Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч
Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 11 жніўня 1938 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 студзеня 2021 (82 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства |
![]() |
Род дзейнасці | навуковец, урач |
Навуковая сфера | нейрахірургія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Яфрэм Ісакавіч Злотнік |
Вядомыя вучні | Ю. Г. Шанько, А. Л. Танін, Л. Р. Пятрова, Р. Р. Сідаровіч |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Арнольд Фёдаравіч Смеяно́віч (11 жніўня 1938, Бранск — 2 студзеня 2021, Мінск[1]) — беларускі нейрахірург. Акадэмік НАН Беларусі (2009), доктар медыцынскіх навук (1981), прафесар (1993). Правёў больш за 10 тысяч аперацый[2]. Яго называлі вядучым нейрахірургам Беларусі[3][4][5].
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца — ўраджэнца Пухавіцкага раёна, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны[2]. Дзяцінства і юнацтва Арнольд Смеяновіч правёў у вёсцы Пухавічы з маці Галінай Лукінічнай[2].
Скончыў Пухавіцкую сярэднюю школу (1955) і лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута (1960). У 1960—1963 гадах працаваў урачом Дрыбінскай бальніцы. У 1963—1975 гадах — урач-нейрахірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы[5].
Пад кіраўніцтвам прафесара Я. І. Злотніка праводзіў спачатку простыя, потым больш складаныя аперацыі і адначасова займаўся навуковай дзейнасцю. У 1971 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Параўнальная ацэнка метадаў вызначэння калатэральнага кровазвароту ў паўшар’і мозгу пры пальцавай аклюзіі соннай артэрыі»[1].
У 1975 годзе стаў старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Распрацоўваў методыку па выдаленні неўрыномы (дабраякаснай пухліны) слыхавога нерва. Праведзеныя даследаванні ляглі ў аснову доктарскай дысертацыі «Мікранейрахірургія неўрынам слыхавога нерва» (1981)[1].
У 1989 годзе ўзначаліў нейрахірургічны аддзел НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 2006 года — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь), дзе працаваў да самай смерці. У 1998—2005 гадах — дырэктар інстытута[5].
У 2000 годзе арганізаваў і ўзначаліў курс нейрахірургіі ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, які ўпершыню ў Беларусі забяспечыў паслядыпломную падрыхтоўку урачоў па нейрахірургіі і нейратраўмалогіі (з 2004 года ў складзе кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА).
У 2004 годзе выбраны членам-карэспандэнтам, у 2009 годзе — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1]. Правадзейны член (акадэмік) Беларускай медыцынскай акадэміі (1996). Дэлегат чацвёртага Усебеларускага народнага сходу (2010).
Быў старшынёй Беларускага навукова-медыцынскага таварыства нейрахірургаў, членам рэдкалегіі беларускіх і замежных часопісаў («Здравоохранение», «Медицинская панорама», «Медицинские новости», «Вопросы нейрохирургии», «Нейрохирургия»), ганаровым членам Асацыяцыі нейрахірургаў Расіі (2005) і іншых замежных таварыстваў па нейрахірургіі. У 2003 годзе пад яго кіраўніцтвам быў арганізаваны і праведзены першы Рэспубліканскі з’езд неўрапатолагаў і нейрахірургаў Беларусі[6].
Уваходзіў у склад падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, экспертнага савета пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па абароне дысертацый.
Арнольд Смеяновіч сябраваў з многімі пісьменнікамі, мастакамі, быў добра знаёмы з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Ён аўтар прадмоў да кніг казахскага пісьменніка Немата Келімбетава ў перакладзе на беларускую мову, кнігі Алеся Карлюкевіча «Сцежкамі Ігуменшчыны»[7].
Быў жанаты. Жонка — Тамара Іванаўна, таксама лекар. Сын — Віталь Смеяновіч, нейрахірург, кандыдат медыцынскіх навук; дачка — стаматолаг[3].
Памёр 2 студзеня 2021 года ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19[2]. Пахаваны 5 студзеня 2021 года на малой радзіме ў Пухавічах[7].
Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
Аўтар больш за 450 навуковых прац, 10 манаграфій, 18 метадычных рэкамендацый, 25 вынаходніцтваў і патэнтаў. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 6 зборнікаў навуковых прац «Актуальныя праблемы неўралогіі і нейрахірургіі»[1], абаронены 19 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі[5].
Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці — хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсіўных форм астэахандрозу пазваночніка, рэканструктыўная хірургія пашкоджанняў плечавога спляцення. Упершыню ў СССР распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрыном пераддзвернасмоўжыкава нерва і шэраг новых методык лячэння неўралагічных разладаў, звязаных з гэтым захворваннем[6].
Пад кіраўніцтвам А. Ф. Смеяновіча распрацоўваліся метады дыягностыкі і мікрахірургічнага лячэння грыж паяснічных міжпазванковых дыскаў і паяснічнага стэнозу, нервовай і мышачнай пластыкі для аднаўлення функцый верхняй канечнасці пры пашкоджанні плечавога спляцення, лячэння абсцэсаў галаўнога мозга і інш.[1]
Аўтар методыкі комплекснага хірургічнага аднаўлення функцыі верхняй канечнасці пры пашкоджаннях плечавога спляцення, якая не мае аналагаў у сусветнай практыцы[5] і ўключае ў сябе цэлы шэраг новых рэканструктыўнай хірургічных умяшанняў[6]. Распрацаваў праблемы лячэння гліяльных пухлін галаўнога мозгу, што дазволіла амаль удвая павялічыць працягласць жыцця гэтай катэгорыі хворых. Праводзіў комплекснае даследаванне па праблеме дыягностыкі і хірургічнага лячэння сасудзістых заган развіцця вертэбрабазілярнай сістэмы (артэрыяльных анеўрызмаў). Распрацаваў і ўкараніў у практыку цэлы шэраг арыгінальных методык, якія маюць прыярытэтнае значэнне ў лячэнні нейраанкалагічных хворых.
Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]
- Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. [в соавт.] — Минск : Беларусь, 1973. — 143 с.: ил.
- Артериовенозные мальформации задней черепной ямки [в соавт.] // Актуальные проблемы неврологии и нейрохирургии. — Мн., 2000. Вып. 2.
- Диагностика и хирургическое лечение субтенториальных околостволовых менингиом. [в соавт.] — Минск : Минсктиппроект, 2005. — 107 с.
- Альдегиды в пластичной хирургии [в соавт.] — Минск: Звязда, 2012. — 253 с.
Узнагароды і званні[правіць | правіць зыходнік]
- Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1994, у аўтарскім калектыве)[5] — за цыкл прац «Патагенез, клініка і дыягностыка неўралагічных праяваў астэахандроза пазваночніка».
- Прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2005, 2008) — за цыкл прац па распрацоўцы новых прынцыпаў і мікранейрахірургічных тэхналогій лячэння пухлін асновы чэрапа.
- Ордэн Айчыны III ступені (2014)[8].
- Ордэн «Знак Пашаны» (СССР)[6].
- Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (1998).
- Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі (2002)[1].
- Ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна (2011).
- Ганаровае званне «Мінчанін года» (2002).
- Нагрудны знак «Выдатніку аховы здароўя СССР» (1984, 1989).
- Нагрудны знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» (1998).
- Ганаровыя граматы: Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1994), Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2007), Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума ВАК Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Памяць[правіць | правіць зыходнік]
Акадэміку А. Ф. Смеяновічу прысвечаны паэтычныя і публіцыстычныя творы Міколы Мятліцкага, Раісы Баравіковай, Алеся Марціновіча, Вольгі Савасцюк, Уладзіміра Ліпскага і іншых літаратараў[7].
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ а б в г д е ё Смеяновіч Арнольд Фёдаравіч . Нацыянальная бібліятэка Беларусі (2018). Праверана 7 лютага 2021.
- ↑ а б в г Вольга Савасцюк.. Велізарная страта для ўсіх. Пайшоў з жыцця наш зямляк Арнольд Смеяновіч . Пухавіцкія навіны (5 студзеня 2021). Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ а б Вольга Савасцюк.. Наш зямляк Арнольд Смеяновіч — вядучы нейрахірург краіны . Пухавіцкія навіны (10 жніўня 2018). Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ Юрий Лазаревич.. Мэра Павлова оперировал ведущий нейрохирург Беларуси(недаступная спасылка). Tut.by (9 красавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 8 лютага 2021. Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ а б в г д е Умер заведующий нейрохирургическим отделом РНПЦ неврологии и нейрохирургии, академик НАН Беларуси Арнольд Федорович Смеянович . Республиканский научно-практический центр неврологии и нейрохирургии. Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ а б в г Имя в белорусской науке: Арнольд Фёдорович Смеянович (руск.). Центральная научная библиотека им. Я. Коласа НАН Беларуси. Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ а б в Кастусь Лешніца.. У старажытных Пухавічах пахаваны акадэмік Арнольд Смеяновіч . sozvuchie.by (7 студзеня 2021). Праверана 8 лютага 2021.(недаступная спасылка)
- ↑ Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод заслужаных людзей краіны . Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (6 лютага 2014). Праверана 8 лютага 2021.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Смеяновіч Арнольд Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 54. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Смеянович Арнольд Фёдорович // Республика Беларусь: Энциклопедия в 6 т. Т. 6: Пейзаж ― Снегирёв / редкол.: Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2008. — 748 с. ISBN 985-11-0341-1. — С. 728.
- Национальная академия наук Беларуси : энциклопедический справочник / [редколлегия: В. Г. Гусаков (гл. ред.) и др.]. — Минск, 2017. — С. 496—497.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч на сайце НАН Беларусі (бел.)
- Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч на сайце Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (руск.)
- Біяграфія на сайце Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі (руск.)
- Біяграфія ў часопісе «Медицинские новости» (руск.)
- Смеяновіч Арнольд Фёдаравіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 11 жніўня
- Нарадзіліся ў 1938 годзе
- Нарадзіліся ў Бранску
- Памерлі 2 студзеня
- Памерлі ў 2021 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя ў Пухавіцкім раёне
- Выкладчыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі
- Дактары медыцынскіх навук
- Выпускнікі Пухавіцкай сярэдняй школы (Пухавіцкі раён)
- Выпускнікі лячэбнага факультэта БДМУ
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Лаўрэаты прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Кавалеры ордэна Айчыны III ступені (Беларусь)
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь
- Выдатнікі аховы здароўя (СССР)
- Выдатнікі аховы здароўя Беларусі
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Ганаровыя грамадзяне Пухавіцкага раёна
- Памерлі ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19
- Нейрахірургі
- Хірургі Беларусі
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Акадэмікі Беларускай акадэміі медыцынскіх навук
- Ганаровыя грамадзяне Мар’інай Горкі
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь