Акінчыцы
Вёска
Акінчыцы
|
Акі́нчыцы[1] — колішні засценак у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіў у склад Заямнаўскага сельсавета. У 1977 годзе ўключаны ў межы Стоўбцаў.
У Акінчыцах размешчаны музей Якуба Коласа, адноўлены ў хаце, дзе ў 1882 годзе нарадзіўся паэт.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згаданы як засценак князя Радзівіла ў 1784 годзе: тады ён адносіўся да парафіі Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла Мінскага дэканата[2]. Паводле «Спісу валасцей, грамад і паселішчаў Мінскай губерні на 1 студзеня 1870 г.» у Акінчыцах жыло чатырнаццаць шляхцічаў. Засценак быў упісаны ў нясвіжскі радзівілаўскі «берчак», у якім вёўся ўлік і кантроль збору грашовых падаткаў з ардынацкай шляхты[3].
У польскім геаграфічным слоўніку 1886 года даюцца такія звесткі: «Окіньчыцэ, у народнай гаворцы Акіньчыцы, калісьці сядзіба шляхты Акіньчыцаў, Мінскі павет, у 3-м койданаўскім стане, Свержанская воласць, за 4 вярсты на поўнач ад мястэчка Новы Свержань, пры гасцінцы з Атцэды, мае 9 двароў, мясцовасць роўная, з лёгкай глебай»[4].
Паблізу дарогі мясцілася Акінчыцкая лясная камора, дзе з 1881 па 1883 год жыла сям’я лесніка Нясвіжскай ардынацыі Міхася Міцкевіча і яго жонкі Ганны. 3 лістапада 1882 года ў іх нарадзіўся сын Ко́стусь, у будучым — Народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Да 8 чэрвеня 1963 года вёска ўваходзіла ў склад Слабадскога сельсавета, пасля — у складзе Заямнаўскага сельсавета[5]. Рашэннем аблвыканкама ў 1977 годзе вёска Акінчыцы ўключана ў межы горада Стоўбцаў[6].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Музей Якуба Коласа, размешчаны ў адноўленай хаце, дзе нарадзіўся паэт.
Ураджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Якуб Колас (1882—1956) — беларускі пісьменнік, паэт, Народны паэт Беларусі.
- Фабіян Акінчыц (1886—1943) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў і старшыня Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). С. 473
- ↑ Opisy parafii dziecezji wilenskiej z 1784 roku. T.2. Dekanat Minsk, с. 109
- ↑ Тумас 1982.
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, Tom VII. Warszawa, 1886, S. 423
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 8 чэрвеня 1963 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 23 (1023).
- ↑ Рашэнні выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных Беларускай ССР ад 17 і 31 сакавіка 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 15 (1533).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 423.
- Генадзь Тумас. Родны бераг песняра. — Мінск: «Полымя», 1982. — С. 3-4. — 30 с. — 3 000 экз.