Мінскі езуіцкі калегіум

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Калегіум езуітаў, Мінск)
Jump to navigation Jump to search
Калегіум езуітаў на малюнку пач. XIX ст.

Мінскі езуіцкі калегіум — архітэктурны комплекс рымска-каталіцкай навучальнай установы ў Мінску, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўніверсітэта.[1]

Збудаваны ў кан. XVII — 1-й палове XVIII стст. Большую частку комплексу савецкая ўлада знішчыла пасля Другой Сусветнай вайны, да нашага часу захаваліся Касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і значна перабудаваная езуіцкая школа (цяпер музычны каледж).

Займаў практычна ўвесь квартал ад плошчы Высокага Рынку (цяпер пл. Свабоды), абмежаваны вуліцамі Койданаўскай (цяпер вул. Рэвалюцыйная), Зборавай (вул. Інтэрнацыянальная) і Феліцыянаўскай (вул. Камсамольская).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Езуіты аселі ў Мінску ў 1654 годзе па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак. Да 1686 года супольнасць езуітаў у Мінску мела статус місіі, пасля — рэзідэнцыі, а з 1714 года — калегіі.

Калегіум езуітаў на паштоўцы пач. XX ст.

Будынкі рэзідэнцыі да канца ХVII ст. паступова мадэрнізаваліся. У 1699 годзе з'явілася мураваная двухпавярховая езуіцкая школа, а 24 красавіка 1700 року ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла. 16 красавіка 1710 года віленскі біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі асвяціў храм пад тытулам Ісуса, Дзевы Марыі і Св. Барбары.

У 1723 годзе пачалася рэканструкцыя дома Гегера і ўзвядзенне справа ад касцёла 2-павярховага мураванага будынка калегіума, у якім знаходзіліся пакоі прафесараў і магістраў. Пазней з боку вуліцы Койданаўскай было яшчэ прыбудавана 3-павярховае крыло, дзе размясціліся рэфектар, кухня і інш. Канчатковы выгляд комплекс калегіума набыў у 1750 годзе, калі ў цэнтры яго фасада скончылася ўзвядзенне высокай 3-яруснай, перакрытай барочным купалам складанай формы вежы, у ёй быў усталяваны гадзіннік. У 1749[2] року побач з касцёлам з'явіўся будынак аптэкі з лабараторыяй, былі ўзведзеныя гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы. У гэты час у езуіцкім калегіуме выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс, граматыку, тэалогію, старажытнаяўрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку, метафізіку. Дзейнічаў школьны тэатр і найлепшая ў горадзе бібліятэка.

Кафедра і калегіум на фатаздымку міжваеннага часу

У 1770 годзе быў рэканструяваны будынак школы — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам.

У 1773 годзе папская була скасавала ордэн, на базе калегіума была ўтвораная 6-гадовая павятовая свецкая школа, а касцёл перайшоў у ранг парафіяльных і праз пяць гадоў стаў кафедральным касцёлам Мінскай дыяцэзіі.

Ад 1799 года ў колішняй езуіцкай школе размясціўся Дом губернатара, будынак быў цалкам перабудаваны ў стылі класіцызм. Да 1820 року калегіум займалі Прысутныя месцы, пасля — Гарадская дума, а з 1852 року — Казённая палата. Вежа калегіума страціла свой купал і ператварылася ў дазорную вежу пажарнай аховы.

У 1951 годзе на касцёле былі разабраныя вежы, ліквідавана ўпрыгожанне святыні, храм быў перабудаваны ў спарткомплекс таварыства «Спартак». Будынак калегіума і яго вежа былі зруйнаваныя, на іх месцы збудавалі жылы дом (пл. Свабоды, 11). Крыху пазней, у 1968 годзе была цалкам перабудаваная езуіцкая школа.

Рэктары мінскага езуіцкага калегіума[правіць | правіць зыходнік]

Рэктарамі мінскага езуіцкага калегіума былі[3]:

Паводле прывілею ад 11 сакавіка 1773 года, пасля скасавання закона езуітаў у Мінску, аптэку пры калегіуме ўзначальваў Міхал Карыцкі. 12 сакавіка 1781 года быў унесены яго тэстамент. На час смерці Міхал Карыцкі займаў пасаду рэктара ўсіх школ горада Мінска.

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 168
  2. У. М. Дзянісаў. Комплекс езуітаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 326
  3. Фёдар Віктаравіч Чарняўскі. Ураднікі (пасады, тытулы) менскага ваяводства XVI—XVIII стст. Біяграфічны даведнік. Выпуск IIІ: (канюшыя, абозныя, крайчыя, мастаўнічыя і будаўнічыя). — Мн.: ТАА «Белпрынт», 2010. — С. 286. ISBN 985-4591-65-0.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]