Іерусалімская Праваслаўная Царква
Іерусалімскі патрыярхат | |
---|---|
грэч. Πατριαρχείον Ιεροσολύμων араб. كنيسة القدس الأرثوذكسية іўр.: הכניסייה האורתודוקסית של ירושלים | |
Асноўная інфармацыя | |
Прадстаяцель у наш час | Феафіл III, Патрыярх Святога Граду Іерусаліма і ўсяе Палесціны, Сірыі, Аравіі, усяго Заіардання, Каны Галілейскай і святога Сіёна |
Цэнтр | Іерусалім |
Юрысдыкцыя (тэрыторыя) | Ізраіль, Палесцінская аўтаномія, Іарданія, Катар (аспрэчваецца)[1] |
Епархіі за межамі юрысдыкцыі | Сінайскі паўвостраў |
Мова набажэнстваў | грэчаская, арабская |
Музычная традыцыя | візантыйская |
Каляндар | юліянскі |
Колькасць | |
Епархій | 4 |
Манастыроў | 25 |
Прыходаў | 65 |
Вернікаў | каля 130 тыс. |
Сайт | jerusalem-patriarchate.info |
Іерусалімскі патрыярхат,[2] Грэка-праваслаўны патрыярхат Іерусаліма (грэч. Πατριαρχείον Ἱεροσολύμων; араб. كنيسة القدس الأرثوذكسية; іўр.: הכניסייה האורתודוקסית של ירושלים) — найстаражытнейшая аўтакефальная памесная праваслаўная царква, якая займае 4-е месца ў дыпціху аўтакефальных памесных цэркваў. Кіруецца Патрыярхам Іерусалімскім і Свяшчэнным Сінодам.
Юрысдыкцыя ў наш час распаўсюджваецца на тэрыторыю Ізраіля, Іарданіі і Палесціны; аўтаномная частка — Сінайская Архіепархія з манастыром Святой вялікамучаніцы Кацярыны на Сінайскай гары ў Егіпце.
Поўны тытул прадстаяцеля царквы: Найблажэнны і Найсвяцейшы Кір (імя) Патрыярх Святога граду Іерусаліма і ўсяе Палесціны, Сірыі, Аравіі, абанпол Іардана, Каны Галілейскай і святога Сіёна. Абранага Саборам і Сінодам кандыдата на патрыяршым прастоле зацвярджаюць свецкія ўлады Ізраіля, Іарданіі і Палесціны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Хрысціянская царква ў Іерусаліме заснавана ў дзень Сёмухі, у момант сыходжання Святога Духу на апосталаў (Дзеян. 2:1-41). Лічыцца Маці цэркваў, з прычыны таго, што з Іерусаліма Евангелле распаўсюдзілася па ўсім свеце. Звалася гэтак жа Сіёнскай царквой. Першым епіскапам Іерусалімскай праваслаўнай царквы лічыцца апостал Якаў, брат Гасподні († каля 63).
Пасля Іўдзейскай вайны 66—70 гадоў была спустошана і саступіла сваё нефармальнае першынство Рыму.
З IV стагоддзя адбывалася паступовае аднаўленне. У 451 годзе пастановай IV Усяленскага сабору епіскапу Іерусалімскаму падараваны тытул Патрыярха, а Іерусалімская царква займае пятае месца ў Сусветным праваслаўным дыпціху, пасля Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай і Антыяхійскай цэркваў (пасля Вялікай схізмы 1054 года стала на чацвёртае месца).
У VII стагоддзі прыйшла ў заняпад у сувязі з арабскім нашэсцем. З прыходам крыжакоў у 1099 годзе адбывалася выцясненне праваслаўных з храмаў і манастыроў; Патрыярхі Іерусалімскія былі вымушаны кіраваць царквой з Канстанцінопаля.
У XIII—XV стагоддзях Палесціну занялі мамлюкі, якія руйнавалі храмы, знішчалі духавенства з мэтай выкараніць любы напамін пра хрысціянства. Асабліва становішча пагоршылася пасля падзення Візантыі ў 1453 годзе.
Турэцкае заваяванне Палесціны ў 1517 годзе паклала пачатак адносна спакойнаму перыяду ў жыцці Іерусалімскай праваслаўнай царквы. Пад атаманскім валадарствам праваслаўны патрыярхат замацаваў свае пазіцыі на Святой Зямлі і паступова з вельмі беднай царквы ператварыўся ва ўплывовую сілу.
Калі ўлада перайшла ў рукі патрыярхаў-грэкаў, справы ў царкве пайшлі ў гару: з’явіліся грошы для рамонту старых будынкаў і каштоўнае царкоўнае начынне. Грэкі прыняліся пашыраць свае ўладанні пераважна за кошт іншых праваслаўных Цэркваў, скупаючы грузінскія і сербскія манастыры на Святой Зямлі.
З цягам часу грэкі здолелі не толькі канчаткова замацаваць за сабой Іерусалімскі патрыяршы прастол, усе архірэйскія кафедры Патрыярхата і брацтва Труны Гасподняй, але і завалодаць тымі Святымі Месцамі і манастырамі, якімі раней распараджаліся арабы, грузіны і сербы. Калі патрыярх Феафан III (1608—1644 года) па рашэнні іерусалімскага кадыя (суддзі) адняў у Рымскай курыі Святую Пячору і Галгофу, каталікі падкупілі іерусалімскага пашу, які пасадзіў Феафана ў турму (той, падкупіўшы еўнуха, змог бегчы ў Канстанцінопаль). Патрыярх Паісій (1645—1660 года) таксама па загадзе асманскіх улад быў пасаджаны ў турму, але ўжо па абвінавачванні ў вырабе кароны для маскоўскага цара (хоць гэта была ўсяго толькі мітра, прывезеная ім з Масквы і ўпрыгожаная каштоўнымі камянямі).
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]Іерусалімскі Патрыярхат налічвае каля 130 тыс. вернікаў (галоўным чынам палесцінскіх і ізраільскіх арабаў), у самім жа Іерусаліме — каля 8 тыс. праваслаўных вернікаў. Набажэнства вядзецца на грэчаскай і арабскай мовах.
Складаецца з дзвюх мітраполій (Пталемаідскай і Назарэцкай) і адной аўтаномнай архіепархіі (Сінайская архіепархія), мае 37 храмаў і адзін манастыр у Іарданіі, 17 храмаў у Ізраілі, 11 — у Палесціне, а таксама яшчэ 24 манастыры, з іх 19 невялікіх манастыроў знаходзяцца ў самім Іерусаліме — Старым горадзе.
Самыя вядомыя манастыры: Святой Труны Гасподняй, Віфлеемскі — каля пячоры Раства Хрыстова, Іаана Прадцечы — ля ракі Іардан, на месцы Хрышчэння Гасподняга, Лаўра Святога Савы Асвячонага, манастыр Святога Ануфрыя Вялікага, Герасіма Іарданскага і інш.
Аўтаномная Сінайская Архіепархія, з манастыром Святой вялікамучаніцы Кацярыны на Сінаі, кіруецца Высакапраасвяшчэнным Архіепіскапам Сінайскім, Фаранскім і Раіфскім, рэзідэнцыя якога знаходзіцца ў Каіры.
Усяго ў Іерусалімскай царкве — 24 архірэі (галоўным чынам этнічныя грэкі)[3].
Патрыяршая рэзідэнцыя знаходзіцца ў Іерусаліме, патрыяршым кафедральным саборам з’яўляецца Храм Уваскрасення Хрыстова (Труны Гасподняй). Іерусалімскаму патрыярхату належыць каля 18 % земляў Іерусаліма, нават будынак ізраільскага парламента (Кнесета) і рэзідэнцыя прэзідэнта Ізраіля пабудаваны на яго тэрыторыі[4].
22 жніўня 2005 года Патрыярхам абраны Феафіл III.
Епархіі Іерусалімскай царквы
[правіць | правіць зыходнік]- Пталемаідская мітраполія (кафедра: г. Ака)
- Назарэцкая мітраполія (кафедра: г. Назарэт)
- Патрыяршая Эпітрапія ў Амане (Іарданія)
- Патрыяршая Эпітрапія ў Ірбеце (Іарданія)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт Іерусалімскага Патрыярхата (грэч.) (ар.)
- Прыходы Іерусалімскага Патрыярхата ў Амерыцы (англ.) Архівавана 20 красавіка 2008.