Аўтаматычная міжпланетная станцыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з АМС)

Аўтаматычная міжпланетная станцыя (АМС) — беспілотны касмічны апарат, прызначаны для палёту ў міжпланетнай касмічнай прасторы (па-за арбітай Зямлі) з выкананнем розных пастаўленых задач.

У той час як некалькі дзясяткаў краін маюць калязямныя спадарожнікі, складаныя тэхналогіі міжпланетных станцый асвоілі ўсяго некалькі краін — СССР / Расія, ЗША, Еўропа / ESA, Японія, Кітай, Індыя. Пры гэтым да Марса і камет адпраўлялі АМС толькі першыя 4 з іх, да Венеры — толькі першыя 3, да астэроідаў — толькі ЗША, Еўропа і Японія, да Меркурыя і вонкавых планет — толькі ЗША.

Задачы[правіць | правіць зыходнік]

АМС звычайна прызначаецца для выканання комплексу задач, ад навукова-даследчых праектаў да палітычных дэманстрацый. Тыповымі аб’ектамі для даследчых задач з’яўляюцца іншыя планеты, іх натуральныя спадарожнікі, каметы і іншыя аб’екты Сонечнай сістэмы. Пры гэтым звычайна ажыццяўляецца фатаграфаванне, сканаванне рэльефу; вымяраюцца цяперашнія параметры магнітнага поля, радыяцыі, тэмпературы; вызначаецца хімічны састаў атмасферы іншай планеты, грунту і касмічнай прасторы каля планеты; правяраюцца сейсмічныя характарыстыкі планеты.

Камунікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Сабраныя вымярэнні перыядычна перадаюцца на Зямлю з дапамогай радыёсувязі. Большасць АМС маюць двунакіраваную радыёсувязь з Зямлёй, што дае магчымасць выкарыстоўваць іх як дыстанцыйна кіруемыя прыборы. Вялікія адлегласці ствараюць істотныя затрымкі пры абмене данымі, таму ступень аўтаматызацыі АМС імкнуцца максімальна павялічыць.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

АМС могуць мець розную канструкцыю, але звычайна яны маюць мноства падобных асаблівасцяў. Крыніцамі электраэнергіі на борце АМС звычайна з’яўляюцца сонечныя батарэі ці радыеізатопныя тэрмаэлектрычныя генератары. Запас электраэнергіі на выпадак магчымых перабояў забяспечвае спецыяльная акумулятарная батарэя. У прыборным адсеку падтрымліваецца тэмпература, дастатковая для звычайнага функцыянавання ўсяго абсталявання, якое знаходзяцца там. Бартавая астраінерцыяльная навігацыйная сістэма складаецца з інерцыяльных датчыкаў, астракарэктара; сумесна з наземнымі службамі яна вызначае вуглавую арыентацыю ў прасторы і каардынаты. Для кіравання арыентацыяй у прасторы АМС выкарыстоўвае гірадыны, якія карэктуюць ракетныя рухавікі. Для паскарэння ці тармажэння падчас крэйсерскага палёту выкарыстоўваюцца ракетныя рухавікі, а ў апошні час — электрычныя ракетныя рухавікі. Для радыёсувязі выкарыстоўваюцца пераважна парабалічныя і фазаваныя антэны, якія працуюць на гігагерцавых частотах. Буйныя АМС часцяком маюць канструкцыю, якая раздзяляецца. Напрыклад, па прыбыцці да планеты прызначэння АМС можа скідаць на яе розныя спускальныя апараты (зонд для збору даных, снарад і г. д.), а пакінутая на арбіце частка можа выконваць функцыі рэтранслятара радыёсігналу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першай аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй быў «Месяц-1», які праляцеў блізка ад Месяца. Найбольш вядомымі АМС з’яўляюцца апараты серыі «Вояджэр», «Венера», «Месяц», «Марынер», «Піянер», «Вікінг», «Галілеа», «Вега», «Новыя гарызонты».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]