Самадыйскія народы
Самады́йскія народы, самады́йцы або састарэлая назва самае́ды — народы поўначы Еўразіі, якія размаўляюць на самадыйскіх мовах. Агульная колькасць (2010 г.) - каля 50 тысяч чал.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Лічыцца, што агульная назва самадыйцаў паходзіць ад старажытнарускага слова самоядь, што ў сваю чаргу з'яўлялася пераагучваннем саамскага самэ-эднэ ("зямля саамаў"). Відавочна, так першапачаткова называлі ўсе качавыя народы ўсходнееўрапейскай поўначы і толькі пазней гэта назва было перанесена на ненцаў і іншых самадыйцаў.
Паходжанне і рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]З'яўленне самадыйскіх народаў звычайна звязваюць з Кулайскай археалагічнай культурай, якая сфарміравалася ў 1 тысячагоддзі да н. э. у таёжных раёнах сярэдняй плыні ракі Об. Вылучаюць 2 асноўныя этапы[1] яе фарміравання:
Прадстаўнікі гэтай культуры ўзводзілі ўмацаваныя паселішчы на высокіх берагах рэк, будавалі каркасныя і зрубныя жытлы, займаліся ліццём бронзы, апрацоўвалі дрэва і косць, рабілі арыгінальную кераміку, мелі складаныя пахавальныя рытуалы. На сароўскім этапе бронза саступіла месца жалезу. Кулайцы трымалі коняў і аленяў, аднак найбольш важнымі заняткамі заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Кулайскія воіны былі ўзброены лукам і стрэламі, дзідамі з вялікімі масіўнымі навершамі, сякерамі-чаканамі, аберагалі сябе з дапамогай даспехаў і шлема, зробленых з металічных або касцяных пласцін, нанізаных на скураныя рамяні. Адзіных дзяржаўных утварэнняў у кулайцаў не было. Відавочна, розныя плямёны варагавалі паміж сабою, аднак былі здольныя аб'яднацца, каб рабіць сумесныя напады на жыхароў стэпу.
Носьбіты Кулайскай культуры прасунуліся на поўдні да Саянаў і Алтая[2]. У III - II стст. да н. э. з-за экалагічных змен[3] яны рушылі ўздоўж ракі Об на поўнач, часткова асвоілі паўночную плыню ракі Іртыш. У сароўскі перыяд стала насялялі міжрэчча Обі і Іртыша. Характэрна, што ў мовах сучасных самадыйцаў, што жывуць далёка ад стэпу на поўначы, прасочваецца архаічнае ўздзеянне цюркскіх і іранскіх моў.
У II - V стст. н. э. з пашырэннем дзяржавы гунаў сітуацыя рэзка змянілася[4]. Уварванне качэўнікаў прывяло з аднаго боку да адрыву паўднёвых саянскіх самадыйцаў (матарцы, камасінцы, тайгійцы, карагасы)[5], якія вельмі паступова да пачатку XX ст. былі асіміляваны цюркамі і буратамі, з другога — да далейшай масавай міграцыі на поўнач. Пры гэтым самадыйскае насельніцтва само асімілявала паўночных абарыгенаў, блізкіх па паходжанню да юкагіраў. Самадыйцы прыйшлі на поўнач, калі ўжо мелі навыкі жывёлагадоўцаў[6]. У новым экалагічным асяроддзі яны захавалі ўменне прыручаць аленяў, хаця на тэрыторыі Сібіры яшчэ доўгі час важную ролю адыгрывала паляванне на дзікіх аленяў і футравых звяроў, а каля буйных рэк — рыбалоўства.
У пісьмовых рускіх крыніцах самадыйцы былі зафіксаваны ў канцы XI ст. як суседзі вуграў, якія тады насялялі Урал. Такім чынам, ужо ў 2 тысячагоддзі да н. э. самадыйцы пачалі рассяляцца на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Еўропы. У XV - XVI стст. пад ціскам татар і рускіх вугорскае насельніцтва Заходняй Сібіры заняло значную частку таёжных самадыйскіх тэрыторый гэтага рэгіёна. Перасяленне рускіх на Пячору і Паўночны Урал вымусіла ненцаў мігрыраваць на ўсход і шляхам ваенных сутычак адсунуць продкаў энцаў і нганасанаў за паўночную плыню ракі Енісей і на Таймыр. Ваенныя сутычкі працягваліся да сярэдзіны XIX ст.[7]
Спіс самадыйскіх народаў
[правіць | правіць зыходнік]У нашы дні захавалася 4 самадыйскія народы, якія жывуць на захадзе і поўначы Сібіры, а таксама на паўночным усходзе Еўропы:
У мінулым на поўдні Сібіры жылі так званыя саянскія самадыйцы.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі самадыйскіх народаў здаўна былі паляванне, рыбалоўства і аленегадоўля. У таёжных жыхароў (селькупаў, лясных ненцаў) аленегадоўля адыгрывала дадатковы характар. Статкі аленяў былі малымі (10 - 12 галоў)[8][9], пасвіліся каля паселішчаў. У жыхароў тундры яны былі значна большымі, хаця перасяленне на працягу года вызначалася сезоннай міграцыяй дзікіх аленяў — асноўнай мэты для здабычы паляўнічых. У тайзе і ў тундры свойскіх аленяў выкарыстоўвалі не толькі як крыніцу мяса і скуры для вопраткі, але і як транспартны сродак. Пераход да сталай качавой аленегадоўчай гаспадаркі адбыўся толькі ў другой палове XIX - пачатку XX стст., прычым не паўсюдна.
Складаныя экалагічныя ўмовы поўначы, а таксама качавы лад жыцця садзейнічалі фарміраванню такіх асаблівасцяў культуры самадыйцаў, як шчыльная ўзаемасувязь са светам прыроды, наяўнасць пераносных жытлаў, перавага мясных і рыбных страў ў народнай кухні, абавязковая ўзаемная дапамога і г. д. Самадыйцы стварылі багаты фальклор — эпічныя паданні, казкі, легенды, песні. У нганасанаў існуе звычай для кожнага чалавека мець сваю асабістую песню, якую ён складае сам або атрымоўвае ў падарунак. Танцавальнае мастацтва мае сакральна-рэлігійныя функцыі.
Самадыйская міфалогія заснавана на падзеле свету на тры буйныя часткі — верхні, сярэдні і падземны ўзроўні. Родапачынальнікам свету і валадаром ненароджаных душ лічыцца жаночае бажаство Нга. У міфалогіі жыхароў Таймыра выразна прасочваюцца іншаэтнічныя рысы, відавочна запазычаныя ў іх папярэднікаў. Пад уздзеяннем хрысціянства ўзніклі новыя міфалагічныя вобразы, часцяком скажоныя анімістычнымі ўяўленнямі саміх самадыйцаў.
Зноскі
- ↑ russiasib.ru Архівавана 15 кастрычніка 2014.
- ↑ althisto.ru Архівавана 13 жніўня 2013.
- ↑ hmao.kaisa.ru
- ↑ Великое переселение народов
- ↑ Саянские самодийцы Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Ненцы Архівавана 11 сакавіка 2016.
- ↑ Забытые истории: Ненцы
- ↑ Особенности оленеводческого хозяйства отдельных народов: Селькупы Архівавана 6 жніўня 2012.
- ↑ Карапетова И. А., ПУРОВСКИЕ ЛЕСНЫЕ НЕНЦЫ: НЕКОТОРЫЕ АСПЕКТЫ ХОЗЯЙСТВЕННО-КУЛЬТУРНОЙ И СОЦИАЛЬНОЙ АДАПТАЦИ
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Самодийские народы Архівавана 14 ліпеня 2014.
- Ю. Симченко, В. Васильев, Кто такие самодийцы?
- Е. А. Хелимский, САМОДИЙСКАЯ ЛИНГВИСТИЧЕСКАЯ РЕКОНСТРУКЦИЯ И ПРАИСТОРИЯ САМОДИЙЦЕВ
- В. Г. Волков, Древние миграции самодийцев и енисейцев в свете генетических данных Архівавана 7 красавіка 2014.
- Кулайская культура (эпоха раннего железного века)
- Самодийская мифология
- Edward J. Vajda, Samoyedic Peoples of the European Tundra Архівавана 1 верасня 2015.