Рэчкі (Веткаўскі раён)
Вёска
Рэчкі
| ||||||||||||
Рэ́чкі[1] (трансліт.: Rečki, руск.: Речки) — былая вёска ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. На момант скасавання як населенага пункта ўваходзіла ў склад Свяцілавіцкага сельсавета.
Ліквідавана ў 2011 годзе[2].
Радзіма Героя Савецкага Саюза Рыгора Васілевіча Ксяндзова[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Праблема часу ўзнікнення
[правіць | правіць зыходнік]У архіўных зборах Дзерналовічаў захаваўся дакумент «Excerp агранічэння вёскі Галоднай alias Рэчка» 1776 года, які змяшчае звесткі пра зямельныя межы сяла Галоднае-Рэчка («seło Hołodno Reczka»), узятыя з «агранічэння» Чачэрскага староства, «панамі Валовічам старостам Слонімскім і Мікалаем Нарушэвічам старостам Маркоўскім учыненага», а ў 1753 годзе «актыкаванага» ў «гродзе рэчыцкім»[4]. «Excerp» (урывак, фрагмент) апісвае азначаныя межы прыблізна так, як іншыя падобныя дакументы XVIII ст. (гл. ніжэй), але тэкст у ім падаецца не на польскай мове, а па-старабеларуску лацінскай графікай[4]. Гэта дае падставы меркаваць, што пачатковы дакумент быў складзены да XVIII ст. — у часы, калі старабеларуская мова актыўна выкарыстоўвалася ў справаводстве Вялікага Княства Літоўскага. Згадка паноў Валовіча і Нарушэвіча як складальнікаў «агранічэння» дазваляе аднесці час з’яўлення пачатковага дакумента да 1560—1561 гадоў. Менавіта на гэты перыяд прыпадае дзейнасць указаных ураднікаў па рэарганізацыі сістэмы землекарыстання і абкладання сялян у гаспадарскіх валасцях на ўсходзе ВКЛ, а складанне інвентарных апісанняў сталася адным з галоўных яе напрамкаў[5]. Такім чынам, азначаныя гады могуць лічыцца часам першай згадкі вёскі Рэчкі. Разам з тым, падвойная назва «сяла» не вырашае пытанняў яго першаснай лакалізацыі і атаесамлення з геаграфічна блізкай вёскай Галодная, вядомай з пачатку XVI ст.[6]
У Рэчы Паспалітай
[правіць | правіць зыходнік]Першыя больш пэўныя пісьмовыя сведчанні пра Рэчкі адносяцца да 1680 года, пад якім у «Інвентары Чачэрскага староства» сярод сёл міжрэчча Сожа і Беседзі згадваецца вёска Рэчка[7]. У інвентары таго ж староства за 1704 год Рэчка («wies Rzeczka») фігуруе з пералікам пяці жыхароў (імаверна, уладальнікаў домагаспадарак): Андрэй Жораў, Ананя Чырок, Ахрэм Рэчыцкі, Ян Гуля (руднік), Сямён Самацёс (на правах слабады). Вёска сплочвала агульны падатак (відаць, падымнае), парахаўшчыну і старажоўшчыну. Да вёскі прылягалі пусткі Тапуціна, Хаціна, Акулічова, Акеева[8]. Граніцы яе зямель вызначаліся тады наступным чынам[9]:
…пачаўшы ад рэчкі Нёманкі з Шапяловічамі логам, — логам да дарогі Навілаўскай і рэчкі Утоні, борам сечанымі рубяжамі; той рэчкай Утоняй уніз да балота Круг з Наўхоўцамі ў рэчку Кірылаўку; той рэчкай уніз у Рэчку Сядроўку, уверх той рэчкі ў балота Чэрствае, тым балотам на бор сечанымі рубяжамі ў рэчку Нёманку, адкуль граніца пачалася. |
Супольнымі з вёскай Лапічы значыўся «востраў» Калодзінскі выган і луг каля Беседзі[9].
Станам на 1726 год заставалася за Чачэрскім староствам, уваходзячы ў Вотарскае войтаўства. У ёй значылася 5 дымоў з гаспадарамі — Грышка і Васіль Жоравы, Іван Агееў, Міхал Чырок, Даніла Лапацін. Частку зямлі трымалі «руднікі ўсялякія»[10]. Сем гаспадарак знаходзіліся на правах рознатэрміновай слабады. Слабажанамі былі Міна Лавуцін, Кузьма Іваноў, Міхал з Неглюбкі, Мацвей Шаўчонак, Саўка Піліпаў, Мацвей Супруноў і Васіль Чарнаморды[11].
Вёска сплачвала чынш, парахаўшчыну і старажоўшчыну, давала ўсталяваныя нормы мёду, «хмелю добрага без лісця», а таксама «па куру адным» з дыма, асобныя платы «на ягамосць пана губернатара»[12] і гіберну[13]. Граніцы яе істотна не адрозніваліся ад граніц 1704 г. За ёй прызнавалася мясцовасць Галоднае («Hołodno») «у агранічэнні Хізоўскім пад даўнімі рубяжамі», а таксама азёры Галоднае, Смедзін, Мальч (у публікацыі памылкова «Matez») (супольнае з Юркавічамі), Галадзенец[14].
«Інвентар Чачэрскага староства» 1738 года зафіксаваў 8 дымоў вёскі Рэчка з гаспадарамі, сярод якіх ужо вядомыя па 1726 годзе Грышка і Васіль Жоравы, Іван Агееў, Даніла Лапацін, Кузьма Іваноў, а таксама Сцяпан Чырок, Янка Нагееў (Макееў?), Міхей Дубадзел. Агееў, Іваноў і Дубадзел пазначаліся як «прыбылыя», але месца, адкуль прыбылі, канкрэтызавалася толькі для першых двух — «са Старадуба». Таксама да вёскі адносілася 6 слабажан, якія «ў тым року аселі з Казаччыны». Набор павіннасцяў збольшага заставаўся ранейшым за выняткам мёду і асобных плат, няма ў пераліку і гіберны[15].
У 1754 годзе Рэчка ўжо не згадвалася сярод вёсак Чачэрскага староства. Інвентар за адпаведны год упамінае яе толькі ў апісанні прыналежнасці азёр Смедзін і Мальч: абодва вадаёмы знаходзіліся «ў грунце вёскі Рэчкі», але не належалі ёй[16]. У інвентары 1763 г. нават такіх скупых згадак няма[17]. Па ўсім відаць, вёска стала прыватным уладаннем па-за юрысдыкцыяй Чачэрскага староства. Апошняе пацвяржаецца тым, што ў 1765 годзе Рэчка была цэнтрам аднайменнага дзяржання («dzierzawy») у пасесіі рэчыцкага маршалка Халецкага і адносілася да Рэчыцкага павета[18].
Дзяржанне складалася з трох частак — уласна вёскі Рэчка, слабажан (відаць, як асобнае пасяленне), а таксама вёскі Рудня. Гаспадаркі ў іх размяркоўваліся ў наступнай колькасці: Рэчка — 22, слабажане — 6, Рудня — 3[19]. З прозвішчаў даўнейшых жыхароў Рэчкі (1704, 1726) станам на 1765 г. у ёй захоўвалася толькі прозвічша Жораў («Ƶoraw» або «Ƶuraw»), якое насілі тры гаспадары[20]. Асобныя прозвішчы ўказваюць на прафесійную прыналежнасць носьбітаў (ці іх бацькаў) — Ганчаронак, Швец, Дубадзел, Буднік, Цяслёнак[20]. Наяўнасць між слабажан гаспадара, якога клікалі Алёшка Маскаль («Aloszka Moskal»)[21], дае падставы дапускаць прысутнасць у дзяржанні Рэчка пэўнай колькасці старавераў. У вёсцы Рэчка працавала карчма.[20] За слабодскімі значыўся колавы млын[21]. У Рудні ўсе гаспадары былі «руднікі, што жалеза робяць»[21].
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У складзе Расійскай імперыі вёска апынулася ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772)[22]. У «Ведамасці пра дваран Магілёўскай губерні» ад 1777 года вёска запісана як «Рэчкі» («Речки»), належала обер-сакратару Аляксею Васільеву і знаходзілася ў складзе Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, а яе насельніцтва («число головъ») складала 105 чалавек — 98 хрысціянскага і 7 іўдзейскага веравызнання[23]. Паводле звестак генеральнага межавання 1784 года: сяло Рэчкі («Речки» на плане, «Рѣчки» ў тлумачэнні да плана) разам з Рудняй таго ж землеўласніка, але з іншай тытулатурай (правадзейны стацкі саветнік і кавалер)[24][25]. Колькасць жыхароў падавалася як 130 «мужеска пола душ»[25][26].
Наяўнасць у Рэчках царквы адсочваецца на тым жа плане генеральнага межавання прысутнасцю ў размяшчэнні сяла ўмоўнага знаку-крыжыка і пазнак «ЦЗ» (царкоўная зямля) ў наваколлях[24][27]. Але царква існавала тут і раней — ведамасць Магілёўскай духоўнай кансісторыі ад 7 (18) ліпеня 1781 года, пададзеная ў Свяцейшы сінод, рапартавала аб дабраахвотным далучэнні ўніяцкай царквы сяла Рэчкі («Речанская») Рагачоўскага павета да праваслаўя[28][27].
Стараннямі прыхаджан новы будынак царквы быў узведзены ў 1801 годзе, а ў 1859 годзе — капітальна перабудаваны «за кошт казны» з прыбудовай званіцы. Царкоўна-адміністрацыйная прыналежнасць рэчкаўскага храма некалькі разоў змянялася: станам на 1859 г. — Чачэрскі духоўны заказ Рагачоўскага павета (пазней пераназваны ў Чачэрска-Засожскае благачынне), з 1870-х гадоў — 3-я благачынная акруга, з 1885 года — 4-я акруга, з 11 (23) мая 1899 года — 5-я благачынная акруга Гомельскага павета[27].
- Рэчкаўскі клір (1795—1917)[29]
- станам на 1795 — Васіль Якаўлевіч Пагарцаў, святар (імаверны сваяк жыхароў Рэчкі з прозвішчам «Пагарац», вядомых па 1765 годзе[20]); Макарый Мікалаевіч Бекарэвіч, дзячок («дьячок»); Сафроній Емяльянавіч Бекарэвіч, дзячок («пономарь»); Сямён Рыгоравіч Кірыловіч, святар;
- на 1833—1835 — Феадор Шчэрба, дзячок;
- на 1835 — Пётр Цытовіч, дзячок;
- 1836—1840 — Васіль Касмачэўскі, дзячок;
- на 1841 — Андрэй Сямёнавіч Рафановіч, дзячок;
- на пачатак 1840-х — Кірыла Сямёнавіч Кірыловіч, святар;
- на 1854 і 1857 — Мацвей Самуілавіч Бекарэвіч, святар;
- 1859—1871 — Данііл Іванавіч Шымковіч, святар;
- каля 1871 — Антоній Іосіфавіч Данілевіч, святар;
- на 1874 — Андрэй Гервасіевіч Бекарэвіч, псаломшчык;
- 1885—1888 — Іван Міхайлавіч Юдзеніч, святар;
- 1888 — Пётр Казлоўскі, святар;
- 1888—1891 — Аляксандр Іванавіч Зязюлін, святар;
- 1891—1908 — Канстанцін Стэфанавіч Ляпнінскі, святар;
- 1908—1910 — Іаан Лук’янавіч Цюфяеў, святар;
- 1910—1916 — Яўхім Іванавіч Стратановіч, святар;[30]
- на 1913 — Васіль Касмачэўскі, дыякан; Раман Сідаракін, дыякан;
- 1916—1917 — Феадор Маслюкоў, святар;
- на 1916 — Аляксей Сімановіч, псаломшчык; Іван Гогалеў, дыякан;
- на 1917 — Іпаліт Чыгараў, святар (прызначаны за тры дні да Лютаўскай рэвалюцыі).
Згодна са звесткамі перапісу 1897 г. насельніцтва Рэчак складала 589 чалавек (мужчын — 271, жанчын — 318), пераважная большасць з якіх належала да праваслаўнага веравызнання — 563[31].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У 1926—1992 гадах цэнтр Рэчкаўскага сельсавета, адміністрацыйная прыналежнасць якога некалькі разоў змянялася ў сувязі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі пераўтварэннямі: на момант другога ўзбуйнення БССР — у Свяцілавіцкім раёне; з 4 жніўня 1927 — у Веткаўскім; з 12 лютага 1935 — Свяцілавіцкім; з 17 снежня 1956 — Веткаўскім; з 25 снежня 1962 — Гомельскім; з 6 студзеня 1965 — Веткаўскім[30]. Да 26 ліпеня 1930 года адносіўся да Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 — да Гомельскай вобласці[30].
Станам на 1926 год Рэчкаўскі сельсавет складаўся з сяла Рэчкі і аднайменнага насенгаса. Колькасць гаспадарак сельсавета складала 160 (149 у сяле і 11 у насенгасе), тут пражывала 824 чалавекі (763 і 61), з іх мужчын налічвалася 401 (374 і 27), а жанчын — 423 (389 і 34). Нацыянальная прыналежнасць («народнасць») гаспадароў размяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 19 (17 і 2), велікарусы — 135 (129 і 6), іншыя — 6 (3 і 3). У Рэчках меліся паштовы і лекарскі пункты, аддзел спажывецкай кааперацыі, працавалі школа I-й ступені і хата-чытальня[32][30]. Насенная гаспадарка была створана ў былым фальварку[30].
Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у час нямецкай нацысцкай акупацыі захопнікамі былі расстраляныя 18 жыхароў Рэчак узростам ад 7 да 40 гадоў (12 мужчын, 2 жанчыны, 4 дзяцей). Злачынства было ўчынена ў ліпені 1942 года. Сярод забітых — сям’я рэчкаўцаў Рабінаў: муж Архіп Уладзіміравіч Рабіна 37 гадоў, жонка Ліда 39 гадоў, чацвёра дзяцей 7, 10, 12 і 16 гадоў адпаведна[33]. На прымусовыя працы ў Германію акупанты сагналі адну жыхарку вёскі Рэчкі (у ліку васьмі жыхароў Рэчкаўскага сельсавета) — Марыю Аліціну[34].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Краявід ракі Нёманкі з моста на ўездзе ў Рэчкі, 2012 год.
-
Пакінуты дом у Рэчках, 2012 год.
-
Воінскае пахаванне на Рэчкаўскіх могілках, 2022 год.
-
Старыя крыжы, 2022 год.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Решение Ветковского районного Совета депутатов от 27 декабря 2011 г. № 74 Об упразднении сельских населенных пунктов на территории Ветковского района Архівавана 5 чэрвеня 2021. (руск.)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 544.
- ↑ а б Wyznaczenie granic wsi Rzeczki alias Hołodna, 1776 Архівавана 8 ліпеня 2022. // Archiwum Doria Dernałowiczów. — Арк. 1.
- ↑ Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 18-19.
- ↑ Новаіванаўка // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Т.1, кн.1. — Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 229.
- ↑ Темушев, В. Н. Гомельская земля в конце XV — первой половине XVI в. : территориальные трансформации в пограничном регионе / В. Н. Темушев. — Москва : Квадрига, 2009. — С. 111—112.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1704 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 20-21.
- ↑ а б Инвентарь Чечерского староства 1704 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 21.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1726 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 73.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1726 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 74.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1726 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 74.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1726 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 84.
- ↑ Инвентарь Чечерского староства 1726 г. // Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске [Текст]. — Витебск : Губернская Типо-Литография, 1900. — Вып. 28. — С. 74-75.
- ↑ Akt Inwentarza starostwa Czeczerskiego, 1738. — Арк. 1322 адв. — 1323.
- ↑ Inwentarz starostwa Czeczerskiego, 1773. — Арк. 7.
- ↑ Inwentarz starostwa Czeczerskiego, 1763.
- ↑ Lustracya dzierzawy Rzeczka, Архівавана 24 студзеня 2021. 1765. — Арк. 99.
- ↑ Lustracya dzierzawy Rzeczka, 1765. — Арк. 100—101.
- ↑ а б в г Lustracya dzierzawy Rzeczka, 1765. — Арк. 100.
- ↑ а б в Lustracya dzierzawy Rzeczka, 1765. — Арк. 101.
- ↑ Рэчкі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Т.1, кн.1. — Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 241.
- ↑ Ведомость о дворянах Могилевской губернии, 1777 г. — Арк. 101.
- ↑ а б Генеральный план Рогачевского уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г. — Аб’ект 107.
- ↑ а б Планы дач генерального и специального межевания, 1746—1917 гг. (коллекция). / Опись 241. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Рогачевский. — Л. 16.
- ↑ З дакумента няясна, асобна гэта ад Рудні ці сукупна з ёй.
- ↑ а б в Ольшанов, И. Под защитой архангела Михаила. Исторические очерки / И. Ольшанов, С. Цыкунов. — Гомель : БелГУТ, 2019. — С. 201.
- ↑ Горючко, П. Материала для истории воссоединения униатов в Белоруссии 1780—1795 годов // Могилевские епархиальные ведомости. — 1903. — № 1-2. — Отд. 4. — С.9-10.
- ↑ Ольшанов, И. Под защитой архангела Михаила. Исторические очерки / И. Ольшанов, С. Цыкунов. — Гомель : БелГУТ, 2019. — С. 201—209.
- ↑ а б в г д Рэчкі // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. — Т.1, кн.1. — Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 242.
- ↑ Населенные места Российской империи в 500 и более жителей с указанием всего наличного в них населения и числа жителей преобладающих вероисповеданий, по данным первой всеобщей переписи населения 1897 г. / предисл.: Н. Тройницкий. — Санкт-Петербург : типография «Общественная польза», 1905. — Отд. 2. — С. 114.
- ↑ Список населенных мест Гомельского округа. Гомельское окр. статистическое бюро. — Тип. «Полеспечать», 1927. — С. 68—69.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 2 об. — 3; 139—139 об.
- ↑ Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 40. Л. 4 об.; 140; 143.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэчкі (Веткаўскі раён)