Перайсці да зместу

Вікіпедыя:Як правіць артыкул

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:Вікіфарматаванне)

Каб правіць націсніце ўкладку правіць уверсе старонкі, што адкрые акенца з цяперашнім тэкстам артыкула, дзе можна рабіць пажаданыя праўкі. Калі вашы праўкі зроблены, упішыце іх кароткае апісанне ў радок Тлумачэнне пад акенцам і націсніце кнопку Як будзе, каб упэўніцца ў канчатковым выглядзе артыкула пасля правак, калі вынік Вас задавальняе націсніце кнопку Запісаць. (Гл. таксама: Вікіразметка, Пясочніца, Афармленне артыкулаў)

Калі з вашага пункту гледжання ў артыкуле ёсць суб’ектыўная інфармацыя, але не факталагічная памылка, не варта выдаляць яе — лепш дадаць у артыкул аб’ектыўную з вашага пункту гледжання інфармацыю і спаслацца на аўтарытэтныя крыніцы. Пагатоў, калі вы ведаеце крыніцы змешчанай суб’ектыўнай інфармацыі, варта і пажадана дадаць і іх, мабыць і ўдакладніць паводле іх суб’ектыўную частку артыкула. Такі падыход дазволіць наступным чытачам скласці паўнейшае ўяўленне пра прадмет, што значна павысіць каштоўнасць артыкула для энцыклапедыі. Тым часам, імкніцеся пазбягаць суб’ектыўных ацэнак і ведаючы некалькі пунктаў гледжання на праблему выкладайце іх усе, прынамсі асноўныя, са спасылкамі на крыніцы.

Звярніце таксама ўвагу, да кожнага артыкула ёсць старонка размоў пра яго, куды можна трапіць праз укладку размовы. На гэтай старонцы можна напісаць свае заўвагі, калі вы чамусьці не хочаце рабіць праўкі, або скаардынаваць з іншымі ўдзельнікамі пытанні датычныя зместу і правак артыкула.

Вікіфікацыя

[правіць зыходнік]

Таксама вельмі важна вікіфікаваць артыкул — дадаць або выправіць унутраныя спасылкі з ключавых слоў, дзе гэта дарэчы. Вікіфікаваць можна і ў візуальным рэдактары, і вікіразметкай у зыходніку старонкі. Унутраныя спасылкі — спасылкі на іншыя артыкулы або старонкі Вікіпедыі. Не лішнія таксама спасылкі па тэме на карысныя пабочныя рэсурсы, іншыя сайты — называныя ў Вікіпедыі проста спасылкамі або знешнімі ці вонкавымі спасылкі — іх змяшчаць не ў тэксце, а ў асобным раздзеле ўнізе артыкула.

Дадаванне катэгорый, ілюстрацый, стварэнне структуры артыкула — раздзелаў і падраздзелаў, таксама важная частка вікіфікацыі.

Некаторыя ўдзельнікі Вікіпедыі пішуць тэксты артыкулаў, але з нейкіх прычын — недахопу часу, няведанне патрэбы ў гэтым, няведання візуальнага рэдактара або вікіразметкі, проста не хочуць — не вікіфікуюць напісаныя тэксты. Калі вы сустрэлі невікіфікаваны артыкул і маеце дастатковы досвед і час, калі ласка, прывядзіце яго фармат да стандартаў афармлення Вікіпедыі.

Пажадана не ставіць унутраныя спасылкі ў назвах раздзелаў. Для такіх спасылак ужывайце шаблоны {{Асноўны артыкул}} і {{Гл. таксама}} пад назвай раздзела.

Калі вы сустрэлі невікіфікаваны артыкул, але не можаце яго вікіфікаваць або вікіфікаваць у належнай ступені, пастаўце на старонцы шаблон {{вікіфікацыя}} (калі яго там няма), або {{rq}} з параметрам wikify, або дадайце гэты параметр, калі {{rq}} ужо стаіць. Шаблоны будуць яўна прапаноўваць усім палепшыць віфікікацыю, а артыкул аўтаматычна дадуць у спецыяльную катэгорыю.

Калі вы лічыце, што пасля вашых правак артыкул цалкам адпавядае нормам афармлення, выдаліце шаблон {{вікіфікацыя}} (або параметр wikify у шаблоне {{rq}}) са старонкі. Калі не ўпэўнены, што правялі поўную вікіфікацыю, пакуль не выдаляйце шаблон, паляпшэнне артыкула працягне нехта іншы.

Як (не) вікіфікоўваць

[правіць зыходнік]
  • Не вікіфікуйце проста даты, апроч асноўных дат у прэамбуле.
  • Не вікіфікуйце агульнавядомыя словы, калі яны не адносяцца да самога аб’екта артыкула (у тэксце скончыў клас [[прафесар]]а С. Л. Магілеўскай — спасылка на прафесара лішняя). Калі сам аб’ект артыкула быў прафесарам, у прэамбуле званне можна вікіфікаваць.
  • Само імя [[С. Л. Магілеўская|С. Л. Магілеўскай]] варта вікіфікаваць, добра, калі знойдзеце яе поўнае імя, але і прозвішча з ініцыяламі (узятымі з надзейнай беларускамоўнай крыніцы, напрыклад, друкаванай энцыклапедыі) можна вікіфікаваць.
  • Не чляніце вікіфікацыяй назвы аб’ектаў (устаноў, узнагарод і інш.) на асобныя элементы, вікіфікуйце аб’ект цалкам, нават калі артыкула пра яго яшчэ няма (кепскія прыклады — [[Адэса|Адэскую]] [[кансерваторыя|кансерваторыю]] і [[Екацярынбург]]скай [[кансерваторыя|кансерваторыі]], або Заслужаная [[артыст]]ка [[Бурація|Бураціі]]; добрыя прыклады — [[Адэская кансерваторыя|Адэскую кансерваторыю]] і [[Екацярынбургская кансерваторыя|Екацярынбургскай кансерваторыі]], або [[Заслужаная артыстка Бурацкай АССР]]). Звярніце ўвагу, узнагароды Беларусі, нададзеныя да 1991 года, трэба пісаць Беларускай ССР, а не Беларусі.
  • Кепскі прыклад вікіфікацыі: у [[опера|оперных]] [[тэатр]]ах [[Чалябінск]]а, [[Свярдлоўск]]а, [[Екацярынбург]]а, [[Улан-Удэ]] — лепш знайсці назву кожнага канкрэтнага тэатр, пагатоў, у горадзе імаверна толькі адна опера. Таксама пры пошуку выявіцца, што Свярдлоўск і Екацярынбург — адзін горад. Варыянты добрай вікіфікацыі: у оперных тэатрах [[Чалябінскі оперны тэатр|Чалябінска]], [[Екацярынбургскі оперны тэатр|Свярдлоўска]] або у [[Чалябінскі оперны тэатр|Чалябінскім]] і [[Екацярынбургскі оперны тэатр|Свярдлоўскім]] оперных тэатрах .
  • Для невялікага артыкула дастаткова аднаразовай вікіфікацыі нейкага слова, калі яно сустракаецца ў тэксце першы раз, не рабіце ўнутраныя спасылкі з кожнай згадкі [[Мінск]]а або [[канцэртмайстар]]а. У вялікіх артыкулах двух- ці трохразовая вікіфікацыя можа быць апраўданай.

Гл. таксама

[правіць зыходнік]