Інструкцыя па транслітарацыі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Указальнік на Высокім Рынку ў Мінску з надпісам, зробленым у адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь

Інстру́кцыя па транслітара́цыі геаграфі́чных на́зваў Рэспу́блікі Белару́сь лі́тарамі лаці́нскага алфаві́та — метад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні карт і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання, ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года).[1] Апошнія змены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года.

У лютым 2013 года інструкцыя была рэкамендаваная Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў[2][3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Інструкцыя замяняе папярэднія адпаведныя нормы і ўстанаўляе абавязковыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правілы перадачы лацініцай беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь картаграфічных і іншых вырабаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання. Перадача беларускіх назваў на лацініцу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з іх правільным, афіцыйна зацверджаным напісаннем на беларускай мове. Пры адсутнасці беларускамоўных афіцыйных матэрыялаў за аснову бяруцца назвы, традыцыйныя ў мэтавай мове, пры гэтым магчымыя выпраўленні скажэнняў.

Пры гэтым правілы не распаўсюджваюцца на тапонімы іншых краін з афіцыйна прынятай лацінскай сістэмай пісьма (тапонімы перадаюцца на картах у адпаведнасці з нацыянальнай формай напісання кожнай з дзяржаў) і на тапонімы сумежных краін з афіцыйна прынятай кірылічнай сістэмай пісьма (назвы тапонімаў перадаюцца ў адпаведнасці з сістэмамі лацінізацыі геаграфічных назваў гэтых дзяржаў).

Пры выбары вялікіх ці малых літар, злучнага ці асобнага напісання, напісання праз злучок захоўваецца адпаведнае беларускае напісанне.

У паказніках геаграфічныя назвы размяшчаюцца ў адпаведнасцю з паслядоўнасцю асноўных літар беларускай нацыянальнай лацінкі: a, b, c, č, d, е, f, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, š, t, u, v, z, ž, y.

Дыякрытычныя знакі[правіць | правіць зыходнік]

Апроч звычайных літар лацінскага алфавіта выкарыстоўваюцца лацінскія літары з трыма рознымі дыякрытычнымі знакамі:

Правілы транслітарацыі[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці з Інструкцыяй былі зацверджаныя наступныя правілы транслітарацыі:

Літара кірыліцы Літара лацініцы Прыклад ужывання
А а A а Аршанскі — Aršanski
Б б B b Бешанковічы — Biešankovičy
В в V v Віцебск — Viciebsk
Г г H h Гомель — Homieĺ, Гаўя — Наŭjа
Д д D d Добруш — Dobruš
Е е Je je[* 1] Ельск — ĺsk, Бабаедава — Babajedava
ie[* 2] Лепель — Liepieĺ
Ё ё Jo jo[* 1] Ёды — Jody, Вераб’ёвічы — Vierabjovičy
io[* 2] Мёры — Miory
Ж ж Ž ž Жодзішкі — Žodziški
З з Z z Зэльва — Zeĺva
І і I i Іванава — Ivanava, Іўе — Iŭje
Й й J j Лагойск — Lahojsk
К к K k Круглае — Kruhlaje
Л л L l Любань — Liubań
М м M m Магілёў — Mahilioŭ
Н н N n Нясвіж — Niasviž
О о O o Орша — Orša
П п P p Паставы — Pastavy
Р р R r Рагачоў — Rahačoŭ
С с S s Светлагорск — Svietlahorsk
Т т T t Талачын — Talačyn
У у U u Узда — Uzda
Ў ў Ǔ ŭ Шаркаўшчына — Šarkaŭščyna
Ф ф F f Фаніпаль — Fanipaĺ
Х х Ch ch Хоцімск — Chocimsk
Ц ц C c Цёмны Лес — Ciomny Lies
Ч ч Č č Чавусы — Čavusy
Ш ш Š š Шуміліна — Šumilina
(апостраф) не перадаецца Разезд — Razjezd
Ы ы Y y Чыгірынка — Čyhirynka
Ь ь адсутнічае Чэрвень — Červień
Э э E e Чачэрск — Čačersk
Ю ю Ju ju[* 1] Юхнаўка — Juchnaŭka, Гаюціна — Hajucina
iu[* 2] Любонічы — Liuboničy
Я я Ja ja[* 1] Ямнае — Jamnaje, Баяры — Bajary
ia[* 2] Вязынка — Viazynka, Валяр’яны — Valiarjany

Заўвагі:

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 У пачатку слова, пасля галосных літар, апострафа, раздзяляльнага мягкага знака, «у нескладовага».
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Пасля зычных літар.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першая рэдакцыя Інструкцыі па транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў была афіцыйна зацверджаная ў 2000 годзе, але пра гэта шырока не паведамлялася. У кастрычніку 2006 года ў Таліне на канферэнцыі экспертаў ААН па тапаніміцы было прынятае рашэнне, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасці беларускай арфаэпіі. Пры гэтым галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта па маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам,[4] хоць беларускай лацінкай у поўным сэнсе яна не з'яўляецца, бо ёсць выключна сістэмай транслітарацыі. У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[5].

Змены і дапаўненні[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 і 2007 гадах у фармулёўку Пастановы і спосаб транслітарацыі ўносіліся змены, асноўныя з якіх палягалі ў перадачы літары «ў» як «ŭ» замест «ú», і спалучэнняў літар «дзь», «зь», «ль», «нь», «сь», «ць» як «dź», «ź», «ĺ», «ń», «ś», «ć» адпаведна замест ранейшых спалучэнняў «dz'», «z'», «l'», «n'», «s'», «c'»; перастаў выкарыстоўвацца апостраф.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Схема ліній Мінскага метрапалітэна, прадубляваная паводле Інструкцыі
Searchtool.svg Схема ліній
Searchtool.svg Станцыі па адной лініі

Адной з першай картаў, якія былі выдадзеныя з выкарыстаннем правіл транслітарацыі паводле Інструкцыі, была турысцкая мапа Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Назвы геаграфічных назваў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасці з рэдакцыяй Інструкцыі, якая дзейнічала на той час: «Barysaú», «Červien´» «Mar´ina Horka».[6]

Праз некалькі гадоў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белгеадэзія» былі выдадзеныя новыя карты, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыблізна ў той самы час у цэнтры Мінска з'явіліся ўказальнікі на гістарычныя раёны горада і станцыі метро, назвы на якіх былі перададзеныя ў адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі.

У жніўні 2009 года кампанія Google у сваім сэрвісе карт Google Maps адкрыла магчымасць рэдагавання карты Беларусі, праз некаторы час з'явілася магчымасць дадаваць напісанне паводле Інструкцыі.

Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубляванае напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя мапы, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[7][8].

Адрозненні ад класічнай лацінкі[правіць | правіць зыходнік]

Спосаб транслітарацыі, які быў прапанаваны ў апошняй рэдакцыі Інструкцыі, практычна цалкам супадае з перадачай назваў класічнай лацінкай. Між імі можна вылучыць толькі два значныя разыходжанні і адно нязначнае:

  • Паводле Інструкцыі, транслітарацыя назваў адбываецца з афіцыйнага варыянту іх напісання, і таму асіміляцыйная мяккасць з пэўнымі іншымі асаблівасцямі правапісу не пазначаецца, у той час як у класічнай лацінцы яна захоўваецца: Niasviž (паводле Інструкцыі) — Niaśviž (лацінкай), Ikazń (паводле Інструкцыі) — Ikaźń (лацінкай). Напісанне лацінкай адназначна адпавядае напісанню тарашкевіцай, а напісанне геаграфічных назваў паводле Інструкцыі адназначна адпавядае напісанню афіцыйным правапісам беларускай мовы.
  • У лацінцы цвёрды гук [л] перадаецца літарай «Ł» («ł»), а мяккі [л’] — літарай «L» («l»). У Інструкцыі ж прапанавана для пазначэння цвёрдага гуку [л] выкарыстоўваць літару «L» («l»), а для мяккага гуку [л’] — літару «Ĺ» («ĺ»): Fanipaĺ (паводле Інструкцыі) — Fanipal (лацінкай), Lahojsk (паводле Інструкцыі) — Łahojsk (лацінкай).
  • Лацінка дапускае факультатыўнае выкарыстанне літары «g», што адпавядае гуку [ґ], які рэдка выкарыстоўваецца ў беларускай мове. Ужыванне літары «g» правіламі Інструкцыі па транслітарацыі не прадугледжанае ўвогуле.

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Афіцыйная назва дакумента: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумент апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск №3, 11 студзеня 2001 года).
  2. REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES
  3. Resolution X/6 (2012):Romanization of Belarusian geographical names
  4. ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў // Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
  5. REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
  6. Некаторыя часткі карты
  7. Беларуская лацінка вяртаецца на мапы. budzma.by (29 жніўня 2012). Праверана 1 сакавіка 2017.
  8. За оперным театром стали вешать новые таблички с адресами (руск.) . citydog.by (12 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]