Перайсці да зместу

Юлія Пятроўна Цімафеева

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юлія Пятроўна Цімафеева
2013 г.
2013 г.
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 12 студзеня 1982(1982-01-12) (43 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Муж Альгерд Бахарэвіч
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчыца, пісьменніца, паэтка
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ю́лія Пятро́ўна Цімафе́ева (нар. 12 студзеня 1982(1982-01-12), Спярыжжа, Гомельская вобласць) — беларуская паэтка і перакладчыца[1].

Адкрыццё выстаўкі «Адам Глобус. Беларускі авангард 80-х» у Літаратурным Музеі Петруся Броўкі, Мінск. 24 сакавіка 2015 г. Адам Глобус з Юліяй Цімафеевай.

Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Адна з заснавальнікаў і рэдактараў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў[1] і Беларускага ПЭН-цэнтра. Адна з арганізатараў і куратараў Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Вяла тэлеперадачу пра культуру «Рэмарка» на тэлеканале Белсат.

Жонка пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. З лістапада 2020 года разам з мужам жыве за межамі Беларусі.

Аўтарка чатырох зборнікаў паэзіі: «Кніга памылак» (выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2014)[1]; «Цырк» (выдавецтва Змітра Коласа, Мінск, 2016); «ROT» (выдавецтва «Янушкевіч», Мінск; выдавецтва «Вясна», Прага, 2020); «Воўчыя ягады» (выдавецтва «Вясна», Прага, 2022)[2].

У 2020—2021 гадах Юля Цімафеева напісала па-англійску свой «Мінскі дзённік» — хроніку паўсядзённага жыцця ў беларускай сталіцы падчас масавых пратэстаў 2020 года. Дзённік выйшаў асобнай кнігай у Швецыі[3], Германіі[4], Нідэрландах[5] і Нарвегіі[6], як часопісныя публікацыі друкаваўся ў Літве. У 2023 годзе кніга выйшла ў аўтарскім перакладзе па-беларуску (выдавецтва «Skaryna Press», Лондан)[7].

Паасобны вершы Юліі Цімафеевай перакладзены на англійскую, нямецкую, украінскую, грузінскую, чэшскую, славенскую, нарвежскую, шведскую, дацкую, французскія і іншыя мовы. Люблінскае выдавецтва «Warsztaty Kultury» выдала дзве паэтычныя кнігі Цімафеевай па-польску «Cyrk i inne wiersze» (2018) і «Autoportret w postaci pestki awokado» (2024) у перакладзе Богдана Задуры. У берлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшлі дзве паэтычныя кнігі Юлі Цімафеевай «Zirkus» (2019) і «Der Angststein» (2022)[8].

У 2022 годзе ў ЗША ў выдавецтве Deep Vellum выйшла кніга Юлі Цімафеевай «Motherfield: Poems and Belarusian Protest Diary»[9], зборнік перакладаў на англійскую паэтаў Вальжыны Морт і Ханіфа Абдуракіба. Кніга трапіла ў кароткі спіс прэміі Дэрэка Уолката і доўгі спіс прэміі за паэтычны пераклад ад PEN America.

Перакладала з англійскай мовы паэзію Чарлза Букоўскага, Мэцью Дзікмана, Стывена Крэйна, Элізабет Лоўэл, Сільвіі Плат, Уолта Уітмана, з партугальскай мовы — Альберту Каэйру, з нямецкай — Паўля Цэлана, з іспанскай — Актавіа Паса, Мухамеда Эбну; прозу з англійскай — Э. Ч. Асонду, Макса Бірбама, Германа Чарлза Босмана, Шарлоты Перкінс Гілман, Дэйвіда Герберта Лоўрэнса, Джойс Кэрал Оўтс, Эдгара Алана По, Кейт Шапэн і іншых.[1] З нарвежскай мовы пераклала кнігі Стыяна Холе «Лета Гармана», Маі Лундэ «Снежная сястра».

Юля Цімафеева — удзельніца шматлікіх еўрапейскіх літаратурных фестываляў, Міжнароднага тыдня пісьменніка ў Адэлаідзе (Аўстралія).

  • 3-е месца на Міжнародным жаночым слэме ў Мінску (2012)[1]
  • Пераможца конкурсу Саюза беларускіх пісьменнікаў для маладых аўтараў «Экслібрыс» (2012) у намінацыі проза[1]
  • Шорт-ліст прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча (2014) у намінацыі паэзія са зборнікам паэзіі «Кніга памылак»[1]
  • Лаўрэат прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» (2015) у намінацыі паэзія за падборку перакладаў у зборніку «Кніга памылак»[10]
  • Прэмія «Дэбют» у катэгорыі мастацкі пераклад за кнігу Чарльза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Ганнай Комар і Наталляй Бінкевіч)[11]
  • Шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай (2020) за кнігу паэзіі «ROT»
  • Прэмія імя Карласа Шэрмана (2021) у намінацыі «пераклад паэзіі» за зборнік Стывена Крэйна «Выбраныя вершы».

Зноскі

  1. а б в г д е ё Саюз беларускіх пісьменнікаў. Цімафеева Юлія Пятроўна. Асабістыя старонкі сяброў СБП. lit-bel.org. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
  2. Юля Цімафеева. Воўчыя ягады – VESNA / ВЯСНА (англ.). Праверана 18 сакавіка 2025.
  3. Dagar i Belarus | Julia Tsimafejeva | Pocket. — 2021-11-02. — ISBN 978-91-1-312201-4.
  4. edition.fotoTAPETA | » MINSK. TAGEBUCH(нявызн.). Праверана 18 сакавіка 2025.
  5. Dagen in Minsk(нявызн.). Atlas Contact. Праверана 18 сакавіка 2025.
  6. Minskdagbok(нявызн.). Forlaget H//O//F. Праверана 18 сакавіка 2025.
  7. Мінскі дзённік 2020-2021 / Юля Цімафеева – Skaryna Press . Праверана 18 сакавіка 2025.
  8. edition.fotoTAPETA | » DER ANGSTSTEIN(нявызн.). Праверана 18 сакавіка 2025.
  9. Motherfield (англ.). Deep Vellum. Праверана 18 сакавіка 2025.
  10. «ПрайдзіСьвет» прэміяваў пераклады Марыны Шоды і Юліі Цімафеевай (бел. (тар.)). svaboda.org (30 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
  11. Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. pen-centre.by. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.