Геатэрмальная энергетыка Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Геатэрмальная энергетыка Беларусі — галіна беларускай электраэнергетыкі, якая забяспечвае энергазабеспячэнне з выкарыстаннем геатэрмальнай энергіі. Крыніцамі геатэрмальных рэсурсаў нетраў Беларусі з’яўляюцца падземныя геатэрмальныя воды[1]. Па стане на 2018 год на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 100 геатэрмальных установак. Значэнне іх сумарнай цеплавой магутнасці дасягала амаль 5,5 МВт[2].

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Геатэрмальныя рэсурсы Беларусі вывучаны на тэрыторыі Прыпяцкага прагіну, усходняй частцы Падляска-Брэсцкай упадзіны і ў верхніх асадкавых гарызонтах заходняй часткі рэспублікі. Прыпяцкі прагін і Падляска-Брэсцкая ўпадзіна — самыя перспектыўныя вобласці ў Беларусі для непасрэднага выкарыстання геатэрмальнай энергіі[1].

У сакавіку 2013 года быў зацверджаны план першачарговых мерапрыемстваў па выкарыстанні геатэрмальных крыніц энергіі. Ён уключаў 8 пунктаў, у тым ліку даследаванне і распрацоўку тэхнічных рашэнняў выкарыстання падземнага цяпла для цеплазабеспячэння асобных будынкаў, размешчаных удалечы ад цэнтралізаваных крыніц цеплавой энергіі. План прадугледжваў аналіз дзейных, а таксама выпрацоўку пры неабходнасці дадатковых мер па стымуляванні выкарыстання геатэрмальных установак, арганізацыю і правядзенне навучальных семінараў з запрашэннем вядучых спецыялістаў і вытворцаў геатэрмальнага абсталявання, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў[3].

Праекты і рэалізаваныя магутнасці[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Беларусі ўжо ўведзены ў эксплуатацыю наступныя геатэрмальныя станцыі:

  • ААТ Цяплічны камбінат «Берасце», дзе Брэсцкая геатэрмальная свідравіна абагравае гародніну пад шкляным дахам на тэрыторыі 1,6 гектара. Глыбіня свідравіны каля паўтара кіламетра, найбольш поўныя гарызонты на глыбіні 1 кіламетр і 100 метраў. Дзве цеплавыя помпы магутнасцю па 0,5 Гкал/г і коштам 50 тысяч еўра кожная працуюць паводле прынцыпа «халадзільнік наадварот»[4].
  • Геатэрмальнае ацяпленне пункту пропуску «Новая Рудня»[2] (цеплавая магутнасць 273 кВт; выпрацоўка цеплавой энергіі 681 Гкал/г)[5].

Акрамя таго, у Рэспубліцы Беларусь існуе 9 геатэрмальных установак. Іх агульная магутнасць складае 2,36 МВт. Яны прымяняюцца для ацяплення водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі ў Мінску, Брэсце, Рэчыцы, Горках. Частка ўстановак выкарыстоўваецца для апалу катэджнай забудовы і іншых аб'ектаў[5].

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Павловицкий, С. В., Пропольский, Д. Э. Геотермальная энергетика в Беларуси(руск.) // Актуальные проблемы геотехники, экологии и защиты населения в чрезвычайных ситуациях: материалы 68-й студенческой научно-технической конференции, секция «Геотехника и экология в строительстве», 3 мая 2012 г. / редкол.: С. В. Игнатов [и др.]; под общей редакцией М. И. Никитенко.. — Минск: БНТУ, 2012. — С. 98—99. Архівавана з першакрыніцы 10 студзеня 2024.
  2. а б Кривицкая, К. А., Яцкевич, Н. С. Геотермальная энергетика(руск.) // Актуальные проблемы энергетики 2018: материалы студенческой научно-технической конференции / сост.: И. Н. Прокопеня, Т. А. Петровская. — Минск: БНТУ, 2018. — С. 443—445.
  3. Дмитриева, Мария. Развитию геотермальной энергетики в Беларуси препятствуют межведомственные барьеры (руск.). БЕЛТА (14 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2018. Праверана 11 студзеня 2024.
  4. Ждановіч, Іван. Цяпло — з глыбіняў зямлі. СБ. Беларусь сегодня (9 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2020. Праверана 11 студзеня 2024.
  5. а б Сидоров, Н. И. Геотермальная энергетика: мировой опыт и перспективы развития в Беларуси(руск.) // Современный менеджмент: проблемы, исследования, перспективы: сборник научных статей VII заочной Международной сателлитной конференции, Минск, 11 декабря 2017 г. / Белорусский государственный экономический университет, факультет экономики и менеджмента, студенческое научное общество ФЭМ, кафедра национальной экономики и государственного управления, ООО «Лаборатория интеллекта»; [редакционная группа: И. Н. Русак, Т. В. Буховец]. — Минск: Коорград, 2018. — С. 386—391. — ISBN 978-985-596-039-4. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2024.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]