Вікіпедыя:Недапушчальнасць абраз, пагроз і агрэсіі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:НАПА)
Jump to navigation Jump to search
Кароткая спасылка-перанакіраванне ВП:НАПА

Вікіпедыя — праект стварэння энцыклапедыі, а не супольнасць клубаў паводле інтарэсаў. Удзельнікі праекта — члены аўтарскага калектыву, таму хацелася б, каб асабістыя дачыненні паміж імі не заміналі працы над супольным праектам. Абмеркаванні ў Вікіпедыі — нават асабістыя абмеркаванні ўдзельнікаў — мусяць мець адзіную мэту: паляпшэнне энцыклапедычных артыкулаў. Таму ўсякі пераход на асобу супярэчыць самому духу Вікіпедыі. Удзельнікі могуць не падабацца адзін аднаму, выклікаць адзін у аднаго непрыязнасць, але гэтыя эмоцыі не мусяць ніяк адбівацца на старонках Вікіпедыі.

Ніколі не рабіце нападаў на іншых удзельнікаў.
Такім дзеянням няма ніякага апраўдання.
  • Ні пры якіх умовах не рабіце нападаў персанальнага характару на іншых удзельнікаў Вікіпедыі. Абмяркоўвайце не аўтараў, а змест артыкулаў. Асабістыя абразы і пагрозы ніякім чынам не дапамогуць вам абараніць свой пункт гледжання — яны толькі наносяць шкоду супольнасці Вікіпедыі і замінаюць іншым удзельнікам працаваць над стварэннем высакаякаснай энцыклапедыі.

Кожны ўдзельнік пры магчымасці мае дапамагаць стварэнню і падтрыманню спрыяльнага псіхалагічнага клімату ў супольнасці Вікіпедыі. Асабістыя напады на любога з удзельнікаў, незалежна ад яго паводзін у мінулым, супярэчаць духу супольнасці.

Памятайце, што любы карыстальнік Інтэрнэту мае доступ да палемікі, якая вядзецца на старонках абмеркаванняў. Паводзіны кожнага карыстальніка падчас працы ў Вікіпедыі ўплывае на аўтарытэт Вікіпедыі ў цэлым. Будзьце добразычлівыя, а таксама заўсёды захоўвайце спакой і годнасць. Пазбягайце абразлівых рэплік у апісаннях выпраўленняў артыкулаў.

Абразы[правіць зыходнік]

Асабістымі абразамі лічацца:[правіць зыходнік]

  1. Заявы пра тое, што той або іншы ўдзельнік не мае здольнасці добра напісаць той або іншы артыкул — або ўвогуле быць годным карыстальнікам Вікіпедыі з прычыны свайго веку, стаці, прыналежнасці да пэўнай нацыі, рэлігіі, сацыяльнай групы, прафесіі, арганізацыі або іншых катэгорый асоб. Пры гэтым усё роўна, ці сапраўды гэты ўдзельнік належыць да гэтай катэгорыі;
  2. Агульныя негатыўныя ацэнкі ўнёску ўдзельніка ў Вікіпедыю («ён — троль», «яна — кепскі рэдактар» і інш.), якія не падмацоўваюцца разгорнутай аргументацыяй (аналізам значнай колькасці канкрэтных выпраўленняў і г.д.);
  3. Адмоўна афарбаваная лексіка, якая характарызуе карыстальніка і яго паводзіны: ацэнкі накшталт «дурань», «ідыёт», «апантаны», «гістэрыка», «трызненне», а таксама ўсякія нецэнзурныя выразы (у тым ліку з пропускам і заменай літар і інш.);
  4. Негатыўныя выказванні ў адрас іншых або выпады з пазіцый перавагі над іншым (напрыклад, «Я доктар навук, а ты хто наогул такі?»);
  5. Наўмыснае перакручванне імя ўдзельніка;
  6. Сцверджанне, што ўдзельнік хварэе якімсьці захворваннем, разумовай або фізічнай непаўнавартаснасцю і інш.
  7. Спасылкі на артыкулы ў Вікіпедыі або вонкавыя крыніцы, прысвечаныя тым або іншым выразна негатыўным з’явам, калі гэтыя спасылкі прастаўляюцца такім чынам, каб беспасярэдне звязаць гэтыя з’явы з пэўным удзельнікам.

Пры гэтым не мае значэння, ці робіцца абраза ў беспасярэдніх зносінах з удзельнікам або ў іншай сітуацыі.

Калі вы сутыкнуліся з асабістымі абразамі[правіць зыходнік]

Удзельніку, які лічыць, што яго абразілі, рэкамендуецца звярнуцца да апанента, высветліць, ці была гэтая абраза наўмыснай, і папрасіць яго выбачыцца. У выпадку, калі факт нанесенай абразы не выклікае сумневу або калі апанент не адказвае на звароты, то ўдзельнік мае права звярнуцца да любога незацікаўленага адміністратара, які, пераканаўшыся, што абраза сапраўды мела месца, выносіць папярэджанне аб недапушчальнасці такіх дзеянняў.

Выдаленне асабістых абраз[правіць зыходнік]

Рэплікі ва ўсякім абмеркаванні, якія цалкам складаюцца з асабістых абраз, можа выдаліць кожны ўдзельнік. Пры гэтым можна пакінуць замест тэксту пазнаку: абраза выдалена — выглядае вось так: (абраза выдалена)

Пагрозы[правіць зыходнік]

Ніколі не пагражайце іншым удзельнікам

  • Юрыдычнымі наступствамі (або судовымі пазовамі);
  • Фізічнай расправай;
  • Дзеяннямі, у выніку якіх іншы ўдзельнік Вікіпедыі можа трапіць пад пераслед паводле палітычных або рэлігійных матываў з боку ўрада, працадаўцы або іншай асобы ці арганізацыі.

Удзельнік, які дазваляе такія пагрозы, можа неадкладна атрымаць блакаванне, на працяглы тэрмін або назаўсёды, без папярэджання і папярэдняга абмеркавання.

Падробка і фальсіфікацыя[правіць зыходнік]

Значнымі парушэннямі ў Вікіпедыі таксама лічацца падробка і фальсіфікацыя, а менавіта:

  • Наўмысная змена чужых допісаў, якая ўплывае на іх змест, або іх выдаленне, або напісанне паведамленняў ад чужога імя;
  • Наўмысная падробка імён іншых удзельнікаў і стварэнне копій іх асабістых старонак і абмеркаванняў, змест якіх можа запляміць удзельніка, са старонкі якога рабілася копія;
  • Наўмысная падробка імён іншых удзельнікаў і стварэнне копій іх асабістых старонак і абмеркаванняў з мэтай наўмыснага ўнясення выпраўленняў, якія ганяць удзельніка, са старонкі якога рабілася копія, або іншых удзельнікаў.

Гл. таксама[правіць зыходнік]