Перайсці да зместу

Узброеныя сілы Гамбіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Узброеныя сілы Гамбіі
Гамбійскія вайскоўцы ў казармах Фалахар, 2011 год.
Дата заснавання 1958 (Палявыя сілы)
У сучасным выглядзе з 1985 (Нацыянальныя ўзброеныя сілы)
Падраздзяленні
  • Нацыянальная армія
  • Ваенна-марскія сілы
  • Рэспубліканская нацыянальная гвардыя
Занятыя ў войску 4000 чалавек (2019)[1]
Працэнт ВУП 0.8% (2020)[2]
Замежныя пастаўшчыкі Сцяг Тайваня Тайвань
Сцяг Індыі Індыя
Сцяг Пакістана Пакістан
Сцяг ПАР ПАР

Узброеныя сілы Гамбіі (англ.: Gambia Armed Forces) — ваенная арганізацыя Рэспублікі Гамбія, прызначаная для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці дзяржавы.

Кіраўніком нацыянальных узброеных сіл з’яўляецца начальнік штаба абароны.

У 1901 годзе, калі краіна была калоніяй Вялікабрытаніі, створана гамбійская рота ў складзе сьералеонскага палка Пагранічных заходнеафрыканскіх войск. Дадзенае фарміраванне ўдзельнічала ў Першай і Другой сусветных войнах (у апошняй як полк).

У 1958 годзе сфарміраваны так званыя «палявыя сілы» («Field Force»). Яны ўяўлялі сабой ваенізаванае падраздзяленне паліцыі, якое ў пачатковы перыяд незалежнасці (пасля 1965 года) налічвалі прыкладна 140 чалавек, а ў 1980 годзе — 500[3].

Паўнавартасныя ўзброеныя сілы ў краіне з’явіліся толькі ў 1985 годзе, пасля прыняцця адпаведнага закона. Стварэнне ўласных войск было прадугледжана Каурскім пагадненнем, якое аформіла Канфедэрацыю Сенегамбія. Першапачаткова ў іх склад уваходзілі Нацыянальная армія і Нацыянальная жандармерыя. Першая структура складалася з навабранцаў і рэшткаў палявых сіл, вайскоўцы праходзілі навучанне ў брытанцаў. Жандармерыя вучылася ў Сенегале па французскім узоры. Паралельна была сфарміравана Канфедэральная армія Сенегамбіі, якая на дзве траціны складалася з сенегальцаў і на адну трэць з гамбійцаў. Характэрна, што ў нацыянальнай арміі заробкі былі большыя, чым у канфедэральнай, што выклікала незадаволенасць. Акрамя таго, востра стаяла праблема карупцыі і кумаўства. Іншай праблемай з’яўляліся ўзаемаадносіны Гамбіі і Сенегала: сенегальцы мелі большую вагу ў войску і вылучалі больш рэсурсаў, ахоўвалі аэрадром і порт Банжула, гамбійскай сталіцы[3].

У 1990-х у нацыянальным ваенным будаўніцтве адбыліся змены. Па-першае, да навучання асабістага складу прыцягнуты вайскоўцы з Нігерыі. Па-другое, была распушчана жандармерыя. У перыяд праўлення ваеннай хунты (1994—1996) і Яя Джамэ (1996—2017) павялічаны заробак, палепшыліся ўмовы ў казармах, вайскоўцы атрымалі сацыяльныя прэферэнцыі, як, напрыклад, крэдыты на льготных умовах і дапамога ў атрыманні адукацыі. Акрамя гэтага, пашырана структура Узброеных Сіл. У 1997 годзе сфарміраваны ваенна-марскія сілы, а ў 2008 — Нацыянальная гвардыя, у склад якой увайшлі некалькі спецыялізаваных падраздзяленняў[3].

Узброеныя сілы Гамбіі прымалі ўдзел у спробе перавароту GSRP на чале з Кукоі Самба Саньянгам (29 — 30 ліпеня 1981 года), групе назіральнікаў ЭКАМОГ у Ліберыі (1990—1999), Афіцэрскім перавароце (22 ліпеня 1994 года) і супрацьстаянні з войскамі ЭКАВАС у 2017 годзе, хоць у гэты час, па загадзе генерала Усмана Баджыра, большая частка арміі склала зброю і адмовілася падтрымліваць рэжым Яя Джамэ.

На 1985 год колькасць ваеннай арганізацыі складала 480 чалавек, на 1989 — 2000, 1992 — 1000, 1995 — 800, 2007 — 1000, 2009 — 800, 2017 — 1000, 2018 — 4000[4].

Ва ўзброеныя сілы Гамбіі ўваходзяць наступныя структуры:

  • Сухапутныя войскі (нацыянальная армія). На 2018 год у склад уваходзілі два пяхотныя батальёны, адзін інжынерны эскадрон і рота прэзідэнцкай гвардыі. Армія мае казармы ў Фахары, Юндуме, Куданге і Фарафені[5]. Мела восемь браневікоў Ferret, чатыры M8 Greyhound[6] і як мінімум адну гаўбіцу M101[7].
  • Ваенна-марскія сілы. Колькасць ацэньваецца прыкладна ў 500 чалавек[8]. Станам на 2015 год у распараджэнні было 10 судоў[9].
  • Рэспубліканская Нацыянальная гвардыя. Налічвае прыкладна 50 чалавек і складаецца з падраздзялення дзяржаўнай гвардыі, падраздзялення спецназа і падраздзялення прэзідэнцкай гвардыі.

Існуюць таксама незалежныя фарміраванні, да якіх адносяцца:

  • Аркестр Нацыянальнай арміі. Заснаваны ў 1998 годзе маёрам Мамаду Дыбай. Гэта пераемнік былога аркестра Сіл абароны Гамбіі[10]. У яго склад уваходзяць 15 салдат. У ліпені 2001 года аркестр выпусціў альбом пад назвай Afingjang, запісаны на студыі Ndaabi[11].
  • Аддзел абароны дзяцей. Заснаваны ў 2007 годзе і адказвае за забеспячэнне абароны дзяцей вайскоўцамі. Супрацоўнічае са службамі абароны дзяцей краін ЭКАВАС[12].
  • Аб’яднаная афіцэрская сталовая.[13]

У пачатку 2000-х улады таксама планавалі стварыць ваенна-паветраныя сілы. У 2002 годзе на навучанне ва Украіну накіравана група пілотаў, а ў 2003 годзе ў Грузіі набыты Су-25. Аднак урад не змог да канца рэалізаваць праграму, таму стварэнне гамбійскай авіяцыі было адменена[14].

Замежныя місіі

[правіць | правіць зыходнік]

Па даных SIPRI, Гамбія прадаставіла ваеннаслужачых для шэрагу міратворчых аперацый, уключаючы Сьера-Леонэ, Косава, Усходні Тымор, Эфіопія/Эрытрэя, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Судан, Бурундзі, Афганістан, Непал і Чад. За 2003—2004 гады ў замежныя камандзіроўкі ў рамках кампаній ААН адпраўляліся больш за 100 чалавек, а за 2008—2010 — больш за 200; у місіях Афрыканскага саюза ў 2005—2007 гадах удзельнічала больш за 200 гамбійцаў; для аперацый ЭКАВАС у 2003 годзе выдзелена больш за 150 вайскоўцаў[15].

  1. Armed forces personnel, total - Gambia, the | Data.
  2. Data for all countries from 1988–2020 as a share of GDP
  3. а б в Dwyer, Maggie (2017). "Fragmented forces: The development of the Gambian military" (PDF). African Security Review. 26 (4): 362–377. doi:10.1080/10246029.2017.1353530.
  4. Gambia Military Size 1985-2023
  5. The Gambia Armed Forces. GlobalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 25 September 2018. Праверана 25 September 2018.
  6. The Gambia. DefenceWEB (10 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 25 September 2018. Праверана 25 September 2018.
  7. The Gambia Armed Forces - Equipment. GlobalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 25 September 2018. Праверана 25 September 2018.
  8. Global Security - Gambia Navy.
  9. Fleet List (Global Security) - Gambia Navy.
  10. How We Built the Gambia Army. 15 December 2015.
  11. Alhagie Mbye (6 July 2001). "Gambia: Army Band Releases Album". allAfrica. Banjul. The Independent. Праверана 9 December 2022.
  12. Child Welfare Unit (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2021. Праверана 31 жніўня 2021.
  13. Joint Officers Mess (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2021. Праверана 31 жніўня 2021.
  14. The Gambia Air Force. GlobalSecurity.org. Архівавана з першакрыніцы 14 March 2017. Праверана 18 April 2017.
  15. “The Stockholm International Peace Research Institute”(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2016. Праверана 27 жніўня 2023.