Касцёл Святога Аляксея (Сялец)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Святога Аляксея
Sialec. Сялец (5.06.2011).jpg
52°34′56″ пн. ш. 24°51′41″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Сялец
Канфесія Каталіцызм
Епархія Пінская дыяцэзія
Пружанскі дэканат
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Іван Капітонавіч Плотнікаў
Першае згадванне 1471 г.
Будаўніцтва 19081912 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000155шыфр 113Г000155
Стан дзейнічае

Касцё́л Свято́га Аляксе́я — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сяльцы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Размешчаны ў цэнтры паселішча, на былой гандлёвай плошчы. Аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкі прыход у Сяльцы вядомы з 1471 года, на той час тут існаваў драўляны касцёл Святога Лаўрэнція. У 1519 годзе Бона Сфорца пабудавала і абсталявала ў мястэчку новы храм. Станам на 1744 год, парафія адносілася да Шарашоўскага дэканата, у 1797 годзе знаходзілася ў складзе Пружанскага дэканата Луцка-Берасцейскай дыяцэзіі, налічвала 1634 вернікаў[1].

У 1860 годзе прыход храма складаў 1998 католікаў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады гвалтоўна зачынілі касцёл і перавялі прыхаджан у праваслаўе, тагачасны ксёндз Байкоўскі ў сувязі з «палітычнай нядобранадзейнасцю» быў высланы ў Пермскую губерню. Неўзабаве стары будынак храма знеслі і ўзвялі на яго месцы праваслаўную Успенскую царкву. На той час нешматлікая каталіцкая грамада праводзіла набажэнствы ў могілкавай капліцы Святога Лаўрэнція.

Доўгі час вернікі не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва новага храма і ў выніку звярнуліся да Мікалая II, які ўхваліў прапанову. 16 лютага 1906 года быў зацверджаны праект новага будынка аўтарства гродзенскага губернскага архітэктара Івана Плотнікава (па іншых звестках — В. А. Срока[2]). Узвядзенне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў. Газета «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка - раманскім; ...Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе, новы храм быў асвячоны ў гонар царэвіча Аляксея — сына Мікалая II[3].

У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. На могілках захавалася колішняя прыпісаная да касцёла капліца, перад касцёлам — брама, вырашаная трохпралётнай спічастай аркадай уваходу. Сталага пробашча ў прыходзе няма[4].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на былой кірмашовай плошчы. Помнік архітэктуры неаготыкі. Уяўляе з сабе трохнефавую базіліку сіметрычна-восевай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуе трох’ярусная шатровая вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках) цяжкіх прысадзістых прапорцый. Нізкія бакавыя прыдзелы, накрытыя аднасхільнымі дахамі, кампазіцыйна аб’ядноўваюць званіцу з асноўным аб’ёмам пад вільчыкавым дахам, завершаным над алтарнай часткай плоскай сігнатуркай. Ярусы званіцы па восі сіметрыі прарэзаны стральчатымі ўваходным парталам і акном-ружай над ім, акном-трыфорыумам на другім ярусе і арачным прасветам наверсе. Раўнамерны рытм бакавых фасадаў ствараецца ствараецца стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і двухступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Пяцігранная апсіда фланкіравана нізкімі сакрысціямі з асобнымі ўваходамі[2].

Нягледзячы на багацце запазычаных з сярэднявечнай готыкі архітэктурных форм — контрфорсаў, спічастых ніш і праёмаў, вокнаў-руж — манументальны будынак не здабыў вертыкальную накіраванасць[5].

Прастора інтэр’ера расчлянёна на тры нефы дзвюма парамі магутных слупоў. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Над нартэксам хоры, злучаныя лесвіцкай з бакавым прыдзелам.

Пробашчы[правіць | правіць зыходнік]

  • 1835—1836 — кс. Эразмус Корсак.
  • 1859—1860 — кс. Рамуальд Цёлкевіч.
  • да 1863 — кс. Байкоўскі.
  • 1910—1913 — кс. Баляслаў Серафін.
  • 1913—1915 — кс. Францішак Рамейка.
  • 1915—1933 — кс. Пётр Нямыцкі.
  • 1933—13 сакавіка 1942 — кс. Станіслаў Мажэйка.
  • 2000-я — кс. Уладзімір Мазалеўскі

Зноскі

  1. Касцёл Сьвятога Ваўжынца — Гісторыя Пружанскага павету, 16 лістапада 2017 (бел.) 
  2. 2,0 2,1 Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 351
  3. Касцёл Святога Аляксея ў вёсцы Сялец — Бярозаўская раённая бібліятэка (бел.) 
  4. Мястэчка ля Башты. Вандроўка ў бярозаўскі СялецБудзьма беларусамі!, 2 красавіка 2015 (бел.) 
  5. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984.— 368 см іл. С. 124

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]