Тадэвуш Гарэцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тадэвуш Гарэцкі
Дата нараджэння: 1825[1][2][3]
Месца нараджэння:
Дата смерці: 1868[1][2]
Месца смерці:
Месца пахавання:
Грамадзянства:
Бацька: Антоні Гарэцкі
Жонка: Марыя Гарэцкая[d]
Род дзейнасці: мастак, выкладчык
Жанр: жывапіс
Вучоба:
Узнагароды:
Ордэн Льва і Сонца
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

Тадэвуш Гарэцкі (Гурэцкі) (польск.: Tadeusz Górecki; 1825, Віленская губерня, Расійская імперыя — 1868, Вішы, Францыя) — мастак, акадэмік гістарычнага жывапісу, педагог[4]. Творчасць цесна звязана з культурным жыццём Беларуси, Литвы, Расии и Польшчы[4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Партрэт брата Людвіка, 1843

Паходзіў з роду Гарэцкіх гербу «Даленга»[5]. Нарадзіўся недалёка ад Вільні ў маёнтку Дусеняты ў сям’і польскага паэта Антонія Гарэцкага (1787—1861)[6], удзельніка польскага паўстання 1830 года, які пасля паражэння быў пазбаўлены расійскімі ўладамі маёмасці, уцёк у Парыж, пакінуўшы сям’ю ў Вільні, і жыў у эміграцыі[7]. Маці Тадэвуша, Вераніка Гарэцкая, была, па сведчаннях сучаснікаў, вельмі прывабнай і разумнай жанчынай[5]. Старэйшы брат Людвік служыў афіцэрам у рускай арміі, праз некалькі гадоў удзельнічаў у чыне капітана ў Крымскай вайне і быў забіты.

Дзяцінства[правіць | правіць зыходнік]

З прычыны ўцёкаў бацькі за мяжу і канфіскацыі маёмасці сям'я цярпела вялікія матэрыяльныя цяжкасці. Вераніка Гарэцкая была вымушана звярнуцца да расійскіх урадаў у асобе шэфа корпуса жандараў і начальніка Трэцяга аддзялення ўласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі А. Х. Бенкендорфа за падтрымкай[5]. Апошні ў рапарце Мікалаю І ад 30 красавіка 1841 года хадайнічаў[5] аб прыняцці Тадэвуша Гарэцкага ў Пецярбургскую акадэмію прыгожых мастацтваў і прызначэнні яму стыпендыі ад урада, тлумачачы сваю просьбу наступным чынам: «принимая во внимание, что мать, отдающая в руки правительства своего сына, заслуживает полного уважения, и желая доказать, что оно всегда изъявляет благосклонность к тем из них, которые вручают оному детей своих..». Цар напісаў на рапарце «згодны», і лёс сына паўстанца быў вырашаны. Стыпендыя ў 350 рублёў, якая была прызначана Тадэвушу царом, удвая пераўзыходзіла звычайныя выплаты вучням Акадэміі. Людвіку Гарэцкаму была наканавана вайсковая кар’ера, таксама пры падтрымцы Бенкендорфа[5].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Рана прычыніўся да малявання. Верагодна, першыя спробы зрабіў пад кіраўніцтвам свайго кузэна Валянціна Ваньковіча. Малады Гарэцкі мог таксама наведваць і майстэрню Вікенція Дмахоўскага, які ў той час жыў у Вільні[5].

Першыя прафесійныя ўрокі выяўленчага мастацтва Ф. Гарэцкі атрымаў у класе К. Русецкага.

Сляпы з павадыром

У 1841 паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу[4] і вучыўся жывапісу пад кіраўніцтвам К. П. Брулова. Дзякуючы сваім здольнасцям, хутка стаў адным з лепшых яго вучняў. Ужо праз год Гарэцкі выставіў на штогадовай выстаўцы ў Акадэміі дзве работы, якія звярнулі на сябе ўвагу знаўцаў прыгожага мастацтва, а яшчэ праз год за карціну «Сляпы з павадыром» ён атрымаў сярэбраны медаль ІІ класа[5].

Паралельна з навучаннем у Акадэміі Тадэвуш дапамагаў Карлу Брулову ў стварэнні фрэсак для Ісакіеўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу (1843—1847)[7].

Ля ложка паміраючай

Узнагароджаны малым срэбным медалём у 1843 годзе. У 1845 годзе атрымаў залаты медаль за экспрэсію ў карціне «Споведзь дзяўчыны ў каталіцкага святара»[8].

«Партрэт Пятра Клота», 1950

У 1848 годзе ўзнагароджаны Вялікім залатым медалём за напісаную для конкурсу карціну «Хрыстос бласлаўляе дзяцей». У 1850 падаў заяўку і быў ганараваны званнем «мастак-партрэтыст» за партрэт расійскага скульптара Пятра Клота[7].

Т. Гарэцкі спецыялізаваўся ў партрэтным жывапісе, але таксама добра паказаў сябе ў гістарычным жанры і ў пейзажы. У час вучобы Гарэцкі стварыў шмат партрэтаў. Яго мадэлямі былі, у большасці, землякі мастака: палкоўнік Ян Гячэвіч, епіскап Бароўскі(руск.) бел., архіепіскап Дмахоўскі, епіскап Валанчэўскі, граф і графіня Шадурскія, граф і графіня Лапацінскія і іншыя.

Будучы адным з лепшых выпускнікоў з ліку скончыўшых курс Акадэміі з Вялікім залатым медалём, у 1851 годзе адправіўся за мяжу ў якасці пенсіянера акадэміі(руск.) бел.. Ён наведаў Варшаву, Берлін, Парыж і Мадрыд.

У 1852 годзе памёр Карл Брулоў, які даверыў свайму вучню скончыць некалькі пачатых ім карцін. Гэтая праца заняла ў Тадэвуша Гарэцкага два гады[5].

Далейшае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

У 1854 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург і атрымаў званне акадэміка за карціну «Пілігрымы» і «Перспектыўны выгляд Альгамбры».

Член Імператарскай Акадэміі мастацтваў, а таксама акадэмій Італіі, Іспаніі і Галандыі (1850—1854), дзе капіраваў творы заходнееўрапейскіх майстроў.

Пасля атрымання звання акадэміка ў 1854 годзе здзейсніў падарожжа па Італіі.

Пасля смерці Мікалая I у 1855 годзе Тадэвуш змог наведаць свайго бацьку ў Парыжы, нарэшце пазнаёміцца з ім і завязаць адносіны.

З 1856 жыў, у асноўным, у Парыжы, дзе ў 1857 ажаніўся з пісьменніцай Марыяй Міцкевіч(укр.) бел. (1835—1922), старэйшай дачкой польскага паэта Адама Міцкевіча. Гэты шлюб выклікаў супраціў з боку сям’і Гарэцкіх, паколькі незадоўга да вяселля пасля знаёмства з Гарэцкім у Італіі Марыя адмовілася ад шлюбнай прапановы сябра свайго бацькі Армана Леві(англ.) бел., а таксама з-за 20-гадовай розніцы ва ўзросце маладых. Аргумент невядомай прыроды ледзь не прывёў да дуэлі Тадэвуша з яе братам Уладзіславам(польск.) бел.. Трагедыі атрымалася пазбегнуць, але яго адносіны з яе сям’ёй так і засталіся напружанымі.

Сярод яго вучняў у Парыжы быў Вітольд Прушкоўскі(руск.) бел..

У 1862 годзе быў узнагароджаны Ордэнам Льва і Сонца(руск.) бел. за навучанне заходнееўрапейскаму жывапісу чатырох персідскіх студэнтаў, але пад ціскам з боку расійскага ўрада быў вымушаны адмовіцца ад узнагароды[6]. Праз чатыры гады ён апошні раз наведаў Вільню.

Памёр пасля доўгай хваробы ва ўзросце 42 гадоў у Вішы ў Францыі. Пахаваны побач з бацькам на могілках Манпарнас(руск.) бел. у Парыжы. Яго жонка перажыла яго на сорак пяць гадоў[5].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Марыя Гарэцкая ў жалобным убранні падчас кракаўскага пахавання яе бацькі Адама Міцкевіча

Першая дачка Гелена, якая нарадзілася ў хуткім часе пасля шлюбу, памерла ў 1860 годзе. Пазней у Тадэвуша і Марыі нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей: Адам, Людвік, Цэліна і Гелена. Гелена выйшла замуж за Ёзэфа Мадлінскага з Крывасаду(англ.) бел. на Куявах, дзе і памерла. Людвік, названы ў гонар дзядзькі з бацькоўскага боку, стаў вядомым доктарам-акулістамм, многа зрабіў для развіцця медыцынскай навукі[5].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Тадэвуш Гарэцкі — мастак-партрэтыст. Выдатны капііст(руск.) бел., які добрасумленна паўтараў арыгіналы знакамітых італьянскіх і іспанскіх майстроў. Некалькі месяцаў правёў у музеі Прада ў Мадрыдзе, дзе рабіў копіі карцін заходнееўрапейскіх майстроў.

Стварыў шэраг жывапісных гістарычных і жанравых палотнаў. Аўтар некалькіх карцін на сакральныя тэмы. Каштоўнымі з’яўляюцца яго партрэты прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі, ваенных, польскіх царкоўных саноўнікаў, членаў сям’і (у тым ліку жонкі і цесця) і сяброў[9]. Стварыў серыю малюнкаў-ілюстрацый да «Пана Тадэвуша»[9].

Сярод асноўных прац «Унутраны перспектыўны выгляд Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Споведзь маладой дзяўчыны ў каталіцкага святара» (1845), «Хрыстосванне» («Хрыстос», 1850), «Пілігрымы» (1854), «Дамініканец, які моліцца» (1867)[4]; партрэты — Л. Гарэцкага (1843), А. Міцкевіча (1847), графа Лапацінскага з жонкай (парны, кан. 1840-х), П. К. Клота (1850). Таксама выканаў копію з аўтапартрэта Брулова (1848); копіі з карцін: «Нясенне крыжа Хрыстом Збаўцам» Себасцьяна дэль П’ёмба (1851), «Святая сям’я» Рафаэля (1853), «Св. Варфаламей» Хасэ дэ Рыбера(руск.) бел. (1854)[10].

Некаторыя з яго прац захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 RKDartists Праверана 23 жніўня 2017.
  2. 2,0 2,1 Tadeusz Gorecki
  3. Tadeusz Gorecki — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7, 978-0-19-989991-3
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 Горецкий Фаддей Антонович // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 164. — 737 с.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 5,6 5,7 5,8 5,9 Тадэвуш Гарэцкі жыццё і творчасць/С. Я. Куль-Сяльверстава // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы XV міжнар. навук. канф., Гродна, 13 — 14 лістапада 2008 года/Установа адукацыі «Гродзенскі дзярж. ун-т імя Я.Купалы»; рэдкал.: І, I.П. Крэнь.- Гродна : ГрДУ, 2009 .- С.188-192
  6. 6,0 6,1 «Tadeusz Gorecki, Los malarza» by Swietłana Kul-Sylwestrowa @ Ziemia Lidzka.
  7. 7,0 7,1 7,2 Brief biography @ RusArtNet.
  8. Граф Ф. Талстой(руск.) бел. у прыватнай перапісцы адзначаў, што гэтая ўзнагарода вельмі рэдкая і на працягу 20 гадоў яе атрымалі толькі чатыры мастака.
  9. 9,0 9,1 Vytautas Gudonis(літ.) бел.. Šiaulių universitetas(англ.) бел.. AKLOJO ELGETOS PAVEIKSLAS VAIZDUOJAMAJAME MENE, с. 77 (літ.) 
  10. ГОРЕЦКИЙ ФАДДЕЙ АНТОНОВИЧ (1825-1868) (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чуйко В. В. Горецкий, Фаддей Антонович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907. Ст. Горецкий, Фаддей Антонович //  : у 86 т. (82 т. і 4 доп.).  СПб., 1890—1907.
  • Тадэвуш Гарэцкі жыццё і творчасць/С. Я. Куль-Сяльверстава // Шлях да ўзаемнасці = Droga ku wzajemnosci : матэрыялы XV міжнар. навук. канф., Гродна, 13 — 14 лістапада 2008 года/Установа адукацыі «Гродзенскі дзярж. ун-т імя Я.Купалы»; рэдкал.: І, I.П. Крэнь.- Гродна : ГрДУ, 2009 .- С.188-192
  • Lietuvos dailininkų žodynas: 1795—1918 (sud. J. Širkaitė, Vilnius, LKTI, 2012): p. 144—145.
  • Polski sіownik biograficzny. — T. 8 — Wrocіaw-Krakуw, 1959—1960. — S.305

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]