Перайсці да зместу

Навамейская брама

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Навамейская брама ў сістэме ўмацаванняў Новага горада

Навамейская брама — адна з чатырох брам горада-крэпасці Слуцка, з’яўлялася адзіным уездам у Новы горад. Да брамы вяла вуліца Навамейская (цяпер М. Багдановіча). Верагодна, спраектавана слуцкім князем Багуславам Радзівілам[1] і ўзведзена пазней за астатнія брамы[2].

Для будаўніцтва Навамейскай брамы быў выкарыстаны танны і распаўсюджаны матэрыял — дрэва, што было абумоўлена неабходнасцю ў сціслы тэрмін завяршыць умацаванне Новага горада[3]. Перад брамай пасярэдзіне рова быў насыпаны равелін. На равелін з брамы і з боку поля пад вуглом адзін да аднаго былі перакінуты масткі. Масток, які прылягаў да брамы, быў пад'ёмным. Сама брама зачыняліся аббітымі жалезам драўлянымі створамі[3].

Багуслаў Радзівіл. Праект надбрамнай царквы ў Слуцку

Уяўленне аб Навамейскай браме даюць некалькі праектных чарцяжоў[4], зробленых слуцкім князем Багуславам Радзівілам[1], які быў нядрэнням мастаком і архітэктарам-аматарам[4]. Збор малюнкаў і чарцяжоў Багуслава Радзівіла, які захоўваўся калісьці ў нясвіжскім архіве Радзівілаў, выяўлены і атрыбутаваны Тамарай Габрусь[4].

Навамейская брама ўяўляла сабой трох'ярусную пабудову[3]. Першы ярус, на ўзроўні насыпу вала, уяўляў арачны праезд з бакавымі памяшканнямі для варты[1]. На другім ярусе размяшчалася надбрамная царква, абнесеная па перыметры, акрамя алтарнага боку, адкрытай галерэяй. Меншы чацвярык алтарнай часткі далучаўся да асноўнага аб'ёма брамы, навісаючы над першым ярусам. Яго падтрымлівалі выступаючыя канцы брусоў-кансоляў і падпорныя брусы-падкосы[1]. Трэці ярус займала памяшканне для дазору[1][3], Завяршаў збудаванне чатырохсхільны шатровы дах з цыбулепадобным купалком на барабане[1], які ўяўляў сабой васьмярык «сармацкага» тыпу з кантрасным падзелам святла і ценю на фасадах[4]. Купалок вянчаў высокі спічак з флюгерам і фігурным крыжом[1][5].

Праект іканастаса

Верагодна, для гэтага надбрамнага храма Б. Радзівілам распрацаваны і праект іканастаса, таму што даўжыня апошняга — 12 локцяў (5,52 м) — адпавядае ў маштабе шырыні алтарнай прыбудовы царквы. У ім адчуваецца ўплыў барока — фрамугі другога яруса іканастаса падзелены пругкімі валютамі накшталт «львіных лап», якія надаюць кампазіцыі дынаміку і аб'ёмнасць. У цэнтры на разьбяным тымпане ўжыты вельмі пашыраны ў народным дойлідстве салярны матыў[4].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Ціткоўскі І. А. Помнікі архітэктуры Слуцка. Слуцк, 1997. С. 49-50. ISBN 985-6219-09-4
  2. Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн. 1978. С. 109
  3. а б в г Ігар ЦІТКОЎСКІ. Была цытадэль на Случы
  4. а б в г д Габрусь Т. В. Паэзія архітэктуры / Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларуская навука, 2012. — 279 с.: іл. — 600 экз. — ISBN 978-985-08-1426-5.
  5. Чертежи, планы, черновики князя Богуслава Радзивила. НГАБ. ф. 694, воп. 1, спр. 287
  • Ціткоўскі І. А. Помнікі архітэктуры Слуцка. Слуцк, 1997. С. 49-50. ISBN 985-6219-09-4