Вацлаў Пянткоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Вацлаў Пянткоўскі (21 красавіка 19022 студзеня 1991) — каталіцкі царкоўны дзеяч. Стваральнік нелегальнай каталіцкай духоўнай семінарыі.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў маленькім мястэчку Ясенюўка на Беласточчыне ў шматдзетнай сям'і. Атрымаўшы атэстат у 1926, накіраваўся ў Пінск, каб паступіць у семінарыю, якая годам раней пачала функцыянаваць тут. Вучыўся ў Пінскай семінарыі. У міжваенны перыяд вучыўся ў Рыме, пасля вяртання ў Беларусь быў прэфектам Навагрудскай гімназіi імя А. Міцкевіча. Пасля Другой сусветнай вайны прызначаны пробашчам касцёла ў в. Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, выконваў абавязкі Генеральнага вікарыя Пінскай каталіцкай дыяцэзіі. У 1950 арыштаваны i сасланы ў казахстанскія лагеры. Паводле абвінавачання, заклікаў сялян не ўступаць у калгас. У Казахстане працягваў праводзіць службы для католікаў, якія знаходзіліся ў зняволенні. Падчас «хрушчоўскай адлігі» вярнуўся ў парафію ў в. Мядзведзічы.

У 1970-х г. у сваім доме адкрыў без дазволу ўлад семінарыю. Вацлаў Пянткоўскі выкладаў гісторыю касцёла, кананічнае права, этыку, замежныя мовы i філасофію. Семінарыя была заканспіравана. Некаторыя слухачы ўладкоўваліся на працу, таму савецкім органам было цяжка «падвесці» іх пад крымінальны артыкул аб ухіленні ад працы. Праз пэўны час у в. Мядзведзічы прыязджалі ксяндзы i экзаменавалі слухачоў. Выпускнікі праходзілі практыку ў парафіях. Потым яны давучваліся ў Рызе і Каўнасе або таемна пасвячаліся ў капланства. За пяць гадоў ім было падрыхтавана дзесяць чалавек. Сярод выхаванцаў семінарыі беларускія біскупы — Казімір Велікаселец і Антоній Дзям'янка. Першым жа выпускніком стаў ксёндз Рышард Юнік, які здаў экстэрнам экзамены ў Рызе ў 1978, з 1979 служыць у Рубяжэвічах.

Вацлаў Пянткоўскі займаўся актыўным душпастырствам. Ад 1980 да 1984 ён абслугоўваў таксама парафію ў Новай Мышы. Будучы адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, патаемна арганізоўваў для святароў штомесячныя дні духоўных разважанняў, вёў шырокую рэлігійную перапіску. 11 лютага 1988 Папа Ян Павел II надаў яму годнасць інфулата.

Памёр ксёндз Вацлаў Пянткоўскі ў 1991 годзе ў Мядзведзічах.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Глябовіч А. Касьцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1—2.
  • Канфесіi на Беларусі [канец XVIII—XX ст.]. Мн., 1998.
  • Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст. Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]