Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з ВРК БССР)
Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР
Агульная інфармацыя
Краіна
Юрысдыкцыя БССР
Дата стварэння 31 ліпеня 1920
Папярэдняе ведамства Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт
Дата скасавання снежань 1920
Заменена на Другі Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў
Штаб-кватэра
Аляксандр Чарвякоў, старшыня ВРК БССР.

Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларускай ССР (ВРК БССР) — надзвычайны найвышэйшы орган савецкай улады на тэрыторыі Беларусі ў 1920 годзе.

Утвораны ў Менску на базе Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ў адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31 ліпеня 1920 года. У склад ВРК БССР увайшлі прадстаўнікі КП(б) Літвы і Беларусі Аляксандр Чарвякоў (старшыня), Вільгельм Кнорын, Іван Смілга, ад Беларускай камуністычнай арганізацыі Усевалад Ігнатоўскі, ад Бунда Арон Вайнштэйн, ад ЦБ прафсаюзаў Менска і Менскай губерні Арон Крыніцкі. Падпарадкоўваўся Рэвалюцыйнаму ваеннаму савету Заходняга фронту.

Асноўнымі задачамі ВРК БССР былі арганізацыя савецкай улады на месцах, дапамога Чырвонай арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў савецкай улады. У складзе ВРК БССР былі камісарыяты: ваенны, унутраных спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сялянскія інспекцыі, савет народнай гаспадаркі і інш. Друкаванымі органамі былі газеты «Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і павятовыя газеты.

Улада ВРК БССР на жнівень 1920 года распаўсюджвалася толькі на 21 павет Менскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў: Ашмянскі, Бабруйскі, Баранавіцкі, Барысаўскі, Беластоцкі, Бельскі, Брэст-Літоўскі, Ваўкавыскі, Вілейскі, Гродзенскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Кобрынскі, Лідскі, Мазырскі, Менскі, Навагрудскі, Пінскі, Саколькі, Слонімскі, Слуцкі.

ВРК БССР і яго органы на месцах (павятовыя і валасныя рэўкамы) надзялялі сялян зямлёй, праводзілі нацыяналізацыю прамысловых прадпрыемстваў, увялі харчразвёрстку і хлебную манаполію (гл. ваенны камунізм), устанавілі дзяржаўнае забеспячэнне харчовымі прадуктамі і таварамі першай неабходнасці, дапамагалі мабілізацыі ў Чырвоную армію, забяспечвалі яе харчамі, абмундзіраваннем і фуражом, гужавым транспартам; ладзілі масавыя суботнікі ў дапамогу Чырвонай арміі, вялі дапамогу на чыгунках. Праводзілі нарыхтоўку паліва для прамысловых прадпрыемстваў, займаліся аднаўленнем і рамонтам разбураных у час баявых дзеянняў мастоў і дарог, займаліся арганізацыяй школьніцтва, адкрывалі хаты-чытальні.

Паводле мірнага дагавора Савецкай Расіі з Літвой ад 12 ліпеня 1920 года паўночна-заходняя частка Беларусі (Ашмяны, Браслаў, Вільня, Гродна, Дзісна, Ліда і інш.) былі вызначаны для перадачы Літве. Пасля няўдалага наступу бальшавікоў у час польска-савецкай вайны пад Варшавай, войскі Чырвонай арміі адступілі з тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі. У час мірных перагавораў войскі польскага генерала Люцыяна Жалігоўскага 9 кастрычніка 1920 года захапілі Вільню і тэрыторыю паўночна-заходняй Беларусі, вызначаную для перадачы Літве, утварыўшы марыянеткавую Сярэднюю Літву. Паводле Рыжскага прэлімінарнага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 года, які быў пацверджаны Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, у складзе Беларускай ССР засталіся толькі 6 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Менскі і Слуцкі. У верасні — снежні 1920 года ўва ўсіх валасцях і паветах ВРК БССР і мясцовыя рэвалюцыйныя камітэты правялі валасныя і павятовыя з’езды Саветаў, на якіх былі выбраны пастаянныя органы ўлады. ВРК БССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17 снежня 1920 года), які заслухаў справаздачу ВРК і ўхваліў яго дзейнасць.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]