Паселічы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Паселічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Паселічы на карце Беларусі ±
Паселічы (Беларусь)
Паселічы
Паселічы (Гомельская вобласць)
Паселічы

Пасе́лічы[1] (трансліт.: Pasieličy, руск.: Поселичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Знаходзіцца за 8 км на паўднёвы ўсход ад Хойнікаў, за 111 км ад Гомеля[2], за 3 км ад аўтамабільнай дарогі Р35.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі на 1581 год як слабада Паселічы (Poselnicze) Астраглядаўскага маёнтка пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. З яе пяці дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з двух агароднікаў, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4-6 грошаў, з аднаго каморніка — 2 грошы падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Паселічы належалі тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бразоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].

27 снежня 1586 г. Шчасны Харлінскі выступіў з судовым пратэстам да ўдавы княгіні Аляксандравай Вішнявецкай за гвалтоўнае насланне людзей на добра Астраглядавічы, Хойнікі, Багушы, Паселічы, а падданых тамтэйшых дзедзічных з жонкамі і дзецьмі, з усімі хатнімі рэчамі забранне і ў добрах сваіх Брагінскіх пасяленне[5]. 12 ліпеня 1594 г. пан падкаморы Ш. Харлінскі падаў скаргу ў суд на князя Вішнявецкага за напад узброеных людзей яго Брагінскай воласці на grunt własny Posielicki, за жорсткае збіццё пастуха пры статку быўшага, забранне да колькіх соцень галоў быдла і сена з сенажацяў[6].

26 чэрвеня 1600 г. пан падкаморы нарэшце адпісаў Астраглядаўскі двор з прыселкамі, 13 сёл, сярод якіх Паселічы (Poseliczy), 1 слабаду, частку пляцаў у Кіеве свайму сыну пану Мікалаю Харлінскаму. 12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў з грунту Азярышча, што да вёскі Паселічы належаў, ды ўвялі іх да добраў Рожава. 7 чэрвеня 1623 года удава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і астатнімі Харлінскімі, родзічамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[7].

У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[8], жанатага з яе дачкой Евай. У 1628 годзе пан М. Абрагамовіч z Posielicz, з шасці дымоў (×6 — каля 36 жыхароў) мусіў плаціць па тры злотыя[9].

Іншая сітуацыя склалася да канца XVII стагоддзя. Вельмі верагодна, што і жыхары Паселічаў былі ў ліку тых 77 дымоў (прыкладна 462 чалавекі) Хойніцкага маёнтка князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў іншыя, больш спакойныя мясціны. Таму на 1698 год у былой вёсцы Паселічы існаваў адзін толькі двор; гаспадар яго, прыгонны Wasila Siniaka syn выплачваў дзедзічнаму ўладальніку князю Дамініку, сыну Канстанціна, Шуйскаму ў асобе адміністратара пана Зыгмунта Шукшты чынш у 5 злотых і дзякла. Паводле рэвізіі 1716 і інвентара 1721 года, калі добра вярталіся ад пасэсара (арандатара) ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча сыну нябожчыка князя Дамініка князю Мікалаю Шуйскаму, зямлю на хутары Паселічы мелі пакуль яшчэ вольны селянін Лукіян і пан Віслаух, якія z gruntu плацілі ў тыя гады адпаведна па 20 і 25 злотых[10]. Тарыф падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства на 1734 год засведчыў прыналежнасць Паселічаў да маёнтка Хойнікі князя Ігнацыя, сына Дамініка, Шуйскага[11].

Паводле звестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Паселічы былі сярод вёсак, частка жыхароў якіх (з ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[12]. У 1754 годзе з 15 двароў (каля 90 жыхароў) вёскі Паселічы Хойніцкага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 2 злотых і 9 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 9 злотых і 8 грошаў[13]. Працягваліся памежныя канфлікты. 14 ліпеня 1763 года пасэсар паселіцкі і рашаўскі пан Рафальскі засведчыў у Оўруцкім гродскім судзе, што людзі пана Міхала Ракіцкага, уладальніка маёнтка Брагін, і яго сваяка маршалка мазырскага Рафала Аскеркі збілі ды ўсяляк мардавалі падданага ўладальнікаў Хойніцкага маёнтка князёў Шуйскіх, які высякаў дрэвы «na wlasnym gruncie y lesie Posielickiem»[14].

Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у Паселічах налічвалася адпаведна 7, 2 і 4 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[15]. Пэўна, на колькасць яўрэяў у вёсцы не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 года, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Паселічы апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 годзе ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[16]. У 1796 годзе вёска Паселічы згаданая сярод уладанняў пана Людвіка[заўв 1] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[17].

2 лютага 1807 года фальварак Паселічы з вёскамі Паселічы і Малішаў аддадзены ў пажыццёвую арэнду пані Караліне Крушэўскай за штогадовую выплату 9 800 польскіх злотых пры ўмове, што ў выпадку смерці пані Людвікі Прозар тая арэнда будзе спынена[18].

Паселічы на карце Ф. Ф. Шуберта сярэдзіны XIX ст.

Паводле інвентара, складзенага 10 снежня 1844 года, вёска і фальварак Паселічы былі ў складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[19]. Згодна з энцыклапедыяй «Гарады і вёскі Беларусі», на 1850 год налічвалася 22 двары. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 154 жыхары абодвух полаў з вёскі Паселічы былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 2 асобы з фальварка з'яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[20].

У парэформенны час Паселічы ў Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 91 мужчынская душа з сялян-уласнікаў, прыпісаных да Паселіцкага сельскага таварыства, трое аднадворцаў, прыпісаных да воласці[21]. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Паселічы заставаліся ў прыходзе Хойніцкай царквы[22]. Са снежня 1887 года тут працавала «школа грамотности», дзеля чаго сельскае таварыства пастанавіла ахвяраваць 30 рублёў і забяспечыць ацяпленне і асвятленне будынка[23]. Перапіс 1897 года засведчыў наяўнасць 60 двароў, 396 жыхароў, капліцы, школы граматы, хлебазапаснай крамы. Працягваў існаваць і фальварак. У 1909 годзе ў вёсцы Паселічы налічвалася 58 двароў, 386 жыхароў, побач аднаіменны хутар (фальварак) з адным дваром і 32 жыхарамі[24].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паселічы ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[25].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Паселічах працавала школа першай ступені (г. зн. пачатковая) з 85 вучнямі[26].

З 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Паселіцкага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі БССР. У 1929 годзе арганізаваны калгас «3-ці год пяцігодкі», працавала кузня. У 1930 годзе 119 двароў, 651 жыхар. З 20 лютага 1938 года ў Палескай (цэнтр у Мазыры) вобласці. 60 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. З 8 студзеня 1954 года Паселічы — у складзе Гомельскай вобласці. На 1955/56 навучальны год (відавочна, ужо і раней) існавала беларускамоўная сярэдняя школа[27].

Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы налічвалася 559 жыхароў. Цэнтральная сядзіба калгаса «Світанне».

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 2000 год — 312 жыхароў у 111 дварах[2].

Памятныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Так, бывала, скарыстоўваючы імя жонкі Людвікі, падпісваўся абозны Караль, каб браць удзел у справах павета альбо вырашаць маёнтковыя праблемы. Гэта былі яе добра, на яго тады яшчэ не запісаныя.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. 2,0 2,1 БелЭн, 2001
  3. Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  4. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  5. Archiwum Główny Akt Dawnych. Warszawa (далей AGAD. APiJ). Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 1. S. 6
  6. AGAD. APiJ. S. 11
  7. ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60, 281, 637
  8. AGAD. APiJ. S. 56
  9. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  10. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 125адв., 130адв., 140
  11. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  12. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  13. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 191
  14. AGAD. APiJ. S. 73
  15. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  16. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  17. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  18. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8
  19. НГАб. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475
  20. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 666
  21. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. – Минск, 1870. Л. 68об.
  22. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  23. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1888. № 9. С. 257, 260
  24. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 162
  25. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  26. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  27. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 12 (аркуш без нумарацыі)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]