Дзяніс Яўгенавіч Івашын
Дзяніс Яўгенавіч Івашын | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | журналіст |
Дата нараджэння | 6 чэрвеня 1979 (45 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Жонка | Вольга Івашына |
Месца працы | |
Узнагароды і прэміі |
Дзяніс Яўгенавіч Івашын (нар. 6 чэрвеня 1979) — беларускі журналіст і палітычны зняволены.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Вырас і пражываў у Гродне. Паводле адукацыі эканаміст і палітолаг[1].
У 2014 годзе быў актыўным удзельнікам Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, ад пачатку вайны на ўсходзе Украіны займаўся дабрачыннасцю для перасяленцаў з зоны АТА ва Украіне. Пазней далучыўся да міжнароднай валанцёрскай супольнасці «ІнфармНапалм», якая даследуе ўплыў расійскай агрэсіі на іншыя краіны, як OSINT-даследчык і перакладчык. Стаў галоўным рэдактарам беларускамоўнай версіі рэсурсу.
У 2017 годзе арыштаваны на пяць сутак судом Фрунзенскага раёна Мінска (суддзя — Яўген Пісарэвіч) за асвятленне мерапрыемстваў на Дзень Волі[2].
З 2018 года пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы Час»[3]. У 2018 годзе газета апублікавала серыю артыкулаў Івашына «Хто і як павінен будаваць» аб магчымых уладальніках рэстаранна-забаўляльнага комплексу «руск.: Поедем поедим» каля мемарыяла Курапаты. У жніўні прадпрымальнік Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі[4], запатрабаваўшы кампенсацыю 40000 BYN ад «Новага Часу» і 1000 BYN ад Івашына. У верасні суд Савецкага раёна Мінска адмовіў Ізраілевічу ў задавальненні пазову і абавязаў пазоўніка кампенсаваць адказчыкам паслугі адвакатаў — 600 BYN[5].
Акрамя забудовы Курапатаў, апублікаваў расследаванні пра ўплыў расійскіх нацыяналістаў у Беларусі, пра пераход былых байцоў украінскага спецыяльнага аддзела міліцыі «Беркут» у сілавыя структуры рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі[3].
Арышт і зняволенне
[правіць | правіць зыходнік]Затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка 2021 года, на наступны дзень пасля інтэрв’ю каналу «Настоящее время», у якім паведаміў пра вынікі свайго журналісцкага расследавання[1]. Абвінавачаны ва «ўмяшальніцтве ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» (арт. 365 КК)[6]. Калегі і блізкія звязваюць яго арышт з прафесійнай журналісцкай дзейнасцю, у прыватнасці, з публікацыяй расследавання пра «Беркут»[7].
Яго затрыманне выклікала занепакоенасць у Міністэрстве замежных спраў Украіны, якое 15 сакавіка 2021 года заявіла, што Івашын толькі «дапамагаў расказваць свету пра злачынствы падчас расійскай агрэсіі супраць Украіны», у той час як журналісцкая дзейнасць не можа і не павінна быць падставай для пераследу[8].
24 сакавіка 2021 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным[9]. Міжнароднае таварыства правоў чалавека таксама прызнала Івашына палітвязнем[6]. 30 чэрвеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Шон Хогі, дэпутат Дойл Эрэн[10][11].
Восенню 2021 года Івашыну выставілі яшчэ адно абвінавачванне за «здраду дзяржаве» (арт. 366 КК)[12]. У час зняволення Івашына шматразова кідалі ў карцар[12].
У жніўні 2022 года праходзіла другое пасяджэнне закрытага працэсу над Івашыным у Гродне. Сталі вядомыя падрабязнасці першага дня суда 17 жніўня, вязень выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!» і паспеў коратка перамовіцца з маці[13].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Івашын мае ўкраінскія карані па бацьку, які паходзіць з Дніпра, і статус «замежнага ўкраінца »[1]. Бацька памёр; станам на 2021 год сям’я Івашына: маці Людміла, жонка Вольга і старэйшы брат Мікалай, які жыве ва Францыі[14].
Зноскі
- ↑ а б в «Ён змагаўся за праўду». Чым вядомы Дзяніс Івашын, якога затрымаў КДБ, і пры чым тут Украіна . БелаПАН. Радыё Свабода (15 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.
- ↑ Редактор и журналист сайта InformNapalm Беларусь Денис Ивашин осуждён на 5 суток за работу на Дне Воле (видео) (руск.). Беларускі дакументацыйны цэнтр (28 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2021. Праверана 25 ліпеня 2021.
- ↑ а б «Зрабіць з яго баевіка не атрымаецца»: хто такі журналіст Дзяніс Івашын, якога КДБ затрымаў у Горадні // Белсат, 21.04.2021.
- ↑ Бізнэсмэн Ізраілевіч падаў у суд на газету «Новы час» за расследаванні пра рэстаран у Курапатах . Наша Ніва (8 кастрычніка 2018). Праверана 19 верасня 2018.
- ↑ Не виноваты они // БелГазета. — 2018. — № 34 (1160). — 18 верасня. — С. 2.
- ↑ а б "Die politischen Gefangenen in Belarus nicht vergessen!" (PDF). Für die Menschenrechte(ням.) (6). Міжнароднае таварыства правоў чалавека: 4. 2021. Архівавана (PDF) з арыгінала 2022-05-13. Праверана 2021-07-26.
- ↑ Зьняволены журналіст Дзяніс Івашын трапіў у карцар // Радыё Свабода, 21 чэрвеня 2021 г.
- ↑ Відповідь пресслужби МЗС України на запити ЗМІ щодо затримання в Білорусі журналіста Дениса Івашина (укр.). Міністэрства замежных спраў Украіны (15 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2021. Праверана 8 жніўня 2021.
- ↑ Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Дзяніса Івашына . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (24 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 23 красавіка 2021.
- ↑ Irish and German MPs adopt three political prisoners from Belarus (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights (30 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2021. Праверана 5 ліпеня 2021.
- ↑ Cunningham, Paul . Irish politicians sponsor Belarus political prisoners (англ.). RTÉ.ie (15 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2021. Праверана 16 ліпеня 2021.
- ↑ а б АД. Новае абвінавачванне журналісту Дзянісу Івашыну ў «здрадзе дзяржаве» пацвердзілася . Белсат (30 кастрычніка 2021). Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
- ↑ Працягваецца карны працэс па справе Дзяніса Івашына // Гарадзенская праваабарона, 17.08.2022.
- ↑ "Маці журналіста Дзяніса Івашына: Я буду змагацца за свайго сына да канца". Новы Час (27 (735)): 6–7. 2021-07-16.