Перайсці да зместу

Саёты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саёты
(hойод)
Парцалянавая статуэтка саёцкай жанчыны, пачатак XX ст.
Агульная колькасць 3 608
Рэгіёны пражывання  Расія 
Мова саёцкая
Рэлігія шаманізм, будызм
Блізкія этнічныя групы тафалары, тувінцы, цаатан

Саёты (саманазва hойод) — народ, карэнныя насельнікі паўднёвай Сібіры. Большасць саётаў жыве на захадзе Бураціі. Агульная колькасць (2010 г.) — 3 608 чалавек.

Паходжанне і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Назвы, падобныя на hойод, шырока сустракаюцца на поўдні Сібіры сярод родаў тувінцаў, хакасаў, буратаў, халха і інш. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што яна можа паходзіць ад старажытных сакаў. Звесткі пра самастойны народ саёты, саяты або саянскія горцы ва Усходніх Саянах з'яіліся толькі ў XVII ст. У канцы XVIII ст. паведамлялася, што саёты размаўляюць на самадыйскай мове.

Н. Л. Жукоўская вылучыла 3 асноўныя пласты, што фарміравалі этнас сучасных саётаў, — самадыйскі, цюркскі, мангольскі. Ужо з XVII ст. адбывалася цюркізацыя саётаў-самадыйцаў, але яны захоўвалі сваю саманазву. У 1727 г. была ўсталявана расійска-кітайская мяжа. Саёты апынуліся ў складзе Расіі і фактычна былі адарваныя ад блізкіх на той момант па мове і культуры таджынцаў. Гэтая блізкасць пацвярджаецца сучаснымі генетычнымі даследаваннямі. У рэгіён, населены саётамі, перасяляліся бураты. Яны аказвалі непасрэдны ўплыў на культуру саётаў. У 1925 г. савецкія этнографы заўважылі, што па-за межамі сям'і саёты аддавалі перавагу бурацкай мове.

У 1920-я гг. па ініцыятыве Б. Э. Петры была створана нацыянальная рада саётаў як асобны адміністрацыйны рэгіён Бураціі. Аднак саёты фактычна не атрымалі правоў карэнных паўночных народаў. З 1926 г. іх назвы не было ў савецкіх перапісах насельніцтва. У 1930-я гг. саёты падвяргаліся рэпрэсіям, многія ад'язджалі ў Манголію. У 1963 г. была ліквідавана аленегадоўля як непрадукцыйная галіна, з'явіліся абмежаванні ў паляванні з-за страты карэнных тэрыторый, што прывяло да руйнавання традыцыйнага ладу жыцця.

З пачатку 1990-х гг. адбываецца нацыянальнае адраджэнне саётаў. У 1992 г. у Бураціі быў арганізаваны саёцкі культурны цэнтр. У 1993 г. створаны саёцкі нацыянальны сельсавет. У 2000 г. пры падтрымцы расійскіх навукоўцаў саёты здолелі атрымаць статус самастойнага карэннага народа на федэральным узроўні.

Асноўнымі заняткамі саётаў здаўна былі паляванне і жывёлагадоўля. Паляванне лічылася мужчынскім заняткам. Вылучалася паляванне на буйных жывёл для здабычы мяса і футравае на дробных звяроў. Распаўсюджаная ў мінулым паляўнічая зброя — крамянёвая стрэльба буу. Трымалі коняў, аленяў, якаў і іншую жывёлу. Асабліва важную ролю адыгрывала аленегадоўля, паколькі аленяў выкарыстоўвалі як галоўны транспартны сродак у горнай мясцовасці, у тым ліку ў паляванні. Звычайна паляўнічаму хапала 3 аленяў, але багатыя аленегадоўцы мелі статкі да 30 галоў. Земляробства ўзнікла адносна позна пад уплывам буратаў і рускіх.

Заняткі паляваннем і экстэнсіўнай жывёлагадоўляй на прыродных пашах вымушалі саётаў рабіць перакачоўкі ад 4 да 10 разоў на год. Узімку аленегадоўцы жылі ў далінах рэк, увосень перакачоўвалі ў тайгу, улетку — на горныя пашы. Асноўны від жытла ў мінулым — чум урса, уурс, пакрыты скурамі жывёл, вышынёй да 2,5 — 3 м. Выхад з чума быў накіраваны на ўсход. Левая палова жытла лічылася мужчынскай, правая — жаночай. Маёмасць захоўвалі ў торбах, што перавозіліся на аленях.

Традыцыйная вопратка шылася са скур жывёл. Асабліва цанілася скура лося. Яе апраналі ў розныя сезоны. Абутак рабілі са скуры аленяў. Вопратку ўпрыгожвалі кавалкамі скуры аленяў. Багатыя саёты куплялі адзенне ў буратаў.

Народная кулінарыя складалася з мясных страў, малака аленяў, сабраных раслін, прывезенай мукі. Мяса варылі, смажылі, сушылі. Аленяў забівалі рэдка, але вараныя або смажаныя язык і вусны аленяў разглядаліся як далікатэс.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай быў сваяцкі род, які падзяляўся на разрослыя патрыярхальныя сем'і. Ніжэйшай сацыяльнай адзінкай з'яўлялася малая нуклеарная сям'я. Зямля для перакачовак належала роду, але качавалі ў складзе сваяцкіх і суседскіх абшчын. Суседская ўзаемадапамога была важнай у гаспадарчай і рытуальнай дзейнасці. Звычайна саёты мелі шмат дзяцей. Шлюбы знутры рода забараняліся. Сватаўство суправаджалася выплатай сям'і маладога бацькам нявесты. Існавалі традыцыі абмену сёстрамі паміж сем'ямі розных родаў, жаніцьба на жонцы памерлага брата.

Захаваўся адносна невялікі пласт народнага фальклоралегендаў і казак. Песенна-танцавальны фальклор запазычаны ў буратаў.

У нашы дні саёты шырока карыстаюцца рускай і бурацкай мовамі. Самадыйская мова саётаў не захавалася. Цюркская мова саётаў набліжае іх да тувінцаў і цаатан. Яна зрэдку ўжываецца у паўсядзённым побыце некаторых сем'яў, пісьмовай літаратуры на ёй практычна няма.

Традыцыйная рэлігія саётаў уяўляе сабою шаманізм з рысамі анімізму. Яны шануюць горы, дзе ўсталёўваюць рытуальныя месцы хада хангай тахиха. Гара Рынчын-Лхумбэ каля возера Хубсугул у Манголіі лічыцца свяшчэннай для ўсіх саётаў. На захадзе Бураціі дзейнічае рытуальная горная малельня Ахын 13 хаданууд. Падчас рытуалаў паляць агмень, падносяць да яго галіны ядлоўцу арса, белыя малочныя прадукты. Пры гэтым старэйшына або шаман заклікае 13 духаў гор. Ля падножжа святых гор знаходзіцца стадол мургэл, які ўяўляе сабою самотнае дрэва, упрыгожанае лентамі з тканін. Мінакі павінны ахвяраваць мургэл кроплі малака або гарэлкі. У мінулым таксама існавалі шматлікія паляўнічыя абрады, заснаваныя на веры ў магію, некаторым жывёлам прыпісваліся звышнатуральныя ўласцівасці.

З ростам уплыву буратаў шырока распаўсюдзіўся будызм. Папулярызацыі будызму ў канцы XX ст. спрыяла тое, што яго прадстаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў руху адраджэння.

  • Малолетко, А. Древние народы Сибири. Этничский состав по данным топонимики. Т. 6. Раннее заселение Северной Азии. - Томск: Томский университет, 2012.