Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Сігневічы)
Каталіцкі храм | |
Касцёл апекі Маці Божай Ружанцовай | |
![]() | |
52°25′58″ пн. ш. 24°53′44″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Сігневічы |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Пінская дыяцэзія Пружанскі дэканат |
Архітэктурны стыль | барока, сармацкае барока |
Заснавальнік | Рудагоўскія, Прозары |
Першае згадванне | 1534 г. |
Будаўніцтва | 1785—1795 гады |
Статус | ![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сігневічах Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, адзін з апошніх помнікаў архітэктуры сармацкага барока на тэрыторыі Беларусі[1]. Цэнтр парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай[2]. Таксама вядомы як Касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай, Пакроўскі касцёл, Пакроўская царква[3].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Першы драўляны касцёл у Сiгневiчах быў заснаваны ў 1534 (1548) годзе Фларыянам і Ганнай Рудагоўскімі. У 1785 годзе на яго месцы будуецца новы цагляны храм, пры якім дзейнічалі школа і шпіталь. Фундатарам касцёла быў ўладальнік маёнтка Юзаф Прозар разам з жонкай Марыяй. Пасля смерці Юзафа, яго цела ў 1788 годзе было пахавана ў касцёле[4].
У 1848 годзе тагачасны ўладальнік Сігневічаў граф Рамуальд Лей-Нейгеф правёў рэстаўрацыю касцёла, пасля якой ён стаў называцца Пакроўскай царквой[5]. Тым не менш, парафія працягвала існаваць, і станам на 1853 год налічвала 1553 вернікаў, пробашчам быў ксёндз Міхал Скібіцкі. На тэрыторыі прыхода знаходзілася капліца ў Міжлессі, царскі ўрад вылучаў 275 рублёў на падтрымку святароў[4]. 3 закрыццем касцёла ў Бярозе, усё яго начынне 4 красавіка 1866 года было перададзена ў Сігневіцкі храм[5].
У 1899 годзе новая ўтрымальніца касцёла Ганна Мікульская аднавіла будынак. Па звестках 1911 года, прыход налічваў 1128 вернікаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе касцёл быў спалены рускімі войскамі. Адноўлены ў 1922 годзе намаганнямі шляхцічаў Лей-Нейгефаў пры дапамозе святара Ізідора Нідрашлянскага. У міжваенны час колькасць парафіян складала прыкладна 1600 чалавек, у 1938 годзе дасягала 2068 вернікаў. Працы па аднаўленні будынка ў 1939 годзе праводзіў ксёндз Далінец, аднак пасля яго арышту ў 1949 годзе савецкія ўлады ператварылі касцёл у склад мінеральных угнаенняў[6].
У 1989 годзе дзякуючы намаганням вернікаў будынак быў вернуты каталіцкай грамадзе. Пабудова знаходзілася ў дрэнным стане, была цалкам разбурана (засталіся толькі сцены, на якіх раслі дрэвы). Намаганнямі ксяндза В. Касінскага і прыхажан касцёл быў адрамантаваны і рэкансэкраваны 22 кастрычніка 1991 года біскупам Казімірам Свёнтакам. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Размешчаны ў паўднёвай частцы вёскі. Помнік архітэктуры з рысамі барока, паводле Т. В. Габрусь — сармацкага барока. Мураваны аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і слаба развітым трансептам. Бакавыя крылы трансепта аб’яднаны з сакрысціямі ў невысокіх бакавых прыбудовах. Сцены расчлянёныя лапаткамі. Двухярусны галоўны фасад завершаны дзвюма вежамі з атыкавым франтонам паміж імі. Плоскасці фасадаў раскрапаваны пілястрамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Дах пакрыты жалезам (раней — гонтам), двухсхільны пад нефам і вальмавы над апсідай.
Касцёл мае тыповую для помнікаў сармацкага барока аднанефавую структуру з масіўнымі вежамі, якія выступаюць за межы нефа і атыкавым франтонам, што закрывае тарэц даху паміж вежамі. Кампазіцыя будынка важкая і прысадзістая, што абумоўлена ўплывам класіцызму пры захаванні барочнай архітэктонікі. Архітэктурнай асаблівасцю храма з’яўляюцца невялікія сіметрычныя прыбудовы з аднасхільнымі дахамі, у якіх спалучаюцца рудыменты трансепта і сакрыстый[1].
У інтэр’еры асноўнае зальнае памяшканне злучана аркавымі праёмамі з апсідай і бакавымі памяшканнямі трансепта. Над прытворам размешчаны хоры. Бакавыя сцены раскрапаваны пілястрамі, якія ўверсе злучаны паўцыркульнымі і лучковымі аркамі. Перакрыцце бэлькавае, з падшыўной столлю.
Арыгінальная дэкаратыўная аздоба інтэр’ера не збераглася. Колішні алтар быў знішчаны за савецкім часам, цяперашні алтар сучасны, выкананы віленскімі майстрамі. З левага боку, над уваходам у сакрысцію, уладкаваны абраз Святога Сямейства, насупраць знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці. На бакавых сценах размешчаны 13 абразоў, захаваных вернікамі пасля закрыцця касцела, якія адлюстроўваюць крыжовы шлях Хрыста. Таксама ў храме захоўваецца манстранц 1877 года[4].
Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]
|
|
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ 1,0 1,1 Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. С.259—260
- ↑ Сігневічы — парафія Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай — Catholic.by (бел.)
- ↑ Касцёл Святой Дзевы Марыі ў в. Сігневічы — Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма, 16 лістапада 2015 (бел.)
- ↑ 4,0 4,1 4,2 Гісторыя і краязнаўства роднага краю — Сігневіцкі яслі-сад—сярэдняя школа Бярозаўскага раёна (бел.)
- ↑ 5,0 5,1 Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. С.331
- ↑ Касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай — Гісторыя Пружанскага павету, 13 мая 2017 (бел.)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984.— 368 см іл.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008.— 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Сігневічы) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Сігневічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)