Стралічава

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Аграгарадок
Стралічава
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
749 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254848126
Стралічава на карце Беларусі ±
Стралічава (Беларусь)
Стралічава
Стралічава (Гомельская вобласць)
Стралічава

Стралі́чава[1] (трансліт.: Straličava, руск.: Стреличево) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад і з’яўляецца цэнтрам Стралічаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад шашы Р35.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на 1581 год як слабада Стралічаў[заўв 1] Астраглядаўскага маёнтка пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. З яе чатырох дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4-6 грошаў падатку[2]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Стралічаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[3].

30 сакавіка 1590 года пан Ш. Харлінскі выступіў з пратэстам у Кіеўскім гродскім судзе супраць дзеянняў старосты чаркаскага князя Аляксандра Вішнявецкага і губернатара яго Брагінскага маёнтка Кірыяна Вайніловіча, за насланне падданых брагінскіх на сёлы Стралічаў і Дворышча, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, збіццё і калечанне людзей, забранне коней і быдла, пашкоджанне камораў, учыненне розных гвалтаў[4]. 18 сакавіка 1614 года ў тым жа судзе складзены дэкрэт па справе пана Мікалая Харлінскага да князя Адама Вішнявецкага за тое, што яго людзі падданых стралічаўскіх на дарозе dobrowolney схапілі, да Брагіна адвялі, звязнілі, а коней і рэчы затрымалі[5]. 12 чэрвеня 1618 года Мікалай Харлінскі праз суд запатрабаваў ад брата Юрыя Харлінскага вяртання яго падданых з вёскі Стралічаў, збеглых да Бышава. Месяцам раней М. Харлінскі дамагаўся вяртання збеглых стралічаўцаў ад пана Мікалая Францкевіча Радзімінскага, уладальніка вёскі Масаны. 7 чэрвеня 1623 года датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родзічаў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[6].

У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[7], жанатага з яе дачкой Евай. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з васьмі дымоў (×6 — каля 48 жыхароў) сяла Стралічава мусіў плаціць па тры злотыя[8].

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 30 дымоў сяла Стралічава Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 5 злотых; у другі раз — 5 злотых з 5 дымоў[9]. У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 года і 20 снежня 1688 года маюцца звесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых збілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, чаго, аднак, не зрабіў. Быў асуджаны на вечную баніцыю, што і актыкавана ў Мазырскім гродскім судзе[10].

На 1698 год, як тое вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім у кіраванне пана Зыгмунта Шукшты, у Стралічаве было 18 двароў, гаспадар аднаго з якіх памёр. Паводле рэвізіі 1716 года, налічвалася ўжо 38 гаспадарак, тры з іх былі вызваленыя ад асноўных павіннасцей (słoboda), таму выплачвалі хіба ачковае — грашовую даніну за валоданне пасекай. Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у Стралічаве было 37 гаспадарак, якія, акрамя дзякла, плацілі чыншу 162 злотыя, ачковага 30 злотых, 22 з паловай грошы, паншчыну адпрацоўвалі ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі. На той час у Стралічаве існаваў і фальварак, а сярод местачковых яўрэяў названы Лейба Стралічаўскі. Прозвішчы жыхароў — Баран, Курыленка, Сідарок, Фурс, Кісель, Міхедзенка, Дзянісенка, Бондар, Бандарэнка, Сцепаненка, Тарасюк (Тарасенка), Драздэнка (Drozdonko), Стукачык, Мінчук, Гоман, Ігнаценка (Ігнатко), Мякен(ь)кі (Мяккі), Пінчук, Чэркас, Турчын, Табачны, Корзун[11].

Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года, Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[12]. У 1748 годзе Стралічаў названы ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[13]. На 1754 год у Стралічаве налічвалася 57 двароў (прыкладна 342 жыхары), з якіх да Оўруцкага замка выплачвалася 8 злотых, 26 грошаў, на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства 35 злотых і 14 грошаў[14].

Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у сяле Стралічаў жылі адпаведна 10, 4 і 6 чалавек (głowy), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[15]. Убыванне колькасці яўрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года, адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясцінаў.

20 жніўня 1776 года апекуны Людвікі Шуйскай, пасэсары добраў Хойнікі і Астраглядавічы князі Шуйскія, старосты ніжынскія, абвінавачвалі ў Оўруцкім гродскім судзе пяцігорскага палкоўніка Міхала Ракіцкага, дзедзічнага ўладальніка Брагінскага маёнтка, і пасэсара вёскі Мокіш пана Міклашэвіча, у тым, што сяляне мокішскія пакасілі стралічаўскія сенажаці, вялікія шкоды ўчыніўшы[16]. У 1777 годзе ў Стралічаве ўзведзены новы драўляны будынак Свята-Міхайлаўскай царквы[17][заўв 2]. 12 верасня 1785 года ў Оўруцкім гродзе з’явілася скарга, пададзеная сужэнствам Каралем і Людвікай з князёў Шуйскіх Прозарамі на пана Аслоўскага, які па-хуліганску наехаў на сяло, людзей напалохаў ды разагнаў па палях[19].

Расійскай імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стралічаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[20]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, Стралічаў названы сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[заўв 3], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[21]. Паводле рэвізіі 1795 года, эканомам у фальварку Стралічаў служыў па кантракту шляхціч Габрыель, сын Яна, Дамброўскі[22]. Сяло мела 81 двор з 330 душамі мужчынскага і 304 жаночага пола прыгонных сялянаў. Яшчэ тут жылі вольныя людзі, «именуемые бояре или земяне.., платящие чинш», Васілеўскія[заўв 4], якіх усяго — 8 мужчын і 10 жанчын[23].

Фальварак і сяло Стралічаў на карце Ф. Ф. Шуберта, сярэдзіна XIX ст.

З 1808 года прыходcкім святаром Міхайлаўскай царквы ў Стралічаве[заўв 5] пачаў служыць Антоній Іванаў Гашкевіч[24], бацька будучага дыпламата і мовазнаўца Іосіфа. На 1811 год у гэтым сяле пані Людвікі Прозар налічваўся 81 двор з 240 душамі прыгонных «мужеска пола»[заўв 6][25]. 28 лютага 1812 года фальварак Стралічаў разам з сялом і ўсімі ўгоддзямі аддадзены ў трохгадовую арэнду за плату ў 2550 рублёў серабром штогод сужэнству Францішку і Людвіцы Каперніцкім[26].

У кастрычніку 1833 года стралічаўскі святар Антоній Гашкевіч і панамар Пётр Леановіч звярнуліся з «нижайшим прошением» да епіскапа Мінскага і Гродзенскага Яўгенія, «припадая к стопам… Преосвященства», абы прызначыў ім жалаванне. Хлебная ссыпка бо на іх утрыманне не паступала, з-за беднасці прыхаджанаў ўсе царкоўныя трэбы выконваліся без усялякага ўзнагароджання, царкоўная зямля без угнаенняў, якіх ніяк не здабыць, зусім не радзіла. А ў іх жа сем’і; у святара сыны яшчэ і вучыліся[27]. Па смерці ад чахоткі ў жніўні 1836 года А. Гашкевіча[28] прыход прыняў святар Якаў Мікалаеў Змаровіч, ажаніўшыся з дачкой нябожчыка Ганнай[29]. Інвентар Хойніцкага маёнтку 1844 году засведчыў прыналежнасць фальварка і сяла Стралічаў пану Уладзіславу Прозару[30]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 480 жыхароў Стралічава абодвух полаў былі прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы[31].

У парэформенны перыяд Стралічаў — у Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года ў сяле было 224 гаспадакі сялян-уласнікаў, прыпісаных да Стралічаўскага сельскага таварыства[32]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы названыя настаяцель а. Раман Гласко, в. а. штатнага псаломшчыка Фёдар Мігай і звышштатны Іван Загароўскі, просфірня Еўфрасіння Бабарыкіна. Да прыходу, акрамя Стралічава, належалі Губарэвічы, Руднае і Навасёлкі.[33]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 1015 мужчын і 1120 жанчын. Настаяцелем з 1 студзеня 1877 года, пасля спачыну зяця Р. Гласко[заўв 7], зноў стаў а. Якаў Змаровіч[34]. У 1886 годзе ў сяле 66 двароў, 537 жыхароў, вятрак і конны млын[35].

Увесну 1905 года ў жыхароў Стралічава «возникли недоразумения» ў дачыненнях з адміністрацыяй аднайменнага маёнтку ганаровага грамадзяніна М. П. Аўраамава з прычыны таго, што сяляне пачалі свавольна выпасаць жывёлу на зямлі памешчыка, уважаючы яе сваёй. 23 мая, на загад мінскага губернатара, сюды прыбыла 13-я рота 316 пяхотнага Вышневалоцкага палка. 25 мая ўсе спробы арыштаваць зачыншчыкаў з ліку 300 бунтаўнікоў (амаль уся вёска), як і каманда жаўнерам «на изготовку» нібы для пачатку страляніны, скончыліся безвынікова. У наступныя дні, пасля пагаднення бакоў аб карыстанні пашамі, хваляванні супакоіліся[36]. На 1909 год у сяле Стралічаў 162 двары, 1036 жыхароў, у аднайменным хутары 4 двары, 41 жыхар[37].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міра з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[38].

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучана да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Стралічаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) налічвалася адпаведна 65 і 125 вучняў[39].

Стралічаў на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

З 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Стралічаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай вобласці БССР. Арганізаваны саўгас «Стралічава». У 1930 годзе створаны калгас «Пралетарый», працавалі вінакурня, вятрак, дзве кузні, цагельня, стальмашня, шорная майстэрня. У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік У. І. Табачны). 200 вяскоўцаў загінулі на франтах.

Пасля скасавання Палескай вобласці 8 студзеня 1954 года Хойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Тады ў Стралічаве існавала сямігадовая школа[40].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1850 год — 70 двароў, 290 жыхароў.
  • 1897 год — 139 двароў, 848 жыхароў (згодна з перапісам).
  • 1930 год — 175 дваров, 1072 жыхара.
  • 1959 год — 1828 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2001 год — 349 двароў, 979 жыхароў.
  • 2009 год — 818 жыхароў.
  • 2021 год — 261 гаспадарка, 749 жыхароў[41].

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сярэдняя школа
  • Дом культуры
  • Бібліятэка
  • Аддзяленне сувязі

Памятныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

  • Малітоўны дом евангельскіх хрысціян баптыстаў
  • Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Памятны знак у гонар Іосіфа Гашкевіча ў Стралічаве[заўв 8]. Фота Вікторыі Мароз.
Запіс аб нараджэнні-хросце Іосіфа Гашкевіча ў метрычнай кнізе Свята-Міхайлаўскай царквы.
  • Іосіф Гашкевіч (1814—1875) — дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.
  • Уладзімір Зінкевіч (1951) — беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2004), прафесар (2005), сябра Беларускага саюза мастакоў (1982).

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. На Генеральнай карце «Беларускія землі ў XVI ст.» Вялікага гістарычнага атласа Беларусі Стралічаў не паказаны, у адрозненне ад Камарына, які на той час не згаданы ні ў адной крыніцы.
  2. Сцвярджэнне С. В. Марцэлева нібы царква збудавана ў 1795 г.[18] — адна з шматлікіх прыдумак аўтара; у наяўных крыніцах такой звесткі няма.
  3. Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павета і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расіі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладанні.
  4. Прысутны пры хросце ў 1814 г. Іосіфа Гашкевіча Аляксандр Васілеўскі ўважаў сябе за шляхціча.
  5. Да расійскага праваслаўя павернутая ў 1795 г.
  6. Гэта як быццам на 90 душ меней, чым у 1795 годзе, пры нязменнай колькасці двароў...
  7. Паведамленне іерэя Расціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна.
  8. Дата смерці тут памылковая; слушна — 15 мая 1875 г.[42]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Стрэ́лічава, Стралі́чаў, Стрэ́лічаў, м.
  2. Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  3. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  4. Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8
  5. AGAD. APiJ. S. 15
  6. ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 248, 282, 637
  7. AGAD. APiJ. S. 56
  8. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  9. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488, 507
  10. AGAD. АРiJ. S. 43, 44
  11. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 122, 123адв.-124, 130адв., 139адв., 141—141адв.
  12. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  13. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148.
  14. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 193; гл. таксама: С. 13—15, 20—22.
  15. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  16. AGAD. APiJ. S. 80
  17. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 34-34адв.
  18. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. С. 460
  19. AGAD. APiJ. S. 32-33
  20. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182.
  21. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  22. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 260
  23. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 155-168адв.
  24. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 334—335
  25. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 1033—1042
  26. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8-9
  27. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 9827. А. 2-2адв.
  28. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 538. А. 707адв.
  29. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 539. А. 710адв.
  30. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 4, 18-27
  31. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
  32. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69.
  33. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 457
  34. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 130—131
  35. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  36. Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 46—47
  37. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 195
  38. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  39. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  40. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  41. Численность проживающих на территории Стреличевского сельсовета на 01.01.2021 г./
  42. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 605. Воп. 20. Спр. 484. А. 59адв. – 60

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]