Дом купца Мураўёва
Славутасць | |
Дом купца Мураўёва | |
---|---|
![]() | |
53°40′44″ пн. ш. 23°49′49″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Гродна |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Будаўніцтва | да 1888 |
Статус |
![]() |
![]() |
Дом купца Мураўёва — трохпавярховы будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры на былой Рыначнай плошчы (цяпер пл. Савецкая, 2), якая сфарміравалася ў XIV—XV стст. на адрасе. Помнік архітэктуры мадэрну.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Будынак пабудаваны як жылы дом купца Мураўёва, хутчэй за ўсё, да 1888 г., што падмацоўваецца звесткамі з журнала па аплаце квартальнага падатку за 1886 г. Гісторык Мечыслаў Супрон згадвае, што архітэктарам дома з’яўляецца Майсей Любіч[1].
У 1919 г. у будынку на працягу трох месяцаў працаваў першы Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў.
У 2011 годзе распачата рэстаўрацыя.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Трохпавярховы неатынкаваны Г-падобны ў плане будынак. Цэнтральную частку сіметрычнага галоўнага фасада займае вялікі балкон з літой чыгуннай агароджай. На трэцім паверсе крайнія арачныя праёмы з невялікімі балконамі. Плоскасць фасада крапаваная пілястрамі з чыгуннымі вензелямі ў завяршэнні, да ўзроўню другога паверху руставаная. У абрысах акон, франтонаў, афармленні бакавых частак галоўнага фасада прасочваюцца рысы стылю мадэрн. Паўкалонкі ў нішах, ліштвы аконных праёмаў, арнамент карнізаў вырашаныя ў псеўдарускім стылі.
Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]
На другім паверсе — вялікая зала, побач з якой знаходзіўся пакой для гульняў. Паверхам вышэй размяшчаліся жылыя пакоі, сталовая. У афармленні цэнтральнай залы шырока выкарыстаныя дэкаратыўная размалёўка і лепка. Залу асвятляюць пяць вялікіх прамавугольных акон, у двух кутах — печы з ляпнымі картушамі. Былы пакой для гульняў падзелены на две часткі праёмам, акаймаваным драўлянай разной ліштвай. На столі ляпныя разеткі. У кутах каміны, абкладзеныя карычневымі кафлянымі пліткамі. У памяшканнях трэцяга паверху захаваліся печы і ляпныя разеткі на столі.
Флігель[правіць | правіць зыходнік]
У двары з паўночнага боку да бакавога крыла будынка прымыкае двухпавярховы Г-падобны ў плане флігель. Галоўны (дваровы) фасад флігеля атынкаваны, падзелены міжпаверхавымі цягамі. На першым паверсе прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы. На другім — лучковыя вокны ў прафіляваных ліштвах падкрэслены падаконнай цягай і нішамі. Цэнтральная частка паўднёва-заходняга фасада флігеля вылучана мезанінам, завершаным двухсхільным шчытом з круглай люкарнай у абрамленні.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом купца Мураўёва
- Дом купца Мураўёва на сайце Глобус Беларусі (руск.)