Перайсці да зместу

Альгімонт Гальшанскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Альгімунт)
Альгімонт Гальшанскі
Нараджэнне не пазней за 1350
Смерць не раней за жнівень 1393 і не пазней за кастрычнік 1393
Род Гальшанскія[1]
Дзеці Іван Альгімонтавіч Гальшанскі[2]

Альгімонт Гальшанскі (1-я палова XIV ст. — паміж жніўнем і кастрычнікам 1393) — літоўскі арыстакрат, пачынальнік роду князёў Гальшанскіх.

Напэўна, упершыню згаданы Германам Вартбергам пад 1371 года як «вялікі вяльможа», чый «двор» над ракой Нявежай у Арвістаўскай зямлі[pl] разбурыла лівонскае войска Ордэна (deinde Nevese flumen descendendo ab utraque parte usque ad curiam Algeminnen in terra Arvisten, ubi Algeminne, magnus satrapa)[3]. Аднак цэнтр уладанняў Альгімонта, паводле ордэнскіх Die Littauischen Wegeberichte, быў у Гальшанах (Von dannen in Ongemundes hoff Galschan ij mile rum weg)[3].

У 1383 годзе Альгімонт (Angemunt) у свіце вялікага князя Ягайлы браў удзел у перамовах з пасламі вялікага магістра, у канцы 1384 года з іншымі пасламі (Sgergelo, Olgemont et Borizszo duces) едзе ў Кракаў, дзе 18.1.1385 года просіць для вялікага князя рукі каралевы Ядвігі. Таксама Альгімонт, напэўна на пачатку 1389 года, разам з Братошам (Овгимонта и Братоушу) едзе ў Ноўгарад для перамоў з наўгародцамі пра прыняцце на прыгарады князя Лугвена Альгердавіча, брата Ягайлы[4]. У свой час Юзаф Вольф, а следам іншыя даследчыкі адносілі гэтыя згадкі да Івана Альгімонтавіча, быццам называнага паганскім імем бацькі[5]. Але няма падстаў сумнявацца, што ўласна сам князь Альгімонт браў удзел у тых падзеях[6].

У канцы 1380-х — пачатку 1390-х гадоў князь Альгімонт (кнѧз(ь) Ѡлгимонтъ) быў сярод выдаўцоў паручных грамат за баярына Братошу (1387—1394) і князя Жэдзівіда (жнівень-кастрычнік 1393)[6].

Памёр не пазней за кастрычнік 1393 года, калі яго сын князь Іван атрымаў кіеўскае намесніцтва ад вялікага князя Вітаўта[7].

Беларуска-літоўскія летапісы XVI ст. згадваюць кіеўскага намесніка Альгімонта ў часы вялікага князя Гедзіміна, падзеі датаваны 1321 годам і цяпер іх лічаць сумнеўнымі, але ў кожным разе названы Альгімонт можа быць толькі іншай асобай. Тыя самыя летапісы часта называюць Альгімонта сынам Міндоўга Гальшанскага, а яго сынам легендарнага Гольшы, у Еўраінаўскім летапісе сам Альгімонт названы сынам Гольшы.[8] Тым часам крыніцы XIV ст. пад 1331 годам згадваюць кіеўскага князя Фёдара[9].

Мацей Стрыкоўскі згадвае таксама наваградскага князя Альгімонта ў XIII ст., сына міфічнага Тройната і бацьку міфічнага Рынгольда, калі гэтыя звесткі і мелі рэальную аснову, то храналагічна гэта можа быць толькі яшчэ адзін Альгімонт, ён і не названы Гальшанскім, і яго сувязь як з Альгімонтам Гальшанскім, так і з легендарным Альгімонтам Гольшавічам не прасочваецца.

У Кіева-Пячэрскім памянніку (канец XV — пачатак XVI ст.) ёсць запіс «Княз Олгимонта, нареченного в святом крещении Михаила, а в иноцех Евфимия», але гэтую згадку, запісаную болей праз стагоддзе па смерці Альгімонта, лічаць ненадзейнай[9].