Беларуска-эквадорскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-эквадорскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Эквадор. Рэспубліка Эквадор прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь у студзені 1992 года. Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ўстаноўлены ў маі 1993 года.

У чэрвені 2010 года Эквадор упершыню наведала афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па асобых даручэннях Віктарам Шэйманам. У маі 2011 года і маі 2012 года адбыліся візіты ў Эквадор беларускіх дэлегацый на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Беларусі С. Ф. Алейнікам. У кастрычніку 2011 года адбыўся першы афіцыйны візіт у Беларусь міністра замежных спраў, гандлю і інтэграцыі Эквадора Р.Паціньё.

У чэрвені 2012 года Эквадор з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. У жніўні 2012 года Эквадор наведаў Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі А. І. Нічкасаў. У кастрычніку 2012 года Эквадор наведала беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Міністра гандлю Беларусі Э. Б. Матулісам.

У кастрычніку 2012 года Беларусь наведаў намеснік міністра замежных спраў і палітычнай інтэграцыі Эквадора М.Альбуха. У канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2012 года Беларусь наведала эквадорская дэлегацыя на чале з Міністрам гарадскога развіцця і жыллёвага будаўніцтва Эквадора П.Харамільё. У сакавіку 2013 года ў рамках жалобных мерапрыемстваў у Венесуэле ў сувязі са смерцю Уга Чавеса адбылася кароткая беларуска-эквадорская сустрэча на вышэйшым узроўні.

У кастрычніку 2013 года ў рамках 68-й сесіі Генасамблеі ААН Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў і міграцыі Эквадора Р.Паціньё. У кастрычніку 2013 года афіцыйная эквадорская дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Р.Карэа наведала Беларусь з афіцыйным візітам.

У снежні 2013 года Беларусь наведала дэлегацыя Рэспублікі Эквадор на чале з Віцэ-прэзідэнтам гэтай краіны Х.Гласам. У красавіку 2014 года адкрыта Пасольства Беларусі ў Эквадоры.

У чэрвені 2014 года адбыўся афіцыйны візіт у Эквадор Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. У верасні 2014 года адкрыта Пасольства Эквадора ў Беларусі.

У лютым 2015 года адбыўся візіт беларускай урадавай дэлегацыі пад кіраўніцтвам Першага Намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі для правядзення I пасяджэння Беларуска-эквадорскай камісіі па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве.

У лютым 2015 года ў рамках I пасяджэння Беларуска-эквадорскай камісіі па гандлі і эканамічным супрацоўніцтве адбыліся кансультацыі паміж МЗС, беларускі бок прадстаўляў намеснік міністра замежных спраў А. Я. Гур'янаў, эквадорскі — першы намеснік Міністра замежных спраў Л.Арысага.

У верасні 2015 года ў рамках 70-й сесіі Генасамблеі ААН адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі і Прэзідэнта Рэспублікі Эквадор Р.Карэа. У сакавіку 2016 года адбыўся першы афіцыйны візіт у Беларусь Старшыні Парламента (Нацыянальнага Кангрэса) Эквадора, Старшыні Лацінаамерыканскага Парламента Г.Рывадэйнра.