Беларуска-аўстрыйскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-аўстрыйскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстрыйскай Рэспублікай. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі устаноўлены 5 лютага 1992 года. З 1993 года ў Аўстрыі функцыянуе Пасольства Беларусі. Адкрыццё аўстрыйскага Пасольства ў г.Мінску адбылося 9 лютага 2016 года.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка двойчы наведваў Аўстрыю — у красавіку 1996 года для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі «10 гадоў пасля Чарнобыля» (г. Вена), а таксама ў сакавіку 2002 года (г. Інсбрук).

У рамках двухбаковага палітычнага дыялогу праводзяцца рэгулярныя сустрэчы і перамовы на розных узроўнях паміж афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі і Аўстрыі. На пастаяннай аснове праводзяцца пасяджэнні беларуска-аўстрыйскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

У ходзе праведзенага 23 — 25 лістапада 2014 года візіту ў г. Вена Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея прайшлі яго перамовы з Федэральным міністрам па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі С.Курцам, а таксама з прэзідэнтам Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі К.Ляйтлам. Міністры замежных спраў Беларусі і Аўстрыі падпісалі Пратакол да міжурадавага беларуска-аўстрыйскага Пагаднення аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання ў дачыненні да падаткаў на даходы і маёмасць.

3-4 мая 2015 года Беларусь з візітам наведаў кіраўнік аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства С.Курц, які быў прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам і Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем.

28 верасня 2015 года ў рамках саміту ААН у Нью-Ёрку адбылася першая ў гісторыі беларуска-аўстрыйскіх адносін сустрэча прэзідэнтаў дзвюх краін А. Р. Лукашэнкі і Х.Фішэра.

13 кастрычніка 2015 года Беларусь наведаў першы намеснік Старшыні Нацыянальнага савета Аўстрыі К.Копф, які быў прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам. Праведзеныя таксама перамовы К.Копфа са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанкам.

У перыяд з 9 па 10 лютага 2016 года адбыўся візіт у Беларусь аўстрыйскай дэлегацыі на чале з Генеральным сакратаром Федэральнага міністэрства па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі М.Лінхартам, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці Пасольства Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. У ходзе візіту М.Лінхарт быў прыняты міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, адбыліся таксама перамовы аўстрыйскай дэлегацыі з намеснікам Міністра замежных спраў Аленай Купчынай.

14-16 чэрвеня 2016 года адбыўся візіт у г. Мінск віцэ-бургамістра г. Вена Ё.Гудэнуса на чале дэлегацыі аўстрыйскіх дзелавых колаў. 16 чэрвеня 2016 года Мiнiстр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў перамовы са сваім аўстрыйскім калегам С.Курцам у рамках Саміту міністраў замежных спраў дзяржаў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы ў г. Бане-Лука (Боснія і Герцагавіна).

З 30 чэрвеня па 5 ліпеня 2016 год адбыўся візіт у Беларусь арцыбіскупа г. Вена кардынала К.Шонборна ў якасці афіцыйнага прадстаўніка Папы Рымскага для ўдзелу ў 25-гадовым юбілеі ўтварэння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

27-30 жніўня 2016 года быў арганізаваны па запрашэнні кіраўніка аўстрыйскага знешнепалітычнага ведамства С.Курца візіт у Аўстрыю дэлегацыі МЗС Беларусі на чале з намеснікам Міністра замежных спраў Аленай Купчынай для ўдзелу ў палітычным сімпозіуме Еўрапейскага форуму Альпбах. 29-30 верасня 2016 года дэлегацыя на Мінскай вобласці на чале са старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам наведала Аўстрыю для ўдзелу ў Эканамічным форуме краін ЦУЕ ў г. Фельдэне (федэральная зямля Карынція). 11 кастрычніка 2016 года ў г. Вена праведзены кансультацыі з Аўстрыяй па інфармацыйных пытаннях на ўзроўні начальнікаў упраўленняў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

З 2006 года ў Аўстрыі дзейнічае грамадская арганізацыя «Аўстрыйска-Беларускае таварыства».