Яўген Эрліх

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яўген Эрліх
Род дзейнасці юрыст, педагог
Дата нараджэння 14 верасня 1862
Месца нараджэння Чарнаўцы , Аўстра-Венгрыя
Дата смерці 2 мая 1922
Месца смерці Вена,Аўстрыя
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Сайт eugen-ehrlich.com

Яўген Эрліх (ням.: Eugen Ehrlich, 14 верасня 1862, Чарнаўцы , Аўстра-Венгрыя2 мая 1922, Вена,Аўстрыя) - аўстрыйскі правазнаўца, адзін з заснавальнікаў сацыялогіі права як навукі. З 1900 г. быў дэканам юрыдычнага факультэта, а ў 1906-1907 гг. - рэктарам Чарнавіцкага універсітэта. У сваіх навуковых інтарэсах спачатку засяродзіўся на рымскім і сучасным грамадзянскім праве, пазней на сацыялогіі права. Эрліх з'яўляецца аўтарам такіх вядомых прац, як "Аб прабелах у праве" (1888), "Асновы сацыялогіі права" (1913), "Юрыдычная логіка" (1918).

Эрліх сцвярджаў, што права стварае само грамадства, а не дзяржава альбо судовая практыка. Значную ўвагу навуковец надаваў эмпірычным даследаванням юрыдычных феноменаў. Эрліх спрабаваў распрацаваць методыку вывучэння звычаяў, выкарыстоўваючы вопыт Фрыдрыха Карла фон Савіньі, які стварыў апытальнік для даследавання звычаяў Славеніі.

Эрліх распрацаваў канцэпцыю "свабоднага права", аснову якой складаў "свабодны" падыход да права, перш за ўсё, з мэтай таго, каб суддзя мог вырашаць справу па сваім унутранным меркаванні. Юрыспрудэнцыя, на думку Эрліха, не павінна кіравацца толькі тым, што дыктуе закон, а павінна высветліць, што адбываецца на самой справе, асабліва ў выпадках, прама не прадугледжаных законам, якія дапускаюць магчымасць прымянення аналогіі.

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Яўген Эрліх нарадзіўся 14 верасня 1862 года на берагах ракі Прут – у тагачаснай сталіцы аўстра-вянгерскай БукавіныЧарнаўцах. Эліяс (так назвалі яго бацькі) з дзяцінства адчуў ўплыў шматнацыянальнага асяроддзя. Скончыў польскамоўную семінарыю ў Самборы (недалёка ад Львова), куды пераехаў з бацькам, які ў 1865 годзе стаў адвакатам у Галічыне.

Менавіта дзякуючы прафесіі бацькі Яўген Эрліх вырашыў стаць юрыстам. Правучыўшыся два гады ў Львоўскім універсітэце, з вясновага семестра 1881/82 н. г. Эрліх працягвае навучанне ў Венскім універсітэце. Сярод любімых дысцыплін малодога правазнаўцы – "Працэсуальнае права" (выкладчык Антон Менгер), "Навука фінансавага права" (Карл Менгер) і "Гандлёвае права" (Грунгут). Пасля завяршэння навучання ў жніўні 1883 (ва ўзросце 20 гадоў), Эрліх пачаў паспяхова займацца навукай, дзякуючы чаму 8 красавіка 1886 г. атрымаў ступень "доктара правоў". Застаўшыся ў Вене, Эрліх збольшага займаецца адвакацкай практыкай (афіцыйна з 4 красавіка 1893 года па 20 снежня 1896 года), але ў асноўным – вывучэннем сучаснага агульнага і рымскага права.

Дзейнасць ў Чарнавіцкім універсітэце[правіць | правіць зыходнік]

У 1893 годзе ў Берліне выходзіць праца "Маўклівае волевыяўленне", дзякуючы якой 4 жніўня 1894 года Эрліх становіцца прыват-дацэнтам па спецыяльнасці "рымскае права". 5 лістапада 1896 года Эрліх займае пасаду пазаштатнага прафесара рымскага права Чарнавіцкага універсітэта, а 23 студзеня 1900 года - пасля смерці папярэдняга загадчыка кафедры і выхаду ў 1899 годзе манаграфіі "Імператыўнае і дыспазітыўнае права ў Грамадзянскім кодэксе для Германскай імперыі" – становіцца штатным прафесарам універсітэта. З 1901 года - Дэкан юрыдычнага факультэта, а ў 1906-1907 гадах – Рэктар універсітэта і па пасадзе – дэпутат мясцовага парламента. Рэктарская інаўгурацыйная прамова "Факты звычаёвага права" была апублікаваная ў 1907 годзе.

Чарнавіцкі універсітэт

У 1909 годзе Эрліх заснаваў навукова-практычны семінар (праўда, для выпускнікоў, а не для студэнтаў), прысвечаны “жывому праву”. Семінар займаўся даследаваннямі звычаёвага права Букавіны, хоць сродкаў для рэалізацыі ўсіх планаў бракавала. Дзейнасць семінара і Эрліха станавілася вядомай, пра гэта сведчыць, напрыклад, апублікаванная ў 1911 годзе ў Львоўскім часопісе "Юрыдычны веснік" і асобным выпускам працы “Пра жывое права” з апісаннем метадалогіі даследавання, працы “Жывое права народа Букавіны” ў 1913 годзе. Вынікамі дзейнасці семінара стала запрашэнне ў 1914 годзе ў ЗША з мэтай прачытаць даклады і лекцыі ў Гарвардзе і іншых навуковых цэнтрах, але падарожжу перашкодзіла Першая сусветная вайна. Таксама ў 1914 годзе Універсітэт Гронінген (Галандыя) прысудзіў Эрліху ганаровую доктарскую ступень.

Эпоха паўплывала на ідэі і даследчыя інтарэсы Эрліха. Гэта быў час актыўнага вывучэння звычаёвага права, пра што сведчыць, напрыклад, цікавасць да сацыялагічных пытанняў права ў ЗША, дзе ідэі Эрліха дапамаглі ў развіцці сацыялагічнай юрыспрудэнцыі і прававога рэалізму. Эрліх выступае ў прэсе па актуальных пытаннях сацыяльна-культурнага жыцця, займаецца праватворчай працай у мясцовым парламенце. Пасля Першай сусветнай вайны прымае ўдзел у міжнародных канферэнцыях, прадстаўляючы Аўстрыю.

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Пра асабістае жыццё Эрліха вядома няшмат. Ён пражываў у Чарнаўцах на вуліцы Штайнгассе, 28. Быў халасты. Знешне быў падобны на Лорда Байрана; меў стройную постаць, вясёлы характар, пачуццё гумару. Студэнты ўспаміналі, што ніхто не мог параўнацца з Эрліхам ў хуткасці хады, а дома застаць яго было практычна немагчыма, таму што амаль увесь час ён праводзіў ва ўніверсітэце[1].

Эрліх валодаў шматлікімі мовамі (англійскай, дацкай, іспанскай, італьянскай, нямецкай, нарвежскай, польскай, рускай, румынскай, сербскай, венгерскім, французскай, харвацкай). Карл Рэннера, аўстрыйскі навуковец, аўтар адной з класічных сацыялагічна-прававых прац таго часу, а пасля першы прэзідэнт Аўстрыі, назваў Эрліха “чалавекам нястомнай працы і несуцішнага імкнення да ведаў”[2].

Пасля распаду Аўстра-Венгрыі[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак Першай сусветнай вайны, распад Аўстра-Венгрыі, пераход Букавіны да Румыніі, перафармаванне новай уладай Чарнавіцкага універсітэта драматычна паўплывалі на жыццё і акадэмічную працу Эрліха. Ён едзе ў Вену, а затым у Швейцарыю, не ведаючы свайго далейшага лёсу. Спачатку Эрліх планаваў выйсці на датэрміновую пенсію, прапанаваную румынскімі ўладамі, і спадзяваўся пасяліцца ў Швейцарыі; аднак, атрымаўшы адмову, якую ён цяжка перанёс, пачынае думаць пра тое, каб “адасобіцца ў якім-небудзь гняздзечку, у ідэале ў Італіі, каб спакойна завяршыць свае дні: назаўжды пакінуць навуковую і публіцыстычную дзейнасць”[3]. У рэшце рэшт Эрліх вырашае вярнуцца ў Чарнаўцы.

Між тым, у 1919 годзе Кафедру, якую раней узначальваў Эрліх, заняў ягоны вучань. Супраць вяртання Эрліха адкрыта выступіла новае кіраўніцтва ўжо румынскага ўніверсітэта і частка радыкальна настроенага нацыянальнага студэнцтва. Эрліха называлі "здраднікам", звярталі ўвагу на змену рэлігійнай канфесіі (прыняў каталіцызм), яўрэйскае паходжанне, а таксама на выказаныя ў свой час рэфарматарскія ідэі па пераўтварэнні ўніверсітэта ў спецыялізаваную вышэйшую навучальную ўстанову (Эрліх лічыў недарэчным для рэгіёна існаванне ўніверсітэта, у якім амаль усе становяцца юрыстамі, філосафамі, службоўцамі, тады як адсталы, на яго думку край, мае патрэбу ў спецыялістах прыкладных спецыяльнасцяў)[4]. Дзякуючы аўтарытэту Эрліха (менавіта з імем Эрліха доўгі час асацыявалі ў Еўропе Чарнавіцкі ўніверсітэт), ўплывовым знаёмствам у сталіцы, у ліпені 1921 года рашэннем Міністра асветы ва ўніверсітэце была створана кафедра філасофіі і сацыялогіі права. Нягледзячы на далейшыя пратэсты (універсітэцкія ўлады лічылі рашэнне ўмяшаннем у аўтаномію ўніверсітэта), Эрліх змог аднавіць навукова-выкладчыцкую дзейнасць. І хоць планаў было шмат, ім не было наканавана спраўдзіцца: прагрэсавала хвароба цукровага дыябету, далей была вымушаная ампутацыя ног. Жыццё Яўгена Эрліха абарвалася 2 мая 1922 года ў Вене, дзе ён і пахаваны.

Асноўныя працы[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваная навуковая спадчыня Эрліха - больш за 70 прац. Сярод асноўных манаграфій – “Асновы сацыялогіі права” (1913), “Юрыдычная логіка” (1917, у 1918 – асобнай кнігай), якія неаднаразова перавыдаваліся, перакладаліся на замежныя мовы. Варта адзначыць і такія працы, як «Аб прабелах у праве» (1888), "Свабоднае правазнаходжанне і свабоднае правазнаўства" (1903), "Сацыялогія і юрыспрудэнцыя" (1906), "Пра жывое права" (1911), "Сацыялогія права" (1922). Эрліх не завяршыў працу над «Тэорыяй судзейскага правазнаходжання» (часткова яе апублікаваўшы ў 1917). Эрліх выдаў шэраг работ, прысвечаных іншым правазнаўчых, сацыяльна-культурным, палітычным пытанням (напрыклад, "Да пытання аб навучанні жанчын" (1895), "Міжнароднае прыватнае права" (1906), "Задачы сацыяльнай палітыкі на аўстрыйскім усходзе" (1916), «Нацыянальныя праблемы Аўстрыі" (1917), "Бісмарк і сусветная вайна" (1920).

Поўны збор прац Эрліха мог бы скласці некалькі тамоў. Пасмяротна апублікаваныя два зборнікі яго прац: "Права і жыццё" (1967), "Закон і жывое права" (1986) – абедзве пад рэдакцыяй М. Рэбіндэра. Большасць прац Эрліха перакладзеныя на англійскую (у прыватнасці, навуковай падзеяй стаў пераклад у 1936 годзе "Асноў сацыялогіі права".

Погляды Эрліха[правіць | правіць зыходнік]

Погляды Эрліха абумоўленыя некалькімі грунтоўнымі прынцыпамі. Па-першае, гэта сацыяцэнтрычнасць – прызнанне таго, што соцыум з'яўляецца цэнтрам развіцця права. Па-другое, эмпірычнасць (у прыватнасці, эмпірычнасць ягоных даследаванняў) і гістарычнасць (веданне гісторыі права, заканамернасцяў яго эвалюцыі) як асновы абгрунтавання сацыяльнасці права. Па-трэцяе, кансерватыўнасць светапогляду самога Эрліха – арыентаванасць на захаванне традыцый, якія існуюць ў грамадстве.

Назіраючы за жыццём поліэтнічнай Букавіны, Эрліх заўважыў, што "побач пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: русіны, румыны, немцы, яўрэі, рускія, славакі, венгры, цыганы. Юрыст старой школы, напэўна, скажа, што ўсе яны маюць адно і тое ж цалкам аднолькавае права, што дзейнічае ва ўсёй Аўстрыі. Аднак ужо нават павярхоўны погляд пераканаў бы яго, што кожны з народаў прытрымліваецца ва ўсіх сваіх прававых адносінах паўсядзённага жыцця адметных прававых асноў. Старажытны прынцып асабовасці ў праве працягвае жыць, толькі на паперы ён саступіў прынцыпу тэрытарыяльнасці"[5]. Менавіта па-гэтаму існуе розніца паміж нормамі законаў і нормамі, па якіх жывуць розныя этнічныя групы. Законы толькі часткова, і далёка няпоўна адлюстроўваюць жыццё грамадства, іх нормы ўтрымліваюць шматлікія прабелы; альбо, складаючы выразныя прадпісанні, законы застаюцца "мёртвымі", таму што ў грамадстве дзейнічаюць іншыя нормы. "У Букавіне, - пісаў Эрліх у працы "Сацыялогія і юрыспрудэнцыя", – дзейнічае аўстрыйскі Грамадзянскі кодэкс, чужы закон, сямейнае права якога паўстала на аснове зусім іншай арганізацыі сям'і"[6].

Таму, каб зразумець, якое права сапраўды дзейнічае, лічыў Эрліх, варта "знайсці жывое права", дзеля чаго неабходна даследаваць сераду ўзнікнення і дзеяння права як эмпірычнай рэальнасці. Крыніцай пазнання права павінны стаць не законы ці юрыдычная літаратура, а непасрэднае назіранне жыцця, учынкаў, вывучэнне звычаяў, дакументаў, якія адлюстроўваюць "жывое права". Эрліх прапаноўваў выкарыстоўваць метады эмпірычных сацыялагічных даследаванняў (анкетаванні, апытанні, збор і аналіз дакументаў).

Эрліх заклікае іншых і сам даследуе права, якое насамрэч практыкуецца ў грамадстве. Звяртаецца да сваіх калег у іншых краях з заклікам "прыступіць да збору ўсіх звычаяў і прававых норм, якія жывуць у народзе, не аглядваючыся на афіцыйныя законы. Калі гэтага не зрабіць цяпер, то ёсць небяспека, што скарбніца народнага права знікне бясследна, таму што яно і так саступае месца мёртвай літары закона"[5].

Сацыялагічнае праваразуменне Эрліха[правіць | правіць зыходнік]

Сацыяцэнтрычнасць думкі Эрліха паўплывала на ягонае разуменне дзяржавы і грамадства. Эрліхаўскае праваразуменне не абмяжоўвалася разуменнем права як закона – "законаправа" (das Gesetzesrecht). Эрліх адрозніваў тры тыпы права: сацыяльнае права (das gesellschaftliche Recht), права юрыстаў (das Juristenrecht) і дзяржаўнае права (das staatliche Recht)[7].

Сацыяльнае права - гэта дзеючыя нормы, правілы паводзін чалавечых супольнасцяў, іх ўнутраны парадак. На думку Эрліха, грамадства складаецца з супольнасцяў, арганізаваных у адпаведнасці з абавязковымі для іх удзельнікаў правіламі паводзін. Таму сацыяльнае права – гэта пэўнае арганізацыйнае права, якое складае значную частку права. Характарыстыкай права Эрліх лічыць і агульнае ўсведамленне, фундаментальнае значэнне неабходнасці пэўнай нормы, сацыяльнага характару прымусу права. Давядзенне такой неабходнасці (факт усведамлення) прававой нормы, якая атрымала назву "тэорыя прызнання", у параўнанні з тэорыямі прымусу – адна з істотных заслуг Эрліха.

Права юрыстаў - гэта сукупнасць норм-рашэнняў (Entscheidungsnormen), ці прававых палажэнняў, згодна з якімі суды вырашаюць прававыя канфлікты. Права юрыстаў фіксуецца ў пісьмовых прававых палажэннях, абагульненых перш за ўсё ў вядомых нам "табліцах", "праўдах", і, нарэшце, кодэксах (хоць апошнія адлюстроўваюць не толькі прававыя палажэнні). Права юрыстаў і стала, перш за ўсё, асновай "законаправа". Фарміраванне прававых палажэнняў – таксама вынік сацыяльнага працэсу, змест якога залежыць ад грамадства, а форма – ад юрыстаў.

Дзяржаўнае права - гэта тыя прававыя прадпісанні, якія, як лічыў Эрліх, створаны толькі дзяржавай і без якой яны не маглі б існаваць. Дзяржаўнае права – гэта, перш за ўсё, арганізацыйныя прадпісанні ваенных, паліцэйскіх і падатковых законаў, а таксама «нормы ўмяшання» (Eingriffsnormen). Апошнія – гэта нормы, з дапамогай якіх дзяржава ўводзіць змены ў сацыяльныя структуры. Прызнаючы рост аб'ёму дзяржаўнага права ў сваю эпоху (гэта ўласціва і сучаснай эпосе), Эрліх разам з тым стрымана ацэньваў значэнне дзяржавы ў эвалюцыі права.

Эрліх лічыў, што дзяржава – гэта інстытут садзейнічання грамадству, што адлюстроўвае яго разуменне ролі дзяржаўнага права і дзяржавы. На першае месца ў сістэме «дзяржава – грамадства» ён ставіць грамадства, пра што сведчыць і гэты ягоны вядомы выраз: «Цэнтр развіцця права ў наш час, як і ва ўсе іншыя часы, знаходзіцца не ў заканадаўстве, не ў юрыспрудэнцыі ці судаводстве, а ў самім грамадстве»[8].

Сацыялогія права як эмпірычнае правазнаўства[правіць | правіць зыходнік]

Эрліх прытрымліваўся традыцыйных поглядаў на юрыспрудэнцыю, як на тэарэтычнае вучэнне аб праве (правазнаўства) і практычнае вучэнне аб праве (практычная юрыспрудэнцыя). Права – сацыяльны феномен; такім чынам, кожны тып юрыспрудэнцыі з'яўляецца часткай грамадазнаўства. Разам з тым, правазнаўства - частка тэарэтычнага грамадазнаўства, сацыялогіі. Сацыялогія права з'яўляецца метадалагічнай і эмпірычнай дысцыплінай. Эмпірычныя даследаванні права, лічыў Эрліх, павінны праводзіць універсітэцкія кафедры сацыялогіі (сацыялогіі права) і эканомікі.

Сацыялагічная юрыспрудэнцыя стала даследчым напрамкам правазнаўства, які ўлічвае і веды неправавых напрамкаў даследавання, перш за ўсё, сацыяльнай тэорыі. Гэтая юрыспрудэнцыя падкрэслівае неабходнасць юрыстаў ў адмысловых сацыялагічных ведах – сёння гэта стала агульнапрызнаным, знайшло далейшае развіццё ў сучасных прававых сістэмах[9]. Сто гадоў таму такое было немагчыма, і часта разглядалася прадузята.

Рух "свабоднага права" і Эрліх[правіць | правіць зыходнік]

Эрліх – адзін з заснавальнікаў руху свабоднага права. Вучоны лічыў сябе аўтарам тэрміна "свабоднае правазнаходжанне", першым, хто абгрунтаваў прынцыпы свабоднага правазнаўства. Пра гэта ён піша ў прадмове да перавыданай у 1903 годзе працы "Свабоднае правознаходженне і свабоднае правазнаўства", спасылаючыся на працу "Прабелы ў праве" (1888). Справа ў тым, што некалькі пазней, у 1899 годзе, выйшла праца Ф. Жэні, у якой, як прызнаваў Эрліх, "гаворыцца пра тое ж, але на аснове новай французскай літаратуры і матэрыялаў судовай практыкі". Яшчэ пазней, у 1906 годзе, выйшла падобная змястоўная праца іншага прадстаўніка руху, Г. Кантаровіча. Эрліх быў асабіста знаёмы з усімі галоўнымі нямецкімі прадстаўнікамі руху (А. Фоулкс прыводзіць дадзеныя аб іх сустрэчы ў гасцях у Г. Радбруха 24 ліпеня 1910 г.)[10]. Больш за тое, Эрліх лічыцца "духоўным кіраўніком" руху[3][11]. Разам з тым, як адзначае нямецкі сацыёлаг права Т. Райзер, Эрліх "не быў успрыняты"[12].

Школа "свабоднага права" (Freirechtsbewegung) - уплывовы напрамак юрыдычнай думкі першай чвэрці ХХ ст. у Германіі, Аўстрыі і, у пэўнай меры, Францыі. Гэты кірунак, падобны да прававога рэалізму[13] ў ЗША, стаў крытычным адказам на некаторыя фармалістычныя тэндэнцыі юрыспрудэнцыі XIX ст. У Еўропе тады панавала пазітывісцкая юрыспрудэнцыя, "пандэктызм", якія сталі навуковай канцэптуалізацыяй шырокіх кадыфікацыйных працэсаў XIX ст. Блізкай па характары была "юрыспрудэнцыя паняццяў" (Begriffsjurisprudenz), якая ў форме сукупнасці розных прававых канцэпцый імкнулася сістэмна, але абстрактна, прадставіць права як цэласную сістэму, у тым ліку яго развіццё з часоў Рымскай імперыі да тагачаснай Еўропы. Пандэктысты лічылі новыя грамадзянскія кодэксы ўсеабдымнымі канцэптуальнымі сістэмамі права, адзначаючы, што суддзі, вырашаючы справы, не павінны звяртацца да іншых крыніц, акрамя гэтых кодэксаў. Права, лічылі пандэктысты, гэта замкнёная лагічная сістэма аксіём і высноў, з якіх вынікалі правільныя высновы пры вырашэнні прававых пытанняў. Права з'яўляецца аб'ектыўным, уніфікаваным і прадказальным, тады прыняцце судовых рашэнняў з'яўляецца механічным, недыскрэцыйным працэсам[14].

Эрліх, крытыкуючы пандэктызм, называў яго "прававым тэхніцызмам". Разам з тым, ён не надаваў празмерна вялікага значэння "ўнутранаму пачуццю справядлівасці суддзі", як гэта рабілі, напрыклад, Фукс і Гмелін. Эрліх не пярэчыў уздзеянню заканадаўства як крыніцы права на дзейнасць суддзі, разам з тым вылучаў тры істотных фактары ўплыву на прыняцце судовых рашэнняў, ажыццяўлення правасуддзя.

Першы фактар - каштоўнасныя меркаванні ў судовай інтэрпрэтацыі. Эрліх паказвае на наяўнасць нарматыўнай здагадкі аб неабходнасці "правільнага" рашэння. Таму ён не згодны з "тэхніцыстамі", якія адмаўлялі гэты фактар у судаводстве.

Другі фактар – сацыяльна-гістарычны кантэкст справы. Для суддзяў абставіны кожнай справы – гэта каэфіцыенты сацыяльных тэндэнцый. Эрліх лічыў, што адкрытае прызнанне гэтага сацыяльна-гістарычнага аспекту права дазволіла б суддзям зразумець адсутнасць ў часе і прасторы абсалютных прававых норм.

Трэці фактар – "асоба суддзі". Эрліх бачыць у ім істотны фактар любога, і ў прыватнасці, свабоднага правасуддзя. Воля, свабода суддзі – гэта не суб'ектыўны інтуітывізм, а кансерватыўная свабода адказнага стаўлення да развіцця права. Такі суддзя ўсебакова разглядае ўсе фактары, пісанае права, гісторыка-сацыяльны кантэкст, бачыць у прававых нормах жывую энергію. Менавіта асоба суддзі, лічыць Эрліх, вырашае, ці прытрымлівацца "літары закону". Узорнае правасуддзе – вынік працы асобы, сфарміраванай пачуццём справядлівасці, заснаваны на тым, што Эрліх называе "прынцыпамі прававой традыцыі". Недасканаласць асобы суддзі – верагоднасць злоўжыванняў. Перашкодзіць злоўжыванням могуць "судзейская традыцыя", "культура судовай прававой адукацыі" – менавіта гэта прадухіляе ў Англіі злоўжыванні з боку суддзяў[15].

Лічачы, што "няма ніякай іншай гарантыі правасуддзя, акрамя асобы суддзі", Эрліх мяркуе, што толькі надзяліўшы суддзю свабодай можна чакаць ад яго адказнасці за "несправядлівасць", самавольства ўласных рашэнняў. У адрозненне ад тэхніцызму, школа свабоднага права не выступае за вызваленне суддзі ад адказнасці за рашэнні, апелюючы да правільнасці прадугледжаных прававымі нормамі прававых фікцый або ажыццяўлення намераў заканадаўца. Суддзя, на думку Эрліха, павінен несці адказнасць за свае рашэнні[16].

Крытыка поглядаў Эрліха і вучэння аб свабодным праве[правіць | правіць зыходнік]

Разам са станоўчай ацэнкай даследаванняў Эрліха, ёсць і крытычныя погляды на ягоныя погляды і канцэпцыі. Агульнавядомай з'яўляецца крытыка савецкім правазнаўствам вучэння аб свабодным праве, у тым ліку і поглядаў Эрліха [17][18][19][20].

Узнікненне "буржуазных сацыялагічных тэорый" савецкае правазнаўства назвала "паваротам ад прынцыпу буржуазнай законнасці", сацыялагічнае праваразуменне – "супрацьпастаўленнем нарматыўнаму разуменню права", і паказвала на "тыповыя для буржуазнага светапогляду рысы - ідэалізм і абмежаванасць"[19]. "Адрозненне сацыялагічных даследаванняў у галіне права ў савецкай і буржуазнай юрыдычных навуках вызначаецца рознымі трактоўкамі самога разумення права і яго сутнасці. Гэтай супрацьлегласцю і абумоўлена адрозненне задач і высноў сацыялагічных даследаванняў права ў савецкай юрыдычнай навуцы і ў даследаваннях буржуазных аўтараў"[19]. Натуральна, што з такіх пазіцый сацыялагічнае праваразуменне Эрліха, ягоныя ідэі вольнага правазнаходжання, якія маглі падвергнуць сумневу існуючы савецкі лад, аслабіць яго асновы, разглядаліся крытычна і варожа.

Аднак не толькі савецкае правазнаўства крытыкавала погляды Эрліха. Гэта рабілі і іншыя прававеды, калегі-прадстаўнікі вучэння аб свабодным праве (Г. Кантаровіч), іншыя тэарэтыкі і філосафы права (Г. Кельзен, В. Фрыдман).

Адным з заўзятых апанентаў Эрліха быў Ганс Кельзен, які выступіў з рэзкай крытыкай «Асноў сацыялогіі права» Эрліха. Кельзен, сярод іншага, паказваў на недапушчальнасць змешвання праблем і метадаў нарматыўнай юрыспрудэнцыі і сацыялогіі права, увядзення разам з паняццем нормы права паняцця прававога становішча.

У адказ на крытыку Эрліх пісаў: "Тэрміналогіяй я займаюся ў той ступені, наколькі гэта неабходна, каб быць зразумелым у навуковым свеце. Прадметам сацыялогіі права з'яўляецца не тэрміналогія, а суадносіны паміж правам і грамадствам. У сваёй кнізе я даследую, як права нараджаецца ў грамадстве, як яно канцэнтруецца ў юрыспрудэнцыі і заканадаўстве ў прававыя палажэнні, і як яно ўплывае на грамадства. Што Кельзен гэтага ўсяго не зразумеў, мяне не здзіўляе, паколькі... ў кельзенаўскай крытыцы амаль ні пра што іншае не ідзе, акрамя як пра тэрміналогію. Таму справа не ўва мне, а ў той вялікай цікавасці, якую Кельзен адводзіць тэрміналагічным пытанням, што ляжаць у межах яго ўласнага разумення»[18].

Сучасны даследчык Дуглас Лінд адзначае, што ідэі свабоднага вучэння аб праве мелі адносны поспех: дыскрэдытавалі пандэктызм, знайшлі практычнае ўвасабленне. Напрыклад, згодна з раздзелам першага Грамадзянскага кодэкса Швейцарыі, суддзі упаўнаважваюцца вырашаць некаторыя справы "ў адпаведнасці з нормамі, якія суддзя прыняў, калі б быў заканадаўцам". Разам з тым, Лінд лічыць, што ідэі вучэння аб падыходзе да прыняцця рашэння суддзямі не атрымалі падтрымкі, прычынамі чаго з'яўляюцца дзве крайнасці свабоднага правазнаўства: нявызначанасць і абсалютызм[14].

Вольфганг Фрыдман звяртае ўвагу на "тры галоўныя слабасці" канцэпцый Эрліха, і звязвае іх з імкненнем мінімізаваць праватворчую ролю дзяржавы[21].

Па-першае, Эрліх не дае выразнага крытэра размежавання прававых і іншых сацыяльных норм. Нягледзячы на гістарычны і сацыяльны факт іх суіснавання, такі крытэр патрэбны. І сапраўды, у працы "Жывое права" (1911) можна прачытаць: "ці ў такіх выпадках [пры зборы дадзеных] гаворыцца пра права ці пра звычай, гэта трэба пакінуць для рашэння тым, хто праяўляе большую цікавасць да бясплоднай тэрміналогіі"[5]. Такім чынам, сацыялогія права Эрліха знаходзіцца на мяжы з агульнай сацыялогіяй.

Па-другое, Эрліх не адрознівае звычай як крыніцу і як тып права. Калі ў абодвух значэннях звычай дамінуе ў прымітыўным праве і сучасным міжнародным праве, то ў сучасным грамадстве істотным з'яўляецца толькі значэнне звычаяў як крыніцы. Сучаснае грамадства патрабуе выразнага права заканадаўцы. Апошняе заўсёды залежаць ад фактаў права, аднак дзеянне права не выцякае з фактычнай формы яго захавання. Усе працы Эрліха, лічыць Фрыдман, працятыя гэтым неразуменнем.

Па-трэцяе, Эрліх не паслядоўны ў логіцы размежавання спецыфічных прававых норм дзяржавы і прававых норм, у якіх існуючыя сацыяльныя факты толькі дапоўненыя санкцыямі дзяржавы. Першыя ахоўваюць спецыфічныя інтарэсы дзяржавы, напрыклад, канстытуцыйны лад, узброеныя сілы, фінансавыя і адміністрацыйныя ўстановы. І, відавочна, што такія інтарэсы дзяржавы, а затым і ўдзельная вага адпаведных прававых норм, колькасна і па аб'ёме прававога рэгулявання, будуць павялічвацца[21].

Зноскі

  1. Foullkes Albert S. On the German Free Law School (Freirechtschule) // Archiv für Rechts und Sozialphilosophie. – 1969.
  2. Renner Karl. Ein Buch vom juristischen Überbau // Zeitschrift für soziales Recht. – 1930.
  3. а б Neues über Leben und Werk von Eugen Ehrlich // Festschrift für Helmut Schelsky zum 65. Geburtstag. – Berlin, 1978.
  4. Die rechtsund staatswissenschaftliche Faku-ltät der Franz-Josephs-Universität Czernowitz. Ihr Beitrag zur Erforschung des Rechts in einer multikulturellen Gesellschaft. Festschrift Hans Stoll. – Tübingen, 2001.
  5. а б в Die Erforschung des lebendes Rechts, Schmollers Jahrbuch für Gesetzgebung, Verwaltung und Volkswirtschaft im Deutschen Reich. – 1911.
  6. Soziologie und Jurisprudenz // Österreichische Richter-Zeitung. – 1906.
  7. Eugen Ehrlich, dem Begründer der deutchen Rechtssoziologie, zum 100 Geburstag // JZ. – 1962.
  8. Grundlegung der Soziologie des Rechts. – München/Leipzig, 1913.
  9. Ziegert Klaus A. Sociological Jurisprudence // The Philosophy of Law: An Encyclopedia / G. B. Grey (ed.). – New York & London: Garland Publishing, 1999.
  10. Die Grundlegung der Rechtssoziologie durch Eugen Ehrlich // Kölner Zeitschrift für Sociologie und Sozialpsychologie. – 1963.
  11. Foullkes Albert S. On the German Free Law School (Freirechtschule) // Archiv für Rechts- und Sozialphilosophie. – 1969.
  12. Raiser Thomas. Das lebende Recht: Rechtssoziologie in Deutschland / 3., ueberarb. Aufl. – Baden- Baden : Nomos-Verl.-Ges., 1999.
  13. Копоть В. О. Американський правовий реалізм як один із напрямів концепції правового реалізму // Часопис Київського університету права. – 2005. – № 4.
  14. а б Lind Douglas. Free Law Movement (Freirechts-bewegung) // The Philosophy of Law: An Encyclopedia / G. B. Grey (ed.). – New York & London: Garland Publishing, 1999.
  15. Малишев Б. В. Судовий прецедент у правовій системі Англії (теоретико-правовий аспект): Автореф. дис... канд. юрид. наук: 12.00.01 / Ки- їв. нац. ун-т ім. Т. Шевченка. – К., 2002.
  16. Die Begründung der Rechtssoziologie durch Eugen Ehrlich. Mit einem Geleitwort von Prof. Dr. René König. 1. Auf. – Berlin: Duncker & Humblot, 1967.
  17. Боботов С. В. Буржуазная социология права. – М., 1978.
  18. а б Марчук В. П. «Свободное право» в буржуазной юриспруденции. Критика концепций Е. Эрлиха. – Киев, 1977.
  19. а б в Марчук В. П., Прозорова Н. С., Хірсін В. В. Критика сучасних буржуазних теорії права. – К.: Знання, 1981.
  20. Туманов В. А. Буржуазная правовая идеология. К критике учений о праве. – М., 1971.
  21. а б Friedman Wolfgang. Legal Theory. 5th Ed. – London: Steven & Sons, 1967.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]