Смаленскае княства

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Смаленскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў ХII ст. вакол горада Смаленска. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усходнія раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Княства ўтварылася на аснове смаленскай групоўкі крывічоў, якая стала адасоблівацца ў VIIIIX ст. у вярхоўях Дняпра і Дзясны. У 885 г. Смаленск быў падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам.

Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў ХІ ст., але да пачатку ХII ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я г. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічу (1125—59), Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 у княстве арганізавана самастойная епархія.

У ХII ст. Смаленскае княства пачало ўваходзіць у лік найбольш моцных дзяржаўных утварэнняў Русі. У другой палове ХII ст. Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую і Ноўгарадскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. У 1127 Расціслаў Мсціславіч захапіў у Чарнігаўскага княства паўночныя землі радзімічаў — Крычаў, Прапошаск і, верагодна, Лучын. У выніку 2-га паходу на землі радзімічаў (1142) ён пашырыў свае ўладанні да р. Унеча. З 1116 ў Глеба Менскага былі адабраныя Копысь і Орша. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195) і Друцк.

Пры Расціславе Мсціславічу пачалося драбленне Смаленскага княства на ўдзелы. У 1165 г. ён вылучыў «Романови Вячеславлю внуку» Васілеў і Красн. Пры пераемніках Рамана Расціславіча (1159—80) працэс драблення паскорыўся: у 1180 згадваецца ўдзел у Мсціславе, якім валодаў Мсціслаў Раманавіч, у 1209 — таропецкі ўдзел Мсціслава Мсціславіча Удатнага. У канцы ХII — пачатку ХIIІ ст. ўплыў Смаленскага княства на іншыя землі паменшаў. Пасля смерці князя Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся яго заняпад, абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й палове ХIIІ ст. са складу Смаленскага княства вылучыліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы.

Каля 1280 г. смаленскія князі Расціславічы садзяць свайго намесніка ў Віцебску, а ў 1290-я гады ім удаецца далучыць Бранскі ўдзел.

У пачатку XIV ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам.

Спроба смаленскай цэнтральнай велікакняжацкай улады перашкодзіць дэзінтэграцыйным працэсам і аднавіць страчаныя пазіцыі, зробленая ў 1300 г. вялікім князем Аляксандрам Глебавічам, у адносінах да Дарагабужа скончылася няўдачай[1]. Аднак у 1302 г. маскоўскія князі захапілі Мажайскі ўдзел[2].

З сярэдзіны XIII ст. на Смаленск пачаліся набегі Літвы. Княства, якое ўсё больш слабела, паступова губляе землі, і Смаленск усё больш трапляе ў залежнасць ад Масквы і Літвы. У пачатку XIV ст. ад Смаленскага княства адышлі да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) землі Падняпроўя, басейн Проні, верхняе Паволжа. Пры князі Іване Аляксандравічу (1313—58) Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Князь Святаслаў Іванавіч (1358—86) імкнуўся да захавання незалежнасці Смаленскага княства, але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на поўдні і поўначы, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у 1386, калі смаленская раць была разбіта ў бітве на рацэ Віхра (пад Мсціславам). Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч (1386—92) і Глеб Святаславіч (1392—96) знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вялікі князь ВКЛ Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех… позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, Смаленскае княства было ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Полное собрание русских летописей. Т. 7. — СПб., 1856. — С. 182
  2. * Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 29.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Алексеев, Л. В. Смоленская земля в IX―XIII вв.: очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии / Л. В. Алексеев; [отв. ред. Я. Н. Щапов]; Академия наук СССР, Институт археологии. — М.: Наука, 1980. — 260, [1] с., [2] л. ил., карт
  • Голубовский, П. В. История Смоленской земли до начала XV ст.: Монография П. В. Голубовского. — Киев: Типография Императорского университета Св. Владимира, 1895. — II, 34, 11 с. с 2 л. табл.
  • Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 28 — 37.
  • Мяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17 — 27.
  • Мяцельскі, А. Смаленскае княства / Андрэй Мяцельскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузыны — Усая / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 357. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі: Ад старажытнасцi да канца XVIII ст. / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — 411, [2] с. — ISBN 985-6374-34-2.
  • Смаленскае княства // ЭГБ, т. 6, кн. 1.