Дайнава (рэгіён)
Дайнава, Дайнова (літ.: Dainava) — гістарычная вобласць у Літве і на паўночным захадзе Беларусі; іншыя назвы: Судавія (Судава, Судува), Яцвезь (Ятвезь, Яцвягія, Ятвягія). Дайнова — назва аднаго з заходнябалцкіх плямён, якое, паводле некаторых меркаванняў[1], разам з паляксянамі і ятвягамі складала адзіны заходнебалцкі племянны саюз[2] (Гл.далей яцвягі).
Першапачаткова Дайнава ўяўляла сабою, напэўна, тэрыторыю пляменнага княства, якое ў 2-й пал. XIII ст. ўвайшло ў склад ВКЛ. З цягам часу дайноўцы асіміляваліся большасцю ў беларусаў, а астатнія ў літоўцаў[3].
Этымалогія назвы
[правіць | правіць зыходнік]У пісьмовых крыніцах тэрмін з'яўляецца толькі з сярэдзіны XIII ст. — тады, як на гэтай тэрыторыі ўжо не адно стагоддзе існавала балта-славянскае двухмоўе. Як адзначае А. Кібінь, дакладна ўстанавіць час з'яўлення і эвалюцыю значэння літоўскай назвы Dainava (як эквівалента славянскага тэрміна Ятвезь) не ўяўляецца магчымым[4]. Паводле версіі С. Каралюнаса, назва звязана з daine, deina, deine («дойная карова») і ўзыходзіць да dainiai са значэннем «пастухі кароў»[5].
Лакалізацыя
[правіць | правіць зыходнік]На думку некаторых даследчыкаў дайноўцы з канцы I тысячагоддзя да н.э. насялялі тэрыторыю паміж р. Нёман і вярхоўямі р. Нараў[6].
Асноўная тэрыторыя Дайнавы ахоплівала правабярэжжа Нёмана на паўночны ўсход ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (сучасны Варэнскі раён Літвы) і прылеглых частках сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага раёнаў Беларусі, адкуль адбывалася рассяленне далёка на поўдзень (нават на левабярэжжа Нёмана) і на ўсход. У XIII—XIV ст. княства дайноўцаў займала тэрыторыі паміж Нёманам (правыя прытокі Дзітва, Гаўя з р. Жыжма) і Віліяй, па р. Котра межавала з Гарадзенскім княствам[7].
Сляды пражывання дайноўцаў на землях Беларусі захаваліся ў шматлікіх тапонімах — Дзейнова, Дайнава, Дайноўка і інш., якія лакалізаваны ў міжрэччы Віліі і Верхняга Нёмана і ў раёнах Валожына, Гродна, Івянца, Радашковіч, Слоніма.
Гістарычны нарыс
[правіць | правіць зыходнік]Паводле летапісу «Манумента Германіка» вядома з 1217 гістарычная вобласць (зямля) Дайнова заселеная яцвяжскім племем[8]. Упамінаецца ў 1255 у грамаце Міндоўга крыжакам (магчыма, падробленай). 3атым княства ў складзе дзяржавы Міндоўга. Па некаторых звестках з 1259 г. яго цэнтрам была цяперашняя вёска Дайнава (Воранаўскі раён)[9]. У XIII ст. землі Дайновы падвергліся нашэсцю Тэўтонскага ордэна. Частка насельніцтва была сілай пераселена ў Прусію, частка мігрыравала на іншыя тэрыторыі.
Мяркуецца, што з 1260-х гадоў дайноўцы, страціўшы сваіх князёў, запрасілі да сябе будучага вялікага князя літоўскага Трайдзеня (Трайдзена)[10]. Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч звяртае ўвагу, што прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Вялікага Княства Літоўскага — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі. У той жа час тэрыторыя Яцвягіі імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, прадбачліва было не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе якраз выявіўся недахоп князёў[11].
Дайноўскае ўдзельнае княства ў ВКЛ упамінаецца ў XIII—XIV ст. У 1270 г. Дайноўскім княствам валодаў вялікі князь літоўскі Трайдзень. У 1323 г. Гедымін перанес сталіцу княства ў Ліду, утварылася Лідскае княства; пры Вітаўце ў канцы XIV ст. Лідскае княства ўключана ў склад Віленскага княства ВКЛ[12]. У XV ст. і пазней большасць гэтага абшару займала малазаселеная Дайнаўская пушча — традыцыйнае месца палявання вялікіх князёў літоўскіх[13].
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Для насельніцтва Дайнавы быў характэрны пахавальны абрад са стварэннем каменных курганоў, пазней — каменных магіл, які захаваўся і пасля асіміляцыі. На думку В. Сядова, дайноўцам належаць каменныя могільнікі ў міжрэччы Нёмана і вярхоўях р. Віліі (Апонаўцы, Вензаўшчына, Клепачы, Маркіняты, Салапяцішкі, Пузелі і інш.).
Зноскі
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
- ↑ Археалогія і нумізматыка Беларусі… С. 207
- ↑ ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
- ↑ Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — Москва, 2014. С. 23
- ↑ Karaliūnas S. Dainava. Vardo reikšmė, istorija ir kilmė // Baltistica. 2006. T. XLI. (1). P. 114
- ↑ Археалогія і нумізматыка Беларусі…
- ↑ ЭГБ у 6 т. Т. 3.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі…
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі…
- ↑ ЭГБ у 6 т. Т. 3. С. 195.
- ↑ Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі…
- ↑ БЭ ў 18 т. Т. 6.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Чаквін І., Штыхаў Г. Дайнова // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл. С. 207.
- Дайноўцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 195.
- Насевіч В. Дайнава // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). С. 11.
- Дайнава // Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У. Андрыевіч і інш. — Мн.: БелЭн, 2015. ISBN 978-985-11-0839-4 С. 556—557.
- Суднік Станіслаў. Да пытання існавання і размяшчэння Дайнаўскага княства // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 16-29.