Свята-Мікалаеўскі сабор (Слуцк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Свята-Мікалаеўскі сабор
53°01′41″ пн. ш. 27°33′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк
Канфесія Праваслаўе
Тып будынка Царква
Будаўніцтва 1889
Стан страчана
Map

Свята-Мікалаеўскі сабор — колішні праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва Мікалаеўскага сабора было завершана ў 1889 годзе. Праект падрыхтавалі ў майстэрні епархіальнага архітэктара. За будаўніцтвам з 1886 года наглядаў мясцовы інжынер-будаўнік Нектарыеўскі.

Пасля ўсталявання Савецкай улады сабор закрылі. Самы вялікі храмавы звон быў скінуты адступаючымі з горада бальшавікамі яшчэ ў 1918 годзе.

Пасля закрыцця сабор быў ператвораны ў склад, а летам 1934 годзе разбураны. На падмурку разбуранага сабора быў пабудаваны Дом культуры.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сабор быў збудаваны ў руска-візантыйскім стылі. Адносіўся да традыцыйнага ў праваслаўным дойлідстве крыжова-купальнага тыпу. Да галоўнага кубападобнага аб’ёму далучаліся пакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі бабінец, два бакавыя прыдзелы і паўкруглая ў плане апсіда. Чацвярык галоўнага аб’ёму за кошт паступовага зрэзу вуглоў ператвараўся ў шматгранны светлавы барабан, які пакрываў паўсферычны гранёны купал. Па галоўнай восі да храма прымыкала купальная трох’ярусная званіца: завершаны васьмерыком чацвярык са зрэзанымі вугламі на чацвярыку. У ніжнім ярусе званіцы меўся арачны ўваходны праём, да яго вялі прыступкі. Таксама былі два бакавыя ўваходы ў прыдзелах. Да алтарнай апсіды з бакоў былі прыбудаваны два невялікія аб’ёмы рызніцы і панамарні.

Чырвоны колер сцен будынка спалучаўся з атынкаванымі і выбеленымі дэталямі: паяскамі, сандрыкамі, паўкалонамі і інш. Дах, купалы храма і званіцы мелі зялёную афарбоўку, а крыжы былі пазалочанымі. З-за колеру купалоў у народзе храм называлі «Зялёны сабор»[крыніца?]. Яго вярхі можна было заўважыць з самых аддаленых частак горада.

Унутраная прастора мела манументальную размалёўку, цэнтральны купал упрыгожвала выява святога Мікалая[1].

Зноскі

  1. Ігар Ціткоўскі.. Царква cвятога Мікалая. Наследие Слуцкого края (5 верасня 2016).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Будзімер Б. Случчына // Спадчына. 1999. № 3, с. 192.
  • Лукьянцева Л. О Николаевском соборе и его настоятеле // Інфа-Кур’ер. 2001. № 31, с. 4.
  • Минские епархиальные ведомости, 1885, № 14, 18.
  • Минские епархиальные ведомости. 1886. № 3, с. 34-35.
  • Преображение. Слуцк. 1995. № 5, с. 16.
  • Процька Т. Становление советской таталитарной системы в БССР. Мн. 2002, с. 307.
  • Товаров А. Историко-статистическая справочная книжка Минской епархии. Мн. 1903, с. 161.
  • Тычина М. Взрыватель храмов // Інфа-Кур’ер. № 15. 2004, с. 6.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889.