Эдзі Агняцвет
| Эдзі Агняцвет | |
|---|---|
| Асабістыя звесткі | |
| Імя пры нараджэнні | укр.: Каган Едді Семенівна |
| Дата нараджэння | 28 верасня (11 кастрычніка) 1913 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 17 ліпеня 2000 (86 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | |
| Альма-матар | |
| Месца працы | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | драматург, перакладчыца, паэтка, дзіцячая пісьменніца, пісьменніца, аўтар |
| Жанр | дзіцячая літаратура |
| Мова твораў | беларуская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Партыя |
|
| Член у | |
| Узнагароды | |
Эдзі Агняцвет, сапраўднае імя Эдзі Сямёнаўна Каган (11 кастрычніка 1913 (або 1916), Мінск — 17 ліпеня 2000) — беларуская паэтэса, перакладчыца і лібрэтыстка.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася ў сям’і служачых. Скончыла сямігодку. У 1930 годзе працавала на мінскім заводзе «Камунар», затым год вучылася ў Мінскай будаўнічай прафесійна-тэхнічнай школе.
У 1934 годзе скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1934—1936 гадах завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літаратурнага факультэта педагагічнага інстытута.
У 1934—1938 гадах працавала рэдактарам Беларускага радыё, у 1939 годзе — кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменнікаў БССР, у 1940—1941 гадах — у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі».
З 1937 года — член Саюза пісьменнікаў СССР.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945—1946 гадах працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР.
Паводле Станіслава Шушкевіча,[1] Эдзі Каган данесла на яго бацьку — беларускага пісьменніка Станіслава Шушкевіча, пазней сасланага.
У вестыбюлі гасцініцы «Расія» была ў мяне яшчэ адна няпростая сустрэча з беларускай дзіцячай паэткай Эдзі Агняцвет… Мая маці, бацька і Эдзі былі аднакурснікамі і закончылі літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Маці неаднойчы мне казала, што Эдзі Сямёнаўна — адзіная яе сяброўка, якая засталася з ёю ў самых добрых адносінах пасля зняволення бацькі. Некаторыя іншыя адвярнуліся ад жонкі «ворага народа» або проста перасталі заўважаць. А вось Эдзі не змяніла свайго стаўлення: сустракалася, прыходзіла да нас, маці — да яе і г. д. «Эдзі — прыстойны, вельмі вартасны чалавек», — гаварыла маці.
Потым з высылкі вярнуўся бацька і расказаў наступнае. У турме ад яго патрабавалі напісаць даносы на некалькіх чалавек. Абяцалі за гэта вызваліць. Бацька катэгарычна адмовіўся. Яго пачалі пераконваць: не будзь святым, усе так робяць. Маўляў, такі крок — узаемавыгодны. Усіх пастрашаць і адпусцяць на свабоду. Бацька не паверыў і працягваў адмаўляцца. Тады следчы паказаў даносы на яго, напісаныя Эдзі Каган (Агняцвет) і Алесем (Айзікам) Кучарам. Следчы сказаў: напішаш на ўсіх, выйдзеш на волю, усе разам зберыцёся і пасмяецеся ўволю. Мы ўсіх адпусцім і справы вашыя закрыем. Бацька адмовіўся.
Памерла 17 ліпеня 2000 года ў Мінску. Пахаваная на Усходніх могілках Мінска.[2]
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютавала вершамі ў 1929 годзе. Пісала пераважна для дзяцей.
Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), а таксама паэму «На беразе Волгі» (1940).
Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955; дапрацаванае выданне — 1979), кніга для чытання ў чацвёртым класе «Роднае слова» (сумесна з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 годзе выйшлі «Выбраныя творы» ў двух тамах.
Аўтар лібрэта дзіцячых опер «Джанат» (1962; ставілася ў 1944, 1947 і 1974 гадах) і «Марынка» (урыўкі апублікаваны ў 1958 годзе, пастаўлена ў 1956 годзе).
Пераклала на беларускую мову асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Уладзіміра Маякоўскага, Мікалая Ушакова, Ганны Ахматавай, Вадзіма Шэфнера, Агніі Барто, Лесі Украінкі, Міколы Бажана, Яна Судрабкална, С. Карыма і іншых.
Пераклала кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (сумесна з Анатолем Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Язэпа Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Гульчахры Сулейманавай «Сорак косак» (1982), Мусы Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985).
З французскай мовы пераклала кнігі П’ера-Жана дэ Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» — анталогію французскай паэзіі для дзяцей (1962), «Маленькі прынц» Антуана дэ Сент-Экзюперы (1969), «Зямны акіян» Гіёма Апалінэра (1973), «З табою» Поля Элюара (1980).
Пасмяротныя выданні
[правіць | правіць зыходнік]- «У свеце дабрыні» (2013, выдавецтва «Адукацыя і выхаванне») — зборнік вершаў для дзяцей у серыі «Бібліятэка часопіса „Вясёлка“».
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. У 1986 годзе атрымала міжнародны Ганаровы дыплом імя Ханса Крысціяна Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».
У мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Акварэльны партрэт Эдзі Агняцвет працы Надзеі Галоўчанкі захоўваецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.[3]
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Шушкевіч С. С. Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР. — Мінск, 2013. — 472 с. — С. ???.
- ↑ Аблажэй — Брыль . Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 18 ліпеня 2024.
- ↑ Графічны аркуш «Писательница Эди Огнецвет»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2021. Праверана 7 снежня 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Агняцвет Эдзі // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Агняцвет Эдзі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Нарадзіліся 11 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1913 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 17 ліпеня
- Памерлі ў 2000 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Супрацоўнікі выдавецтва «Беларусь»
- Супрацоўнікі Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё
- Супрацоўнікі часопіса «Полымя»
- Члены КПСС
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Паэтэсы
- Беларускамоўныя паэты
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Перакладчыкі з французскай мовы
- Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі
- Лібрэтысты Беларусі