Зуні
Зуні (A:shiwi) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 9700 (2020 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША |
Мова | зуні |
Рэлігія | анімізм, політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы |
Зу́ні (саманазва: A:shiwi, ісп.: Zuñi, англ.: Zuni) — індзейскі народ, частка народаў пуэбла, карэнныя насельнікі паўднёвага захаду ЗША. Агульная колькасць у 2020 г. — 9 700 чалавек[1].
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Да кантактаў з іспанцамі ў першай палове XVI ст. зуні насялялі даліну аднайменнай ракі, месца надзвычайна выгоднае з пункту гледжання абмену і гандлю паміж рэгіёнамі Месаамерыкі, Вялікіх раўнін і Вялікага Салёнага возера. Яны называлі сябе A:shiwi (літаральна «целы») і размаўлялі на ізаляванай мове. Назва «Zuñi», выкарыстаная іспанцамі, мае невядомае паходжанне. Згодна паданням зуні, іх продкі з'явіліся на свет у багністай мясцовасці далёка на захадзе, мінавалі горы і «паднятую зямлю» перш чым на чале багоў-блізнятаў дасягнулі Halona:wa idiwan'a (літаральна «пасярэдняй зямлі»)[2][3], як яны самі клічуць сваю радзіму.
У другой палове XX ст. сярод антраполагаў і археолагаў замацавалася гіпотэза, што зуні з'яўляюцца прамымі нашчадкамі стваральнікаў старажытнай культуры магаён. Яна пераважае і ў нашы дні, хаця робяцца спробы разгледзець прысутнасць продкаў зуні на поўдні плато Каларада ўжо ў архаічны перыяд[4]. У 1999 г. амерыканскія даследчыкі Дэвід Грэгары і Дэвід Уілкокс выказалі думку, згодна якой мова зуні вылучылася ў самастойную 7000 — 6000 гадоў таму, а, значыць, для яе захавання носьбіты павінны былі знаходзіцца ў пэўнай ізаляцыі ў гарах і далучыцца да супольнасці заходніх пуэбла незадоўга да прыходу іспанцаў[5].
Археалагічныя даследаванні рэгіёна выявілі, што на працягу першай паловы 2 тысячагоддзя н. э. адбываліся значныя ваганні колькасці насельніцтва і змены пэўных культурных рыс. Да 1200 г. насельніцтва было рэдкім, але потым пачало хутка расці, прычым вылучыліся 3 асноўныя кластары паселішчаў — паўночны, паўднёва-заходні і паўднёвы. Яны маглі складаць асобныя эканамічныя і палітычныя саюзы. Да 1450 г. заўважна тэндэнцыя да ўзбуйнення населеных пунктаў. Тым не меней, пасля пачатку XIV ст. агульная колькасць насельніцтва зноў знізілася. Пасля 1400 г. у даліне ракі Зуні моцна змянілася апрацоўка керамічных вырабаў, быў разбураны абмен з паўднёвымі раёнамі[4]. Гэта ўскосна сведчыць пра магчымасць узаемных гвалтоўных дзеянняў і міграцыю знешняй групы перасяленцаў.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1539 г. зуні ўпершыню сутыкнуліся с іспанцамі, калі жыхары пуэбла Хавікух забілі Эстэваніка, іспанскага раба мараканскага паходжання, які ўзначальваў перадавы атрад місіянера-францысканца Ф. М. Нізы[6]. У 1540 г. жыхары Хавікуха былі атакаваны экспедыцыяй на чале Фрасіска Васкеса дэ Каранада[7]. Каланізацыя зямель зуні пачалася толькі ў 1629 г. з пабудовы францысканцамі ў Хавікуху хрысціянскай місіі. У 1633 г. жыхары пуэбла забілі 2 місіянераў, аднак праз 2 гады пагадзіліся на пабудову ўжо 2 місій у Хавікуху і Халоне. На першым этапе каланізацыі іспанцы імкнуліся ўздзейнічаць на зуні праз касцёл, таму іх эксплуатацыя абмяжоўвалася павіннасцямі на карысць місій. Дзякуючы іспанцам у зуні з'явіліся новыя культурныя расліны, еўрапейскія тавары, свойская жывёла. Разам з гэтым, місіянеры імкнуліся падарваць давер да традыцыйных лідараў. З прыходам еўрапейцаў сярод індзейцаў пачалі распаўсюджвацца эпідэмічныя захворванні, супраць якіх яны не мелі імунітэту.
Працяглая засуха, што пачалася з 1650-х гг., і напады апачы садзейнічалі незадаволенасці. У 1670 г. у выніку чарговага нападу апачы місія ў Хавікуху перастала дзейнічаць. У 1680 г. падчас паўстання індзейцаў-пуэбла быў забіты місіянер у Халоне. Зуні пакінулі традыцыйныя пуэбла і пабудавалі адзінае паселішча на ўзвышшы. Аднак, калі ў 1692 г. у іх землях з'явіўся іспанскі атрад, яны не сталі аказваць супраціўленне і падпарадкаваліся[8]. На мяжы XVII ст. і XVIII ст. зуні стварылі адзінае паселішча на месцы пуэбла Халона (у нашы дні пуэбла Зуні). У 1705 г. тут аднавілася францысканская місія, быў пабудаваны новы касцёл. Замест традыцыйнай тэакратычнай улады была створана цывільная адміністрацыя, фармальна падпарадкованая іспанскаму губернатару. У рэчаіснасці, зуні былі дастаткова ізаляваны ад каланіяльнага ўплыву, яны не падвяргаліся інтэнсіўнай асіміляцыі, як гэта адбывалася на тэрыторыях на ўсход ад іх месца пражывання.
На працягу XVIII — XIX стст. культура зуні зведала значныя трансфармацыі. Важную ролю ў гаспадарчым жыцці стала адыгрываць жывёлагадоўля. З'явіліся новыя стылі ў народнай архітэктуры і вырабе керамікі. Напады з боку апачы, наваха і каманчы вымушалі ладзіць умацаваныя прыстанкі за межамі пуэбла. Пасля Мексіканскай рэвалюцыі ў 1821 г. францысканцы пакінулі місію, што садзейнічала з аднаго боку незадаволенасці ў адносінах да мексіканскіх улад, з другога — адраджэнню традыцыйных рэлігійных культаў. Падчас вайны паміж ЗША і Мексікай зуні падтрымалі амерыканскія войскі[9]. У 1877 г. пуэбла Зуні атрымала статус рэзервацыі, але ў яе склад увайшла меншасць зямель, якімі карысталіся тубыльцы. У 1937 г. рэзервацыя атрымала ўнутраную аўтаномію. У 1970 г. была прынята Канстытуцыя.
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Вызначальным гаспадарчым заняткам зуні здаўна з'яўлялася ручное земляробства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай была кукуруза, але таксама вырошчвалі фасолю, гарбузы, перац. У 1540 г. Ф. дэ Каранада адзначаў добрае забеспячэнне харчом[10]. У выніку кантактаў з іспанцамі зуні асвоілі вырошчванне пшаніцы і персікаў. У адрозненні ад усходніх суседзей яны не ўзводзілі ірыгацыйных збудаванняў, а карысталіся дажджавымі ападкамі, якія накіроўвалі на палеткі. З XVIII ст. значную ролю ў забеспячэнні адыгрывае жывёлагадоўля. Да XX ст. рамяство не вылучалася ў асобную галіну, мела дадатковы характар. Для традыцыйнай культуры зуні быў характэрны абавязковы падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі[11]. Так, вырошчванне кукурузы з'яўлялася абавязкам мужчын, але захаванне і прыгатаванне — жанчын. Мужчыны будавалі жытло, жанчыны атынкоўвалі яго. Воінамі і святарамі маглі быць толькі мужчыны. Рамяство часцяком лічылася жаночай справай. Менавіта жанчыны выраблялі кераміку, лялькі, тканіны. У наш час высокая камерцыйная вартасць ручнога рамяства прываблівае ў гэты працэс мужчын.
Традыцыйнае паселішча зуні — пуэбла. У нашы дні існуе толькі адно пуэбла Зуні на тэрыторыі штата Нью-Мексіка, якое з'яўляецца цэнтрам рэзервацыі. Аднак да паўстання 1680 г. налічвалася 6 пуэбла. У XVIII ст. поруч са сталымі пакоямі ў пуэбла будавалі часовыя сезонныя паселішчы накшталт вёсак[12] для занятку земляробствам, жывёльнай пашы, арганізацыі рэлігійных рытуалаў падалей ад іспанскага святара. Нарэшце, у XIX ст, калі ўварванні наваха і апачы страцілі актуальнасць, узніклі сталыя фермерскія гаспадаркі на землях, прыдатных для арашэння. У старажытнасці мужчыны зуні апраналі скураныя штаны і кароткія саронгі, што чаплялі пад пахавіннем. З цягам часу скураная вопратка выціскалася тканай. З XIX ст. распаўсюдзілася еўрапейская мода[13].
Асновай сацыяльнага ладу з'яўляецца пашыраная сям'я, на чале якой стаіць жанчына. Адлік сваяцтва вядзецца ў першую чаргу па жаночай лініі, аднак звычайна дзеці ведаюць сваю генеалогію і па мужчынскай. Шлюб у значнай ступені прыватная справа, заключаная без рытуалаў ці цырымоній. Існавалі дашлюбныя заляцанні, падарункі для маці будучай жонкі. Мужчына будаваў для сям'і асобныя пакоі у пуэбла. Але, як пісаў Альфрэд Кробер, права жанчыны на жытло было абсалютным: «Калі мужчына пабудаваў такі дом, але ён і яго жонка сварацца і разлучаюцца, ...ён зыходзіць і пакідае будынак ёй і яго пераемніку, не думаючы ні пра страчанае»[14]. Антраполаг сцвярджаў, што мужчыны-зуні пазбаўлены ўласніцкага стаўлення бацькі да сваіх нашчадкаў. Таму яны не аказваюць ім падтрымку пасля разводу. Дзеці належылі родам сваіх маці. У 1977 г. налічвалася 14 такіх родаў, прычым кожны меў татэмны сімвал[15]. Роды адыгрываюць значную ролю ў цырыманіяльным жыцці. Шлюбы знутры родаў бацькі і маці забаронены.
Да прыходу іспанцаў усе пуэбла з'яўляліся асобнымі палітычнымі адзінкамі на чале жрацоў. З канца XVII ст. пасля размяшэння ўсіх зуні ў адным паселішчы была створана цывільная адміністрацыя на чале з губернатарам. Аднак гэту і іншыя цывільныя пасады зноў занялі жрацы. Перадача губернатарскага кія была пераўтворана ў рэлігійную цырымонію. Толькі пасля прыняцця Канстытуцыі 1970 г. была створана племянная рада, а тэрмін губернатарства абмежаваны. У 1984 г. жрацы запатрабавалі вярнуць ім кій і стварылі асобную племянную раду. Канфлікт быў прадухілены толькі дзякуючы ўмяшальніцтву федэральных уладаў ЗША. Да 1965 г. жанчыны не ўдзельнічалі ў выбарах і кіраванні[16].
Народная культура знакаміта прыкладнымі відамі мастацтва. Майстры зуні выразаюць з ракавін, бірузы і яспісу фетышы ў выглядзе жывёл. У мінулым яны з'яўляліся часткай пабытовай магіі. Так, фетыш арла павінен быў хутчэй дастаўляць малітву да богаў, фетышы каня і крумкача — лекаваць, дзікіх жывёл — забяспечваць добрае паляванне[17]. Яшчэ адным спосабам магічнага ўздзеяння на побыт было стварэнне лялек—качына. Гэта, а таксама выраб керамікі, лічылася жаночым заняткам. Падобна іншым індзейцам, зуні не карысталіся ганчарным колам, і гліняныя пасудзіны вырабляліся цалкам уручную, потым размалёўваліся. З пачатку XVIII ст. пераважае тып паліхромнай керамікі з выразнымі выявамі. У нашы дні разьба, выраб керамікі і лялек ператварыліся ў важныя камерцыйныя галіны, якія падтрымліваюць эканоміку пуэбла Зуні.
Для вуснай творчасці характэрны шматлікія міфы, легенды, казкі. Вылучаюцца цыкл паданняў пра стварэнне свету і вандроўку продкаў зуні да Halona:wa idiwan'a, сакральная паэзія[18]. Захаваліся рытуальныя танцы і музыка. Асабліва знакаміты танцы на свята ўраджаю.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Родная мова зуні — ізалят. Лічыцца, што яна вылучылася з палеаіндзейскіх моў некалькі тысяч гадоў таму. У нашы дні выкладаецца ў школе рэзервацыі, шырока выкарыстоўваецца ў побыце поруч з англійскай.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на тое, што працэс хрысціянізацыі зуні каталіцкімі манахамі пачаўся ў XVII ст., яны захавалі свае дахрысціянскія вераванні да нашых дзён. У іх аснове вера ў адухоўленасць сусвету, наяўнасць душы ў людзей, жывёл, прадметаў, з'яў. Найбольш шануюцца Сонца, Зямля і Месяц. Сонечнае святло атаесамляецца з жыццём[19]. Зуні выконваюць шматлікія рытуалы, звязаныя з земляробчым цыклам, міфамі пра стварэнне свету і вандроўку іх продкаў у сучаснае месца пражывання. Яны ўключаюць спевы-малітвы, пост, абрады прысвячэння і пілігрымкі да святых месцаў[20]. Зуні вераць у фетышы, татэмы і качына. Часам традыцыйная рэлігійная практыка спалучаецца з хрысціянскім уплывам. Так, зуні шануюць драўляную статую Санта-Ніньё, якая для каталікоў значыць малога Ісуса, а для традыцыйных вернікаў — дачку Сонца[21].
Важную ролю ў захаванні старажытных вераванняў адыгралі жрацы. Да кантактаў з іспанцамі яны ўзначальвалі супольнасці пуэбла і нават пасля падпарадкавання іспанскім законам кантралявалі найважнейшыя пасады ў цывільнай адміністрацыі. Святары займаліся лекаваннем, арганізацыяй рытуалаў і сачылі за паводзінамі супляменнікаў. Усяго налічвалася 12 жрэцкіх братэрстваў, але вызначальнае месца належыла братэрству лука. Яго чальцы прысвячалі сябе служэнню Ahayuda, багам-блізнятам, што атаесамляліся з вайною[22]. Уздзеянне жрацоў на супольнасць зуні заўважна і ў нашы дні.
Першая каталіцкая місія была адчынена ў пуэбла Хавікух у 1629 г. Каталіцызм заставаўся адзінай хрысціянскай канфесіяй, што аказвала ўплыў на зуні да XIX ст. Пасля далучэння да ЗША пэўная колькасць вернікаў падтрымала пратэстантызм.
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Pueblo, Zuni in United States
- ↑ Notes on the Zuni Origin Myth
- ↑ Zuni Origins and Migrations
- ↑ а б Archaeology Southwest Magazin
- ↑ Zuni Origins: Toward a New Synthesis of Southwestern Archaeology by David A. Gregory, David R. Wilcox
- ↑ History of Estevanico Архівавана 14 жніўня 2020.
- ↑ Southwest Crossroads— Francisco Vásquez de Coronado
- ↑ Zuni-Cibola National Historic Park, Master Plan B1; Assessment of Alternatives, Suitability and Feasibility Study: Environmental Impact Statement, p.10
- ↑ Zuni
- ↑ Combating desertification with indigenous agricultural technology at Zuni Pueblo, New Mexico
- ↑ THE ZUNI MAN-WOMAN
- ↑ Zuni - Settlements
- ↑ Zuni Tribe
- ↑ THE ZUNI MAN-WOMAN
- ↑ Zuni - Kinship
- ↑ Zuni - Sociopolitical Organization
- ↑ Zuni Fetishes
- ↑ ZUÑI RITUAL POETRY
- ↑ RUTH L. BUNZEL, INTRODUCTION TO ZUÑI CEREMONIALISM
- ↑ The Zuni Way
- ↑ Protecting a sacred tradition: Zuni family seeks help taking care of Santo Niño relic
- ↑ Bow Priest
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Зуні на Вікісховішчы |
---|