Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (БДПУ імя Максіма Танка) | |
---|---|
Міжнародная назва | Maxim Tank Belarusian State Pedagogical University |
Дэвіз | Стогадовыя традыцыі - сучасныя тэхналогіі! |
Заснаваны | 1914 |
Тып | ВНУ |
Рэктар | Аляксандр Іванавіч Жук |
Рэктар | Аляксандр Іванавіч Жук |
Студэнты | 15 500 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Беларусь, Мінск |
Юрыдычны адрас | 220030 Мінск, вул. Савецкая, 18 |
Узнагароды | |
Сайт | bspu.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка — установа вышэйшай адукацыі, універсітэт (з 8 верасня 1993). Знаходзіцца ў Мінску, Беларусь. Ажыццяўляе падрыхтоўку выкладчыкаў матэматыкі, хіміі, фізікі, псіхалогіі, геаграфіі і інш.
ВНУ узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга[1] (1972), Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь (1997). Уваходзіць, як сапраўдны член, у Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў[2], з’яўляецца першай мінскай педагагічнай навучальнай установай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мінскі настаўніцкі інстытут (1914—1918)
[правіць | правіць зыходнік]22 чэрвеня 1914 г. імператар Мікалай II зацвердзіў даклад міністра народнай асветы Л. А. Касо аб стварэнні Мінскага настаўніцкага інстытута, і ўжо 1 ліпеня дырэктарам інстытута быў прызначаны Дз. А. Сцяпура, які праводзіў падрыхтоўчую работу па адкрыцці навучальнай установы[3]. Інстытут быў афіцыйна адкрыты 21 лістапада 1914 г.[4]. Пастановай Усерасійскага з’езду (1918) Мінскі настаўніцкі інстытут набыў статус ВНУ і перайшоў на 4-гадовы тэрмін навучання.
Мінскі беларускі педагагічны інстытут (1918—1920)
[правіць | правіць зыходнік]Створаны 30 снежня 1918 г. на базе Мінскага настаўніцкага інстытута. Размяшчаўся ў будынку былога Мінскага рэальнага вучылішча. Тэрмін навучання 4 гады. Складаўся з літаратурна-мастацкага, сацыяльна-гістарычнага, прыродазнаўчага, геаграфічнага, фізіка-хімічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў (цыклаў). Навучалася 150 студэнтаў. Інстытут меў фізічны і педагагічны кабінеты, хімічню лабараторыю, бібліятэку (5 тыс. тамоў). У карыстанне яму перададзены былы Мінскі гарадскі музей. За інстытутам ва ўрочышчы Антонаўка пад Мінскам быў замацаваны фальварак, дзе існавалі агранамічная, батанічная, заалагічная лабараторыі, біялагічны кабінет, птушнік, пчальнік, доследнае поле, ферма, метэаралагічная станцыя. У навучальным працэсе асноўная ўвага аддавалася педагагічным дысцыплінам, беларусазнаўству, рабіліся спробы перавесці выкладанне на беларускую мову. У сакавіку-маі 1919 па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці былі арыштаваны выкладчыкі С. Балкавец і Б. Тарашкевіч, пасля арышту інтэрніраваны ў Смаленск В. Іваноўскі і А. Неканда-Трэпка, «да высвятлення палітычнага крэда» забаронена чытаць лекцыі Я. Карскаму.
Пасля заняцця Мінска польскімі войскамі 14.8.1919 будынак інстытута забраны пад шпіталь. Польскія ўлады выдзелілі інстытуту часовы крэдыт у 35 тыс. польскіх марак. Паводле пастановы Часовага Беларускга нацыянальнага камітэта ад 15.9.1919 інстытут абвяшчаўся беларускай дзяржаўнай установай. Для правядзення беларусізацыі навучальнага працэсу і рэарганізацыі структуры інстытута створана камісія на чале з У. Ігнатоўскім і Я. Карскім. На працягу 1919/20 навучальнага года выкладанне пераводзілася на беларускую мову, 6 факультэтаў рэарганізаваны ў літаратурна-гістарычны і геаграфічна-прыродазнаўчы факультэты з фізіка-хімічным і фізіка-матэматычным аддзяленнямі. 3 правядзеннем беларусізацыі не згадзіліся і пакінулі інстытут выкладчыкі М. Маслаковец, А. Нікольскі, Я. Сняткоў. У навучальную праграму ўводзіліся таксама польская мова і літаратура, гісторыя Польшчы і польскай культуры.
Па-антыпольску настроеная частка студэнтаў і выкладчыкаў, члены радыкальнай плыні «Маладой Беларусі», у студзені 1920 па ініцыятыве Ігнатоўскага стварылі Беларускую камуністычную арганізацыю. У знак пратэсту супраць «польскага ўціску» і ў сувязі з нязгодай з прапольскай арыентацыяй Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта прэзідыум інстытута на чале з Ігнатоўскім падаў у адстаўку. Паводле пастановы Беларускай школьнай рады Міншчыны ад 1.3.1920 інстытут узначалілі В. Іваноўскі (рэктар) і А. Неканда-Трэпка (намеснік), якія намагаліся пераўтварыць інстытут у беларускі нацыянальны універсітэт. Інстытут пераведзены ў будынак былой Мінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, выкладчыкамі запрошаны М. Гарэцкі, В. Дружчыц, Х. Імшэнік, С. Любіч-Маеўскі, Л. Більдзюкевіч, А. Данілевіч, І. Канчэўскі і інш. Пры інстытуце створана аспірантура, спецыяльная камісія па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Членамі камісіі падрыхтавана «Арыхметычная тэрміналогія» (выдадзена ў Вільні ў 1921). Інстытуту была падпарадкавана Мінская балотная доследная станцыя.
Мінскі інстытут народнай адукацыі (1920—1921)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў жніўні 1920 на базе Мінскага беларускага педагагічнага інстытута быў створаны Мінскі інстытут народнай адукацыі. Фактычна дзейнічалі 3 аддзяленні: 1-е для падрыхтоўкі педагогаў у дашкольныя ўстановы (тэрмін навучання 2 гады); 2-е для настаўнікаў пачатковых школ (3 гады); 3-е для настаўнікаў сярэдніх школ (4 гады). Ад 1 верасня 1921 у склад Мінскага белпедтэхнікума былі перададзены 1-е і 2-е аддзяленні, 3-я аддзяленне на працягу 1921—1922 было ўключана ў склад факультэта грамадскіх навук БДУ.
Мінскі педагагічны інстытут (1922—1993)
[правіць | правіць зыходнік]Заснаваны ў 1922 як педагагічны факультэт БДУ. З 28 ліпеня 1931 на аснове педагагічнага факультэта БДУ была створана самастойная навучальная ўстанова — Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (у 1936—1993 — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага).
Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт (з 1993)
[правіць | правіць зыходнік]8 верасня 1993 Мінскі дзяржаўны інстытут імя Максіма Горкага атрымаў статус універсітэта. У 1995 г. універсітэту прысвоена імя беларускага народнага паэта Максіма Танка.
У лютым 2006 г. Геральдычная камісія зацвердзіла сімволіку БДПУ. У 2014 г. быў зацверджаны гімн універсітэта, аўтарам слоў якога з’яўляецца выкладчык універсітэта і беларускі паэт Мікола Шабовіч.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўніверсітэце налічваецца 13 факультэтаў і інстытутаў:
- Гістарычны факультэт
- Філалагічны факультэт
- Факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій
- Факультэт дашкольнай адукацыі
- Фізіка-матэматычны факультэт
- Факультэт пачатковай адукацыі
- Факультэт эстэтычнай адукацыі
- Факультэт прыродазнаўства
- Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі
- Факультэт фізічнага выхавання
- Інстытут псіхалогіі
- Інстытут інклюзіўнай адукацыі
- Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі
Вывучэнне польскай мовы
[правіць | правіць зыходнік]У другой палове 1990-х гадоў у Інстытуце замежных моў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта праводзіліся заняткі польскай мовы. Ініцыятыва іх стварэння з’явілася ў 1995 годзе. У тым самым годзе ўніверсітэт даў дазвол на сфарміраванне працоўнай групы, якая б займалася навучаннем польскай і беларускай моў. Установа пачала супрацоўніцтва з Сілезскім ўніверсітэтам у Польшчы. У 2000 годзе 26 студэнтаў ВНУ ўпершыню атрымалі дыпломы, якія дазвалялі ім выкладаць польскую мову. У пачатковы перыяд работы заняткаў малая колькасць падручнікаў, абмежаваныя магчымасці стажыровак і практыкі ў Польшчы з’яўляліся перашкодамі ў іх правядзенні. Адсутнасць адпаведных навуковых кадраў, перадусім спецыялістаў з галіны польскай філалогіі, а таксама адсутнасць уступных іспытаў даводзілі да таго, што ўзровень навучання быў у той час нізкі для акадэмічных стандартаў, параўнальны з моўнымі курсамі. У 2001 годзе ўстанова атрымала падтрымку з боку дзеячаў Таварыства «Вспульнота польска» і Фонду «Дапамога палякам на ўсходзе», дзякуючы якім атрымалася адрэмантаваць паланістычную майстэрню, а таксама перадаць багаты метадычны кнігазбор і фільмы. Рамонт скончыўся 18 снежня 2001 года і значна палепшыў умовы працы выкладчыкаў і студэнтаў. У пазнейшыя часы на настаўніцкую спецыялізацыю па польскай мове ў Інстытуце замежных моў прымалася 25 асобаў, калі кандыдатаў было ў 6 разоў болей[5].
Рэктары
[правіць | правіць зыходнік]- 1914—1918 Дзмітрый Антонавіч Сцяпура
- 1931—1932 Васіль Рыгоравіч Рудніцкі
- 1932—1934 Васіль Іванавіч Волкаў
- 1934—1936 Абрам Навумавіч Мельцэр
- 1937—1939 Ізраіль Рувімавіч Леўтаў
- 1939—1940 Рыгор Андрэевіч Пазняк
- 1940—1941 Іван Фядотавіч Ермакоў
- 1944—1945 Міхаіл Фядотавіч Жаўрыд
- 1946—1953 Максім Васільевіч Макарэвіч
- 1953—1970 Іван Емяльянавіч Лакін
- 1970—1977 Фрол Парфіравіч Шмыгаў
- 1977—1993 Аляксандр Цімафеевіч Караткевіч
- 1993—2003 Леанід Ніканоравіч Ціханаў
- 2003—2014 Пётр Дзмітрыевіч Кухарчык
- з 2014 — Аляксандр Іванавіч Жук
Вядомыя выпускнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Анатоль Майсеевіч Бардовіч
- Альгерд Бахарэвіч
- Юры Бохан
- Мікалай Сямёнавіч Васілеўскі
- Ірына Ганецкая
- Аляксандр Гужалоўскі
- Уладзімір Ермалаеў
- Юлія Зарэцкая
- Таццяна Мікалаеўна Караткевіч
- Аляксей Анатольевіч Мельнікаў
- Ігар Вячаслававіч Мельнікаў
- Віктар Іванавіч Несцяровіч
- Уладзімір Някляеў
- Генадзь Сагановіч
- Таццяна Сівец
- Уладзімір Ільіч Содаль
- Ціхан Чарнякевіч
- Канстанцін Іванавіч Шабуня
Вядомыя выкладчыкі
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Восіпавіч Біч
- Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі
- Ібрагім Барысавіч Канапацкі
- Ігар Васільевіч Карпенка
- Алена Мікалаеўна Космач
- Генадзь Аркадзевіч Космач
- Ірына Рамуальдаўна Чыкалава
- Рамуальд Аляксандравіч Чыкалаў
- Мікола Шабовіч
- Раман Фёдаравіч Ляпіч
Зноскі
- ↑ За поспехі ў падрыхтоўцы выкладчыцкіх кадраў і навуковай дзейнасці.
- ↑ Пастановай Х з’езда Асацыяцыі (красавік 2007).
- ↑ Андарала, А., Жытко, А., Забаўскі, М. Ля вытокаў заснавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта / Аляксандр Андарала, Анатоль Жытко, Мікалай Забаўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2014. — № 11 (184). — С. 4 — 8. — С. 4. Са спасылкай на: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 478. — Воп. 1. — Спр. 132. — Арк. 7.
- ↑ Указ Міністра народнай адукацыі Расійскай імперыі быў падпісаны 22 чэрвена 1914 года.
- ↑ Język polski na uczelniach białoruskich // Oświata…. — С. 340.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. Ляхоўскі, Беларускі універсітэт: з гісторыі стварэння // Спадчына, 1994, № 4.
- Агнешка Грэндзік-Радзяк. Oświata i szkolnictwo polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej i współczesnej Białorusi 1939–2001. — Торунь: Europejskie Centrum Edukacyjne, 2007. — 441 с. — ISBN 978-83-60738-09-2. (польск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка
- Афіцыйны сайт універсітэта