ужываюць такі тэрмін, як купалаўскі міфалагізм. Пэўны час міфалагічная вобразнасць у творчасці паэта была ледзьве не дамінантнай[6]. «Цемнатворцы» ды такія міфічныя і паганскія істоты, як ведзьмы, ваўкалакі, чэрці, вадзянікі, русалкі ды іншыя, пануюць у яго вершах «Ў вечным боры…» (1912), «Русалка» (1912), «Хохлік» (1911), «Дзе ні вылеці з няволі…» (1906), «Забытая карчма» (1907), «Люлі, люлі, мужычок!» (1905—1907), «Ноч за ночкай» (1909), паэме «Сон на кургане» (1910). Чаго толькі варты ўрывак з яго верша «Забытая карчма»: «Жэняць ведзьму з ваўкалакам, сватае шынкар, попам — рабін, ведзьма — дзякам, а чорт — гаспадар. Так гуляюць, покуль недзе ня кігне пятух… Гіне ўсё, і па бяседзе пуста, сумна ўкруг».

«Лабірынты» Вацлава Ластоўскага. Выданне 1944 г., Берлін

Дапаўняе нацыянальную ўтопію Вацлаў Ластоўскі, які ў 1923 годзе выдаў споўненую загадкамі аповесць «Лабірынты», якой напэўна і на сёння няма жанравых аналагаў ні ў беларускай, ні ў сусветнай літаратурах[7]. Жанр твора займае пагранічнае становішча паміж утопіяй і навуковай фантастыкай, у ім назіраецца паяднанне гістарычнага і фантастычнага. У творы мы бачым перапляценне некалькіх свядомых аўтарскіх містыфікацый, галоўная з якіх звязана з існаваннем Полацкага лабірынта. І як у старажытнагрэчаскай міфалогіі існаваў міф пра Лабірынт на Крыце і пра Мінатаўра, які паслужыў тэмай для шэрагу літаратурных твораў, так і Полацкі лабірынт у трактоўцы Ластоўскага стаў для яго адным з цэнтральных артэфактаў, на якім грунтавалася яго крэўская тэорыя[8].

У беларускай драматургіі фэнтэзійныя элементы прысутнічаюць у шэрагу п’ес Еўсцігнея Міровіча. Аднымі з найбольш значнымі ў яго творчасці сталі фальклорна-гістарычныя п’есы: «Машэка» (1922 г.), «Каваль-ваявода» (1924 г.)[9]. Яго «Машэка» стала першай п’есай, пастаўленай на беларускай мове[10].

У кантэксце стварэння новых мастацкіх сусветаў праводзіць асацыяцыю Уладзіміра Караткевіча з Толкінам даследчык Андрэй Хадановіч. Паводле слоў Хадановіча, Беларусь Караткевіча — ідэальная краіна, населеная шляхетнымі рыцарамі, мужнымі патрыётамі і нацыянальна свядомымі арыстакратамі з паэтычнымі здольнасцямі. І стваральнікам беларускага фэнтэзі Хадановіч лічыць менавіта Караткевіча[11]. І насамрэч, для творчасці Караткевіча характэрны не толькі гістарызм, але і наданне ёй асобных міфалагічных рыс. Крытык Аляксей Ненадавец у артыкуле «Міфалогія ў творах Уладзіміра Караткевіча» заўважае «што ў творах пісьменніка самі паняцці „чарадзейка“, „чараўнік“, „знахар“, „варажбіт“ амаль не адрозніваюцца па сэнсе, хаця тут былі, адпаведна свае тонкасці, выпрацаваныя шматвяковым практычным вопытам народа»[12].

На думку старшыні секцыі «Прыгоды і фантастыка» СПБ Уладзіміра Кулічэнкі, беларускія фантасты больш атрымалі поспех у жанры «фэнтэзі» чым у жанры «навуковай» фантастыкі, бо «фэнтэзі» і яго паджанры больш даступныя для ўспрымання сучаснага чытача, чым творы «навуковай» фантастыкі, і таму хутчэй знаходзяць водгук[13]. На пачатку стагоддзя ярка ў гэтым жанры вылучылася Вольга Грамыка, чые кнігі (выдаецца з 2003 года, на рускай мове) створаныя часам у жанры гумарыстычнага фэнтэзі, адрознівае іронія, месцамі пераходзячая ў сарказм. Галоўнымі героямі яе кніг з’яўляюцца персанажы, у традыцыйным фэнтэзі якія адносяцца да адмоўных: ведзьмы, вампіры, пярэваратні, цмокі, тролі і іншыя[14]. А фэнтэзійны свет, створаны пісьменніцай, дзесьці нагадвае беларускія землі. Так назва яе выдуманай краіны Белорыя відавочна адпавядае Беларусі, назва сталіцы Белорыі Стармін сугучна Мінску, гораду Віцяга — Віцебску.

Яшчэ па адной краіне прыдуманай дзяржавы, на гэты раз заснаванай на легендах і паданнях Вялікага Княства Літоўскага, мы можам павандраваць у рамане «Ганітва», пісьменніцы Нікі Ракіцінай (сапр. імя — Людміла Багданава). Героі раману — сапраўдныя беларускія персанажы. І таксама пазнаецца тапаніміка беларускіх гарадоў. Прататыпам Омеля з’яўляецца Гомель, родны горад пісьменніцы. Назвы ж вёсак і сяліб напроста пераносіліся з карты Беларусі на старонкі кнігі: Строчыцы, Макееўка, Наўліца. А самі падзеі разгортваюцца ў краіне, якая завецца Лейтавай — як гістарычная Літва, ВКЛ[15]. На кангрэсе «Еўракон-2008», заснаванага Еўрапейскім саюзам навуковай фантастыкі, эксперты прызналі беларуску Ніку Ракіціну лепшым маладым пісьменнікам-фантастам[16].

На беларускіх землях разгортваюцца прыгоды ў цыкле казак Пятра Васючэнкі «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» («Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага» (1997) і «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (2003)). Твор часам і абсурдны, і камічны, і філасафічны, дазваляе нам з боку зірнуць на нелагічнасць чалавечых празмерных жаданняў. І ўсё гэта падаецца з народным гумарам. Гэта добра бачна, напрыклад, ва ўрыўку, дзе паны даюць парады Куры-Шчабятуры наконт таго, якое яна павінна прынесці кураняці («[Заблоцкі] Каб сала на тым кураняці было з далонь таўшчынёю… [Кубліцкі] Дый ростам каб яно было з ладнага парсюка… [Заблоцкі] Не з парсюка, а з быка, каб было велічынёю! Во!»). Але замест жаданага паны атрымліваюць яйка памерам з бочку, з якога вылупляеццая Страшыдла, што патрабуе есці. У 2003-м за кнігу «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» Пятро Васючэнка ганараваны прэміяй «Гліняны Вялес» (за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года)[17]. А ў 2013 годзе аўтар звярнуўся і да міфалогіі старажытнай Грэцыі, распавёўшы ва ўласцівай яму манеры, займальна і з гумарам, пра подзвігі вядомага асілка Геракла («Дванаццаць подзвігаў Геракла»)[18].

Андрэй Жвалеўскі падчас раздачы аўтографаў

З 2002 года з-пад пяра суаўтараў Андрэя Жвалеўскага і Ігара Мыцько выходзіць цыкл фэнтэзійных раманаў-пародый (на рускай мове) на вядомую ва ўсім свеце серыю гісторый пра Гары Потэра — «Поры Гатэр» («Поры Гатэр і Каменны Філосаф»; «Асабістая справа Мергіоны ці чатыры Чортавы тузіны»; «Дзевяць подзвігаў Сэна Аеслі»). Пародыя пабудавана на «перагортванні» сюжэту: амаль кожная рэч, апісаная ў арыгінале, вывернута навыварат. Поры Гатэр тут звычайны хлопчык, які з’явіўся ў вядзьмарскай сям’і, але да засмучэння сваіх бацькоў, зусім не валодае магічнымі здольнасцямі[19]. Напачатку пародыі падабенства з арыгіналам праглядаецца досыць выразна, нават вытрымліваецца адпаведнасць сюжэтных ліній. Але ўжо прыкладна пасля чвэрці кнігі сюжэт пачынае заўважна адхіляцца ад арыгінала.

Вельмі плённа творыць для дзяцей у навукова-фэнтэзійным жанры Раіса Баравікова. Напэўна, асабліва вылучаецца яе трылогія для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту «З казак старога астранаўта» (2005). Тут і касмічныя прыгоды і авантурны сюжэт, рэальны свет існуе недзе побач з выдуманым. Кніга адметна тым, што аўтар надае свайму фантастычнаму твору нацыянальны каларыт. Напрыклад, касмадром у творы знаходзіцца пад Раўбічамі, а экіпаж астранаўтаў сумуе не па планеце Зямля, а па беларускай прыродзе[20].

Людміла Рублеўская з трылогіяй «Авантуры Пранціша Вырвіча»

Умоўна да жанру фэнтэзі можна аднесці «аповесць-міф» Людмілы Рублеўскай «Дзеці гамункулуса» (2000), у аснову якой пакладзена легенда пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, стваральніка штучнага чалавека — гамункулуса. У той жа час для творчасці Рублеўскай больш характэрны зварот да міфалагічнай спадчыны, як, напрыклад, у яе кнізе «Старасвецкія міфы горад Б.», у якой прыгожыя гісторыі старажытнарымскіх і грэчаскіх міфаў нібы пераносяцца і накладаюцца на рэаліі жыхароў звычайнага беларускага мястэчка XIX стагоддзя[21]. І ў пэўнай ступені аўтару атрымалася стварыць свет гістарычнага беларускага фэнтэзі ў цыкле гісторый пра Пранціша Вырвіча. Нават мова твора месцамі вытрымана на старажытны, напышліва барочны манер. Вельмі гэта адчуваецца ў першай частцы («Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», 2012), насычанай гістарычнымі показкамі. Напрыклад, гісторыя, да якой нельга адносіцца без гумару — гісторыя пра спатканне Караля Радзівіла Пане Каханку з русалкай і што «вынікам шлюбу былі селядцы». На працягу прыгод Вырвіча згадваецца і сусветнае дрэва Ігдрасіль, і лабірынты з Мінатаўрам, і вынаходніцтвы Леанарда да Вінчы[22].

Свет прыгод чакае і ў цыкле фэнтэзійна-прыгодніцкіх рыцарскіх раманаў «Кароль і Суддзя» Інны Сударавай (на рускай мове), які распачынае раман «Суддзя каралеўскага дома» (2006), героі змагаюцца з ляснымі разбойнікамі, і іх чакаюць сутычкі і інтрыгі, здрада сяброў і каханне прыгожых дам, бітвы і слава[23].

Блізкі да эпічнага фэнтэзі цыкл раманаў Наталлі Новаш «Здабыццё мінулага» (на рускай мове, 2009), у якім пасля сутыкнення велізарнай каметы з Зямлёй адкрываюцца «дзверы» паміж светам людзей і светам эльфаў[24].

У свет магіі, эльфаў, пярэваратняў, людаедаў, вампіраў, ваяроў і драконаў пераносіць чытача і Святлана Уласевіч, таксама аўтар цэлага цыклу раманаў, але ўжо пра драконаў — «Сагі аб Драконах» (на рускай мове), які распачынае раман «Паўтара метра непаразуменняў, ці Не будзіце спячага Дракона!» (2009)[25].

Яшчэ адна кніга, героі якой драконы — раман Эльвіры Вашкевіч «Дарога да Срэбных Вадаспадаў» (на рускай мове, 2014), у якім з далёкай планеты, дзе жывуць драконы, на нашу Зямлю накіроўваецца пасланец у пошуках патэнцыйнага кантакцёра з магічнымі здольнасцямі [26].

Чароўны свет міфалагічных істот сустракае нас і ў рамане-фэнтэзі Генадзя Аўласенка «Палонныя чорнага лесу» (на рускай мове, 2011). У пужалым і таямнічым Чорным лесе жыве мноства самых разнастайных пачвар, а непраходныя Паўночныя скалы засяляюць гномы. І паміж лесам і гарамі, на шырокай даліне жывуць варагуючыя паміж сабою чалавечыя плямёны[27]. У 2014 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік яго містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае»[28].

Кніга Сержа Мінскевіча «Усмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка» (2013) заснавана ўжо на беларускай міфалогіі. У вобразе героя гэтай казкі, мастаку-вандроўніку Дроздзічы, які ходзіць у ботах з чырвонага саф’яну, з чароўным парасонам-кіёчкам і малюе не ўсмешкі, а «усмуткі», забіраючы сум людзей, лёгка пазнаецца легендарны беларускі мастак Язэп Драздовіч. Галоўныя героі аповесці — Алеола, «будучая яснапанна», і Арцін, будучы віцязь са Светлаазёрной краіны. Іх бацькоў разам з усімі жыхарамі мястэчка выкрала «Жалобная Каралева Паляндра», і дзеці адпраўляюцца перамагаць злую чараўніцу[29].

У жанры прыгодніцкага фэнтэзі кніга Аляксея Шэіна «Сем камянёў» (2015). Хлопчык Ясь, галоўны герой, трапляе ў чароўную краіну Эферыю, дзе становіцца ўдзельнікам барацьбы за свабоду. Галоўнаму герою трэба разгадаць загадку крышталяў, каб выратаваць жыццё сваёй сяброўкі і вызваліць чароўную краіну ад прыгнёту злога самазванца[30]. Кніга пра веру, свабоду і каханне, за якія часам трэба змагацца з мячом у руках[31]. Кніга была адзначана Еўрапейскім таварыствам навуковай фантастыкі за лепшы літаратурны дэбют[32].

У 2017 годзе на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры было намінавана адразу два фэнтэзійных твора — фэнтэзі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка» і фэнтэзійныя гісторыі Анатоля Караленкі «Дзецям пра нафту»[33]. У тым жа годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік казак «Нявеста для Базыля», у складзе якога было надрукавана некалькі фэнтэзійных апавяданняў: стылізаванае пад фальклор прыгодніцкае фэнтэзі «Жаўнер і вужалка» Алега Грушэцкага, чараўнічае фэнтэзі «Чорная закавыка» Сержа Мінскевіча і фэнтэзійная гісторыя «Нявеста для Базыля» Галіны Пшонік[34][35].

Алег Грушэцкі з трылогіяй «Рыцар Янка і каралеўна Мілана»

У 2020 годзе выйшла кніга Святланы Аўдзейчык «Кніга Здольных. Спадкаемцы Сакрума 1.» — першая частка трылогіі пра Спадкаемцаў Сакрума, якая ўвайшла ў паўфінал міжнароднага конкурсу «Новая дзіцячая кніга — 5» у намінацыі «Фэнтэзі. Фантастыка. Прыгоды».[36]. У 2022 выйшла другая частка «Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў».

Знакавым для беларускамоўнага фэнтэзі стаў 2021 год. На падставе беларускага фальклору выйшла першая кніга трылогіі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», героі якой — міфічныя персанажы беларускіх паданняў, а падзеі разгортваюцца ў свеце, падобным на беларускае Сярэднявечча. Галоўным героям, юным брату і сястры, належыць выратаваць каралеўства ад чарадзея, які падступствам захапіў трон[37]. Кніга ўнікальная тым, што яе можна назваць сапраўдным беларускім фэнтэзі[38]. А ўлічваючы, што яна была напісаная яшчэ ў 2012 годзе[39][40], фактычна робіць раман яшчэ і першым сучасным беларускамоўным сапраўдным фэнтэзі. У маі 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі, да якога было падрыхтавана адразу некалькі дакладаў, прысвечаных фэнтэзі ў беларуская літаратуры, сярод якіх, напрыклад, даклад Таццяны Барысюк «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“». Таксама быў праведзены круглы стол (мадэратарам якога стаў Серж Мінскевіч), на якім, сярод іншых, была асобна разгледжана тэма «Казка і фэнтэзі»[41]. У гэтым жа годзе з’явіўся і твор Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей», які сам аўтар ахарактарызаваў, як «беларускае фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру»[42]. Юныя героі нечакана апынуліся ў таямнічым краі, не маючы ні тэлефона, ні зброі, і вымушаны знайсці сяброў што зніклі і выбрацца з пасткі. Твор выйшаў у электронным фармаце, а ў друкаваным варыянце кніга была выдадзена толькі ў адным экзэмпляры і выстаўлена на аўкцыён. У 2023 годзе кніга была агучана і з’явілася на платфломе «Кніжны воз»[43].

А ў 2022 годзе выйшаў працяг папулярнага[44][45] прыгодніцкага фэнтэзі Алега Грушэцкага — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі», у якім юныя героі перад ад’ездам дадому вырашаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга, але даведваюцца, што яго захапіў яшчэ больш магутны вядзьмак, якім рухае толькі помста, і яны зноў уступаюць у барацьбу за вызваленне каралеўства, у яшчэ больш цяжкіх умовах[46]. Таксама ў 2022 годзе выйшла і другая частка запланаванай трылогіі Святланы Аўдзейчык «Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў»[47]. У выдавецтве «Чатыры чвэрці» у серыі «Фантастыка і фэнтэзі» выйшла кніга Маргарыты Латышкевіч «Вершнікі на дарозе» (2022 г.), якую склалі аповесці «Першая песня», «Над Вугерай — дождж», «Вараціш-гара», «Вершнікі на дарозе».

У 2023 годзе выйшла фэнтэзі Валерыя Гапеева «Вольнеры. Прадвесце». Дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, а створана фэнтэзі на аснове беларускай міфалогіі, задуманае Валерам Гапеевым як цэлая серыя кніг. Па словах самога аўтара, гэта «самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі»[48]. У тым жа выдавецтве выйшла і фэнтэзі Алеся Кудрыцкага «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада»[49]. Таксама была выдадзена трэцяя, заключная частка прыгодніцка-фэнтэзійнай трылогіі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд». На гэты раз падзеі ў кнізе адбываюцца падчас Каляд і зімовых вакацый. Магутная вядзьмарка Маразанна прагне захапіць і замарозіць каралеўства сяброў юных герояў і каб ёй даць рады, Янку і Мілане належыць адгадаць шмат загадак, адшукаць таемны пакой і магічны кій, выявіць незвычайную кемлівасць і аб’яднаць тры каралеўствы. А яшчэ яны ўпершыню выправяцца ў палёт на Цмоку, каб знайсці высока ў гарах загадкавы народ — таямнічыя вілы, феі, якія здольныя бачыць мінулае і прадказваць будучыню. У барацьбе юнакам дапамагаюць браты-волаты Вярнігара і Вярнідуб, бабралакі, мядзведзялакі і ўсе, хто мае адважнае сэрца і прагне жыць свабодным[50]. У гэтым жа годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла фантастычная аповесць Марыі Шабанец «Пасланцы Цмока».

У канцы 2023 года ў расійскім выдавецтве «Веча» пабачыў свет раман беларускага аўтара Іллі Бутава «І няма дарог у горад ценю»[51]. Раман апісвае выдуманы свет, які раздзіраюць унутраныя і знешнія супярэчнасці. Ва Уладара гэтай краіны ёсць толькі тры дні, адзінаццаць радкоў галоўнай аўры і сем крокаў да Партала, каб захаваць раўнавагу і прадухіліць катастрофу, якая насоўваецца. «І няма дарог у горад ценю» – твор-прыквел аповесці «Цемраборац», якая выйшла ў мінскім выдавецтве «Рэгістр» у 2015 годзе і лягла ў аснову беларускай настольнай гульні «Цемраборцы». Усяго ж у рамках цыкла «Цяжар Уладара» ў 2024–2026 гадах выдавецтва запланавала 4 кнігі, аб’яднаныя агульным сюжэтам і героямі[52].

Зноскі

  1. Лойка, А.А. Адам Міцкевіч і беларускі фальклор // Адам Міцкевіч і Беларусь / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — С. 109. — 320 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6419-06-9.(недаступная спасылка)
  2. Лойка, А.А. Адам Міцкевіч і беларускі фальклор // Адам Міцкевіч і Беларусь / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — С. 110–111. — 320 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6419-06-9.
  3. Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Ян Баршчэўскі // Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. — Санкт-Пецярбург, 2014. — С. 52. — 374 с.
  4. Карацупа, В.. Мінскевіч Серж (руск.). Архив фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  5. Штэйнер І. Ф. Балада «Нячысцік» Аляксанлра Рыпінскага // Роднае слова : часопіс. — Мн.: Мінадукацыі Беларусі, 2011. — В. 286. — № 10. — С. 3—5.
  6. Мятліцкая, Г. М. Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы / Г. М. Мятліцкая // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер.4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. — 2005. — № 3. — С. 13-18.
  7. Васючэнка, П.В. Першаадкрывальнік з роду Ластаў. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага // Ад тэксту да хранатопа : артыкулы, эсэ, пятрогліфы / Пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: Галіяфы, 2009. — С. 54. — 200 с. — 300 экз. — ISBN 978-985-6906-13-1.
  8. Васючэнка, П.В. Першаадкрывальнік з роду Ластаў. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага // Ад тэксту да хранатопа : артыкулы, эсэ, пятрогліфы / Пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: Галіяфы, 2009. — С. 56. — 200 с. — 300 экз. — ISBN 978-985-6906-13-1.
  9. Березкин Г. С. Лакшин — Мураново. Мирович, Евстигней Афиногенович // Краткая литературная энциклопедия / Гл. ред. А. А. Сурков. — М.: Советская энциклопедия, 1967. — Т. 4. — 860 с.
  10. Декола Н.. "Белпочта" помнит о юбилеях. Советская Белоруссия (6 жніўня 2003). Праверана 5 лістапада 2015.
  11. Хадановіч, А.В. Уладзімер Караткевіч і філязофскі камень // ARCHE : Часопіс. — 2006. — В. 41, 42. — № 1, 2. — С. 106. Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2015.
  12. Ненадавец, А.М. Міфалогія ў творчасці Уладзіміра Караткевіча // Маладосць : Часопіс. — 2005. — № 11. — С. 136.
  13. «Ды@блог. Пра літаратуру». Госць – Уладзімір Кулічэнка. Навуковая фантастыка. Беларусь 3 (11 снежня 2014). Праверана 10 сакавіка 2015.
  14. Ольга Громыко (руск.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  15. Ника Ракитина — новые книги (руск.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015.
  16. Гуляева, М. Я пишу неформат(руск.) // БелГазета : Газета. — Мн.: 2 ліпеня 2008. — В. 643. — № 22.
  17. «Вялес» — Васючэнку. Наша Ніва (5 сакавіка 2004). Праверана 10 сакавіка 2015.
  18. Рублевская, Л.И. Кисть и меч(руск.) // Советская Белоруссия : Газета. — 9 студзеня 2014. — № 4 (24387).
  19. Порри Гаттер (руск.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  20. Бязлепкіна, А.П.. Раіса Баравікова. “Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў”. Вясёлка (1 лютага 2012). Праверана 10 сакавіка 2015.
  21. Жених панны Дануси (руск.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015.
  22. Янкута, Г.В.. Як напісаць гісторыю. Budzma.org (21 лютага 2013). Праверана 10 сакавіка 2015.
  23. Судья королевского дома (руск.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  24. Обретение прошлого (руск.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015.
  25. Полтора метра недоразумений, или Не будите спящего Дракона! (руск.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  26. Малай, Г. Фэнтэзі: ёсць кантакт! // Літаратура і мастацтва : Газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 11 ліпеня 2014. — В. 4776. — № 27. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2015.
  27. Пленники чёрного леса (руск.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015.
  28. Генадзь Аўласенка. Ключ, які нічога не адмыкае. Нашы кнігі. Мастацкая літаратура. Праверана 22 сакавіка 2015.(недаступная спасылка)
  29. Рублевская, Л.И. Сказки запределья(руск.) // Советская Белоруссия : Газета. — 14 ліпеня 2014. — № 108 (24245).
  30. Шэін А.. Сем камянёў. Праверана 14 красавіка 2015.
  31. Дорская А.. Стваральнік курсаў «Моваведа» Аляксей Шэін напісаў фэнтэзі для падлеткаў(недаступная спасылка). СБП (13 сакавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2018. Праверана 22 сакавіка 2015.
  32. Аляксей Шэін атрымаў міжнародную прэмію за кнігу фэнтэзі. Новы Час (21 чэрвеня 2017). Праверана 22 студзеня 2018.
  33. Гапееў В. А дзяўчынка малявала караблік... // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: СПБ», РВУ «Звязда», 1 снежня 2017. — В. 4951. — № 48. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 6 верасня 2020.
  34. Рублеўская Л.. Люстэрка для песнi. Советская Белоруссия (22 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2020. Праверана 23 снежня 2017.
  35. Грушэцкі А. Казачная нявеста запрашае ў чароўны свет // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 2018. — В. 4956. — № 1. — С. 7. Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2018.
  36. «Кніга здольных» — пра падлеткаў і для падлетк. Новы Час (6 снежня 2019). Праверана 31 мая 2021.
  37. Выйшла новая кніга Алега Грушэцкага. Гэта фэнтэзі на аснове беларускага фальклору. Новы Час (4 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2021. Праверана 31 мая 2021.
  38. „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”. Беларускае Радыё Рацыя (8 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2021. Праверана 8 чэрвеня 2021.
  39. «Сямейная праграма» з Алегам Грушэцкім на YouTube. «Сямейная праграма» // 1 Нацыянальны канал Белрадыё, 15 мая 2021
  40. Алег Грушэцкі - урывак з рамана «Рыцар Янка і прынцэса Мілана. Таямніче каралеўства». Кніжнае выдавецтва «Рэгістр» (1 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2022. Праверана 26 ліпеня 2022.
  41. II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. — Мн.: НАН РБЦДБКМЛ, 2021. — С. 15, 17. — 20 с.
  42. Кніга «Тэатр шчаслівых дзяцей» Бахарэвіча выдадзена ў адным экзэмпляры і выстаўлена на аўкцыён. Новы Час (21 верасня 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2021. Праверана 1 красавіка 2023.
  43. Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце. Будзьма беларусамі! (29 сакавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2023. Праверана 1 красавіка 2023.
  44. Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Новы Час (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  45. Героі беларускага фэнтазі вяртаюцца // Наша слова : газета. — Ліда.: ТБМ, 13 ліпеня 2022. — № 28. — С. 11—12.
  46. Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Budzma.org (24 чэрвеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  47. Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў(недаступная спасылка). НВК “Тэхналогія” (16 лістапада 2022). Архівавана з першакрыніцы 22 мая 2022. Праверана 26 чэрвеня 2022.
  48. Вольнеры. Прадвесце. kniger.by (16 лістапада 2023). Праверана 16 мая 2023.
  49. «Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада». Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад фэнтазі Алеся Кудрыцкага. Будзьма Беларусамі! (15 сакавіка 2023). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2023. Праверана 16 мая 2023.
  50. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд // Наша слова : газ.. — Ліда: 20 верасня 2023. — В. 90. — № 38. — С. 3. [{{{archiveurl}}} Архівавана] з першакрыніцы 20 жніўня 2023.
  51. Илья Бутов «И нет дорог в город тени».
  52. Издательство "Вече". veche.ru. Праверана 18 снежня 2023.