Пагулянка (Львоў)
Пагулянка | |
---|---|
Погулянка | |
49°49′19″ пн. ш. 24°04′02″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Горад | Львоў |
Адміністрацыйны раён горада | Лычакіўскі раён |
Першае згадванне | ХVII ст. |
Ранейшы статус | маёнтак |
Год уключэння ў межы горада | ХІХ ст. |
Паштовыя індэксы | 79017 |
Пагулянка (укр.: Погулянка) — мясцовасць у Лычакіўскім раёне Львова, у якую ўваходзіць аднайменны лесапарк і раён паміж ім, Лычакіўскімі могілкамі, вул. Студэнцкай і Зялёнай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XVII ст. цяперашняя Пагулянка была часткай так званай Аттэльмаерыўскай Пасікі. Першымі свой маёнтак тут пабудавала сям'я Дэймаў. У 1810 г. частку гэтых зямель набыў вядомы львоўскі адвакат Францішак Вянглінскі. Ён таксама пабудаваў тут маёнтак. Менавіта дзякуючы яму гэтая мясцовасць становіцца паркам для прагулак, а прылеглая да маёнтку тэрыторыя была названая ў ягоны гонар - "лясок Вянглінскага". У 1821 г. Пагулянку набыў рэстаратар Ёган Дыстль і высадзіў тут парк.
У сярэдзіне XIX ст. гэтыя землі перайшлі ва ўласнасць Яна Кляйна. Новы гаспадар добраўпарадкаваў іх і на месцы асушанай сажалкі пабудаваў бровар. Доўгі час піва Кляйна лічылася лепшым у Львове. Рэстаран на Пагулянцы славіўся смажанымі куранятамі і варэнікамі са смятанай, а ў летнім павільёне кандытарскай Майсана аматары адпачынку на прыродзе частаваліся марозівам розных гатункаў. У тыя часы мясцовасць сталі называць львоўскай Швейцарыяй.
У пачатку ХХ ст. Пагулянка некалькі страціла сваю былую прывабнасць з-за з'яўлення прамысловых аб'ектаў і пачаткам спекулятыўнай забудовы. Пасля прыходу савецкай улады ў 1940 г. былі распачаты работы па стварэнні гарадскога парку культуры і адпачынку «Пагулянка». Тады пачаліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі паркавага масіва, але ўсе планы далейшых работ у парку перапыніў пачатак савецка-германскай вайны. За перыяд нямецкай акупацыі працы ў парку спыніліся, але па вайне аднавіліся. У 1962 г. быў распрацаваны праект лесапарку. У 1989 г. лесапаркам "Пагулянка" праклалі асфальтаваную сцежку, а тры сажалкі, праз якія цячэ паток Пасіка, абклалі каменням і бетонам, а таксама быў распрацаваны праект асвятлення Паркавай алеі.
У межах лесапарку ў пачатку ХХІ ст. засталіся два хутары: адзін з іх мае адрас — вул. Пасечная 86А і 88А, а другі - вул. Вахнянына 39, размешчаны ў глыбіні парку каля былога касцёла бенедыктынак, пабудаванага ў 1897 г. Цяпер храм належыць парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі УГКЦ. Яго наведвае толькі некалькі чалавек, пераважна гэта жыхары найбліжэйшага хутара.
У 1988 г. да ўваходу ў лесапарк была пракладзеная трамвайная лінія, па якой курсіраваў трамвайны маршрут №7 (з 2019 г. — №1).
Сёння Пагулянка - гэта, акрамя лесапарку, таксама элітны раён малапавярховай забудовы, паступова тут з'яўляюцца сучасныя жылыя комплексы.