Зоська Верас
| Зоська Верас | |
| Імя пры нараджэнні: |
Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік |
|---|---|
| Псеўданімы: |
Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка |
| Дата нараджэння: | |
| Месца нараджэння: |
пгт. Мяджыбаж, Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць Украіна |
| Дата смерці: |
8 кастрычніка 1991 (99 гадоў) |
| Месца смерці: | |
| Род дзейнасці: |
празаік, паэтэсса, перакладчыца |
Зоська ВЕРАС, сапр.: Людвіка Антонаўна СІВІЦКАЯ-ВОЙЦІК (30 верасня 1892, пас. Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць, Украіна) — 8 кастрычніка 1991, Вільнюс; Псеўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) — беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.
Змест |
[правіць] Сям'я
Нарадзілася ў сям'і вайскоўца Антона Сiвiцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны[1] ў 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем'ях, дома размаўлялі па-польску[1][2].
Гiсторык Г. Каханоўскі зацiкавiўся постаццю прадзеда Людвiкi Сiвiцкай Iгната Кулакоўскага, які яшчэ ў 1834 г. у пiсьме на імя расійскага мiнiстра асветы пiсаў пра неабходнасць даць беларускаму народу адукацыю «с учётом национальной самобытности здешних людей». Праўнучка захавала дыплом аб выбраннi даследчыка беларускіх старажытнасцяў i педагога І. Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Данii. Ён меў гонар таксама быць сябрам навуковых таварыстваў у Вiльнi, Варшаве, Пецярбургу[1].
Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвiк Садоўскi быў знатным пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве ў К. Лявіцкага, імем якога названа канструкцыя рамачнага вулля, прапанаваная Лявіцкім у 1882 г.[3] Людвік добра ведаў беларускую мову і карыстаўся ёю ў размовах з сялянамі[1].
Бацька Людвікі, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, быў родам з Гродна, скончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію[4], называў сябе ліцвінам[2], ён шмат чытаў, любiў паэзiю, ягонымi ўлюбёнымi паэтамi былi А. Мiцкевiч i У. Сыракомля[2].
[правіць] Біяграфія
Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў[2][5], а ў 1904 паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гродне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы[5] і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
3 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярлелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе[6]. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Мінск. Ён удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадскім жыцці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасля арышта Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай крэпасной турме. У сваіх пісьмах і успамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але распісацца ім не склалася[6]. У лісце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Р. А. Зямкевіча, які, па яе словах, узвёў паклёп на яе ў вачах Ф. Шантыра[6].
У канцы 1918 г. З. Верас пакідае Мінск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі[6]. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г[1]. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пiсала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку. У 1922 г. Людвiкiн дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць[5].
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з А. Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася на Украіне[5] У 1926 г. Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая(руск.) бел.[7]. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927[8] нарадзілася дачка Галіна Антонаўна Войцік, па мужу Луцкевіч.
У 1924—1929 гг. працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).
У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі за супрацоўніцтва ў беларускай газеце «Сцяг Працы», якая выдавалася ў Вільні ў гады вайны. Ён пісаў, што Гітлер і Сталін — адно і тое ж. Антон Шантыр быў прысуджаны да расстрэлу. Праз 3 дні расстрэл быў заменены на 25 гадоў зняволення без права перапіскі. Ні маці, ні сястра не ведалі, дзе знаходзіцца Антон і што з ім[9]. Пасля таго, як у 1944 г. была закрыта Віленская беларуская гімназія, у 1945 г. ліквідаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча, а ў 1948 г. раптоўна памёр муж, у жыцці пісьменніцы наступіў цяжкі перыяд, які пазней яна звала «летаргічным сном».
У 1956 г. Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталiнаўскiх лагераў, цяжка хворы[10]: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права лiставацца з мацi[1].
Толькі ў 1961 г. Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які збіраў у вільнюскіх архівах матэрыял для сваёй дысертацыі, пасля гэтага яе пачалі наведваць пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільнюса. Член СП СССР (з 1982).
Памёрла ў 1991 г., пахавана на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа і сына[1].
[правіць] Грамадская дзейнасць
Удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі (1909—1913), дзе працавала бібліятэкарам і сакратаром[5]. Падчас удзелу ў гуртку грала ў пастаноўцы п'есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 г. Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 г. — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Л. Сівіцкай[4]. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Кантактавала з газетай «Наша ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з І. Луцкевічам, В. Ластоўскім, А. Уласавым.
У час 1-ай сусветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуіравалася ў Мінск. Супрацоўнічала з «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой В. Лявіцкай, а таксама з А. Смолічам і У. Галубком, пасябравала з М. Багдановічам. У 1916—1917 працавала ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 г. Зоська Верас удзельнічае ва Усебеларускім кангрэсе.
З 1923 г. жыла ў Вільні. Апекавала беларускіх палітычных вязняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы М. Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928)[11]. Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступае разам з Н. Арсенневай.
З. Верас вяла перапіску і сябравала са шматлікімі беларускімі грамадскімі дзеячамі ды літаратурнымі асобамі: Віталем Скалабанам, Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Зыгмунтам Абрамовічам, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізнікам, Уладзімірам Содалем і г. д[12].
У «Лясной хатцы» бывалі пiсьменнікі У. Караткевіч, Я. Пархута, Р. Барадулін, Л. Геніюш, Д. Бiчэль-Загнетава, А. Бачыла, мастакi А. Марачкін, В. Маркавец, Я. Кулік, М. Купава, В. Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-лiтаратуразнаўцы А. Мальдзіс, Я. Саламевіч, Г. Кісялёў, В. Скалабан[1].
Рыгор Барадулін падкрэсліў непаддзельную цікавасць З. Верас да грамадскага жыцця на працягу амаль цэлага стагоддзя такімі радкамі[13]:
| Да часу маючы інтэрас, Не зачыняючы дзьвярэй, |
У 1988 г. Зоська Верас разам з зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча ўтварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 г. было заснавана Таварыства беларускай культуры ў Літве[14].
[правіць] Творчасць
Дэбютавала ў 1907 (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псеўданімам Мірко[15] ў 1911 (газета «Наша ніва»). У час эвакуацыі ў Мінску Зоська Верас піша вершы, лірычныя абразкі. Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»)[16], У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п'есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рускай — «Лясныя хаткі» В. Біянкі(руск.) бел. (Вільня, 1931).
[правіць] Батанічная і пчалярская дзейнасць
З. Верас была рэдкім чалавекам, які з беларусканавуковымі мэтамі займаўся батанікай[1]. У сваёй аўтабіяграфіі яна адзначала, што зацікаўленне батанікай з'явілася яшчэ ў гімназіі[2].
Пасля курсаў «Агароднiцтва, садаўнiцтва i пчалярства», якія Людвіка скончыла да 1 ліпеня 1914 года, яна атрымала пасведчанне «аб'яздовага інструктара»[5]. Практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка і пчаляра. Яшчэ ў 1912—1913 гадах яна пачала складаць «Батанічны зельнік», ставячы на першае месца назовы раслін у беларускай мове. На радзіме дзеда яна працягвала далей запісваць назовы раслін[5].
Падчас працы сакратаром у «Камiтэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны», ёй было даручана арганізаваць вырошчванне капусты не так ужо і блізка ад Мінску. Яна разлічыла колькасць неабходнай расады, насення, угнаенняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма і капуста там не вырасце. На гэтым «Капусныя праекты Аляксандра Уласава», як яна іх называла, былі згорнутыя.
З. Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва і пчалярства для бежанцаў з дазволу Міністэрства Земляробства. У 1918 годзе вярнулася ў Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала над батанічным слоўнікам, а сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім над кніжкай «Медадайныя расліны»[5].
Вакол хаткі З. Верас у Вільне рос багаты батанічны сад, які меў багацейшую калекцыю раслін, сабраных Людвікай Антонаўнай[5], там жа была і аранжарэя з цяпліцай. Там раслі ўнікальныя гатункі кветак, дрэваў, папараці, кітайскія, японскія, галандскія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Кветкамі займалася Галіна — дачка гаспадыні, а ў цяпліцы працаваў Яраслаў, сын Галіны, і Лявон, яе муж[17].
У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу[1][5]. З 1928 года займае пасаду старшыні Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганiзуе завочныя курсы па збору медадайна-лекарскiх i лекарскiх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваiх са студэнтам-мэдыкам В. Тумашам[1][5].
Яшчэ для «Заранкі», а пасля і для «Пралесак», пісьменніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды[1].
Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству і агародніцтву друкавала таксама ў газетах «Беларуская ніва» і «Народная справа», а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 год[1][5].
Маючы вялікі аўтарытэт у асяроддзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замаляваць расліны ў розныя перыяды вегетацыі, збірала, сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя баначкі. Так яна параіла стварыць залу народнай медыцыны ў Гудзевічах[18][19] і сама рабіла экспанаты для аддзелу зёлкавых раслін Гудзевіцкага школьнага музею. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гродзенскаму гуртку з Амерыкі даслаў кнігу аб лекавых раслінах, і ў свае 98 гадоў яна начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову[5].
Уладзімір Караткевіч, звяртаючыся да З. Верас у перапісцы, называў яе «паважаны наш батанічны бог»[20].
Унук З. Верас, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам[21].
[правіць] Ушанаванне памяці
Зосьцы Верас прысвяцілі вершы В. Шніп[22], Рыгор Барадулін[13][23], С. Панізнік[24] Л. Рублеўская[25], яна ж сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысвечаную каханню Людвікі і Фабіяна Шантыра[26][27].
Зосьцы Верас прысвечаны фільм, зняты на «Беларусьфільме»[28]. Галіна Войцік напісала кнігу «Зоська Верас», якая выйшла ў 2002 г[29].
Ларыса Геніюш пісала:
| Вільня, Вільня, наша Мекка, вера, Каліноўскага святая кроў. |
Партрэт З. Верас напісаў А. З. Крывенка і адліў М. Л. Несцярэўскі[30][31]. Іван Пратасеня напісаў карціну «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».
Экслібрыс для З. Верас стварыў Вячка Целеш[32][33].
[правіць] Бібліяграфія
- Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985.
- ["Заранка"] // Полымя. 1968. № 4.
- Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975.
- Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.
- Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976.
- Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980.
- Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6.
- Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981.
- Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
[правіць] Зноскі
- ↑ 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 1,12 Галіна Войцік. ЗОСЬКА ВЕРАС. СЭРЫЯ «ПАРТРЭТЫ ВІЛЕНЧУКОЎ»
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 Зоська Верас. З АЎТАБIЯГРАФII
- ↑ Улей Левицкого — немного в историю (руск.)
- ↑ 4,0 4,1 Сівіцкая-Войцік Людвіка Антонаўна
- ↑ 5,00 5,01 5,02 5,03 5,04 5,05 5,06 5,07 5,08 5,09 5,10 5,11 5,12 Старая Гродзенская патрыётка Зоська Верас!
- ↑ 6,0 6,1 6,2 6,3 Фабіян! Фабіян!..
- ↑ Обретение Вильни (руск.)
- ↑ Памерла Галіна Войцік
- ↑ Боль воспоминаний (руск.)
- ↑ Д. Бічэль. Сустрэчы з Зоськай Верас
- ↑ Імёны свабоды
- ↑ Партызанка Зоська Верас
- ↑ 13,0 13,1 Бяседа
- ↑ Мы стаім ніжэй за цыганоў
- ↑ т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- ↑ Пяць месяцаў у Мінску
- ↑ Мікола Купава. Мая Вільня
- ↑ ГУДЗЕВІЦКІ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
- ↑ Як лячылі прастуду нашы продкі
- ↑ Ліст У. Караткевіча да беларускай пісьменніцы Зоські Верас. 6 жніўня 1980 г.
- ↑ Pawet № 29 (715)
- ↑ Баляда Зоські Верас
- ↑ Р. Барадулін. Вяртанне Максіма
- ↑ Сяргей Панізнік. Зоська Верас
- ↑ ЗОСЬКА ВЕРАС
- ↑ Советская Белоруссия № 52 (23443). Вторник, 23 марта 2010 года
- ↑ Ад архіўнага дакумента — да мастацкага твора
- ↑ На «Беларусьфільме» здымаюць стужку пра Зоську Верас
- ↑ Зоська Верас
- ↑ ВЕРАС Зоська
- ↑ Зоська Верас
- ↑ Вячка (Вячаслаў) Міхайлавіч ЦЕЛЕШ
- ↑ Экслібрыс З. Верас
[правіць] Літаратура
- Верас Зоська // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Верас Зоська // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Войцік Г. Зоська Верас. Сэрыя «Партрэты Віленчукоў». Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2002
- Мілаш Л. «Агеньчык, які не затухае»: (да 110-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас) // Кантакты і дыялогі № 10-12, 2002
- Лісты Зоські Верас да Апалёніі Савёнак / Падр. да друку й камэнт. Н.Гардзіенкі // Запісы = Zapisy. — 2004. — Кн. 27. — С. 251—257.
- Лойка А. Зоська Верас // Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 ввд. Мн., 1989. Ч. 2;
- Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі… Мн., 1992.
- Пяткевіч А. М. Верас З. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2.—Мн.: Бел. Энцыклапедыя, 1993.
- Саламевіч І. Верас Зоська // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1997.
- Ягоўдзік Ул. Ластаўка з лясной хаткі // ЛіМ. 2001. 11 мая.
[правіць] У Сеціве
- Войцік Г. Зоська Верас (сэрыя «Партрэты Віленчукоў»). Вільня, 2002. ISBN 9955-427-03-5
- Вершы З. Верас
- ЛІСТЫ ЗОСЬКІ ВЕРАС ДА АПАЛЁНІІ САВЁНАК
- Зоська Верас: Я помню ўсё
- Фатаграфія Верас
- Галіна Войцік: «Ня ведаю, што будзе з архівамі Зоські Верас»
| Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |

