Савецкая плошча (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Плошча Савецкая (Гродна))
Jump to navigation Jump to search
Савецкая плошча
Гродна
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Ранейшыя назвы (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz
Commons-logo.svg Савецкая плошча на Вікісховішчы

Плошча з боку касцёла

Савецкая плошча — адна з галоўных плошчаў у цэнтральнай частцы Гродна. Размешчана на стыку вуліц Савецкай, Кірава, Карла Маркса, Стэфана Баторыя, Маставой, Замкавай, Калючынскай і Кастрычніцкай.

Старыя назвы — (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz. Цяперашнюю назву атрымала ў 1940 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як у 1376 годзе Гродна стала ўладаннем князя Вітаўта, горад знаходзіўся ў эканамічным росквіце. У 1389 Вітаўтам закладваецца драўляны касцёл на заходнім баку плошчы, а сама плошча звязваецца з дзядзінцам вуліцай Замкавай і на ёй размяшчаецца рынак. Рынак становіцца цэнтрам грамадскага і гандлёвага жыцця горада, мае квадратную форму. Пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1496 годзе, у 1513 на гарадскім пляцы будуецца Ратуша, якая мае вежу з гадзінікам, а таксама гандлёвыя шэрагі. У 1540 на пачатку вуліцы Замкавай (на месцы сучаснага палаца культуры Тэкстыльшчыкаў) будуецца Замкавы двор, а ў 1560 на месцы сучаснага дома №1 па вуліцы Савецкай - першая гарадская карчма.

На пярэднім баку будынак Ратушы, на заднім - палац Радзівілаў, пачатак 20 ст.

Наступны этап плошчы звязаны з імям караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй і памёр тут. У 1586 годзе замест драўлянага будуецца каменны касцёл, а на ўсходнім баку пляца ў 1580 збудоўваецца палац Баторыя, які захаваўся да нашых дзён.

Савецкая плошча на пачатку 20 ст., на дальнем баку відаць Сафійскі сабор (Фара Вітаўта). Здымак зроблены з будынка палаца Баторыя

Падчас вайны 1654-1667 спалена карчма, а горад разрабаваны.

Фотаздымак будынка Ратушы, 1932 г.

У 1673 годзе прынята рашэнне праводзіць кожны трэці Сейм Рэчы Паспалітай у Гродна, пасля чаго магнаты пачынаюць актыўна набываць землі горада для будаўніцтва рэзідэнцый. Да канца 17 ст. на паўдзевым баку плошчы будуецца палац Радзівілаў, а палац Баторыя перабудоўваецца ў палац Бжостоўскіх. Насупраць фары Вітаўта ў пачатку 18 ст. будуецца езуітскі касцёл, а ля яго ў 1709 — першы, а 1763 — другі паверх аптэкі. Абодва будынкі захаваліся амаль без змяненняў. У пачатку 18 ст. перабудаваны будынак палаца Баторыя выкарыстоўваецца для пасяджэнняў сейма, таксама перабудоўваецца і палац Радзівілаў. На той час плошча была выбрукавана, ля ратушы быў вырыты калодзеж.

Фара Вітаўта пашкоджаная пажарам у канцы 19 ст.

Пасля Падзелаў Рэчы Паспалітай Гродна стала цэнтрам губерніі ў Расіі. У 1803 годзе на тэрыторыі езуітскага кляштара размяшчаецца казармы і турма (якая размяшчаецца тут і ў нашы дні), у 1806 Фара Вітаўта перабудоўваецца ў праваслаўны Сафійскі сабор, у 1807 Ратуша перабудоўваецца ў стылі класіцызму, паміж якой і паўднёвым бокам закладваецца сквер з фантанам, рысы якога захаваліся і цяпер. У 1889 годзе яшчэ раз быў перабудаваны ў псеўдарускім стылі Сафійскі сабор. На паўночным баку плошчы ў 1898 годзе ўзводзіцца будынак дома Мураўёва ў стылі мадэрн, а ў 1910 годзе паўдёвы бок плошчы замыкаецца шэраговай 2-павярховай забудовай з лаўкамі на першым паверсе.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора ў 1921 годзе Гродна адыходзіць да Польшчы. Сафійскі сабор становіцца гарнізонным касцёлам і ў 1935 годзе перабудоўваецца ў гатычным стылі.

Падчас Другой сусветнай вайны быў моцна пашкоджаны паўдневы бок плошчы. Будынкі Ратушы і палаца Раздівілаў так і не былі ўзноўлены. Таксама быў знесены флігель палаца Баторыя і будынкі на паўночным баку плошчы. У 1958 годзе на заходнім баку плошчы быў збудаваны будынак палаца культуры Тэкстыльшчыкаў. А 29 лістапада 1961 года была ўзарвана Фара Вітаўта, на месцы якой так нічога і не было пабудавана, і цяпер так знаходзіцца сквер.

Будынкі[правіць | правіць зыходнік]

Паўночны бок[правіць | правіць зыходнік]

Паўночны бок плошчы
Вул. Савецкая, 1. Будынак былога палаца Сангушак. Від з боку Савецкай плошчы.

№ 1 па вул. Савецкая: Двух і трохпавярховы будынак. Помнік архітэктуры. Дом, вядомы як «Палац Сангушак», мае даўнюю гісторыю. Пабудаваны ў 1742 г. на месцы гарадской карчмы 16 ст. У другой палове 18 ст. ім валодаў Антоній Тызенгаўз, а затым яго спадчыннікі. У 20 ст. ў доме знаходзіліся: майстэрня гарадзенскага фотамайстра Гельгора, аптэка, крама канцтавараў, крама Лінніка па продажы швейных машын, веласіпедаў, матацыклаў, радыё-фотатавараў. Пасля вайны размяшчаліся прамтаварныя і харчовыя крамы, піўны ларок. У 1962 г. адкрылася дыетычная сталовая. Пасля закрыцця сталовай там некаторы час размяшчалася крама «Цацкі». У 70-80 г.г. ў будынку працавалі цырульня і крама «Саюздрук».

Цяпер з боку Савецкай плошчы знаходзяцца крама «Ратушная» (працуе пан-пят 9.00-20.00, суб-няд 10.00-17.00), крама адзення «Стыль» (працуе пан-пят 11.00-19.00, суб 11.00-18.00, няд 11.00-16.00).

Пл. Савецкая, 2. Будынак дома купца Мураўёва.

№ 2: дом купца Мураўёва — трохпавярховы будынак. Вылучаецца чырвоным колерам цэглы, з якой пабудаваны. Узведзены 1898, па іншым звесткам каля 1914 ці нават 1890 годзе. Помнік архітэктуры стылу мадэрн. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашыскіх захопнікаў у 1944 у будынку размяшчалася абласная бібліятэка імя Карскага. З канца 80 гг 20 ст. дом не эксплуатуецца, цяпер на рамонце.

№ 23 па вул. Калючынская: Трохпавярховы будынак. Не эксплуатуецца.

Усходні бок[правіць | правіць зыходнік]

№ 4: Комплекс кляштара езуітаў. Фарны касцёл і Аптэка.

Будынак аптэкі. Пл. Савецкая, 4.
Інтэр'ер музея ў аптэцы

Будынак былой аптэкі езуітскага кляштара.

Двухпавярховы будынак. Помнік архітэктуры 17-18 стагодзяў. Першая на тэрыторыі Беларусі аптэка была заснавана ў 1687 годзе. Каменны будынак быў пабудаваны ў 1709 годзе, а ў 1763 быў дабудаваны другі паверх. Будынак амаль увесь час выконваў першапачатковую функцыю — аптэкі. Толькі пасля 1944 года да пачатку 90 гг. 20 ст. у будынку размяшчаўся салон мэблі. Цяпер у будынку таксама размяшчаецца аптэка, медыцынскы музей, з боку двара — крама рэлігійных кніг і абраз.

Пабудова аптэкі двухпавярховая, пастаўлена тарцом да вуліцы. Цікавы фасад па другім паверсе, у якім багата прадстаўлена архітэктура барока: з гаўбцамі і фігурным франтонам, развітымі апраўленнямі вокнаў, карнізнымі цягамі.

Аптэка працуе штодзенна з 8.00 па 21.00, нядзеля 9.00 — 18.00. Музей працуе аўт-суб 9.00-17.00. Уваход у музей бясплатны, праз аптэку. Крама рэлігійных кніг працуе па буднях 18.00-20.00, па святах 8.30-20.30.

№ 1 па вул. Маркса:Трохпавярховы будынак. Вядомы як палац С. Баторыя ці «Баторыеўка». Помнік архітэктуры. Меркуецца, што ў гэтым будынку кароль С. Баторый праводзіў соймы Рэчы Паспалітай і прымаў амбасадараў. У гэтым будынку 15 снежня 1586, на трэці дзень пасля смерці Баторыя, для ўладкавання спрэчкі прыдворных лекараў П. Сымоні і Н. Бучэлла пра прычыну смерці караля, цырульнік Я. Зыгуліц зрабіў бальзамаванне цела караля. У далейшым будынак выкарыстоўваўся як каралеўская рэзідэнцыя, але з пач. 18 ст. вядомы ўжо як палац Сапегаў. У 1832 будынак перабудаваны. Пасля пажару 1885 вонкавы выгляд і планоўка Баторыеўкі ізноў былі значна зменены, яго асноўны аб'ём стаў 3-павярховым. На пачатку 20 ст. у будынку знаходзіліся цэнтральная гасцініца і прыватная гімназія К. Баркоўскай. Цяпер увесь будынак займае Кафедра анатоміі чалавека Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Заходні бок[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад палаца культуры тэкстыльшчыкаў. пл. Савецкая, 6.

№ 6:Палац культуры тэкстыльшчыкаў — трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, пабудаваны ў 1958 годзе па тыповаму праекту (архітэктар І. Рожын) з выкарыстаннем элементаў класіцызму. З тыльнага боку фасаду прымыкае паўкруглы ў плане аб'ём, дзе размешчана парадная лесвіца, а таксама частка фае. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе каланады на ўсю вышыню будынка, якая ўтварае неглыбокую лоджыю з центральным уваходам. На першым паверсе размешчаны вестыбюль, фае, клубныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя памяшканні. На другім паверсе знаходзіцца глядзельная зала на 400 месц, фае, танцпол, пакоі на кружкоў. На трэцім паверсе размяшчаецца лекцыйная зала на 120 месц.

Працяглы час існавала легенда, што будынак пабудаваны «задам наперад»: фасад, які выходзіць да Дома быту, павінен быць галоўным. Але са слоў дачкі прараба Р. Папова, які будаваў гэты будынак, пры ажыццяўленні праекта была прыбрана каланада перад галоўным фасадам, таму ён і ўяўляецца не завершаным. У савецкі час перад галоўным уваходам у падчас дзяржаўных святаў усталёўвалася трыбуна, ля якой праходзілі святочныя калоны. Цяпер на рэканструкцыі. З боку дома быту ў доме знаходзіцца кафэ «Сахара», якое працуе пан-чац, няд 15.00-2.00, пят-суб 15.00-5.00.

Паўднёвы бок[правіць | правіць зыходнік]

На паўдзенным баку няма ніякіх пабудоў, і таму вызначыць дакладна межы плошчы цяжка. Раней тут знаходзіліся Ратуша і палац Радзівілаў.

Цікавыя аб'екты[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]