Смог (Міжзем’е)
Смог або Смаўг (smaʊg[1]), у беларускім перакладзе Драк — агнядышны крылаты цмок у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна і галоўны антаганіст у рамане 1937 года «Хобіт». Ён апісаны як «асабліва хцівы, моцны і зламысны»[2]. Быў выведзены Моргатам, нароўні з іншымі цмокамі, для застрашвання насельніцтва Міжзем'я і падрыхтоўкі да вайны. Вядомы тым, што ў 2770 годзе Трэцяй эпохі Міжзем'я знішчыў горад Дэйл і авалодаў скарбамі гномаў Адзінокай гары.
Згадкі ў творах[правіць | правіць зыходнік]
«Хобіт»[правіць | правіць зыходнік]
Драк быў адным з астатніх вялікіх цмокаў Міжзем'я. Пра яго стала ўпершыню вядома пасля яго нападу на Дол і захопу Адзінокай гары з усімі яе скарбамі. Гэта адбылося прыкладна за 150 гадоў да падзей «Хобіта», і дагэтуль Смог ужо меў узрост некалькі стагоддзяў. У «Хобіце» распавядаецца пра выправу гномаў і хобіта Більба Торбінса да Гары, каб забіць цмока і вярнуць гномам іх каралеўства.
За стагоддзі, што Драк правёў лежачы на золаце і каштоўных камянях у сваіх уладаннях, гэтыя каштоўнасці ўпіліся ў скуру на яго бруху, зрабіўшы і без таго непранікальную браню з лускі яшчэ крапчэйшай. Аднак Більба, убачыўшы цмока ў яго логаве, угледзеў на левых грудзях маленькі неабаронены лапік скуры. Яго расповед пра гэта падслухаў дрозд і распавёў Барду Лучніку з Эсгарота. Калі Смог заатакаваў горада, Бард забіў цмока трапным выстралам у яго неабароненую кропку.
Сярод нарабаванага Смогам былі выяўлены Аркенстон і некалькі міфрылавых кальчуг, адну з якіх Торын Дубашчыт падараваў Більба. Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтая кальчуга не раз уратоўвала Більбавага пляменніка Фрода ад пагібелі.
«Вяртанне караля»[правіць | правіць зыходнік]
У дадатку A, секцыі III «Вяртання караля» Смог згаданы як «найвялікшы з цмокаў свайго часу», які, пачуўшы пра багацці Эрэбара, «паўстаў і без папярэджання напаў на караля Трора, накінуўшыся на гару ў полымі». У гэтым тэксце сцвярджаецца, што цмокі жылі ў пустцы (Ссохлая Пустэча) па-за Шэрымі гарамі, «абвясціўшы вайну гномам і рабуючы іх майно». Можна меркаваць, што і Смог з'явіўся адтуль.
«Няскончаныя казанні»[правіць | правіць зыходнік]
У аповедзе «Паход на Эрэбар» (англ.: The Quest of Erebor) Гэндальф кажа, што ён чакаў, што Смог можа ўяўляць сур'ёзную пагрозу, калі яго скарыстае Саўран, які тады знаходзіўся ў Дол Гулдуры ў Ліхалессі. Гэта і стала матывам удзелу Гэндальфа ў выправе Торына з кампаніяй дзеля адваявання іх радзімы.
Вобраз Смога ў кіно[правіць | правіць зыходнік]

У экранізацыі кнігі «Хобіт» рэжысёра Пітэра Джэксана — «Спусташэнне Цмока» 2013 года вобраз цмока стварыў англійскі акцёр Бенедыкт Камбербэтч з дапамогай тэхналогіі «захопу руху і мімікі» і агучвання персанажа[3].
Зноскі
- ↑ J. R. R. Tolkien. Appendix E — Writing and Spelling: I. Pronunciation of Words and Names // The Lord of the Rings.: «All these diphthongs were 'falling' diphthongs, that is stressed on the first element, and composed of the simple vowels run together. Thus … au (aw) as in loud, how and not laud, haw.»
- ↑ Джон Рональд Руэл Толкін. 1. Нечаканая вечарынка // Хобіт, або вандроўка туды і назад = The Hobbit or There and Back Again. — 2002. — 264 с. — ISBN 978-985-7916-41-7.
- ↑ Mike Fleming Benedict Cumberbatch To Voice Smaug in ‘The Hobbit’ (англ.) (16 чэрвеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 29 лютага 2012. Праверана 27 снежня 2011.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Вікі-энцыклапедыя (англ.)
- Tolkien Gateway (англ.)