Мінскі падшыпнікавы завод
| Мінскі падшыпнікавы завод | |
|---|---|
| | |
| Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
| Заснаванне | 20 мая 1948 (78 гадоў таму) |
| Заснавальнікі | Савет міністраў СССР |
| Краіна | |
| Размяшчэнне | Мінск, Беларусь, Заводскі раён, вул. Жылуновіча, д. 2[1] |
| Адрас | |
| Ключавыя постаці | Анатоль Савянок, Сяргей Мароз[3] |
| Галіна | прамысловасць |
| Прадукцыя | падшыпнік, ролік, свердзел |
| Абарот | ▼50,056 млн рублёў (2018 год; 24,534 млн $) |
| Аперацыйны прыбытак | ▼-9,012 млн рублёў (2018 год; -4,417 млн $) |
| Чысты прыбытак | ▼-9,012 млн рублёў[4] (2018 год; -4,417 млн $)[5] |
| Колькасць супрацоўнікаў | 2000 (2021 год) |
| Аўдытар | ТАА «Эрудыт» (Мінск) |
| Матчына кампанія | «Беларускі металургічны завод» (Жлобін) |
| Сайт | mpz.com.by |
ААТ «Мі́нскі падшы́пнікавы заво́д» (МПЗ) — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вырабе падшыпнікаў. Знаходзіцца ў горадзе Мінску. Колькасць персаналу — каля 2 000 чалавек. Агульная вытворчая плошча — звыш 380 000 м².
На 2021 год уваходзіў у 10-ку найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускаў звыш 600 мадэляў падшыпнікаў пад таварным знакам МПЗ ад 1 см дыяметрам і 10 грамаў вагой да 98 см дыяметрам і да 880 кг вагой. Вырабляў каля 70 % канструктыўных груп падшыпнікаў, якія існавалі ў свеце. За 2020 год вырабілі звыш 5 млн падшыпнікаў, з якіх 40 % новых узораў 2010-х гадоў. Доля ролікавых сферычных 2-радных падшыпнікаў склала 65 % продажаў і каля 90 % паставак за мяжу ў больш як 20 краін. Асноўнымі пакупнікамі былі прадпрыемствы 7 галін прамысловасці — машынабудаўнічай, горназдабывальнай, металургічнай, энергетычнай, будаўнічай, нафтагазавай і абароннай. Прадпрыемства ўваходзіла ў Міжрэспубліканскі саюз вытворцаў падшыпнікаў (Расія)[6]. Мінскі падшыпнікавы завод меў станцыю выпрабавання падшыпнікаў з лабараторыяй на 60 выпрабавальных машын ВНІПП мадэляў 537 і 542—545. Гэта дазваляла выпрабаваць падшыпнікі карданных валаў, аўтамабільніх ступіцаў, рухавікоў і вадзяных насосаў на вібрацыю і шум[7].
Вырабы і паслугі
[правіць | правіць зыходнік]На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод вырабляў 77 узораў ролікаў і 788 узораў падшыпнікаў, у тым ліку:
- 661 ролікавы (85 %) — 491 радыяльны сферычны 2-радны (62 %), 116 радыяльных ігольчатых, 12 радыяльна-ўпорных канічных, па 9 упорна-радыяльных сферычных і ўпорных, 7 радыяльных цыліндрычных, 5 радыяльных 1-радных тараідальных, 4 упорна-радыяльныя сферычныя 1-радныя і 3 радыяльныя сферычныя 2-радныя;
- 90 шарыкавых — 62 радыяльных, 15 упорна-радыяльных і 13 радыяльна-ўпорных;
- 37 шарнірных[8].
Таксама на заводзе выпускалі: прывадныя ролікавыя ланцугі для трактароў, дэталі ровараў, свердзелы, мэблевую фурнітуру, адкрывалкі бляшанак і пляшак[9], а таксама дэталі для чыгуначнага палатна[10], пакоўку і раскатныя кольцы[11]. Урэшце МПЗ аказваў праз сваю лабараторыю, выпрабавальню і цэх перавозак паслугі: хіміка-спектральнага аналізу металаў; вымярэння ўнутраных зазораў, дакладнасці кручэння і геаметрычнай дакладнасці падшыпнікаў; вымярэння рэшткавай намагнічанасці і шурпатасці паверхні; памераў і норм дакладнасці ролікаў, лінейных памераў для ўнутраных і вонкавых паверхняў; пасажырскіх перавозак мікрааўтобусамі і грузаперавозак да 40 тонаў, здачы ў наём аўтавышкі, аўтакрана, пагрузчыка і экскаватара[12].
Збытавая сетка
[правіць | правіць зыходнік]На 2021 год Мінскі падшыпнікавы завод меў 25 гандлёвых прадстаўнікоў у 36 гарадах 16 краінаў:
- 14 гарадоў у 9 краінах Азіі — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (Дубай), Арменія (Ерэван), В’етнам (Хашымін), Грузія (Тбілісі), Індыя (Нью-Дэлі і Нойда ў штаце Утар-Прадэш), Ірак (Багдад), Іран (Тэгеран), Казахстан (5: Усць-Каменагорск, Караганда, Паўладар, Семей і Шымкент) і Тайланд (Бангкок);
- 1 краіна Афрыкі — Егіпет (Каір)[13];
- 21 горад у 6 краінах Еўропы — суседнія Латвія (Рыга), Польшча (Сасновец), Расія (13: Волагда, Вялікі Істок, Дальнягорск, Екацярынбург, Лесазаводск, Масква, Находка, Перм, Уладзівасток, Усурыйск, Хабараўск, Цюмень і Чалябінск) і Украіна (4: Марыупаль, Львоў, Паўлаград і Харкаў)[14], а таксама Балгарыя (Сафія) і Эстонія (Нарва)[13].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
- 17 мая 1948 года Савет міністраў СССР прыняў Пастанову № 5959-РС «Аб будаўніцтве падшыпнікавага завода № 11 у г. Мінску».
- У красавіку 1950 года ў Чырвоным Урочышчы на ўскрайку Мінска пачалі ўзводзіць завод.
- 13 жніўня 1951 года майстарка Л. Ф. Арлова сабрала першы беларускі падшыпнік пад таварным знакам «ДПЗ-11»[15].
- 7 верасня 1960 года на заводзе выпусцілі 100-мільённы падшыпнік.
- У 1962—1977 гадах уведзены ў дзеянне вытворчыя карпусы № 2, 3, 4 (з блокамі цэхаў), цэхі: тэрмічны, літых сепаратараў, інжынерна-бытавы, лабараторна-бытавы.
- 16 верасня 1969 года ў 2-м корпусе ўвялі ў дзеянне цэх ролікавых сферычных падшыпнікаў.
- 21 мая 1975 года Галоўны камітэт Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР узнаградзіў «ДПЗ-11» дыпломам 1-й ступені за ўкараненне электракаагуляцыйных збудаванняў для ачысткі прамысловых сцёкавых вод, а распрацоўшчыкаў — залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі[15].
- 13 лютага 1982 года на заводзе выпусцілі мільярдны падшыпнік.
- У 1995 годзе стварылі ўчастак пластмасавых і гумава-тэхнічных вырабаў[16].
- 25 снежня 1995 года завод перайменавалі ў арэнднае прадпрыемства «Мінскі падшыпнікавы завод» (МПЗ). Таксама ў 1995 годзе сабралі 1-шы буйнагабарытны падшыпнік вагой 637 кг[15].
- 10 лютага 2000 года прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства.
- У 2013 годзе МПЗ увайшоў у склад холдынгу «Беларуская металургічная кампанія», якім кіраваў «Беларускі металургічны завод» (Жлобін, Гомельская вобласць)[15].
- У 2010—2013 гадах для змяншэння выдаткаў газу і электраэнергіі перааснасцілі кавальска-нарыхтоўчае і тэрмічнае абсталяванне завода.
- У жніўні 2015 года ў 1-м корпусе запусцілі кольцараскатны ўчастак з лічбавым праграмным кіраваннем і адпальвальным агрэгатам.
- У 2016 годзе ўсталявалі 29 і асучаснілі 16 прыбораў для вытворчасці ролікасферычных падшыпнікаў. У выніку замены газавыя награвальныя печы абсталявалі аўтаматычнай загрузкай і выгрузкай. Укаранілі загартовачна-адпускныя агрэгаты і звышфінішаванне кольцаў падшыпнікаў.
- 21 ліпеня 2017 года адкрылі аўтаматычную лінію загатовак кольцаў дыяметрам ад 22 да 60 см[15].
- 28 снежня 2020 года ўвялі ў дзеянне газанагравальную печ, што стала апошнім 41-м прыборам у мадэрнізацыі з 2010 года[17].
Кіраўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Георгій Кармілкін (20 красавіка 1949 — 1952)
- Пётр Яшчарыцын (1952—1962), акадэмік і доктар тэхнічных навук
- Іван Гаўрылаў (1962—1968)
- Аркадзь Высоцкі (1968—1988)
- Анатоль Зінкевіч (1988—1991)
- Анатоль Цыгалаў (1991—1994)
- Валерый Пенза (1994—2004)
- Віктар Можджэр (2005 — 22 снежня 2009)
- Аляксандр Лабусаў (22 снежня 2009 — 2016)
- Мікалай Анціпаў (2016 — кастрычнік 2019)[15]
- Анатоль Савянок (з кастрычніка 2019 года)[17]
Санкцыі
[правіць | правіць зыходнік]12 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць завода[18][19].
27 студзеня 2025 года Канада ўвяла санкцыі супраць завода «ў сувязі з працяглымі грубымі і сістэматычнымі парушэннямі правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, а таксама яго падтрымкай парушэння Расіяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны»[20][21].
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Кантакты(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ https://www.mpz.com.by/contacts/
- ↑ Кіраўніцтва(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Мікалай Анціпаў, М.В. Горбікава (9 красавіка 2019). Інфармацыя пра акцыянернае таварыства і яго дзейнасць на 1 студзеня 2019 года (PDF)(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2018 год (2,0402 за долар). Нацыянальны банк Беларусі. 2019. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Аб прадпрыемстве(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Станцыя для выпрабавання падшыпнікаў(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Падшыпнікі(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Тавары народнага спажывання(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Тавары вытворча-тэхнічнага прызначэння(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Пакоўкі(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 4 жніўня 2021.
- ↑ Паслугі вытворча-тэхнічнага прызначэння(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- 1 2 Распаўсюднікі ў далёкім замежжы(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Распаўсюднікі ў СНД(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- 1 2 3 4 5 6 Гісторыя(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ БелЭн 2000.
- 1 2 На МПЗ завяршылі дзесяцігадовую праграму тэхпераўзбраення. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 28 снежня 2020. Праверана 3 жніўня 2021.
- ↑ Камбайны «Гомсельмаша» больш не паедуць ва Украіну. Новы Час (12 мая 2023).
- ↑ 1948 – 2023: МПЗ встречает юбилей - 75 лет (руск.)
- ↑ Backgrounder: Sanctions against individuals and entities in Belarus (англ.). Government of Canada (27 студзеня 2025).
- ↑ Пасля выбараў Вялікабрытанія і Канада пашырылі свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Наша Ніва (28 студзеня 2025).
- ↑ Городской фольклор Минска: «бигуди», «гарлем», «помойка» и другое Архівавана 18 верасня 2021. // Інтэрфакс
- ↑ Районы, кварталы: Партизанский проспект от площади Ванеева до «Автозаводской» // Onliner.by
- ↑ Январский Минск. Часть 2 // Жывы журнал
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мінскі падшыпнікавы завод // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 448. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Электронны зварот грамадзян і юрыдычных асоб(руск.). ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод». 2021. Праверана 3 жніўня 2021.
- Заказаць (руск.)