Дунілавічы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Аграгарадок
Дунілавічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
785 чалавек (2001)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2155
Паштовы індэкс
211854
Аўтамабільны код
2
СААТА
2240817021
Дунілавічы на карце Беларусі ±
Дунілавічы (Беларусь)
Дунілавічы
Дунілавічы (Віцебская вобласць)
Дунілавічы

Дуні́лавічы[1] (трансліт.: Dunilavičy, руск.: Дуниловичи) — аграгарадок у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, на рацэ Заражанка. Уваходзіць у склад Дунілавіцкага сельсавета. Насельніцтва 785 чал. (2001). Знаходзіцца за 27 км на ўсход ад Паставаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Варапаева, на рацэ Заражанка.

Каля вёскі азёры Свідна і Бледнае.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

Першы пісьмовы ўспамін пра Дунілавічы датуецца 1473 г. як уладанне князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага, атрыманае ім пры падзеле з братамі спадчыны бацькі - Юрыя Сямёнавіча. Каля 1500 г. тут быў закладзены першы драўляны касцёл. Пасля смерці Аляксандра Юр'евіча, у 1511 годзе Дунілавічы перайшлі да яго сына Паўла. У 1551 г., паводле завяшчання апошняга ўладальніка, мясцовасць перайшла да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

Пад 1556 г. Дунілавічы згадваюцца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) яны ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.

Цягам 15671577 гг. Дунілавічы знаходзіліся ва ўладанні Мікалая Крыштафа Радзівіла, пазней перайшлі да Яна Долмат-Ісайкоўскага, уладальніка суседняга маёнтка Ваўкалаты. Потым належалі яго сыну Каралю Пятру Долмат-Ісайкоўскаму. Пасля яго смерці ў 1640 годзе - яго дачцы Эльжбеце. З сярэдзіны XVII стагоддзя Дунілавічы належылі Белазорам.

У 1624 г. Крыштаф Белазор разам з жонкай Эльжбетай з Ісайкоўскіх заснавалі ў Дунілавічах мураваны касцёл, пры якім пачаў дзейнічаць дамініканскі кляштар (1683). Пазней мястэчкам валодалі Бжаздоўскія, Янішэўскія. 7 верасня 1729 г. і 10 студзеня 1765 г. Дунілавічы атрымалі прывілеі каралёў і вялікіх князёў Аўгуста Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У складзе Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дунілавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Вілейскім павеце Мінскай, з 1843 года Віленскай губерні.

У 1880 г. - уладанне Ігнація Янішэўскага, 101 двор, 564 жыхары.

Ад Янішэўскіх мясцовасць перайшла да Тышкевічаў, маёнтак набыў граф Юзаф Тышкевіч гербу Ляліва.

Касцёл па мураўёўскай перабудове

У 1861 г. Дунілавічы сталі цэнтрам воласці. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл Найсв. Тройцы на царкву Маскоўскага патрыярхату. Станам на 1886 г. у Дунілавічах дзейнічалі праваслаўная царква, касцёл, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы; працавалі народнае вучылішча, 8 крамаў, 4 карчмы, вадзяны млын з сукнавальняй; праводзіліся кірмашы 6 студзеня і 1 кастрычніка, таргі ў нядзелю.

Першая сусветная і польска-савецкая войны[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Свянцянскага прарыву увосень 1915 г. германскія войскі аказаліся на Пастаўшчыне і Дунілавічы на нядоўгі час былі ў руках немцаў. Пасля бесперапынных баёў фрон стабілізаваўся, лінія фронту праходзіла ў ваколіцах Пастаў, а Дунілавічы сталі прыфрантавой зонай. У раён Дунілавіч адводзіліся расійскія вайсковыя часткі для перафарматавання і адпачынку, там знаходзіліся штабы асобных фармаванняў расійскай арміі.

7 лютана 1916 г. у ваколіцах Дунілавіч адбыўся агляд расійскай арміі на чале з імператарам Мікалаем ІІ, які адзначыў у сваім асабістым дзённіку:

Радовался ужасно увидеть своих сибирских стрелков и свою роту в поч. карауле у штаба 1-й Сиб. стр. дивизии в м. Дуниловичи. Там в доме гр. Тышкевичей угостили хорошим завтраком.[2]

У красавіку 1917 года на аэрадром Дунілавічы быў перабазіраваны 15-ы корпусны авіяцыйны атрад у распараджэнне 15-га армейскага корпуса Заходняга фронта. Пілоты вялі разведку і фатаграфаванне пазіцый ворага, карэкціроўку артылерыйскай стральбы, прымалі ўдзел у паветраных баях, дастаўлялі пошту. У франтавых зводках адзначаны паспяховая бамбардзіроўка станцыі Гадуцішкі, удалыя паветраныя баі пад Паставамі.

Падчас вайны палац Тышкевічаў быў спалены, і пасля вайны яго ўжо не адбудоўвалі.

У 1920 г., падчас польска-савецкай вайны, ля Дунілавічаў адбываліся баі. Падчас наступлення савецкай арміі ў маі 1920 г. польскі 13-ы пехотны полк 19 мая 1920 г. заняў Дунілавічы, быў аддадзены загад бараніць мястэчка да адыходу асноўных сілаў на захад. Полк заняў пазіцыі на поўнач ад Дунілавіч, і адбіў сем атак бальшавіцкіх войскаў. Увечары 21 мая быў аддадзены загад на адступленне.

У пачатку чэрвеня 1920 г. польская армія пачала контрнаступленне, 36-ы пяхотны полк Студэнцкага Легіёна (які складаўся з варшаўскіх студэнтаў-дабраахвотнікаў) 3 чэрвеня 1920 г. пачаў наступленне на Дунілавічы, дзе адбыліся жорсткія баі з савецкай 12-й стралковай дывізіяй. Па выніку бальшавіцкі атрад панес значныя страты і быў змушаны адступіць з Дунілавіч. Польскі атрад страціў 50 забітых (у тым ліку трох афіцэраў) і 85 параненых. Было ўзята 385 палонных чырвонаармейцаў[3].

У складзе Польскай Рэспублікі[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Дунілавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам павета Навагрудскага, з 1922 г. Віленскага ваяводства.

У 1926 годзе цэнтра павета быў перанесены ў Паставы (з таго часу - Пастаўскі павет). Польская прэса пра гэта пісала наступным чынам:

"Дунілавічы не здалі экзамен на павятовае мястэчка. Не сталі яны ні гаспадарчым, ні культурным асяродкам. Таму сядзіба стараства мусіць быць перанесена да значна больш ажыўлёнай і рухлівай мясцовасці, як Паставы. Гэта пойдзе на карысць і павету, і новаму асяродку. Усе вітаюць гэтыя змены з задавальненнем"[4].

У 1920-я ў Дунілавічах працавалі лесапільня, цагельня, млын, кузня, піларама, ткацкі цэх, фарбавальня, гадзіннікавая, абутковая і швацкая майстэрні, кнігарня, пераплётня, банкі, амбулаторыя, аптэка, лямбард, атэль, рэстарацыя, кулінарыя, чарачная, піўная; дзейнічалі касцёл, 3 сінагогі, вышэйшая яўрэйская і агульнаадукацыйная школы; мелася вытворчасць дываноў, пашыў жаночага адзення, шапак, выраб скураў, кааператыўны гандаль коньмі, спажывецкімі таварамі і інш.; практыкаваў адвакат, натарыус, судовы выканаўца, дантыст, ветэрынар. Найбуйнейшым зямельным уладальнікам быў граф Юзаф Тышкевіч (1064 дзесяціны зямлі).

З 1920 г. на месцы, дзе раней стаяў драўляны парафіяльны касцёл, пачалі ствараць польскія вайсковыя могілкі. 26 чэрвеня 1930 г. на могілках польскіх салдат 36-га пяхотнага палка ў прысутнасці прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага быў урачыста адчынены помнік.

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

У 1939 г. Дунілавічы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1941 г. атрымалі афіцыйны статус гарадскога пасёлка і сталі цэнтрам раёна Вілейскай вобласці.

З 4 ліпеня 1941 г. да 4 ліпеня 1944 г. мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У мястэчку было створана яўрэйскае гета, у якім пражывала 979 чал. яўрэйскай нацыянальнасці[5].

Пасляваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1950 г. у выніку пераносу цэнтру раёна ў Варапаева Дунілавічы сталі цэнтрам сельсавета. У 1954 г. статус паселішча панізілі да вёскі, у Маладзечанскай вобласці. У 1960 г. Дунілавіцкі сельсавет увайшоў у склад Глыбоцкага, у 1962 г. Пастаўскага раёна. Станам на 1971 г. у вёсцы працавалі сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, паліклініка, аптэка, ветэрынарны пункт, пошта, лясніцтва, сталоўка, 3 крамы, камбінат побытавага абслугоўвання.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XVIII стагоддзе: 1800 — 564 чал., 101 двор[6].
  • XIX стагоддзе: 1866 — 691 чал., 106 двароў[7]
  • XX стагоддзе: 1905 — 1400 чал. у мястэчку Дунілавічы, 74 чал. у маёнтку Дунілавічы, 10 чал. у касцёльнай сядзібе Дунілавічы[8]; 1971 — 781 чал., 246 двароў.; 1993 — 888 чал., 329 двароў.
  • XXI стагоддзе: 2001 — 785 чал., 322 двары.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У Дунілавічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, бібліятэка, дом культуры, пошта.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Лясніцтва.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл Раства Найсв. Дзевы Марыі

У Дунілавічах месцяцца могілкі польскіх ваенных, што загінулі ў 1919 годзе ў вайне з бальшавікамі, а таксама яўрэйскія могілкі з помнікам яўрэям, забітым гітлераўцамі ў Другую сусветную вайну.

Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

  • Касцёл Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Св. Міхала Арханёла (XIX ст.)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Тышкевічаў

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Хоміч Франц. Дунілавы: ад ВКЛ да БССР.
  3. Pomarański Stefan. Zarys historji wojennej 36-go pułku piechoty Legii Akademickiej. 1930.
  4. Kurier Polski. 30.09.1925. #268.
  5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.
  6. Вячаслаў Насевіч|Насевіч В. Дунілавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 314.
  7. Duniłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 226.
  8. Мальцоў В. Дунілавічы // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Пастаўскага р-на / Рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2001.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]