Крэўская унія

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Крэўская унія (1385), пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім.

Пасля смерці ў 1382 годзе караля польскага Людовіка Венгерскага, які не меў сыноў, польскія магнаты пасля двухгадовых спрэчак абвясцілі каралевай яго малодшую дачку Ядвігу. Ініцыятарамі шлюба Ядвігі з вялікім князем літоўскім Ягайлам былі магнаты Малапольшчы на чале са Спыткам з Мельштына. Ужо ў красавіку 1383 г. адбыліся першыя польска-літоўскія кантакты, пад час якіх магла абмяркоўвацца магчымасць шлюба Ягайлы з дачкой нябожчыка Людовіка І Анжуйскага — Марыяй альбо Ядвігай. Па версіі храніста Яна Длугаша, першымі з такой прапановай звярнуліся прадстаўнікі Літвы. Па версіі «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» — ініцыятыву праявіў польскі бок.

18 студзеня 1385 г. у Кракаў прыбыла пасольства ВКЛ на чале са Скіргайлам Альгердавічам. Паводле «Кракаўскага календара» і Крэўскага акта ў яго склад уваходзілі князі Барыс, Альгімонт і віленскі староста (намеснік) Гануль, па паходжанні рыжскі немец. Князь Барыс, пасля даследаванняў О. Галецкага, упэўнена атаясамліваецца з падольскім князем Барысам Карыятавічам. Альгімонт — гальшанскі князь, бацька Івана Альгімонтавіча. Паводле «Прускай хронікі» С. Грунаў, прысутнічаў таксама Вітаўт, якога каралева Ядвіга запыталася пра смерць яго бацькі Кейстута, але гэта даволі позняя крыніца. Скіргайла, прамову якога працытаваў Длугаш, прапанаваў польскаму боку тыя ж умовы, якія потым былі зафіксаваны Крэўскім актам. Аднак у пункце пра скарбы ішла гаворка пра тое, што скарбы будуць фізічна перавезеныя ў Польшчу, тады як у Крэўскім акце аб гэтым сказана больш асцярожна: «будуць абернены на патрэбы».

З Кракава Скіргайла вярнуўся ў ВКЛ, а Барыс Карыятавіч і Гануль разам з дэлегацыяй Польшчы адправіліся ў Венгрыю. Там яны правялі перамовы з каралевай Альжбетай, удавой Людовіка І Анжуйскага, маці каралевы Ядвігі.

У жніўні 1385 г. у Крэва — радавы замак Ягайлы, прыбылі паслы Польшчы кракаўскі чашнік Улодка, завіхосцкі кашталян Мікалай, казімірскі дзяржаўца Крысцін і паслы Венгрыі чанадскі прэпазіт Стафан і патацкі кашталян Ладзіслаў, сын Какаса дэ Каза. 14 жніўня таго ж года было падпісана пагадненне з Польшчай, што вядома пад умоўнай назвай «Крэўская унія». Па форме дакумент прадстаўляе сабой пацверджанне абяцанняў, якія далі Барыс Карыятавіч і Гануль венгерскай каралеве Альжбеце ад імені вялікага князя літоўскага Ягайлы і яго паўнамоцнага пасла Скіргайлы.

Прававы змест Крэўскага акта[правіць | правіць зыходнік]

Абяцанні Ягайлы ў выпадку яго шлюбу з каралевай Ядвігай былі наступныя: 1) прыняцце каталіцтва з усімі братамі Ягайлы, яшчэ не хрышчанымі, блізкімі, нобілямі, зямянамі вялікімі і малымі, якія жывуць у яго землях; 2) ахвяраванне скарбаў для вяртання страт, панесеных Польшчай і Літвой; 3) выплата 200 тыс. фларынаў герцагу Аўстрыі Вільгельму як адступное за разрыў яго заручынаў з каралевай Ядвігай; 4) абавязацельства вярнуць уласнымі намаганнямі і коштам вярнуць уладанні, страчаныя каралеўствам Польскім, кім бы яны ні былі заняты і адарваны; 5) вяртанне ўсіх палонных хрысціян, мужчын і жанчын, асабліва вывядзеных з Польшчы; 6) абавязацельства Ягайлы «землі свае Літвы і Русі навечна далучыць (applicare) да кароны Каралеўства Польскага».

Паводле тэкста дакумента ён быў прыняты ў прысутнасці Скіргайлы Альгердавіча, Карыбута Альгердавіча, Лугвена Альгердавіча і Вітаўта Кейстутавіча, якія павесілі пад ім свае пячаткі.

11 студзеня 1386 г. у Ваўкавыску адбылася сустрэча Ягайлы з прадстаўнікамі Польшчы: люблінскім старастам Улодкам, кракаўскім падстолім Пятром Шафранцам, завіхосцкім кашталянам Мікалаем і казімірскім дзяржаўцам Крысцінам. Яны мелі даверчыя лісты ад польскай шляхецкай супольнасці і ад князя Уладзіслава Апольскага (як прадстаўніка інтарэсаў каралеў Альжбеты і Ядвігі). Паслы Польскага каралеўства гарантавалі Ягайле, што ён абраны каралём польскім, возьме ў жонкі каралеву польскую Ядвігу і можа бесперашкодна і ў бяспецы прыбыць на генеральны сейм у Люблін, прызначаны на 2 лютага 1386 г.

15 лютага 1386 г. Ягайла ахрысціўся ў Кракаўскім кафедральным саборы (цырымонію правёў гнезненскі архіепіскап Бадзанта) і прыняў імя Уладзіслаў — у гонар Уладзіслава Лакетка, першага польскага караля, пры якім быў заключаны дынастычны саюз паміж Польшчай і ВКЛ. Разам з Ягайлам ахрысціліся некаторыя яго браты: Свідрыгайла (Баляслаў), Вігунт (Аляксандр), Карыгайла (Казімір). Паўторна прыняў каталіцтва Вітаўт (пад імянем Аляксандр). 18 лютага Ягайла абвянчаўся з каралевай Ядвігай. 4 сакавіка адбылася яго каранацыя.

Праблема аўтэнтычнасці Крэўскага акта[правіць | правіць зыходнік]

Арыгінал Крэўскага акт, пачынаючы з XV ст., захоўваўся ў Архіве Кракаўскай кафедральнай капітулы, збор пергаменных дакументаў, № 188. Гэта пергамен шырынёй 330 мм, вышынёй 223 мм, закладка 39 мм. Першапачаткова былі падвешаны на пергаменных стужках пяць пячатак. Ад чатырох захаваліся толькі стужкі, ад адной — толькі адтуліна. Старэйшая копія была запісана ў рукапіс XV ст., які таксама захоўваецца ў Архіве Кракаўскай кафедральнай капітулы: «Liber antiquus privilegiorum», арк. 53 — 53 адв., № 77. Дзве іншыя копіі былі зробленыя ў XVII і XVIII стст.

Першым гісторыкам, які даследаваў Крэўскі акт (па арыгіналу з капітулы Кракаўскай), працытаваў у сваёй працы значныя фрагменты з яго і параўнаў дакумент з хронікай Длугаша, быў А. Нарушэвіч[1]. У 1837 г. дакумент быў упершыню цалкам надрукаваны па арыгіналу гісторыкам польскай літаратуры М. Вішнеўскім[2], потым археографамі А. Сакалоўскім і Ю. Шуйскім[3]. Лепшая публікацыя належыць У. Сямковічу і С. Кутшэбе[4]. Копія XV ст. надрукавана М. Качэрскай[5]. Пераклады на беларускую мову друкаваліся тройчы[6].

Пячаткі існавалі яшчэ ў XIX ст. — іх прамалёўкі надрукаваў М. Вішнеўскі. Потым яны былі страчаны. У 1920-я гг. У. Сямковіч знайшоў пячатку Вітаўта ў Львове. У 1960 г. быў зроблены аналіз пергамена інфрачырвонымі і ўльтрафіялетавымі промнямі — нічога падазронага ў яго фізічных характарыстыках не выяўлена.

У 1970-я гг. літоўскі гісторык Ё. Дайнаўскас паспрабаваў даказаць, што Крэўскі акт — гэта фальсіфікацыя, зробленая палякамі на падставе хронікі Длугаша (фрагменту за 1385—1386 гг.), каб абгрунтаваць свае дамаганні на землі Літвы і Русі[7]. Аналагічны пункт гледжання адстойваў Я. Юхо. Ён лічыў, што абяцанні Ягайлы ў Крэўскім акце былі сфальсіфікаваныя польскімі феадаламі, каб абгрунтаваць «захопніцкія дамаганні на беларускія, украінскія і літоўскія землі»; гэтыя абяцанні ніколі не выконваліся, акрамя пункта аб каталіцкім хрышчэнні; Крэўскі акт хутчэй «нагадвае акт безагаварочнай капітуляцыі». Я. Юхо адзначаў, што на думку аб фальсіфікацыі тэкста наводзіць і той факт, што ў актах Востраўскага пагаднення 1392 г. і Віленска-Радамскай уніі 1401 г. няма ні слова аб абяцаннях Ягайлы[8]

Гіпотэза Ё. Дайнаўскаса не знайшла падтрымкі ў навуковай супольнасці ні ў Польшчы, ні ў Літве. Працамі М. Качэрскай, Л. Корчак, М. Космана, калектыва літоўскіх гісторыкаў на чале з Ю. Кяўпене даказана неабгрунтаванасць довадаў Ё. Дайнаўскаса[9].

Аргументацыя Я. Юхо ў навуковай літаратуры падрабязна не разглядалася. У навукова-папулярным артыкуле яе паўтарыў С. Цярохін[10]. Ускосны адказ на пытанне, ці рэалізаваліся на практыцы абяцанні Крэўскага акта, утрымліваецца ў працы Я. Тэнгоўскага[11].

«Крэўскі перыяд»: значэнне і перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Існуе вялізная навуковая літаратура, прысвечаная прававому значэнню тэрміна «applicare» і звязку Польшчы з ВКЛ пасля 1385 г. У польскай гістарыяграфіі найбольшае прызнанне атрымаў пункт гледжання, што ў выніку «Крэўскай уніі» Вялікае Княства Літоўскае было далучана да Польскага каралеўства (Г. Лаўмянскі лічыў гэта інкарпарацыяй) і страціла цалкам альбо часткова свой дзяржаўны суверэнітэт. Большасць удзельных князёў ВКЛ на працягу перыяду з 1386 па 1393 гг. прынялі васальныя прысягі на вернасць каралю і каралеве Польшчы, іх нашчадкам і Кароне Польскай у цэлым. Сярод іх былі Вітаўт Кейстутавіч, Жыгімонт Кейстутавіч, Васіль Нарымонтавіч, Фёдар Любартавіч, Уладзімір Альгердавіч, Аляксандр Вігунт Альгердавіч, Дзмітрый Карыбут Альгердавіч, Скіргайла Альгердавіч. Апошні выконваў у ВКЛ функцыі намесніка Ягайлы з 1386 па 1392 гг. з абмежаванымі паўнамоцтвамі. Ягайла тытулаваўся ў якасці караля Польшчы, вярхоўнага князя літоўскага, дзедзіча (спадчыннага ўладальніка) Русі. У 1392 г. функцыі намесніка Ягайлы ў ВКЛ у выніку Востраўскага і Белзскага пагадненняў прыняў Вітаўт. Але ў 1398 г. ён узяў курс на поўны суверэнітэт ВКЛ ад Польшчы і пры заключэнні Салінскага дагавора з Тэўтонскім ордэнам баяры ВКЛ абвясцілі Вітаўта манархам. Паражэнне на рацэ Ворскле (1399) зноў увяло ВКЛ у арбіту палітычнай залежнасці ад Польшчы, вынікам чаго стала Радамска-Віленская унія 1401 г. Такім чынам, «Крэўскі перыяд» у гісторыі ВКЛ і Польшчы працягваўся з 1385 па 1398 гг.

У літоўскай і беларускай гістарыяграфіі (Я. Юхо) выказваліся думкі аб дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ ад Польшчы ў згаданы перыяд. Яны, аднак, прадстаўляюцца ідэалагічна ангажаванымі і ўступаюць у супярэчнасць з наяўным комплексам гістарычных крыніц.

Галоўнай праблемай і таямніцай у вывучэнні «Крэўскай уніі» з'яўляецца адсутнасць акта аб інкарпарацыі. Л. Корчак меркавала, што Крэўскі акт з'яўляўся прэлімінарным шлюбным кантрактам, пасля якога бакі павінны былі заключыць другі — канчатковы акт, у якім бы агаворваліся фінансавыя пытанні і санкцыі за іх невыкананне. У крыніцах 1386 г. захаваліся згадкі аб тым, што ў лютым 1386 г. сапраўды быў заключаны нейкі «кантракт» паміж Ягайлам, польскімі магнатамі і каралевай Ядвігай. Змест гэтага дакумента невядомы: хутчэй за ўсё ў ім больш падрабязна паўтараліся абавязацельствы Крэўскага акта. Але гэта не быў акт аб інкарпарацыі.

Зноскі

  1. Naruszewicz A. Historya narodu polskiego. T. 7. Warszawa, 1804. С. 369—375 (першае выданне: 1786)
  2. Wiszniewski M. Pomniki historyi i literatury Polskiej. T. 4. Kraków, 1837. S. 92-94
  3. Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. 2. Codex epistolaris saeculi decimi quinti. T. 1. 1384—1492. Kraków, 1876. S. 4-5, № 3
  4. Akta unji Polski z Litwą. 1385—1791. Kraków, 1932. S. 1-3, № 1
  5. Koczerska M. Autentyczność dokumentu unii krewskiej 1385 r. // Kwartalnik historyczny. R. 99. 1992. № 1. S. 59-80
  6. Цярохін С. Таямніцы Крэўскай уніі // Беларуская мінуўшчына, 1995, № 3. С. 7-10; Вiшнеўскi А. Ф., Юхо Я. А. Гiсторыя дзяржавы i права Беларусi ў дакументах i матэрыялах (са старажытных гадоў да нашых дзен). Мн., 1998. С. 34-35; Акт Крэўскай уніі 1385 г. / Пер. з лац. А. Ліцкевіч // Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А-Я. Мн., 2010. С. 424—425.
  7. Dainauskas J. Kriavo akto autentiškumas // Liuanistikos instituto 1975 metų suvažiavimo darbai. Chicago, 1976. P. 51-71; Яго ж. Autentyczność aktu krewskiego // Lituano-Slavica Posnaniensia. T. 2. 1987. S. 125—144; Яго ж. Lietuvos bei lietuvių krikštas ir 1387-ji metai. Chicago, 1991. С. 49-70
  8. Юхо. І. А. Крэўская унія // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985, № 4. С. 22-23 (беларуская тэорыя аб фальсіфікаце); Яго ж. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992. С. 83-85; Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000. С. 144—145.
  9. Korczak L. O akcie krewskim raz jeszcze (na marginesie rozprawy Jonasa Dainauskasa) // Małopolskie studia historyczne. R. 34. Z. 3 (134). 1991. S. 473—479; Kosman M. Układ w Krewie — po sześciu wiekach // Wilno i kresy północno-wschodnie. Materiały II Międzynarodowej konferencji w Białymstoku. 14-17 IX 1994 r. w czterech tomach. T. 1. Historia i ludzkie losy. Białystok, 1996. S. 13-28; 1385 m. rugpjūčio 14 d. Krėvos aktas / Sudarė J. Kiaupienė; parengė R. Čapaitė, J. Kiaupienė, S.C. Rowell, E. Rimša, E. Ulčinaitė. Vilnius, 2002
  10. Цярохін С. Таямніцы Крэўскай уніі // Беларуская мінуўшчына, 1995, № 3. С. 7-10
  11. Tęgowski J. Wprowadzanie w życie postanowień aktu krewskiego w latach 1385—1399 // Studia z dziejów państwa i prawa polskiego. T. 9. Cz. 1. Lublin-Łódź, 2006. S. 77-91