Перайсці да зместу

Ратуша Галоўнага горада (Гданьск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ратуша
Ратуша Галоўнага горада
польск.: Ratusz Głównego Miasta
54°20′56″ пн. ш. 18°39′10″ у. д.HGЯO
Краіна Польшча
Горад Гданьск
Тып будынка адміністрацыйны
Архітэктурны стыль готыка, рэнесанс
Будаўніцтва 1346
Вышыня 83,45 м
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ратуша Галоўнага горада (польск.: Ratusz Głównego Miasta) — сярэднявечная ратуша, помнік архітэктуры XIV-XV стагоддзяў, які знаходзіцца на тэрыторыі Галоўнага горада ў Гданьску. Гэта другі па вышыні будынак у гістарычным цэнтры Гданьска пасля Марыяцкай базілікі.

Калі была пабудавана першая ратуша ў Гданьску — невядома. Аднак ужо ў 1308 годзе крыжакі разбурылі будынак ратушы, які стаяў на гэтым месцы. Самыя старажытныя фрагменты ратушы датуюцца 13271336 гадамі. Калі ў 1346 годзе Любекскае права гарадскога самакіравання было заменена на Кульмскае права, то паводле якога судовая ўлада (лава) была аддзеленая ад самакіравання (рада), узнікла патрэба ў дзвюх асобных залах для дзвюх устаноў. Таму ў 1357 годзе на месцы сучаснай была пабудавана новая невялікая ратуша.

З развіццём горада, у 1379-1382 гадах, на гэтым жа месцы быў пабудаваны двухпавярховы мураваны будынак дойлідам Генрыхам Унгерадынам. Будынак ратушы неаднаразова перабудоўваўся ў XV і XVI стагоддзях.

У 14541457 гадах пры каралі Казіміры IV, сыне Ягайлы, была пашырана ратуша, а ў 1486-1488 гадах пабудавана вежа. У 1492 годзе вежа была завершана Міхаэлем Энкінгерам, але ў 1494 годзе яна згарэла.

3 кастрычніка 1556 года ў ратушы зноў здарыўся пажар, на ліквідацыю яго наступстваў спатрэбілася некалькі гадоў. Будынак быў рэканструяваны ў стылі рэнесансу. У горадзе развіваўся гандаль, а заможныя месцічы, імкнучыся падкрэсліць значнасць горада, упрыгожвалі інтэр'еры ратушы. Над аздабленнем яе залаў працавалі на працягу XVI і пачатку XVII стагоддзяў лепшыя майстры і мастакі.

У 1559-1560 гадах быў зроблены новы вялікі шпіль, а ў 1561 годзе на шпілі была ўстаноўлена пазалочаная статуя караля Жыгімонта II Аўгуста. У вежы ратушы размясцілі 14 званоў. Пабудаваная ў XIV стагоддзі гатычна-рэнесансная ратуша, у якой размяшчалася гарадская ўлада, на працягу наступных чатырох стагоддзяў была пашырана і рэканструявана, стаўшы ўпрыгожаннем горада.

З канца XVI стагоддзя ў ратушы самымі важнымі і раскошна аформленымі сталі два пакоі першага паверха: Чырвоная зала (Летняя зала) і Белая зала. Да 1921 года ў гэтых залах збіраліся прадстаўнікі гарадскіх уладаў. Чырвоная зала багата аздобленая ляпнінай, столь упрыгожана 25 карцінамі Ісаака ван дэн Блока. Белая зала, у якой некалі праходзілі пасяджэнні гарадскога суда, атрымала назву па колеры сцен пасля рэканструкцыі ў 1841-1842 гадах. Гэта памяшканне было таксама тронным залам падчас знаходжання ў Гданьску каралёў. Сёння залу ўпрыгожваюць копіі партрэтаў польскіх каралёў.

Падчас Другой сусветнай вайны гістарычны помнік моцна пацярпеў. У 1942 годзе карціны са столі Чырвонай залы былі дэмантаваныя, і гэта выратавала іх ад поўнага знішчэння. У сакавіку 1945 года пажар знішчыў вежу і драўляныя перакрыцці ратушы. Здавалася, што будынак ужо немагчыма аднавіць і яго трэба разабраць. Аднак архітэктары распрацавалі комплексны праект рэканструкцыі і кансервацыі, які выратаваў ратушу ад поўнага зносу і вярнуў будынку былую славу.