Народная асвета (часопіс)
«Народная асвета» | |
---|---|
Тып | часопіс |
Заснавальнік | Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь |
Выдавец | Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Педагагаічная прэса» |
Краіна | Беларусь |
Галоўны рэдактар | Святлана Уладзіміраўна Мазурына |
Заснавана | 1924 |
Тэматыка | педагогіка, псіхалогія |
Мова | беларуская, руская |
Перыядычнасць | 1 раз у месяц |
Галоўны офіс | Мінск, Беларусь |
Тыраж | |
ISSN | 0130-6979 |
Узнагароды | |
Вэб-сайт | n-asveta.by |
«Народная асвета» (руск.: Народное просвещение) — штомесячны навукова-педагагічны часопіс. Выдаецца з чэрвеня 1924 года ў Мінску на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавец — Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Выдавецкі дом «Педагагічная прэса».
Адукацыйныя выданні 1919—1923 гадоў[1]
[правіць | правіць зыходнік]Адразу пасля ўтварэння БССР ў 1919 годзе ў Мінску пачаў выдавацца штомесячны навукова-педагагічны і даведачна-афіцыйны часопіс «Школа и культура Советской Белоруссии» на рускай мове. Выдавец — Мінскі губернскі аддзел народнай асветы, выйшла 3 нумары ў дзвюх кнігах.
З 1920 да 1922 года Наркамат асветы ССРБ пачынае выдаваць у Мінску часопіс «Вольны сцяг» з падзагалоўкам «Беларуская літаратурна-мастацкая і палітычна-грамадская часопісь».
Акрамя таго, у 1921—1922 гадах выдаецца «Вестник Народного Комиссариата просвещения БССР», які носіць характар афіцыйнага бюлетэня. Так, у 1921 годзе выходзяць два нумары «Вестника», а ў 1922 — 12 нумароў у 7 кніжках.
Праўда, у 1921 годзе аднавілася дзейнасць часопіса «Школа и культура Советской Белоруссии», але пасля выхаду ў свет двух нумароў яго існаванне па невядомых прычынах спынілася.
Папярэднікі «Народнай асветы» (1924—1960)
[правіць | правіць зыходнік]Часопіс «Асьвета» (1924)
[правіць | правіць зыходнік]Значнай падзеяй у культурным жыцці нашай рэспублікі стаў выхад першага нумара часопіса «Асьвета». Гэта адбылося ў чэрвені 1924 года. Пад назвай стаялі наступныя словы: «Часопіс Нар. Кам. Асьветы і Саюзу Прац Асьветы БССР». Ён выходзіў на беларускай і рускай мовах.
У той час у Беларусі не было наркаматаў культуры і інфармацыі, а таксама прафсаюзнага часопіса. Менавіта таму рэдакцыя «Асьветы» прасіла работнікаў асветы, аддзелы народнай адукацыі і аддзяленні Саюза працаўнікоў асветы ў Беларусі дасылаць у рэдакцыю артыкулы, нататкі, паведамленні і іншыя матэрыялы па пытаннях культурна-асветнага будаўніцтва і прафсаюзнай работы, а таксама свае меркаванні аб паляпшэнні зместу часопіса ў далейшым.
Аўтарамі «Асьветы» былі як радавыя настаўнікі і выхавацелі, так і выкладчыкі ВНУ, вядомыя вучоныя, адказныя работнікі Наркамата асветы рэспублікі, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы. Гэта вясковыя настаўнікі М. Ламака і І. Гальчук, настаўнікі і дырэктары польскіх, яўрэйскіх і іншых школ нацыянальных меншасцей, Народныя камісары асветы БССР А. В. Баліцкі і А. М. Платун, першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі В. Г. Кнорын, старшыня ЦВК Беларусі А. Р. Чарвякоў, выкладчык Белпедтэхнікума і адначасова дацэнт педфака БДУ, будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас, акадэмік Я. Лесік, адзін з кіраўнікоў музейнай справы на Беларусі, будучы вучоны сакратар Беларускай Акадэміі навук В. Ластоўскі, маскоўскі прафесар Шульгін, прафесары БДУ І. І. Замоцін, І. М. Салаўёў, Д. Жарынаў, С. Васілейскі, М. М. Піятуховіч, дацэнт БДУ А. Бурдзейка, першы старшыня Інстытута беларускай культуры С. Некрашэвіч, дацэнт, правадзейны член Інбелкульта Г. Гарэцкі (Аб беларусізацыі вышэйшых навучальных устаноў БССР // Асьвета. 1926. № 6), будучы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі В. Купрэвіч, вядомы вучоны-педагог П. Панкевіч.
Рэдакцыйны калектыў
[правіць | правіць зыходнік]У другім нумары часопіса за 1926 год упершыню было упершыню пазначана імя адказнага рэдактара Ігната Мікалаевіча Мазура, работніка Наркамата асветы БССР, які курыраваў дзіцячыя дамы і інтэрнаты, а потым працаваў інспектарам сямігодак, і тэхнічнага рэдактара Я. К. Троські.
З другога нумара за 1927 год друкуецца склад рэдкалегіі: С. Рывес, Брыгневіч, З. Шамардзіна, Самковіч, Касмовіч.
З кастрычніка 1929 года адказным рэдактарам часопіса «Асьвета» стаў літаратурны крытык Лукаш Бэндэ.
Першы нумар
[правіць | правіць зыходнік]Адным з цэнтральных, ключавых матэрыялаў першага нумара часопіса «Асьвета» стаў артыкул намесніка народнага камісара асветы БССР Антона Васілевіча Баліцкага «Бліжэйшыя задачы наркамасветы ў сувязі з узбуйненнем Беларусі».
Па сваёй накіраванасці да артыкула Баліцкага прымыкае матэрыял загадчыка аддзела сацыяльнага выхавання Наркамата асветы БССР Язэпа Каранеўскага «Да пытання аб сістэме народнай асветы. Разгляд сістэмы народнай асветы РСФСР і УССР».
Значную цікавасць для работнікаў асветы ўяўлялі таксама матэрыялы прафсаюзнага лідара В. Нодэля «Бліжэйшыя задачы Саюза працаўнікоў асветы Беларусі», М. Шабашова «Формы і метады падрыхтоўкі асветнікаў», прафесара Беларускага дзяржаўнага універсітэта І. М. Салаўёва «Улік паспяховасці ў школе», А. Федасенкі «Комплексная сістэма выкладання ў практыцы першай групы даследчыкаў школы пры Беларускім педагагічным тэхнікуме», Л. Мышкоўскага «Аб яўрэйскіх культурна-асветных установах», Ч. Дамброўскага «Польская школа і польскі настаўнік у Савецкім Саюзе».
Увазе чытачоў прапанаваны матэрыял пад назвай «Месца і характар падручніка пры комплекснай сістэме выхавання» і рэцэнзія на кнігу Язэпа Лесіка «Беларуская мова. Правапіс».
Рубрыкацыя
[правіць | правіць зыходнік]У другім нумары часопіса «Асьвета» за 1924 год ужо выразна выявіліся асноўныя рубрыкі гэтага выдання. Гэта «Агульны аддзел», «Метадалогія і практыка», «Кнігапіс», «Летапіс беларускага друку», «Інфармацыя і хроніка», «На месцах», «Афіцыйны аддзел».
Акрамя гэтых рубрык, у шэрагу нумароў існавалі рубрыкі: «Метады і формы піянерскага руху», «Паштовая скрынка», «Наш быт», «Перапіска з чытачамі», «На шляху перападрыхтоўкі», «Педалагічныя пытанні», «Метадычныя пытанні», «Практыка асветных устаноў», «Дадатак», «Выхаванне ў школе і пазашколай», «Метадычныя пытанні школы», «Школьная практыка», «Дашкольнае выхаванне», «Жыццё і праца асветніка», «Гутарка», «Аб ліквідацыі непісьменнасці», «Прафесійныя ўстановы», «Пытанні школы», «Хроніка», «Практыка месц», «Да пастаноўкі справы выхавання», «Выхаваўча-метадычны аддзел», «Прафадукацыя», «Палітасвета», «З мясцовай практыкі», «З’езды і канферэнцыі», «Педагагічна-метадычны аддзел», «У Заходняй Беларусі», «Педагагічна-педалагічны аддзел», «Нарады па народнай асвеце», «Пытанні методыкі і практыкі нашай школы», «Агульна-палітычны аддзел», «Школьны аддзел», «Пяцігодка і кадры», «На барацьбу з рэлігіяй», «Методыка і праграма школы», «Абарона краіны і школа», «Паход за дашкольніка», «Кнігу і мастацтва ў масы», «За пралетарскую ідэалогію».
«Комуністычнае выхаванне» (1930)
[правіць | правіць зыходнік]Пераемнікам «Асьветы» стаў часопіс «Комуністычнае выхаванне», які пачаў выходзіць з 1930 года (з шостага нумара за 1931 год — «Камуністычнае выхаванне») з падзагалоўкам «Штомесячная політэхнічная педалога-педагагічная і палітыка-асветная часопісь».
Рэдакцыйны калектыў
[правіць | правіць зыходнік]- З 1930 года — Лукаш Бэндэ (адказны рэдактар).
- З № 9 за 1931 год — С. Гайдук (адказны рэдактар).
- З № 4-5 за 1932 год — У. І. Хома (намеснік адказнага рэдактара).
- З № 8 за 1933 год — Марцін Лозбень.
- З № 5, № 6 за 1935 год — І. М. Фрэйдман (намеснік адказнага рэдактара).
- № 7 за 1935 год — І. М. Фрэйдман (адказны рэдактар).
- З № 8-9 за 1935 год — Хейфец (адказны рэдактар).
- З № 1-2 за 1936 год — Я. Зазека (адказны рэдактар).
Рубрыкацыя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі рубрыкамі новага часопіса былі: «Культурная спадчына і пролетарыят», «У паход за пролетарскую культуру», «Тэорыя і практыка педагогікі», «Палепшыць навучанне», «За пролетарскую ідэалогію», «Пра дзіцячую кніжку», «Кнігапіс», «Хроніка», «У дапамогу культштабам», «Соцыялістычнае спаборніцтва», «За пролетарскую літаратуру», «На навуковым фронце», «Ставім на абгаварэнне», «У дапамогу настаўніку», «Матэрыялы на ідыш», «У Заходняй Беларусі», «На фронце культурнай рэвалюцыі», «Паглыбіць антырэлігійнае выхаванне», «Турызм і школа», «Клюбны дзень», «Пытанні педагогікі», «У дапамогу дзіцячай пляцоўцы», «Наш вопыт», «За падрыхтоўку пролетарскіх кадраў», «Узмацнім ваенізацыю ў школе», «Пашырым завочнае навучанне», «У дапамогу дашкольнаму работніку», «За політэхнічнае выхаванне», «За ленінскую нацыянальную палітыку», «Літаратура — зброя клясавай барацьбы», «Асьвета за межамі», «Нацдэмы — агенты інтэрвенцыі», «З вопыту працы па метаду праектаў», «За бальшавіцкую перабудову працы ў падрыхтоўцы педкадраў», «Праблемы дэфекталогіі», «За баявыя тэмпы правядзення ліквідацыі няпісьменнасці», «Праблемы рэфлексалогіі», «За палітычную школу», «За палепшанне матэр’яльных умоў настаўніцтва», «Аўладаем тэхнікай педагагічнага працэсу».
З найбольш значных і змястоўных артыкулаў часопіса «Камуністычнае выхаванне» можна назваць «Спрэчныя пытанні палітэхнічнага выхавання» праф. П. Панкевіча, «Шляхі падняцця школьнай паспяховасці» А. Харэвіча, «Краязнаўства і школа» М. Каспяровіча, «Культурнасць сучаснай вёскі» А. В. Савельева, «Малалетнія правапарушыцелі і аналіз іх трымання» М. М. Слуцкай, «Праблемы сучаснай дзіцячай літаратуры» А. Якімовіча, «Палепшыць якасць працы вышэйшай і сярэдняй школы» С. Я. Вальфсона, «„Цяжкія“ дзеці ў масавай школе» Сегаля, «Псіхалагічны стан вучняў на іспытах» Я. Матліна, «Аб арганізацыі і правядзенні ўрока» І. Фрэйдмана, «Аб некаторых пытаннях выхавання дзяцей» праф. Я. Аркіна.
Выданні Наркамасветы БССР (1930—1934)
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд з 1930 па 1934 год Наркамасветы БССР спрабаваў аднавіць выданне грамадска-палітычнага часопіса і службовага бюлетэня. У 1932 годзе разам з Цэнтральным кіраўніцтвам Саюза працаўнікоў мастацтва ён пачаў выдаваць штомесячны часопіс «Мастацтва і рэвалюцыя». Паспела выйсці яго чатыры нумары ў 1932 годзе і два нумары (адна кніжка) у 1933. У 1934 годзе ўбачылі свет чатыры кніжкі «Бюлетэня Наркамасветы БССР».
Зборнік «Кансультацыя настаўніку» (1937)
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1937 года Навукова-даследчы інстытут школьнай педагогікі пачынае выдаваць зборнік «Кансультацыя настаўніку», які ўключае адказы на найбольш актуальныя пісьмовыя пытанні настаўнікаў школ БССР. Яго рэдактарам быў А. Яворскі. З матэрыялаў гэтага зборніка трэба выдзеліць змястоўныя адказы на такія пытанні, як «Аб прычынах непаспяховасці вучняў» І. Фрэйдмана, «Выхаваўчая работа ў школах» М. Лявіцкага, «Аб развіцці ў дзяцей матэрыялістычнага разумення з’яў прыроды» А. Яворскага.
«Савецкая школа» (1940)
[правіць | правіць зыходнік]З пачатку 1940 года пачаў выходзіць часопіс «Савецкая школа». Старшым рэдактарам першага-другога нумара часопіса быў Праўдзін. На апошняй старонцы адзначалася: «Рэдкалегія». У гэтым выданні адсутнічалі рубрыкі. Найбольшую цікавасць і актуальнасць уяўляюць артыкулы М. Я. Лявіцкага «Сям’я і школа», «Работа педагагічнага савета», В. В. Барысенкі «Змітрок Бядуля», заслужанай настаўніцы БССР Р. Р. Барам «Аб педагагічным такце».
«У дапамогу настаўніку» (1945)
[правіць | правіць зыходнік]У 1945 годзе пачаў выдавацца метадычны часопіс «У дапамогу настаўніку», які ўяўляў сабой зборнік дакументаў і метадычных распрацовак. Яго рэдактарам спачатку быў В. Ляўданскі, а потым С. А. Умрэйка і М. Шаткін. Між іншым, апошні ўжо лічыўся адказным рэдактарам. Для настаўнікаў Беларусі асабліва карыснымі былі матэрыялы праф. Ц. П. Ломцева «Шляхі павышэння якасці навучання і выхавання ў школах Беларускай ССР», М. Я. Лявіцкага «Педагагічны аўтарытэт», Н. Перкіна «Аб вывучэнні тэорыі літаратуры ў школе», Н. М. Шульмана «Працэс навучання і барацьба з фармалізмам», Я. К. Матліна «Псіхалогія індывідуальнага падыходу да дзяцей», С. С. Кавальчука «Аб трываласці засваення ведаў вучнямі».
«Савецкая школа» (1948)
[правіць | правіць зыходнік]З пачатку 1948 года аднаўляецца выданне педагагічнага часопіса «Савецкая школа». Фактычна часопіс адлюстраваў гісторыю народнай асветы БССР у 1948—1959 гадах.
Рэдкалегія
[правіць | правіць зыходнік]У 1948 годзе адказным рэдактарам прызначаны вядомы вучоны-педагог, будучы намеснік наркама асветы БССР С. А. Умрэйка.
З № 3 за 1952 па 1959 год — А. Ц. Васілеўскі (адказны рэдактар).
Рубрыкацыя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі рубрыкамі часопіса былі: «З вопыту работы», «Кансультацыя», «Крытыка і бібліяграфія», «Кніжныя навіны», «Хроніка», «У дапамогу настаўніку», «Аб мерах павышэння паспяховасці вучняў», «Нам пішуць», «Аб падрыхтоўцы вучняў да практычнай дзейнасці», «Адказы чытачам». Многія матэрыялы часопіса не страцілі сваёй актуальнасці і каштоўнасці, метадычнай і навуковай значнасці.
Гісторыя «Народнай асветы»
[правіць | правіць зыходнік]Часопіс у 1960-1990-я гады
[правіць | правіць зыходнік]У студзені 1960 года часопіс «Савецкая школа» быў перайменаваны ў часопіс «Народная асвета».
У 1960—1980-я гады «Народная асвета» як адзінае навукова-педагагічнае выданне Рэспублікі Беларусь асвятляла не толькі пытанні функцыяніравання і развіцця сістэмы ўсёй адукацыі — ад дашкольнай установы да ВНУ, але і актуальныя для таго часу падзеі грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі.
З цягам часу часопіс усё больш і больш увагі звяртае на надзённыя праблемы жыцця школы. У 1970-я гады абмяркоўваюцца такія пытанні, як статут школы, новыя праграмы, кабінетная сістэма, тэлебачанне і адукацыйны працэс, новы закон аб народнай асвеце. На старонках часопіса з’яўляюцца канкрэтныя метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўніку і выхавацелю, мадэлі лепшых урокаў настаўнікаў-прадметнікаў, тэксты кантрольных работ, прыкладнае планаванне і метадычныя парады па ўсіх прадметах школьнага цыкла.
Шматлікія артыкулы на старонках «Народнай асветы» 80—90-х гадоў прысвечаны праблемам выхавання падрастаючага пакалення, падрыхтоўцы яго да жыцця і працы, фарміравання камуністычнага светапогляду. У гэтыя гады больш увагі ўдзяляецца такім пытанням, як работа органаў кіравання адукацыяй, вучнёўскіх і бацькоўскіх камітэтаў, педагагічная адукацыя бацькоў і кадравая палітыка ў школе, навуковая арганізацыя працы ВНУ.
Вядомыя ў рэспубліцы педагогі і арганізатары адукацыі лічылі за гонар і абавязак выступаць на старонках свайго педагагічнага выдання. Сярод іх У. Т. Кабуш, Я. Л. Каламінскі, Т. І. Чобатава, Л. К. Сухнат, А. І. Сачанка, Г. А. Бутрым, В. П. Таранцей, В. В. Чэчат, А. А. Грымаць, Б. К. Яроцкі, М. І. Запрудскі, Р. І. Румянцаў, М. М. Круглей і інш. Вялікая арганізацыйная і змястоўная работа калектыву «Народнай асветы» па асвятленні шматаспектных праблем адукацыі ва ўсе часы існавання часопіса накіроўвалася яго галоўнымі рэдактарамі, прафесіяналамі сваёй справы А. Ц. Васілеўскім, В. П. Маскаленка, Н. І. Калеснік.
«Народная асвета» з 2000-х гадоў
[правіць | правіць зыходнік]Неабходнасць рэфармавання сістэмы адукацыі ў канцы мінулага і пачатку новага стагоддзя абумовілі з’яўленне новых рубрык і тэм у часопісе, сярод якіх камп’ютарная пісьменнасць, правы чалавека, эканамічная асвета, навуковыя таварыствы вучняў і настаўнікаў, установы новага тыпу як сацыяльны заказ грамадства і дзяржавы, нацыянальная школа і прынцыпы яе функцыяніравання, правы дзяцей, радыяцыйная бяспека і экалагічнае выхаванне, тэхналагізацыя працэсу навучання.
На пачатку новага тысячагоддзя з’явіліся такія рубрыкі, як «Праграмы і падручнікі ХХI стагоддзя», «Лёс эксперыменту», «Бізнес-лабараторыя», «Банк методык і тэхналогій», «Знак якасці», «Новы настаўнік для новай школы», «Тэст-кантроль», «Ліцэйская і гімназічная адукацыя» і інш.
Перспектывы і напрамкі развіцця
[правіць | правіць зыходнік]Зыходзячы з мэт і задач, сфармуляваных у канцэпцыі развіцця нашага выдання, часопіс актыўна працуе над стварэннем адзінай інфармацыйнай прасторы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь, забяспечваючы сумесна з іншымі педагагічнымі выданнямі функцыю аператыўнага і якаснага інфарміравання педагагічнай грамадскасці аб усіх новаўвядзеннях у беларускай школе.
Зыходзячы з рэалій сённяшняга дня, прафесіяналы фокус дзейнасці часопіса «Народная асвета» нацэлены на інфармацыйнае апярэджванне змен, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі, падтрымку ў стварэнні цэласных адукацыйных сістэм школы ці рэгіёна, фарміраванне стратэгій і тактыкі ўстаноў адукацыі як сацыяльна-культурных цэнтраў, стварэнне сямейна-адукацыйнага супольніцтва.
Сёння часопіс удасканальваецца па форме і зместу, ператвараецца ў школу дыстанцыйнага навучання для настаўніка, метадыста, адміністратара з выкарыстаннем эфектыўных інавацыйных тэхналогій і методык; трансфармуецца з традыцыйнага навукова-педагагічнага выдання ў інтэрактыўны падручнік для сучаснага педагога і становіцца аб’ектыўнай структурнай часткай сістэмы паслядыпломнай адукацыі рэспублікі.
Пры арганізацыйнай падтрымцы двух міністэрстваў (адукацыі і інфармацыі) часопіс на працягу 2001—2003 гг. зрабіў якасны рывок у сваім развіцці, здзейсніўшы кардынальныя змены асноў дзейнасці, сярод якіх распрацоўка новай канцэпцыі часопіса і 15 новых рубрык; змяненне фармату часопіса, яго дызайну і вокладкі; павелічэнне аб’ёму часопіса; абнаўленне аўтарскага актыву рэдакцыі; заключэнне дагавораў аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве з Беларускай лігай бацькоў і педагогаў «Крок за крокам», Цэнтрам адукацыйных тэхналогій ЗАТ «БелХардГрупп», упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама.
Часопіс «Народная асвета» крочыць у нагу з часам, а сучасны настрой і актуальнасць яму надаюць, безумоўна, цікавыя людзі — вучоныя, практыкі, арганізатары адукацыі. Сёння аўтарамі, членамі рэдкалегіі, проста сябрамі і аднадумцамі «Народнай асветы» з’яўляюцца А. М. Радзькоў, Т. М. Кавалёва, А. І. Жук, К. У. Гаўрылавец, А. Г. Слука, Г. Д. Дылян, Г. М. Пятроўскі, М. С. Фяськоў, Г. У. Пальчык, М. П. Грышчанка, Г. В. Торхава, І. І. Крук, П. І. Траццякоў, А. У. Боцька, І. Э. Саўко, Л. Р. Кульмянёва, А. М. Браценнікава і інш.
Творчы калектыў (склад рэдакцыі часопіса)
[правіць | правіць зыходнік]Галоўны рэдактар — Святлана Уладзіміраўна Мазурына.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Часопіс «Народная асвета» ўзнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета СССР (1975) і ордэнам СССР «Знак Пашаны» (1975).
Зноскі
- ↑ Сайт часопіса «Народная асвета» Архівавана 17 ліпеня 2015.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 171. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- «Народная асвета» // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 519. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.